Да шуканьня крыніц народнай творчасьці
Да шуканьня крыніц народнай творчасьці Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 3, жнівень 1923 г., б. 44-48 |
ПАГАШЧАНІН.
Чым сыціў сваю душу беларускі народ у часе доўгага і цёмнага ліхалецьця, званага прыгонам, калі ўсе, хто кідаў касу і саху адыходзілі ад яго назаўсёды; калі кожды, хто наўчаўся, ня толькі граматы, але навет самай благой мовы понуючых станаў, ўжо староніўся вёскі, і гаротнага мужыка вяскоўца. Можна сказаць, што на працягу. апошніх 200 гадоў, беларусы ня былі народам, а становілі тубыльчую селянскую касту, ў якую новыя сілы зьнікуль не прыбывалі, а лепшыя, здатнейшыя, адыходзілі. Важную ролю іграла тут ня толькі безпраўнае палітычнае і бязвыходнае эканамічнае палажэньне сялянскай касты, але і псыхалёгія стыхійна панаваўшая. Усё што добрае, што прыгожае атрымала ў пануючых кляс названье іх, пануючай, касты—szlachetny, szlachetnosć, wspaniały wspaniałosć і, наадварот, што брыдкае, благое насіла названьне: gminne, chłopskie prostackie. А найгорш, што сам наш гарапашнік паверыў у гэта, прымірыўся са сваім безпраўным палажэньнем, сваей стыднай беднасьцю і цемнатой і, ня бачучы з яго выхаду, пастараўся, замкнуцца ў сабе, ў кругу такіх як ён сам „простых, людзей“ і простых, собскіх паняцьцяў. Пайшло доўгае жыцьцё ў замкнутай касьце.
Замкнутасьць і адарванасьць ад іншых клясаў з адней стараны спрыяла захаваньню таго, што сваё, што здабыта і асьвячона старыной, а з другога боку пабуджала да новай, кастовай творчасьці, якая да апошніх часаў не замірала.
Успамінаючы мае маладыя гады і акружаўшае мяне, ў той час, кіпучае поўнае жыцьцё нашай вёскі, я пастараюся сваімі ўспамінамі падзяліцца, каб кінуць кроплю сваю да высьвятленьня пытаньня аб народнай творчасьці. За аснову я вазьму алрыўкі ўспамінаў вёскі Стары Пагост (Дзіс. пав.) і яе аколіц.
Найбольш чаканым, найгучней сьвяткаваным гадавым сьвятам—быў Вялікдзень, Сьвятое Вялічка. Прычым трэба адмеціць, што названьне гэтага сьвята разумелася ўсімі не як—Вялікі Дзень, а як—дзень вялічаньня, слаўленьня. Ад палавіны посту ўся вёска, ўся аколіца, ад старога да малога, дудзелі ўжо пад нос валачобныя, вялічальныя песьні, аж, здаецца, ад гэнага дудзеньня трымцела паветра. Але голасна, на ўсю волю, яшчэ гэтых песянь пяяць нельга: іх запяюць першага дня Вялічка, адвячоркам:
Добры малойцы. валачомнічкі, |
найперш пад вакном, самага багатага ці самага шанаванага гаспадара ва ўсей вёсцы ці ваколіцы, а, пазьней, ў чарод, пад усімі вокнамі.
Гэтае-ж „зьбіраньнеся“ і „шыхаваньнеся“ добрых малойцаў валачомнічкаў, не такое простае, як гэта многім нашым шаноўным этнографам здавалася, Не дармо-ж хлапцы, дый дзяўчаты, цэлае паўпосьце пад нос дудзелі, апяваючы ў паўголас сабе. Не адно імі з тэксту рытуальнага, каноднага за гэты час перадумана, не адно дапазарытуальнага тэксту, даложана, перайначана, дапасавана да таго ці іншага, каго будуць вялічаць ды славіць. „Шыхаваньнеся“ і азначае сабраньне перад выхадам на слаўленьне, на якім намячаюцца гаспадары да каторых пойдуць славіць і прыймаюцца тэксты слаўленьня іх. Дармо думалі нашы этнографы, што тыя, да каго прыходзяць вялічаць аставаліся безучаснымі да тэксту вялічаньня.
Быў у аколіцах старык, па прозьвішчу „кажэ“ (праўдзівае яго прозьвішча—Сенкевіч), жыў ў засьценку Гірсах, за вярсту ад Пагоста. Старому было звыж 80 гадоў; жыў на паўтары валоках, а знача багата, сам адзін, як палец. Ён належаў да любіцеляў і знаўцоў слаўленьня. Кождую грамаду валачомцаў выслухаў седзячы пры адчыненым акне. Калі слаўленьнікі, прышлі падгатаваўшыся, з асобнымі ў яго чэсьць, на канцы сьпеву, штрофкамі, частаваў ўсіх чаркай гарэлкі, выносіў кружок другі каўбасы, ці сыр на закуску і дзесятак, другі яец механошаму ў карзінку. За асабліва ўдатнае слаўленьне запрашаў у хату, як гасьцей. Калі-ж прыходзілі такія, што чаўплі песьню без разуменьня яе, стары злаваўся і нават лаяўся. У Старым Пагосьце знаўцоў вялікоднага вялічаньня, паміж старых, было нямала да іх належаў Гродзь, Жураўскі, Васілеўскі, рыбак Лакотка, а найбольш пастыр Даніла. Вялічалі валачомнічкі „добры хлопчыкі“ ня толькі гаспадара з гаспадыняй, але і ўзрослых іх дзяцей—дачок і сыноў. За добрае вялічаньне валачомнікі ад дзяўчат на замужжы, даставалі часам па паясу і па ручніку, а паміж хлапцамі завязывалася няраз, праз вялічаньне, дажывотная дружба.
Рытуальная часьць вялічальнай песьні складалася са ўступу, ў якім гаварылася: Гаспадару, адкрый акно, адкрый акно, гляні на двор: на тваім дварэ стаіц шацёр навюсенькі, бялюсенькі (вяснавое неба), а ў тым шатрэ сам Бог сядзіць, перад Богам усе святцы (сонца і гвёзды). „Да гэтага аддзелу ўключалася часьць з апісаньнем адзежы і двара гаспадарскага, ў якой праглядалі ня раз пракавечныя рысы гэтай абрадовай песьні. Прыкладам:
А ці дома, дома сам пан гаспадар? |
Надзяе сьвіту, шоўкам шыту
Надзяе боты казловыя,
Боты казловы, шапка барброва!
А Сымонаў двор на стаўпох стаіць,
На стаўпох стаіць на тачоненькіх,
А кругом маста пчолкі гудуць,
Пчолкі гудуць ў палёт ідуць.
Калі Сымонова „сьвіта шоўкам шыта“ „боты казловыя“ і шапка „бабровая“ пяецца для вялічаньня Сымона, то ў апісаньні яго двара, хто ведае ці ня крыецца запраўды памяць аб дварох на палях стаячых з мастамі вядучымі „да, кругога беражка, да жоўтага пяска“?
Вялічалныя песьні любяць раўняць гаспадара да краснага сонейка, а гаспадыню да сьветла месіка, а іх дзетак да частых гвёздачак. Але гэта ня правіла:
— Ай не ластавіца палётуе!.
Сама гаспадыня то паходжуе…
Хочучых азнаёміцца бліжэй з усім багацьцем вялічальных зваротаў сымвалаў, адсываю да этнографічных запісаў у Романова, Шэйна, Безсонова і другіх.
Другая часьць вялічаньня гаспадара складаецце з апісаньня яго ратайскіх работ. Тут часам поэтычнасьць абразоў даходзіць да назвычайнай красы, як, прыкладам размова жыта з гаспадаром:
— А хто ў полі рана пагукае?
— Ядраное жыта гаспадара кліча:
— Ня магу я, ня магу я ў полі стаяці,
У полі стаяці калосьсям махаці.
Толкі магу я, толькі магу я
У полі снапамі, ў гумне тарпамі,
Толькі магу я!
Пералічаюцца ў каляндарным парадку ўсе сьвятцы, якія дзейна працуюць у полі: „Сьвяты Мікола скот напасае, Сьвяты Ляксей сохі чэша, Сьвяты Пятро з дробным дажджом, Сьвяты Ільля з залатым сярпом“ і т. д.
У трэцяй, канцовай, часьці ўжо пяецца вялічаньне не рытуальнае. Тут можна ўзяць штрофкі з бягучага жыцьця, адзначыць выдатную рысу пана гаспадара, ці з яго паступкаў, ці дзейнасьці. Во гэта апошняя часьць і ўкладаецца валачомнікамі што году нанова і для кождага гаспадара, гаспадыні і іх узрослых дзяцей паасобна. Закончаньне вялічаньня гэтак сама можа быць больш або менш красамоўнае, але пераважна бывае стэрыотыповае.
Аб летніх, жніўных і дажынковых песьнях ня магу нічога сказаць, прышлося ў свой час унікнуць у іх і выразумець.
Заўважу толькі адну характэрную для беларускай кабеты рысу, а гэта тое, што полючы гароды любяць кабеты жаласна галасіць і прычытываць. Адбываецца гэта як рэпэтыція, але нярэдка, пераняўшыся сваей жаласьліва імпровызаціяй і, запраўды, наўзрыд прыплакне другая.
У старым Пагосьце, ў восень, калі наступалі цёмныя і доўгія вечары, яшчэ вечарніцы не пачыналіся, маладзеж вясковая, зьбіраючыся разам, што год, колектыўна, ўкладалі доўгую песьню-сатыру. У 1894 гаду тэмай такой песьні паслужыў чорны бык. Быка прывялі бытцам у Пагост, і, па нарадзе, астанавілі яго зарэзаць і падзяліць. Кождая часьць быка даставалася камусь з гаспадароў характэрызуючы яго, прыкладам: „Рыдзіку почкі, каб вяліся дочкі, а Дубчонку рогі, каб знаў дарогі, а Даніле вочы, каб ня спаў у ночы“ і г. д. Некаторым гаспадаром пасьвячаліся чатыры і навет восем штрофак, рысуючых яго недастаткі. Гэткі верш што год перамяняўся колектыўным абраньнем на новы. Апавядалі і нават пеялі дасьціпныя адрыўкі з даўнейшага аднаго такога-ж сатырыстычнага верша, тэмай да каторага была ўзята яда, якая прышла да Пагоста і схавалася пад мастом. Пачынаўся гэты верш славамі: „Сядзіць Бяда пад мастом, едуць людзі з хварастом; тут Бяда затуляла, ўсім калёсы паламала. Быў там Апанас, той бядзе у морду раз! Быў там і Пятрок, той у морду раз пяток!“ і г. д. Кончылася справа тым, што выгнаная з пад маста Бяда забралася ў вёску, тут яе ганялі бабы: і дзеўкі, але бяз скутку.
Найцікавейшы час бываў пачынаючы ад першага дня Калядаў да Вадохрышча. Угэтым часе, ад захаду сонца, пачыняліся сьвятыя вечары ў якія нельга класьціся спаць да „пятухоў“, а знача ад 4—5 вечара да 12-ай ночы. У дадатку звычай вымагаў, каб у гэты вечары баяць басьні. Тут выступалі на сцэну лепшыя гугарнікі і пачыналіся безканечныя казкі і легенды, апавяданьня традыцыйныя і нанова здуманыя, ды прыкрашаныя. У тыя хаты, дзе бывалі добрыя, красамоўныя, гутарнікі народу набівалася ушчэрць, ад старых да малых. Лепшым гутарнікам ў вёсцы лічыўся Міхалка гарбар, пасьля яго Сьцёпка бондар, чалавек неакелзанай фантазыі, які ўмеў давясьці да сьлёз сьмехам і да гістэрычнага сьмеху апавядаючы страшное. Рэпэртуар казак быў вечна новы і безканечна багаты. Папаўнялі гэты рэпэртуар валачомныя гутарнікі, якіх ў мае часы, было ня мала паміж перахожых убогіх, каторыя прыходзілі часам аж пад Бабінавіч (Магілеўск. губ.
Акром гэтага, час ад часу, з прычыны кождага значнейшага здарэньня укладаліся сатыры вершам; навет з прычыны нязначнага здарэньня. Прыкладам: у Новы Пагост прыязджаў новы вучыцель, малады хлапец. Дарогай папасываў пры Стара-Пагоскай карчме, выехаў ўжо зьмеркам і, па дарозе, згубіў клунак з бялізнай. Гэта пабудзіла некага злажыць сатыру, даволі дасьціпную, якая пачыналася: „Ехаў Абрамчык (прозьвішча вучыцеля быў родам са Случчыны) ў Пагоста, пілнуючы конскага хвоста“… Гэткія вершы-сатыры скора тварыліся, скора і забываліся, а іх месца заступалі новыя падзеі і новыя сатыры. Рэдкія з гэткіх сэзонных вершаў утрымліваліся ў памяці некалькі гадоў; гэта залежала ад меткасьці слова і ад значнасьці падзей. Вершы на звальненьне ад паншчыны, ў мае яшчэ часы, пераказваліся з памяці, а навет перапісваліся. Да гэткіх належалі „Гутарка Данілы са Сьцяпанам“, а такжа, іншага харатару „Страшны суд“, „Панскае ігрышча“, Асаблівай увагай цешныўся: „Страшны Суд“, які дапаўняўся і перарабляўся; устаўляліся ў яго штрофкі аб акалічных хлапцах, дзяўчатах, гаспадарох і гаспадынях з абазначаньнем ім кар на тым сьвеце. Пачынаўся верш так: „.Паслухайця толькі людзі, што на страшным судзе! будзе кары страшны за грахі, за хохаткі ды са сьмехі“…
Акром сьвецкай песьні, сатыры, казкі і паэмату істнавала цэлая літэратура духоўная, якая пераказвалася з вусн у вусны, або расьпявалася, Спэцыялістамі ад гэтай літэратуры былі асобныя „старцы“ жабракі, якія хадзілі змузыкальным інструмантам лірай, скрыпкай, або гармонікай. Забраўшыся ў вёску такі старац ня выходзіў, пакуль не перасьпяваў ўсіх сваіх песень, слухаць якія зьбіраліся пераважна пабожныя вясковыя кабеты, Старац гасьціў у вёсцы ад 3 дзён да 2 тыдняў, залежна ад яго рэпэртуару.
Словам, яшчэ гадоў 30 назад, вусная беларуская літэратура была нечым саўсім жывым, што расло і кусьцілася. Літэратура гэта абслужвала духовыя вымогі селян, і, падтрымліваючы традыцыі, давала сокі новай творчасьці. Істнаваньнем гэтай літэратуры толькі і можна вытлумачыць тое, што наш народ мог сам ў сабе замкнуцца, і, жывучы сваім асобным жыцьцё, перахавацца дагэтуль.