Перайсці да зместу

Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага
Гістарычная праца
Аўтар: Уладзіслаў Талочка
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 4. — С. 226—230

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЛ. ТАЛОЧКА

Да справы нацыянальнасьці прафэсара М. Баброўскага

У выніку ўкладу сілаў, які пакінуў на Беларусі XVIII век, і не бяз уплыву клічаў Вялікай Францускай Рэвалюцыі, бачым у нас на пач. XIX в. барацьбу між уніятамі манахамі Базыліянамі — польскай партыяй — і ўніяцкім сьвецкім духавенствам — партыяй „рускай“, гэта знача „паповічаў“[1] і „мужыкоў“. Існаваньне гэтага зьявішча сьцьвярджае Язэп Белінскі ў сваей, дагэтуль не перастарэлай, працы, „Uniwersytet Wileński“ (III, 10), аднак ацэна паданага ім факту вымагае свайго роду аналізы, дапаўненьня і выясьненьня. Прадусім барацьба гэтых двух партыяў ані троха ня была ціхай, бо водгалас яе чулі ўсе, што мелі вушы. Быў гэта водгалас надходзячай буры, што змушала разважнейшых у пару надумацца, як ад буры забясьпечыцца.

Партыю „паповічаў“ і мужыкоў“ Белінскі прабуе называць расейскай. Пэўна, маглі быць і хіба былі сапраўды адзінкі ці групы, што ар‘ентаваліся на Расею. Ды й дзівіцца з гэтага няма чаго, памятуючы, што было тады пакаленьне, якое яшчэ ўласнымі вачыма глядзела на няслаўны канец шляхоцкай быўшай Рэчыпаспалітай. Акрываўлены тады і маючы ўжо параненыя крыльлі, польскі Белы Арол, каторы патрабаваў блізу паўвеку, каб узьняцца нанова да лёту, ня мог, ясная рэч, гварантаваць якойнебудзь апекі беларускаму уніяцкаму насельніцтву. Такім чынам да слабейшых і склонных да сэрвілізму душаў лёгка маглі дастацца сумнівы, выплываючыя з іх заламаньні і нават масавыя адступствы, прыпячатаныя ўрэшце чынам.

Калі тагачасныя Базыліяне на Беларусі праводзілі (сьведама ці нясьведама — у гэта ня ўходзім) праз свае школы й цэрквы ў шырокім разьмеры полёнізацыйную работу, сьвецкае духавенства бачыла гэта й пачувалася да абавязку распачаць працу іменна дзеля абароны захаваньня беларускай душы меснага ўніяцкага насельніцтва і, што з гэтага ішло і звычайна йдзе ў пары, самабытнасьці ўсходняга абраду, для каторага „братні“ лацінскі меў толькі няшчырую і прымусовую — праз увагу на далёкі Рым — толеранцыю. Трэба было нешта рабіць. Ніколі ня было так праўдзівым, як тады, лацінскае прыслоўе: periculum in mora — небясьпека ў маруднасьці.

Сярод тагачаснага ўніяцкага духавенства быў малады, дужа здольны і поўны энэргіі вучоны прафэсар Міхал Баброўскі. Паміма таго, што так-жа „паповіч“ з роду і „мужык“ з пачуцьця, належыў ён некаторы час у моладасьці да Філярэтаў, сярод. якіх між іншым былі свайго роду сымпатыкі і беларускага народу. Такая ўжо была тады мода, што больш паступовы й асьвечаны элемэнт у быўшым Віленскім Унівэрсытэце, запісваўся да тэй арганізацыі, каторая была тады найлепшай рэкамэндацыяй для кожнага, хто меў намер заняць якоенебудзь значнейшае грамадзкае становішча і адыграць у грамадзянстве паважнейшую роль, што так было натуральным у жыцьці маладога і таленавітага М. Баброўскага, паходзячага з старой, але абяднелай, беларускай (украінскай) шляхты на Падлесьсі, у Бельскім пав. Горадзеншчыны. Аткрыў ён сабе гэтым дзьверы да прыгожай у будучыні грамадзкай кар‘еры.

Ня будзем тут спрачацца ані выключаць магчымасьці, што ў гэтым раньнім пэрыодзе яго дзейнасьці, М. Баброўскаму магло здавацца, што ён ужо ёсьць прыродным паляком. Ды бадай мала тады, на мой пагляд, розьніўся такі беларускі ці ўкраінскі „Паляк“ ад тагочаснага Беларуса ці Украінца інтэлігэнта, бо быў заўсёды, да сьмерці Паляком паводле прысвоенай сабе культуры.

Трэба тут дадаць, што паняцьце культуры агулам на пач. XIX в. ня было так зложаным, заборчым і даглыбінным, як сяньня, калі культура і нацыя ў практыцы значыць ужо часта адно й тое самае. Паняцьці гэтыя не пакрываюцца толькі тады, калі далучаецца мамэнт расы, як напр. у Жыдоў, Нэграў, Індусаў і інш. За часаў аднак філярэцкіх у склад паняцьця культуры, асабліва польскай, уваходзіла ня так шмат складовых дзейнікаў і яна нямнога мела вымогаў. Можна было тады лёгка быць Паляком паводле культуры, ані троха не выракаючыся беларускасьці, літоўскасьці, украінскасьці… Сяньня працэс дыфэрэнцыяцыі пад гэтым узглядам дужа многа паступіў наперад і толькі вынятковыя адзінкі — пры тым надта рэдка — могуць у душы сваей захаваць гэткае requilibrium. Магчыма, што гэтага трымаўся ў сваей моладасьці і М. Баброўскі.

Лёс жыцьця памагаў яму заўсёды, каб знашоў сябе ў поўні. Іншая рэч, ці гэныя магчымасьці ён выкарыстаў. Вось у 1817 г. рада Віленскага Унівэрсытэту высылае М. Б. заграніцу, паручаючы яму, каб падчас загранічнай падарожы зазнаёміўся з славянскімі мовамі (там-жа, 127). Прыгожая гэта была падарожа, калі трывала цэлых пяць гадоў (1817—1822). Зачаў яе М. Б. ад таго, што ў слаўнай царскай бібліотэцы ў Вене і ў багатай бібліотэцы гр. Оссолінскіх у Львове студыяваў славянскія рукапісы. Пасьля адведвае — пачынаючыя ўжо фэрмэнтаваць нацыянальна — Чэхію, Моравію, Славакію, Краіну, Харвацыю, Славэнію, працуючы чародна ў Празе, Вэлеградзе, Любляне, Рагузе, у Дуброўніку, у Задры… Маючы рэкомэндацыйныя лісты ад Б. Конітора з Вены да чэскіх вучоных збліжаецца наш малады навуковы дасьледнік у Празе з Яз. Доброўскім, В. Ганкай, Юнгманам, Цыммэрманам і з інш. У паложанай на даўнейшых славянскіх землях Вэнэцыі часта спатыкаецца з П. Солярычам, а ў Дуброўніку з літаратам Мюсічам, ад якіх нямала карыстае. Ня чужы прытым ёсьць М. Б. і палітыцы, калі бярэ ўдзел у зьезьдзе Славян у кастрычніку 1820 г. у Задры, (там-жа, 128).

Праз славянскія землі, папаўшы ўрэшце ў Рым, бярэцца М. Б. ў Ватыканскай бібліотэцы да апрацаваньня для сваіх далейшых студыяў каталёгу найбольш старадаўных славянскіх рукапісаў і друкаў, далучаючы да яго fascimilia важнейшых і перапісваючы некаторыя цалком. Знойдзены тут ім дужа старадаўны рукапіс харвацкі. Гэты каталёг рукапісаў слаўны ватыканскі бібліотэкар Анджэлё Маі выдаў друкам у Рыме ў 1830 г. у: „Nova Collectio Veteran Patrum“ V т. Працуючы тут М. Б. знаходзіцца ў корэспондэнцыйных зносінах з чэскімі вучонымі ў Празе. Урэшце канчае пяцігодняе прабываньне сваё заграніцай адведзінамі ў 1822 г. найменшага з славянскіх народаў Лужычан і тут у Будзішыне адбывае яшчэ студыі этнографічныя і філёлёгічныя над іх фольклёрам і пісьменствам. Дапамагае яму тут лужыцкі філёлёг Лубэнскі.

Вельмі цікавы час перажывала тады ўся Эўропа. Ужо закончана была наполеонаўская эпопэя і Эўропа, напіраная неўмалімай сілай падзеяў, знайшлася ў констэляцыі рэвалюцыйных забурэньняў з аднаго боку і нацыянальных імкненьняў з другога. Вызвалілася ўжо Грэцыя, надыходзіла рэвалюцыя ліпнёвая, па якой мела прыйсьці вясна народаў — 1848 год. Тое, што сталася фактам пазьней, заплоднівалася й бруняла ўжо значна даўней. Як-жа мог наш малады вучоны, чалавек шырокай і глыбокай думкі, раптам спрацівіцца гэтым здаровым, жыцьцёвым, сакавітым вясьняным імкненьням, каторымі аддыхаў у Эўропе поўнымі грудзьмі праз пяць гадоў, здалёку ад цесна шляхоцкага і прымітыўна патрыархальнага быту, у каторым спаў непрабудна яго родны край і, адданы прыемнасьці паляваньня і роскашы ўжываньня, асяродак вышэйшых слаёў грамадзянства? (Філярэты, філёматы, прамяністыя, а нават і шубраўцы іменна былі польскім пратэстам проціў гэткага зьявішча). Дык што-ж дзіўнага, што, як гэта відаць з далейшай працы М. Б. на прафэсарскай катэдры ўнівэрсытэту ў Вільні, вярнуўся ён з гэтай падарожы, як гарачы староньнік (там-жа, 128) усходняга абраду і як выразны праціўнік пашыраньня польскіх рэлігійных кніжак сярод уніяцкага духавенства, каторае мела абавязак спаўняць царкоўныя абрады паводле ўсходняга рытуалу ў царк.-славянскай мове. Бо-ж М. Б. ведаў добра, што польская духоўная кніжка дагэтуль заўсёды мела адзін вынік: польшчыла беларускі і ўкраінскі народ і лацінізавала іх.

Пляменьнік М. Баброўскага генэрал Баброўскі апісвае, што быццам Базыліяне, баючыся шкоднага ўплыву праф. М. Б., даносілі на яго міністру асьветы Голіцыну (там-жа, 129), вынікам чаго, бяз суду і сьледства, быў ён выдалены ў Жыровіцы да тых-жа Базыліянаў, пад надзор духоўнай улады. І тут ён ня быў бяздзейным: у гэтым часе адкрыў слаўны Супрасьльскі рукапіс у Супрасьлі, куды, відаць, меў магчымасьць даяжджаць з Жыровіц. Гэтая ссылка трывала блізу два гады (1824—1826), пасьля якой М. Б. узноў вярнуўся на катэдру[2].

Ужо на падставе вышэйсказанага накідаецца выснаў, што М. Баброўскі быў нятолькі вызнаўцам сваіх нацыянальных пракананьняў, але й мучанікам за іх. Не за польскасьць-жа ён цярпеў, але за сваю тагочасную „рускасьць“, каторая ў Вільні і ў Віленшчыне, а так-жа ў Горадзеншчыне магла быць толькі адна — беларуская.

Выясьніць нам гэта Я. Белінскі яшчэ выразьней, калі прыточым з яго вось гэткі тэкст: …„У Вільні, паміж акадэміцкай моладзьдзю некулькі было свяшчэньніцкіх сыноў, як Ігнат Даніловіч, Міхал Баброўскі, Антон Марціноўскі, Жэгота Онацэвіч, Плятон Сасноўскі і іншыя менш ведамыя. Гэтая моладзь знала троха стараславянскі язык, а так-жа троха беларускі язык, у каторым акты да Люблінскай Уніі былі пісаны выключна. Даніловіч разбудзіў у іх ахвоту шукаць рукапісных і друкаваных стараславянскіх забыткаў, а калі паўстала пры Унівэрсытэце Духоўная Галоўная Сэмінарыя, якая так-жа дастарчала краю многіх, больш-менш навукова вырабленых, маладых уніяцкіх сьвяшчэньнікаў, — дык зьбіраньне славянскіх рукапісаў пачалося ў шырокіх разьмерах і ў вялікім праменьні“ (курсыў наш), Калі праўда, што Даніловіч у іх асобах меў прыгатаваных і ахвотных памацнікоў, дык так-жа мусіць быць праўдай, што група свяшчэньніцкіх сыноў, што радзіліся і расьлі ў семьях сельскіх духоўнікаў і што тут прабывалі вольны ад навукі час, была сусім добра абазнаная з мовай беларускага народу, так блізкай да мовы актаў Вял. Княства Літоўскага. Інакш як-жа яны маглі быць Даніловічу сапраўды памоцныя і праводзіць інвэнтарызацыю гэных рукапісаў у такіх разьмерах і ў такім праменьні!..

Малады ўкраінскі дасьледчык царкоўнай мінуўшчыны Заходняй Украіны М. Тэршаковэць (Записки Чина Св. Василія Великого, т. III, вип. 3—4. Львів 1930. Бібліографія, бач. 714—715) цьвердзіць, што ў праф. М. Баброўскага працэс быў адваротны: дапусьціўся ён нацыянальнай апостазіі, але стаючыся з украінца паляком.

„Быў час — кажа М. Тэршаковэць — калі пад уплывам адпаведнага асяродзішча ў душы М. Б. абудзіліся дрэмячыя нацыянальныя пракананьні ці толькі пачуцьці, каторыя ў яго аднак ўзноў загінулі, калі ён знашоўся ў асяродзішчы іншым. Маю на думцы два яго выражэньні з 1819 г. Выражэньні гэтыя аб украінскай (рускай) народнай прыналежнасьці М. Б. знаходзяцца ў яго лістох да двух выдатных Чэхаў: ведамага Язэпа Доброўскага і Івана Цыммэрмана. У лісьце да першага з іх з IV.1819 М. Б. падпісаўся гэтак: „Michael Bobrowski Ruthenus“. У лісьце да другога з 1.V.1819 таксама назваў сябе, бо пісаў вось як: „Joanni Zimmermano Bohemo Michael Bobrowski Ruthenu S.P.D.“. М. Тэршаковэць прыпісвае гэтыя народныя выяўленьні М. Баброўскага ўплывам тагачаснага прэпозыта ўніяцкай цэрквы сьв. Барбары ў Вене Івана Сьнігурскага, пасьля заслужанага ўніяцкага ўладыкі ў Пярэмысьлі. „Як-жа мусіў — піша далей М. Тэршаковэць — быць зьдзіўленым той сам Доброўскі, калі па чатырох гадох з Вільні атрымаў ліст, у якім было напісана: „Viro celeberrimo Jozepho Dobrowski Michael Bobrowski Polonus S.P.D. Vilnae pridie Calendas Quintiles A. MDCCCXXIII[3]). Дужа мусіў зьдзівіцца патрыарх славістаў, што на ўсход ад Прагі паважныя людзі ў працягу чатырох гадоў зьмяняюць нацыянальнасьць, як рукавічку… Ня гледзячы аднак на гэта, мусімо спагадаць нядолі М. Б., бо быў ён трагічнай ахвярай ліхалецьця нашай цэрквы і нашага народу. У лепшых варунках быў-бы ён надта цэнным працаўніком на ніве ўкраінскай навукі, усёроўна якой: сьвецкай ці духоўнай“. Гэтулькі М. Тэршаковэць. Ад сябе можам дадаць, што ў адпаведных варунках М. Б. быў-бы ня менш цэнным працаўніком і на ніве беларускай навукі. Ведамыя й сяньня падобныя трагэдыі маладушных людзей.

Пасьля гэтага трэцяга лісту М. Б. жыў яшчэ 25 гадоў, каторыя сусім ня сьведчаць аб тым, каб яго польскасьць з часу 1823 г. паглыбілася. Якраз гэныя гады сьведчаць аб сусім адваротным. У 1823 г. назваў ён сябе паляком, але ў 1839 г. разам з Семашкам перайшоў у расейскае праваслаўе. Сусім аднак не перашкаджала гэта яму паміж гэтымі гадамі займацца пісаньнем і выдаваньнем між іншым падручнікаў катахізму для гімназіяў і павятовых школаў. Вось-жа, ці толькі не на гэты пэрыод прыпадае прыпісванае яму аўтарства (паводле праф. М. Біржышкі) беларускай катахізмоўкі, каторай 100-лецьце нядаўна адзначала беларуская прэса. (Прыпісваньне-ж кс. В. Гадлеўскім аўтарства гэтай катахізмоўкі віленскаму лацінскаму біскупу А. Клонгевічу мала праўдападобнае).

Поўная супярэчнасьці асоба праф. М. Баброўскага, а так-жа й справа яго нацыянальнасьці, чакае яшчэ на выясьненьне. Сяньня можам толькі сказаць, што хоць М. Баброўскі паходзіў з зямель беларуска-украінскіх, хоць часам называў сябе агульным тады для беларусаў і украінцаў назовам Ruthenus — Русін, а часам нават Паляком, то аднак усей сваей дзейнасьцяй і навуковай працай, усім сваім жыцьцём ад моладасьці да сьмерці[4] быў цалком зросшыся з лёсам беларускага народу.



  1. Паповіч — сын уніяцкага сьвяшчэньніка.
  2. W. Charkiewicz („Bez steru i busoli“, Wilno 1929) гэтую кару ставіць у лучнасьці з працэсам філярэтаў.
  3. Цытаты ўсіх трох подпісаў М. Б. узяты з працы В. Я Францева „Польское словяновѣденіе“. Прага 1906.
  4. † 1848, Шэрашэва, Пружанскага пав.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.