Да сваіх думак (Купала — Думкі, думкі-весялушкі!..)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Да сваіх думак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/648



Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?

Ці навеяў вецер вольны,
      Што па горах скача,
Што у плоце, як бяздольны,
      Па сіротках плача?

Ці бурлівыя паводкі
      З вадой вас прыгналі,
Што вясною час кароткі
      Зямельку змывалі,

Затаплялі, залівалі
      Даліны і горы,
Аж сябе ў моры схавалі,
      У глыбокім моры?

                 *

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?

Ці зрадзіў вас дух збадзяны
      У хатцы дзюравай,
На зямельцы акаванай,
      Бязвольнай, бясправай?

Ці ў калысцы у ліповай
      Са мной узрасьлі вы,
Як дзіцём вучыўся мовы,
      Вясёлы, шчасьлівы?

Сьвет здаваўся ясным раем,
      Людзі – без аблуды,
Не калолі у няволі
      Жыцьцявыя груды!

                 *

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?

Ці навеяў віхар з поля,
      Як лісткі зь бярозы?
Ці зрадзіла вас няволя,
      Ці гора, ці сьлёзы?

Ці прыгожая дзяўчынка
      У вуха нашаптала,
Што вачыма, як лучынка,
      Міленька міргала?

І бажылася кахаці,
      Век не пакідаці,
Разам гора гараваці,
      А потым… ну, што там?!

                  *

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?

Ці вас выараў сахою
      На шнуры вузенькім?
Ці вас выкасіў касою
      На сіўцы сівенькім?

Ці вас выкапалі людзі,
      Як праўду хавалі?..
Ачарнілі фальшам грудзі
      І помстай шакаляй.

Відмы сьмерці і разлукі
      На скаваных сеюць,
Ў крыві братняй мочаць рукі,
      На трупах шалеюць!..

                  *

Думкі, думкі-весялушкі!
      Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
      Песьняй азваліся?

Гэй жа, думкі, громка пейце,
      Покуль сэрца б’ецца!
Громка пейце, не жалейце,
      Што там хто сьмяецца!

Прыйдзе хвіля, і вас міла
      Нехта прывітае,
Можа, хоць дзяўчынка тая,
      Што мяне любіла!

Прыйдзе хвіля, — поймуць людзі,
      Дзе праўда зарэе…
Пейце ж, думкі, шчасьце будзе,
      Ночка разаднее!

(1905—1907)