Перайсці да зместу

Г.П.У… чакае…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Г.П.У… чакае…
Верш
Аўтар: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 37 (91). 25 кастрычніка 1925 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Г.П.У… чакае…


Бальшавікі шыкуюць амністыю
ўсім эмігрантам Савецкія паслы—
„Полпрэды“ запрашаюць вярнуцца
дамоў.(з газэт).

Ці ведаеш той край, цараць дзе камісары,
Дзе „брацтва, равенства, свабода“ расцьвялі?
Дзе радасьць шчырую з жыцьця новай чары
Запрабаваў свабодны сын зямлі?
Дзе думна скінуты няволі цяжкай путы,
Дзе кожны, як буржуй адзеты і абуты,
Дзе мае і жабрак пяць страваў на абед,—
Туды завець вярнуцца ўсіх бежанцаў Полпрэд.

Ці знаеш край, дажджом дзе сыплюцца чырвонцы,
Прапала ўжо Чэка, а сілу забраў Нэп,
Дзе багацеюць усе: і немцы і японцы,
А шчасьця не знайшоў, хто з дурасьці асьлеп.
Дзе абразы сьвятых абобраны дачыста,
А ў царквах кіно зрабілі комуністы;
Дзе енк замучаных і вязьняў ужо сьціх;
Туды, у край шчасьлівы—вярнуцца просяць усіх.

Ці ведаеш той край, дзе скінут зьдзек манаршы,
Работніцкія жонкі езьдзяць у „аўто“,
Дзе ўпіваюцца да мдлосьцяў камісаршы,
Франтуючы ў брыльянтах і хутраных „манто“.
Дзе расцьвялі мастацтва і шырыцца культура,
Вясковая дзе, нават, проста „дура“
Уразумела, што аборт ужо зусім ня грэх,—
Туды, туды Полпрэд нас запрашае ўсіх.

Ці ведаеш той край, ўсе дзе ужо вязьні
З вастрогаў выпушчаны… грудай мёртвых цел
Дзе спаць спакойна можна—няма ўжо сьмертнай казьні!
(Часамі толькі слышна з падвалу ціхі стрэл):
Дзе прэса вольная спакойна і свабодна
У чэсьць сваіх ўладык друкуе пахвалы,
Дзе можна дзесяць семьяў „залажыць“ свабодна,—
Туды, туды завуць Савецкія паслы,

Ці ведаеш той край, дзе сэрца комсамольца
Геройствам поўна баявым,
Ен пальцы адарве, калі на іх ёсьць кольцы,
Як загарыцца ён жаданьнем агнявым.
І вось ў гэты край, дзе ўсё надзеяй дышыць,
Што неба наканец мальбы зямлі паслышыць
І чорта ўрэшце скіне і ўсіх яго дзяцей —
Вятліва запрашаюць: „пажалуйце скарэй“.
(Перароблена і зьбеларушчана з газ. „Сегодня“).



Канешна кожны ў выбары сваіх шляхоў свабодны,
Таго, хто хоча верыць—вершам ня ўстрымаць,
Аднак-жа крыху здолеў хто бальшавікоў пазнаць,
Той знае, што „запросіны“—падвох толькі чародны.
Бо ведаеце вы, каго так запрашаюць,
Чаго ад камісараў вы можаце чэкаць?
Мільён замучаных да вас—пра гэта добра знаюць,
А пры крывавых сьценках—і вам прыдзецца стаяць…

Дары свае бальшавікі усім суляць па царскі,
І горы абяцаюць ім усякіх „благ“,
Аднак вядома ўсім, што гумар камісарскі
Вьмяняецца з настроям, як ветрам біты сьцяг.
І як у мех схаваць зусім ня можна шыла,
Так мэта вылезе, з якой Полпрэд ўзывае,
Ну, што-ж:. Ідзіце… верыць хто, а жыцьцё ня міла!..
Амністыя! Ідзіце… А там: Г.П.У. чакае…


Б. П.