Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі/XVIII стагодзьдзе/Энэіда навыварат

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Энэіда навыварат
Паэма
Аўтар: Вікенцій Равінскі
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Энэіда навыварат.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Энэіда“ паэма рымскага пісьменніка Віргілія. Аднак выводзячы падобна Віргілію, грэцкіх і рымскіх багоў, наш аўтор надае ім сялянскае аблічча і ў сваёй паэме дае характарыстыку сялянскага быту.

Паэма пры напісаньні не друкавалася. Як вельмі цікавы твор, яна перапісывалася рожнымі асобамі і гэткім парадкам пашыралася па ўсей Крывіі. Аднак, дзякуючы гэтаму, ў паэму трапіла многа ўставак і пазьнейшых пераробак. Паэма напісана ўсходна-крыўскаю моваю.

Да нас цалком паэма не дайшла; маецца толькі пачатак яе, а рэшта загубілася.

Жыў-быў Энэй, дзяцюк хупавы[1],
Хлапец наўвошта украсіў;[2]
Хоць пан, але удаўсь ласкавы,
Даступен, весел, неграбіў.[3]
Ды грэкі вуйму[4] нарабілі:
Як ляда,[5] Трою ўсю спалілі.
Кашэль ён згробшы науцёк,
І, швыдка[6] зробіўшы чаўнок,
Траянцамі яго набіў
Ды ў мора з імі ён паплыў.
Але Юнона была злая, —
Адродзьдзя панскага ліхая! —
Шукала ўсё яго згубіць.
На дно у пекла пасадзіць:
Затое, бачыш, ня ўзьлюбіла,
Яго Вэнэра што радзіла.
Юнона воблак адапхнула
Ды з неба на мара[7] зірнула —
Плывець на чаўнаку Энэй!
„Ах, ты няпруціна[8] зладзей!
Вось я цябе скручу, пад ляпу,
Ражном у мора, як сабаку!“…
Панёву[9] швыдка нахапіла,
Кашэль сачнямі[10] налажыла,
Ў калёсы села, пакацілась,
Якраз ў Эоля апынілась,
Увайшла ў сьвятліцу, села ў кут.
„Здаровы ўсе! Эоль ці тут“?
Эоль сядзеў тады ля печкі, —
Мязгу[11] скабліў на перапечкі[12]
Ды лапці лыкам падплятаў.
Ен тут аборы падабраў,
Заткнуў за пояс кацатыг,[13]
Скаціўся с печы ў адзін міг.
„Здарова, свацейка Юнона,
Даўно цябе я ня відаў“.
І тры ёй зробіўшы паклоны,
Мякотнага[14] на стол падаў.
Яна мякотнага паела,
Уцёршысь так яму запела:
„Ці ведаеш маё ты гора?
Энэй з траянцамі плывець;
Сьпіхні яго ты, сват, у мора, —
Няхай, паганец, воду п’ець!
Мяркую, чуў: Энэй — то зводнік,
Буянец, злодзей, канаводнік.
Траянцы такжа ўсе латрыгі,
Ўсе абібокі і ярыгі.[15]
Іх трэба ўсіх са сьвету зьвесьць!
Калі, сват, зробіць тую чэсьць,
То я дзявухну украсіву,
Салодкую, як з мёдам сьліву,
Табе за тое прывяду“.
Эоль расшупіў[16] тое дзела. —
Ў яго ўжо сьлюнка пацякла!
Любіў ён цешыць грэшна цела,
Дзявухна па нутру была,
Заскробся, барадой затрос,
Разгладзіў вусы, падцёр нос.
Зажыў у ноздру табаку,
Зачхаўся ўвесь, замармытаў
Ды рэч Юноне ён таку
З паклонам, віш ты, адказаў:
„Ах, вохці мне, мая Юнона!
Ніводнага-ж нет ветру дома!
Што буду робіць я цяпер?
Барэй з пахмельля, як вапер,
Ляжыць ў сьвятліцы на казёнцы[17]
А Норд учора зьехаў к жонцы,
Зэфір з дзяўчатамі заграўся.
А Эоль у батракі наняўся,
Як хочаш тут сабе гадай,
Але дзявухну даставай!
А я ўсё зроблю, грамадзею[18]
Са ўсіх глуздоў[19] іх сьцебану,
З траянцаў выцісну алею,
На дно у мора заганю!
Твайго-ж пабольша ліхадзея,
Некрута,… Энэя
Я так папру яго вятрамі,
Аж булькаць будзе пузырамі,
Як сторч у вір ўсіх галавой
Намесьнік[20] сьцягнець за сабой!“
І вось Эоль, галень[21] схапіўшы,
На паншчыну склікаць пачаў,
І ўсе ён ветры распушчаў,
Бурліць ім мора наказаў.
Калі хто відзеў, як Бакціха[22]
Нямецка піва задаець,
Яке яно падымець ліха,
Запеніцца ды розна прэць, —
От так і мора заравела,
Бублілась, пенілась, шумела.
Энэй спалохаўся, ўсхадзіўся,
Матуз ад портак аж зваліўся,
Са страху й нюні распусьціў
Ды як у трасцы ён завыў.
Траянцы ўсе казлы задралі,
Са ўсіх чаўноў яны гукалі,
Ў балоце быдта Лісавэй[23],
Ачухаўшысь, ўскрычаў Энэй:
„О, цар-царэвіч тат[24] Няптун!
Ня буду прад табой брахці.
Зьмілуйся, мора ты зьміры,
Картузнай[25] я прышлю цяртухі,)
Сударскай[26] моцнае сівухі,
А грошы сам з машны бяры!“
Нэптун на грошы меёў ахвоту,
Гарэлку добра ён сьцябаў.
Пачуў, што будзе за работу,
На ветраў строга закрычаў:
„А вон, нячысты някруціны!
З якей фантазіі вы тут?!
Глядзі, скаштуеце дубіны
І ноздры вам ражком утруць!“
Вось досыць ветрам тут дзякацца[27]
З Нэптунам зналі які жарт.
Дамоўкі сталі убірацца,
Як ад кутуза Банапарт.
Тут раптам неба спагадзелась.
Усплыла сонейка, зьясьнелась,
Энэй, уцёкшы так ад бед,
Састрапаць загадаў абед.
Траянцы ўзялісь за ядзэньне,
Як з поля панскія харты.
Была ў іх з затаўкай[28] крупеня,[29]
Кулагу[30] пхалі ў жываты;
Была ў іх гушча[31] і драчона[32]
І парасяціна смажона.
Пілі гарэлку не каўшом —
Цягнулі ў волю ўсе нагбом.[33]
Усячыны панасьцябалісь
Ды на палацях спаць паклалісь.
Вянэра с кірмашу павярнулась.
(У Ўшэсьці[34] відзіш ты, была),
Ды аб Энэянку дачулась,
Юнона як яго спрагла[35].
Андрак[36] з насоўкай апранула,
З падплётам ўзьдзела кавярзьні[37],
Анучкі рабыя абула,
Як бытцам войта селязьні;
Твар сыраваткаю абмыла,
Кужэльны ўзьдзела балахон,
Папранік[38] ў хустачку ўлажыла, —
Пайшла да Зэўса на паклон.
А Зэўс тады сядзеў у клеці, —
Гарэлку з мёдам там сьцябаў.
Бяз сораму, як малы дзеці,
З падоньня пальцам калупаў.
Прышла Вэнэра і завыла,
Саплямі змазала ўсё рыла
Ды так зазюкала[39] яна:
„А чым перад табою, бацька,
Мой абмішуліўся[40] дзіцяцька?
Зюкні, яка яго віна?
Ня ўвідзяць Рыму яго вокі,
Калі Юнону ня уймеш!
Зьядуць па ростанях сарокі,
Сатрэць яна яго ў кулеш[41].“
Тут Зэўс, гарэлачку дапіўшы,
Ражком ў халяву пастучаў,
Цяртухі моцнае зажыўшы,
Таку гаворку распачаў;
„Дапрэць Энэянка да Рыму
І будзе тама ён царом.
Палепшы Чыжаўскіх[42] харом
Паставіць каменны палаты.
Паны-ж ня будуць там багаты;
Свае чапы[43] ён завядзець,
І ўсё на одкуп пабярэць.
Цяпер завернець к Карпагені,
(У Дзідоны, відзіці, талака),
Папрэць у волю ён смажэні,
Ад’есца з добрага быка,
Папарыцца ён там у лазьні,
Падпусьціць хвігля[44] самай пані,
Закруціць моцна галаву, —
На любжу[45] прывядзець ўдаву.
Ідзі, дачухна, ня турбуйся!
Ды скорамам, глядзі, ня жуйся!
Ні з кім саромна не клянісь
І ў Сташкоў Ніобе пакланісь!“
Вэнэра тут яму прысела,
Хранцуз пан Шэнак як вучыў,
Пайшла, вясельную запела:
Зэвэс ёй вельмі дагадзіў.
Энэй, пачухаўся, паскробся,
На ногі лапці падвязаў,
З палацяў да кута дагробся,
Да плыць падкорніку[46] казаў.
Плыў, плыў аж ў ваччу зазелянелась,
І мора горш ад талакна прыелась, —
Ен ведзьмай на яго гладзеў.
А там пачаў ужо зьдзікацца
Ды так ні к чому стаў злавацца,
Што я й пісаць тут не пасьмеў.
Казаў, што лепш-бы на пагосьце
Схаўтурылі яго там косьці.
Дарэмна з Троі пакруціўся
Ды валачобнічаць пусьціўся.
Ен з гора піпку запаліў,
Ў балону[47] голаву спусьціў.
Аж зірк у мора — і сказіўся![48]
Запеў „ізбранную“ заксьціўся:
„Глядзеце, братцы, вунь сяло!“
Тут ўсіх за сэрца узяло.
Якраз на бераг прывалілі,
За плот чаўнок свой прыкруцілі,
Па шклянцы выпілі сівухі,
Паелі нашча саладухі,
Камоў[49] з сьмятанай і глазухі.[50]
Пайшлі у горад пагуляць.
Бягуць, як батракі с прыгону,
А ім ў варотах — тыц Дзідона,
Ды стала так на іх казаць:
„Глядзі які-ж то абарванцы!
Ці смоль вы з Шчучча вязецё?!
Ай вы, Духанскія цыганцы!
Курэй з падклецьця крадзіцё?!
Чаго сюды вас прыкруціла?
Я й так дзесяцкага прыбіла,
Што ён распраўшчыны ня знае
Ды без пашпортаў ўсіх пускае“.
Як валасьні[51] закапашылісь,
Пластом траянцы павалілісь,
Сачэнь Дзідоне паднясьлі,
Таку гаворку зацяглі:
Мы ўсе з Траянскага прыходу,
Сударскі перад тым былі,
Ды ўвосень прошлага мы году
А грэкаў ў мора уцяклі.
Энэй канторшчыкам у нас,
Прашпорты дзержыць Апанас.
Газэты-ж, панюхна, ты маеш:
Спраглі[52] як Трою, аб тым знаеш, —
То нечага табе й казаць:
О, артыкульная[53] Дзідона!
Ты нас у крэпасьць запішы.
Ў нядзелю роб сабе два згоны, —
Мы робіць будзем, дадушы!
І ўсяку паншчыну зьмякаем:
У бровара глядзець як знаем,
Загнеткі, сундукі рабіць,
На бочкі абручы набіць.
Піліп наш лепіць гарлачы,
Пракоп-жа ступы, таўкачы,
А Саўка зельле ўсяка знаець, —
Дзяцём ён вогнік адсякаець,
Хупаў бабамі варажыць
І скурапеню[54] адхадзіць.
Глядзі, як мы парасшарпалісь,
Аж сорам сьвеціцца наскрозь,
Ўсе лапці розна растапталісь,
Сарочкі чорныя, як вось.
Калі ўжо ласка твая будзець, —
Вялі нам лазьню пратапіць!
Адзежу трэба нам папрудзіць[55],
От так кішаць, ня можна жыць“.
Дзідона румзала і выла
Цякло, як з лівара, з вачэй;
Маністы дзёргала, круціла,
А сэрца — тых-тых-тых у ей!
Яна ўжо чула пра Энэя,
Што з гулькаю[56] ў яго і шэя,
Што волас ў галаве скруціўся,
Што нос казюлькай раздаваіўся.
То шупіла, які тут смак.
І вось кляўшыла[57] яна так:
„Калі-б Энэй ваш схамянуўся
Ды сам мне ён падвярнуўся, —
Усячыны-б тады дастаў“…
Ен — шмык, як бытцам з неба спаў!
Ўзышлі ў сьвятліцу, пераксьцілісь,
Энэй і „Вотча“ прачытаў
За стол ўсе перадам садзілісь,
Мялянік[58] на стале ляжаў.
Дзідона варыва ўлівала,
Шматкамі мяса ў місы клала
І забяляла малаком.
Трупаціла[59] яна крупеню.
Яечню, руднік,[60] жур,[61] смажэню,
Каму пячэню з часныком;
Былі й салодкія пацешкі:
Вяземскі пернікі, гарэшкі,
Мязгі й мазюму[62] рашаты.
Дуда вярлюем[63] тут равела,
Сапелка гусыняй шыпела,
Скрыпела скрыпка, як туркі.
Дзявухны голасу гукалі,
Вясну малоданькі склікалі
І жарты розная рабілі:
Казу сьвяточную вадзілі,
З загнеткі лося забівалі,
Дугу у браму прадзявалі, —
Пустоты ў воленьку было!
Расхарапушыўся[64] Энэй,
Аж іскры сыплюць ад лапцей…



  1. Энэргічны, жывы.
  2. прыгожы.
  3. грэбаваць=пагарджаць, знача ня горды, уважлівы.
  4. ўйма=множства.
  5. лядо выкарчаваная і выпаленая зямля.
  6. хутка, борзда.
  7. мора.
  8. някруціна=рэкрут.
  9. жаночая вопратка зложаная з двох полак, род фартуха.
  10. блін печаны на макавым або канапельным малацэ (соку).
  11. мязга, ніжні слой дрэўнай кары, якую дамешывалі да печыва.
  12. тое, што мы цяпер называем „булачкі“.
  13. падплётка, касьцяное шыла.
  14. даслоўна „мяккога“; але пад гэтай назовай разумеецца пірожнае.
  15. буяны.
  16. разважыў, абдумаў.
  17. перафразоўка назовы мэблю „козэтка“.
  18. эпітэт Зэўса, знача „дзючага гром“, грамавіку.
  19. са ўсёх мазгоў.
  20. мова аб Нептуне, богу мора.
  21. галень, кій, мова аб палцы „крывулі“ якой перасылаючы з хаты ў хату апавяшчалі на прыгон.
  22. Бакціха, жана бога пьянства Бакха.
  23. Лесавік.
  24. тата.
  25. пачковай, вышэйшы гатунак.
  26. гасударскай.
  27. зьдзекавацца.
  28. с салам.
  29. крупнік.
  30. каша з соладу.
  31. каша с пансаку і гароху.
  32. каша з дзертых ячных круп.
  33. нахіляючы вядро
  34. назова сьвята Шосьнік
  35. сьпякла.
  36. андарак, сподняя спадніца, ням. „unterrock“.
  37. лапці.
  38. пернік.
  39. інтымна загаварыла.
  40. правініўся.
  41. страва с цёртага, таўчонага мяса с тукам, пірог з мясам.
  42. палац кн. Пацёмкіна.
  43. „чапы“ — дзежы, чаны ў якіх ставяць затор на гарэлку.
  44. штуку, жарт.
  45. любоў, паблудная любоў.
  46. памочніку капітана, які кіруе кармой.
  47. ў люку.
  48. зазлаваў, ашалеў.
  49. клёцак.
  50. творагу са сьмятанай.
  51. чэрві.
  52. сьпяклі, спалілі.
  53. стройная.
  54. шкрофул.
  55. перапаліць ў гарачым духу.
  56. з наростам.
  57. нескладна гаварыла.
  58. блін з малозіва.
  59. паставіла закрытым у печ прэць.
  60. юшнік с крыві „руды“
  61. кісель.
  62. разынак.
  63. вярблюдам.
  64. разыйшоўся.