Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/В. Арлоўскі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Абуховіч В. Арлоўскі
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Этнографы і вучоныя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У 1908 годзе ў Полацку выйшаў першы том „Беларускіх народных расказаў“ Восіпа Данілавіча Арлоўскага, каторыя пакідаюць сьлед у гісторыі беларускай літэратуры пракуднасьцю сваіх думак, бо другой вартасьці яны ня маюць, а з тэхнічнага боку стаяць так нізка, што могуць сьведчыць аб поўным няўмецтве аўтора. Напісаны расказы нібыто вершам і беларускай народнай моваю, але навет абы-якая народная рытміка верша тут рэдка захована як мае быць, рыфмаваньне дужа прымітыўнае з найбольшым ужываньнем дзеясловаў, а часам між радкоў верша ёсьць і вялікія кавалкі прозаічнай мовы. Што датыча беларускага народнага слоўніка, дык ён тут даволі багаты, але Арлоўскі ня мае ніякага разуменьня і аб літэратурнасьці мовы, дзеля таго іншыя людзі, асабліва паны і начальства, гавораць у яго страшна брыдкім жаргонам; ды й сам аўтор, каб паказаць сваю адукаванасьць, са смакам ужывае перакручаную маскоўскую і польскую гутарку. Кніга яго, апрача таго, выдадзена, як відаць, зусім без карэкты. Але нічога ня знаючы аб самім аўтору, трудна зразумець ці неяк здагадацца, чаму яго кніга з дзівосамі. Расказы Арлоўскага,—бясхітрасная ідэолёгія мужыцкай Беларусі з часу пасьля вольніцы і да першай рэволюцыі, а напісаны яны тады, калі ідэолёгія гэтая дажывала свой астатні час. Арлоўскі пісаў у вялікай прастаце, кожную рэч і справу мяніў ён уласным назовам, нічога не хаваючы,—казаў голую праўду так, як ніводзін інтэлігентны пісьменьнік ні сказаў-бы, ні напісаў-бы. Заўсёды маючы нахіл да сатыры, асабліва накідаецца ён на сучасную яму моладзь і наагул на ўсё маладое, новае. Так, ў адносінах бацькоў і дзяцей ён без міласэрдзьдзя бічуець і тых і тых, але болей злосьці маець на дзяцей. У вершах гэтага разьдзелу шмат горкай праўды і ёмкіх слоў. Бацька аб сыну кажаць так: „Ні бацькі, ні маткі ўжо ня слухаець, мяне бярэць ужо за грудзі, — ці-ж гэта з яго ўжо будуць людзі? Ды старым дурнем называець, бо ўжо на сілу надзею маець. Як у гэтай школе пабыў, дык і на работу забыў. У лапці ўжо ня хочаць абувацца, ды каб смачна нажрацца… Я, кажаць, цяпер ня панскі, а вольны і розум маю ужо поўны… Назаві яго: Мікіта, дык ён не адгукаецца,—я, кажаць, ня Мікіта. А я кажу: а хто-ж ты? А ён кажаць: я Нікіт, а ня Мікіта!“… І вось у той час, калі новая беларуская мужыцкая моладзь, пабыўшы ў войску, ў шахтах, ці паўчыўшыся тры гады ў маскоўскай, проці-беларускай школе, ужо ня хочаць працаваць, як бацькі, і так, як яны, хадзіць ў лапцях і называцца пабеларуску Мікітамі, у гэты чае старазаконны беларускі бацька бядуе і злуецца, раўнуючы сваё даўнейшае жыцьцё з цяперашнім маладым: „Ня добра, што няма на іх пана!“ Бо тады сын-распуснік ня быў-бы гэткі: „Не захацеў-бы ён у будні дзень боты надзяваць ды мылам рукі мыць па самыя локці, а пашоў-бы ён старожку і варту адбываць і скора-б ён папаўся-бы аканому ў когці… Насіў-бы ён, юха, тое, што прыгожа мужыку: старую каліту і шабалтас; ды яшчэ рад-бы ён быў і аднаму гузіку[1] так, як бывала і ў нас“. Злосьць старога на маладых даходзіць да таго, што ён кажа: „Тады і сонца весялей сьвяціла, як сьвятая розга хадзіла“. Так казала канаючая, з непазбытай прыгоншчынай у душы Беларусь і гэтым самым капала між сабою і моладзьдзю непраходную яму. Адносіны бацькоў і сыноў Арлоўскі чапаў дужа часта ў розных сваіх вершах, гэта было для яго самае больнае пытаньне. Усюдых ён праводзіў думку старых: „Бог і цар даў нам слабоду, а маладзёж цаніць яе ня ўмеець“, — і даваў пры гэтым схэматычную і грубую, але з надворнага боку справядлівую і яркую карціну утварэньня з сялянскай моладзі „зброду,“ гэта, значыцца, тых абломкаў, з якіх патроху ўзрастаў невялічкі сьвядомы элемент пролетар‘яту („Пракоп,“ „Бацька,“ „Дзяніс“ і інш.). Разумеецца, Арлоўскі ня мог ахапіць гэты процэс утварэньня цаліком у яго гістарычным і соцыяльным значаньні і запісаў толькі тыя тыповыя драбніцы яго, што былі перад самымі вачмі: „Калі грошы троху агадаець, дык гайдачкі ў горад, а там у басякі пападаець…“ Старая мужыцкая Беларусь аднасілась няпрыхільна ня толькі да свае моладзі—„зброду,“ але наагул і да ўсякае навіны, да ўсяго таго, што нішчыла даўнейшы уклад, выгляд і парадак жыцьця, што палохала сваёй незразумеласьцю старых, пабожных і забабонных, людзей. Так, Арлоўскі піша: „Ды яшчэ зялезныя дарогі—каб нашы і вочы іх ня відалі—нарабілі усім нам трывогі: багачам—грошы, а ўбогім бяды далі. Машыны паелі ўвесь лес…“ Старына містычна заўважае, што ад навіны пачаў мяняцца і выгляд зямлі: „Ужо многа каторыя рэкі саўсім ужо ўсохлі…“ І ўсё, адным словам, сьведчыць аб блізкім сьветапрастаўленьні: „На юбілеуш ксяндзы казалі, што езьдзіць вагняная печ, вот і дротам увесь сьвет перавязалі ды й на слупы лес сталі сеч. Відаць, прыходзіць нам канец і скора будзець страшны суд: антыхрыст падавіць нас, як авец—бог пакажаць нам свой цуд.“ Ад гэткага містычнага настрою радзілася павышаная сьляпая набожнасьць старой Беларусі, не знасіўшая рэлігійнай лёгкадумнаеьці маладых: „Ня дзіва, што бог нас караець, калі ўжо і наш брат, мужык, і той: „Бога нҍтута!“—увераець. Каб табе адсох язык!“ Забабоннасць ўва ўсіх яе галінах—галоўная, такім чынам, азнака мужыцкай старыны, і яна асабліва добра адбілася ў творах Арлоўскага. Можна-б было сказаць, што гэты няўломны мужыцкі „пісацель“ проста запісаў на паперу мужыцкія забабоны, але тут ёсьць важная прымета: Арлоўскі і сам чалавек забабонны, запісы яго і агорнуты і прахоплены чыста-мужыцкім забабонным духам, чаго мы не знойдзем ні ў якіх этнографічных запісах і ні ў якіх наагул інтэлігенцкіх творах аб мужыкох. Той дух кажаць чараўніку: „Ты ў свадзьбе сядзіш за сталом, а сватом думаеш гаручку; ты ў жыце заломіш залом, каб узяць грошы кучку. І ні ў аднаго гаспадара авечка і кароўка пала і ў беднага нашага дудара дуда лопнула і прапала.“ Пад прынукай таго духа мужыкі нясьлі сканаўшага чараўніка ў ростанькі і закапывалі ў яму пры балоце, а пазьней, калі не пераставаў: хадзіць па начох, забівалі яму ў грудзі асінавы колі давалі абухом у лоб… Соцыяльныя пытаньні старазаконныя мужыкі Арлоўскага разьвязываюць з свайго земляробскага і пабожнага пагляду, з нейкім лятуценным, а ня дзейным соцыялізмам: „Я знаю і такіх многа, што да міліёна дзесяцін і толькі на яго аднога—ці ён-жа і ў бога гаспадзін? А ці гэта-ж нам ня можна падзяліцца, каб мы добрыя былі, і ня трэба нам было-б давіцца, і усе спакойна-б жылі.“ Аднак, добрыя думкі толькі думкамі і заставаліся, дык зьяўляецца крытыка пануючага ў гаспадарстве ладу, хоць вельмі асьцярожная: аўтор прызнае і цара і начальства, толькі дзівуецца, чаму ў нас „плачаць млад і стар, што такое начальства“, але зараз удаецца ў туманную маркоту і аж піша з натхненьнем:

А, божа нат мілы,
Якая ната злая доля,
Што па Русі усе хілы,—
А калі-ж будзець воля?
Усе-роуна, як сьпяць
І ня могуць прашнуцца,
А усе людзі з нас кпяць,
Што на можам аглянуцца…

Апрача таго, Арлоўскі бічуе звычайныя заганы мужыцкай Беларусі, як п‘янства, сваркі, нядбальства. Есьць у яго і патрыятычныя, ў маскоўска-самадзяржаўным духу вершы, а таксама пераказы рознага мізэрнага знацьця, якое аўтор мог дастаць з выпадковых популярных маскоўскіх кніжак і розных соньнікаў, аракулаў, хіромантый. Навуку ён шануе ды на маскоўскую школу глядзіць няпрыхільна: „Я табе праўду скажу, стараста, што гэтыя народныя школы, то толькі псуюць нашага брата-мужыка. Тры зімы вучыцца, а нічога ён ня знаець: пісьма ня можаць нікуды напісаць.“ „…і я хвалю і люблю навукі, ато ён з народнай шкоды ня ўчоны, а толькі скалячоны.“ Толькі Арлоўскі, як і Пшчолка, не стараецца адгадаць грунтоўнай прычыны таго калецтва і скрытыкаваць самую школу. Агульнай прыметай усіх твораў Арлоўскага ёсьць чыста-народны беларускі нахіл разьвязываць пытаньне з дыдактычнага і быццам філёзофскага боку. Надта мала ў яго вершаў, гдзе-б пераважалі элементы чыста-мастацкія („Два мужыкі ў лесе на дрывасецы“).



  1. Заможныя і аляганты мелі па пяць вялікіх і бліскучых гузікаў на каліце пры паясе, а бедныя—меней.