Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Царкоўна-славяншчына (10—11—12 ст.)
Царкоўна-славяншчына (10—11—12 ст.) Падручнік Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі 1921 год |
Падгатаваўчая пара (13—14—15 ст.) → |
I. СТАРАДАЎНАЕ ПІСЬМЕНСТВА.
Царкоўна-славяншчына.
(10—11—12 век).
Гістарычнае дзяленьне беларускае літэратуры. Беларускую літэратуру можна падзяліць на старадаўную (ад прыняцьця хрысьціянскай веры да 19-га сталецьця), новую (19-е сталецьце да 80-х гадоў) і навейшую (ад 80-х гадоў 19-га сталецьця да нашых дзён).
Старадаўнае пісьменства, маець у сваім разьвіцьці царкоўна-славяншчыну (10—11—12 век), падгатаваўчую пару (13—14—15 век), залатую пару (16 век), сход (17 век) і поўны заняпад (18 век).
Беларуская нацыя і яе мова. Беларускі народ утварыўся з трох родных славянскіх пляменьняў: крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў. Гэтыя пляменьні ўжо ў спрадвечны час ня розьніліся між сабою ані моваю, ані правам сваім, ані рэлігійнымі звычаямі,—але ўсім тым надта розьніліся ад пляменьняў, з якіх утварыліся маскоўскі і ўкраінскі народы. Зьбліжэньне беларускіх пляменьняў асабліва ўзрасло за ўдзельна-вечавое жыцьцё, але зусім зьліліся яны ў адзін беларускі народ за 13 і 14 век. Цяперашняя беларуская мова разьвілася паступова і гістарычна з мовы крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў.
Царкоўна-славянская мова. у часе вялізнага пераходу народаў частка прыпяцкіх дрыгвічоў пайшла на паўдзён, прабілася на Балканы і асела навакол места Салонік. Грэцкія пісьменьнікі называлі гэтых дрыгвічоў другувітамі; яны пісалі, быццам другувіцкае племя ўжо ў 7-ым сталецьці было дужа магутнае, мела сваіх князёў і біскупаў. Вельмі магчыма, што ў яго была і свая пісьменнасьць, невядомая другім народам. Баўгарскі пісьменьнік 9-га веку чарнарызец Храбар пісаў, што славяне спачатку ня мелі пісьмен, а толькі „чыртамі і рэзамі чытаху і гадаху, пагані сушча“,—дык з гэтага мы можам меркаваць, што ў іх пачынала разьвівацца свая пісьменнасьць. Славянскія апосталы Кірыла і яго брат Мяфод змалку жылі сярод другувітаў (у 9 веку), дык магчыма, што другувіты і былі тыя паўдзённыя славяны, на мову каторых браты перакладалі царкоўныя кнігі з грэцкае мовы; Кірыла прыдумаў дзеля гэтае патрэбы азбуку (кірыліцу), падобную да грэцкай азбукі.
Пісьменнасьць на Беларусі. Пісьменнасьць прыйшла на Беларусь разам з хрысьціянскаю вераю ў 10 сталецьці. Ад паўдзёных славянаў зьявіліся ў нас першыя кнігі—царкоўныя, рукапісна-кірылаўскія, перакладаныя з грэцкае мовы. Ад прыехаўшых з паўдня духаўнікоў беларускія князі і духаўнікі наўчыліся чытаць па гэтых кнігах, а з часам—сьпісываць гэтыя кнігі для пашырэньня веры і спасеньня душы. З таго і пачалася ў нас пісьменнасьць.
Царкоўна-славяншчына і Беларусь. Мова беларускіх пляменьняў у тую пару свайго разьвіцьця была, пеўна, зусім яшчэ блізкая да другувіцкай мовы першых славянскіх кніжак. Дзеля таго царкоўна-славянекая мова лёгка прызвычаілася ў беларускай пісьменнасьці. Калі ж пачало разьвівацца беларускае пісьменства з пераважна-царкоўным духам, яна, быццам нейкая частка хрысьціянства, паволі запанавала і ў пісьменстве. Да 13-га сталецьця гэтая, так сказаць, старабеларуская мова, перасыпаная царкоўна-славянізмамі, была агульна-літэратурнай для ўсіх адукаваных беларусаў. Яе можна ўважаць за нашую нацыянальную мову ў пачатковым часе складаньня адзінай нацыі. Гэтая-ж мова радніла нас з пляменьнямі ўкраінскімі і іх кіеўскім пісьменствам, хоць той духоўны зьвязак не замінаў беларусам весьці заўзятае змаганьне з твораным тады кіеўскім гаспадарствам Русь. Як ведаем з гісторыі Беларусі, у часе царкоўна-славяншчыны на беларускай зямлі утварылася і істнавала некалькі князьстваў: Смаленскае на Дняпры, Полацка-Віцебскае на Дзьвіне і вышнім Нёмне і Тураўска-Пінскае на Прыпяці. Яны займалі прастор усяе цяперашняе Беларусі. Кожнае было незалежным гаспадарствам з асобным княжацкім родам—рагвалодавічамі і рурыкавічамі. Усе яны многа ваявалі, шырока вялі гандаль, азначаліся высокай культураю (Прафэсар М. Даўнар-Запольскі, «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі“). За прымету культурнасьці можна уважаць тое, што ў беларускіх князьствах вельмі рана адчыніліся біcкупcтвы, а ў 12 сталецьці зьявіліся там выдатныя культурныя дзеячы і пісьменьнікі. Скрозь увесь час царкоўна-славяншчыны Беларусь была пад грэцка-візантыйскім культурным ўплывам. Уплыў гэты ў пісьменстве перадаваўся цераз паўдзённых славян—баўгар і сэрбаў.
Візантыйскае пісьменства. Гэтак завецца час грэцкай славеснасьці ад Юстыніяна да ўпадку Канстантынопаля (562 г.—1453 г.). Візантыйскае пісьменства ня было запраўды арыгінальнае, а толькі пераймала старое ў новых формах. Калі беларусы прынялі хрысьціянскую веру, Візантыя была гаспадарствам моральна слабым. Быў у ёй агульны заняпад адукаванасьці, навукі і мастацтва. Царкоўна-рэлігійныя пытаньні мелі асаблівую войстрасьць; насьпяваў падзел царквы на ўсход і захад; было шмат гэрэтыкоў. Дык царкоўнае візантыйскае пісьменства таго часу маець аднабокі, неспакойна-полемічны і царкоўны характар. Творчасьць Візантыі складалась найболей з царкоўных твораў (казаньні, жыцьці сьвятых, псальмы); з твораў сьвецкіх былі пашыраны народна-эпічныя пераказы пра змаганьне з усходнімі дзікімі народамі і ідэалістычны роман. Візантыйскія вучоныя, апрача таго, ужо зьбіралі і парадкавалі нязвычайнае рукапіснае багацьце старой Эляды.
Перакладанае пісьменства на Беларусі. Спачатку былі ў нас творы выключна перакладаныя з візантыйскага пісьменства (10—11 сталецьце). Пераклады былі зроблены ў паўдзённых славянаў і сьперша толькі проста перанасіліся на Беларусь. З большым разьвіцьцем пісьменнасьці беларусы наўчыліся перакладаць самі, і з гэтага пачалося ў нас пісьменства. Пры сьпісывавьні з царкоўна-славянскіх перакладаў і то ў кнігу траплялі асаблівасьці стара-беларускай народнай мовы, а пры самастойным беларускім перакладаньні з грэцкай на царкоўна-славянскую—і пагатове. Сьпісываньнем кніг найболей займаліся нашы манахі, адлі і ўсякія духоўныя і сьвецкія адукаваныя асобы, біскупы, князі, княгіні, дружыньнікі. Паўдзённыя славяны перадалі нашым дзядом для пашырэньня, сьпісываньня і разьвіцьця на правох тубыльнага пісьменства пераклады выдатнейшых твораў абедзьвюх галоўных галін візантыйскай творчасьці, а найболей—пераклады царкоўных твораў.
Царкоўныя пераклады. З царкоўнай галіны візантыйскай творчасьці да нас прыйшлі пераклады: 1) часьцін Бібліі (улюблёнаю паспалітым чытаньнікам кніжкаю быў псалтыр); 2) чатырох эвангелістаў; 3) жыцьцяў сьвятых людзей (мінеі, пацярыкі, пролёгі); 4) казаньняў і паўчэньняў (асабліва Івана Залатавустага, Ахрэма Сірына, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова); 5) царкоўнай поэзіі (Івана Дамаскіна, Андрэя Крыцкага і інш.); 6) зборнікаў да чытаньня, духоўных хрыстаматый для духоўных асоб і сьвецкіх людзей („Сьвятаславаў Ізборнік“, „Пчала“); 7) апокрыфаў і 8) твораў царкоўна-практычнага характару („Шастаднёў“, „Фізіолёг“ і інш.).
Жыцьце Аляксея, чалавека божага. Жыцьці сьвятых былі ў гэты час тым самым, чым цяпер для нас ёсьць прыгожая літэратура. У жыцьцях чытаньнік знаходзіў для сябе адказы на пытаньні сучаснасьці і відзеў у іх ідэалы лепшых людзей свайго часу. На жыцьцёх гадавалася тагачасная інтэлігенцыя. Жыцьці мелі найбольшы лік чытаньнікаў. Асаблівым пасьпехам карысталася „Жыцьце Аляксея, чалавека божага“. Яно было гэтак популярна, што пашыралася скрозь усе вякі царкоўна-славяншчыны, вядома з 15-га сталецьця і з яго-ж разьвіліся тыя псальмы, якія цяпер жывуць у вуснах старцаў на беларускіх кірмашах…
„Пчала“. Па гэтым зборніку прашчуры нашы крыху знаёміліся з думкамі няўмірушчых старых грэцкіх філёзофаў. У ім побач з думкамі сьвятых былі зьмешчаны думкі Сократа, Арыстоталя, Эўрыпіда і інш.
Як хадзіла Багародзіца па муках. Апокрыфы, ці містычныя байкі аб жыцьці вялікіх сьвятых і наагул вялікіх людзей старога і новага закону, здавальнялі цікаўнасьць веруючых, каторыя хацелі ведаць аб розных падзеях болей, чымся аб тым напісана ў сьвятым пісьме. Апокрыфы стварыла рэлігійная фантазія. У іх быў той грунт, на якім схадзілася хрысьціянская вера з поэтычнымі паглядамі паганства — прычына, дзеля якой апокрыфы прыйшліся да спадобы нашым прашчурам. У межах апокрыфічнай творчасьці зьмесьціліся разам: Стварыцель і Сатана, анелы і нячысьцікі, людзі, жывёлы і расьціны. Апокрыфы споўнілі падгатаваўчую да самастойнай творчасьці работу. Яны-ж зрабіліся самай глыбокай крыніцай для псальмаў. Былі дужа пашыраны. На Беларусі асабліва ходкія былі апокрыфы аб Багародзіцы. Найпрыгажэйшы сярод іх—„Як хадзіла Багародзіца па муках“.
„Фізіолёг“. Сярод перакладаў царкоўна-практычнага характару цікавен „Фізіолёг“, каторы даваў чытаньніку сьмяхотнае на сучасны пагляд веданьне аб прыродзе. Веданьне тое павінна было йці на карысьць моральнае навукі. Прыклад: арол пад старасьць сьлепнець, а лечыцца тым, што тройчы купаецца ў чыстай вадзе,—дык вось і людзям трэба змываць грахі свае.
Сьвецкія пераклады. Прыйшлі да нас у дужа меншай лічбе, чымся творы царкоўныя. Сюды належаць: 1) гістарычныя творы візантыйскіх пісьменьнікаў, ці кронікі і 2) чыста-сьвецкія творы з зусім невялічкім уплывам царкоўнасьці ці й без таго—повесьці.
Кронікі. Гутарка ў іх пачыналася ад самага стварэньня сьвету, потым выкладаўся кароткі пераказ біблійнай гісторыі, далей гісторыя старадаўных гаспадарстваў, адылі гісторыя візантыйская. У Баўгарыі ў 10-сталецьці былі перакладзены з грэцкай мовы кронікі: Ягора Амартола і Йвана Малалы. З гэтых кронік карысталі і нашы дзяды.
Повесьці. З даўных часоў прыходзілі да нас і візантыйскія повесьці. Повесьць „Александрыя“ мела ў сабе баечныя пераказы аб паходах і геройствах Аляксандра Македонскага. Характар яе дыдактычны.
Значаньне перакладанага пісьменства.—Яно падрыхтавала грунт для самастойнай творчасьці. Яно, хоць і мела галоўны царкоўна-рэлігійны характар і кірунак, згуляла, аднак, роль агульна-культурную. Некаторыя-ж перакладаныя творы давалі чытаньніку веданьне болей-меней навуковае.
Тураўскае Эвангельпе 11-га веку, каторае знайшлі ў Тураве, Менск. губ., у 1865 г., ёсьць адзін з найстарэйшых нашых рукапісаў,—найдаражэйшая памятка нашай пісьменнасьці. Знаходзіцца ў Віленскай публічнай бібліотэцы.
Самастойная творчасьць на Беларусі. Прайшло сталецьце, і хрысьціянская вера на Беларусі распаўсюдзілась і набралася дужасьці. Разам з ёю разьвівалась пісьменнасьць і агульная адукаванасьць. І выйшла на тое, што пачулася патрэба самастойнай творчасьці. Пераважна царкоўны характар старадаўнай асьветы адбіўся і на самастойным пісьменстве нашых прашчураў; найболей было твораў царкоўных. Сьвецкіх твораў было ня шмат, ды й іх пабожныя людзі хавалі толькі абы-як, дык яны і гінулі. Сьвецкі элемент нашай самастойнай творчасьці зазвычай не адбіваў зусім тагачаснага беларускага штодзеннага жыцьця і быў працівен народнаму сьветагляду і культу, як культу паганскаму. Царкоўна-славянская чужына, уведзеная пад апекаю князёў і духавенства, каб прымела, дык-ба зьнішчыла беларускую славеснасьць. Духоўныя пісьменьнікі заўзята змагаліся з ёю за яе паганскі характар. Наша няўмірушчая народная поэзія ўцякла тады ад князёў і духаўнікоў, інтэлігенцыі той пары, і схавалася ў простым народзе. Аднак-жа, незабавам, як толькі войстрасьць змаганьня новай веры з старою мінулася, а сьвет навукі чапнуў шырэйшыя слаі беларускага народа, у нас зьяўляюцца кніжныя творы з вялікім адбіткам чыста-народнай творчасьці („Слова а палку Ігараве“). Незабавам-жа. прышчапляецца пісаньне кронік свайго краю, у каторых адбіваўся нацыянальны дух і народныя ўплывы на аўтораў-летапісцаў. Выдатныя культурныя дзеячы, пісьменьнікі і творы зьявілісь у 12 сталецьці, каторае выглядаець дзеля таго залатой парою царкоўна-славяншчыны. Кожнае наша князьства мела сваіх слаўных пісьменьнікаў.
Летапісь Несьцера.—Так здаўна пачалі называць яе, але ці дапраўды напісаў яе Несьцер (радз. бл. 1056 г.—пам. бл. 1114 г.), ці можа Сільвестар, ці хто іншы, скуль быў родам сам летапісец і гдзе напісаў сваю летапісь,—дагэтуль невядома. Гэты летапісны свод дайшоў да нас у трох, значна пазьнейшых (14 ст.) за арыгінальнай летапісі сьпісках. Пачынаецца свод ад біблійнага Ноя, а канчаецца 1110 годам. Летапісь Несьцера вызначаецца этнографіяй славянскіх пляменьняў, славянафільствам, пабожнасьцю аўтора і тэндэнцыямі гаспадарства Русь; як відаць, летапісец-манах спасаўся ў Кіеве і ўцягнуўся ў кіеўскія інтарэсы. Шмат у летапісі апокрыфаў і наагул выдумак поэтычнага характара. Шмат народных пераказаў, асабліва запісаных летапісцамі ад нейкага 90-гадовага дзеда Яна. Мова—старая беларуская, мешаная з царкоўна-славянекаю. Гэта наша найстарэйшая (з вядомых дагэтуль) летапісь, з якой ведаем аб самым старадаўным часе жыцьця беларускіх пляменьняў.
Афрасіньня Полацкая. У Полацка-Віцебскім князьстве першай культурнай сілай, дужа выдатнай у разьвіцьці нашага пісьменства, была полацкая князеўна Прадслава, хрысьціянскае імя каторай Афрасіньня. Радзілася яна ў пачатках 12-га сталецьця. Давадзілася ўнучкаю слаўнаму беларускаму князю Усяславу Чарадзею. На дванаццатым годзе жыцьця Прадслава ўцякла ў манастыр. З маладосьці ўславілась стродкасьцю свайго жыцьця ў манашках. У манастыры-ж пачала яна перапісываць кнігі і прадаваць іх, а грошы аддаваць на старцаў. Патрэба ў кніжках была надта вялікая, і Прадслава надумалась залажыць такі манастыр, гдзе манашкі займаліся-б перапіскай кніг і вучэньнем дзяцей. Дастаўшы ад полацкага біскупа Ільлі дазвол на двор Сяльцо блізка Полацку, дзе раней жылі архірэі, Прадслава і зрабіла там жаноцкі манастыр, куды брала граматных манашак (між іншых сваю родную сястру Гарыславу і зродную Зьвяніславу), адчыніла там школы і прытулкі. Усё сваё жыцьцё аддала князеўна Прадслава на разьвіцьце пісьменства, на падняцьце культуры ў родным краі. Пад старасьць паехала яна ў Ерусалім, дзе, нейкі час пажыўшы, і памёрла. Цела яе было перанесена ў лаўры Кіева і пралежала там болей за 7½ вякоў, аж да 1910 г., калі яго прывязьлі ў родны Полацак.
Лазар Богуш. Даражэннай памяткай беларускага мастацтва 12-га веку ёсьць крыж, зроблены у 1161 годзе полацкім майстрам Лазарам Богушам для Афрасіньні Полацкай у царкву Сьвятога Спаса. Увесь крыж абкладзен залатымі і пазалачаванымі лістамі, абсыпан дарагім каменьнем і ўнізан жомчугам. На лістах зроблена дваццаць невялічкіх абразочкаў. Кожны абразочак з візантыйскай перагародчатай эмалі; асабліва вызначаецца абраз Ісуса Хрыста, на каторым рука з блаславеньнем складзена з самых дробненькіх каменьчыкаў. Увесь крыж удоўжкі 11 з пал. вяршкоў. Абразкі падпісаны: Матфеос, Лукас, Маркос і г. д. Тут-жа ёсьць напіс у стара-беларускай мове, мешанай з царкоўна-славянскаю, што ў 1161 годзе „покладаеть Офросінья“ гэты „чьстьныі крсть“, што „акованьне“ каштавала 140 грывен (1400 рублёў), што будзе праклят той, хто вынясець яго з манастыра. Унізе подпіс майстра Лазара Богуша.Клімент Смаляціч. († 1147 г.). У той-жа час мелі колькі выдатных людзей і смаленскія крывічы. Дайшло да нас „Пасланьне“ мітрапаліта смаленскага Клімента Смаляціча. Аўтор пішаць нейкаму Хаме, што дарма той вінаваціць яго ў нахіле „удаваць філёзофа“. Для нас відаць з „Пасланьня“, што Клімент Смаляціч пісаў ад Гомэра, Арыстоталя і Платона і ня быў працівен, каб разглядаць сьвятое пісьмо не па букве, а па змыслу—усё гэта сьведчыць аб яго высокай адукацыі. „Пасланьне“—рэдкая памятка, значаньне якой, дзеля таго, яшчэ большае. Яно моральна здавальняе нас, бо паказуець, як высака стаяла на Беларусі адукаванасьць навет у 12 сталецьці.
Аўрам Смаленскі. У канцы 12-га сталецьця жыў у Смаленску вялікі кніжнік Аўрам. За пісьменнасьць і начытаннасьць у „глыбінных“ кнігах адны лічылі яго за філёзофа, а другія—за гэрэтыка. Ен адчыніў школу, у якой вучыў ня толькі чытаць сьвятыя кнігі, як уважалі раней, але і разглядацца ў іх думках. Духавенства на Аўрама Смаленскага, як воўк, рычэла, бо ён адбіў усіх вучняў. Аўрам Смаленскі, як тая пчала, старанна зьбіраў адусюль мёд для роднага пісьменства,—то сам сьпісаваў, то даваў другім сьпісаваць.
Былі тады ў Смаленскім князьстве і другія выдатныя людзі, аб каторых дайшлі да нас невялікія таксама весткі.
Кірыла Тураўскі († 1182 г.). Тураўска - Пінскае князьства дало ў пісьменстве Кірылу Тураўскага, каторы быў архірэям у Тураве, у сталіцы. Меў ён вялікую на свой час адукацыю. Дасканальна ведаў грэцкую рыторыку, а быў прыродны красамоўца. Уславіўся сваімі паўчэньнямі, як нязвычайна здольны прамоўца-поэт. Творы яго дайшлі да нас ува многіх сьпісках, сярод каторых ёсьць і орыгінальныя. Ён напісаў: 1) сем паўчэньняў, або слоў (на Вербніцу, на Вялікадне, на Праводніцу і інш.); 2) дваццаць сем малітваў і некалькі канонаў. У „Слове на Ушэсьце“ Кірыла Тураўскі найлепей паказаў свае поэтычныя здольнасьці, сваю бязьмежную і прыгожую фантазію, хараство і вялікасьць сваіх абразоў. Вельмі харошае „Паўчэньне ў нядзелю аб раслабленым“ вызначаецца яркасьцю апавяданьня, чаго дасяг поэт, ужыўшы драматызму. „Слова ў нядзелю новую па Пасцы“ вызначаецца поэтычнай сымвалістыкай. Малітвы і каноны Кірылы Тураўскага—глыбокая пакута, гарачыя сьлёзы грэшнага чалавека, каторы просіць Бога зьмілавацца, выратаваць яго. Літэратурны бок твораў Кірылы Тураўскага вышэй за царкоўнага элементу,—гэта болей прыгожая літэратура, чымся царкоўная. Тут мы знойдзем усе спосабы прыгожага пісаньня і ўсе асаблівасьці поэтычнай творчасьці: сымволіку, драматызм, дыялёгі, эпітэты, тропы, фігуры; тут ёсьць абразы з Бібліі, з царкоўнага культа, з натуры. Поэт пільнуець хараство стылю. Творы яго нязвычайна здавальнялі адукаваных знаўцаў, але просты народ ня мог іх зразумець; у іх таксама няма нічога з роднага жыцьця.
Даніпа Паломнік. — Быў ігуменам у Чарнігаве. Падарожнічаў у Палестыну, шаснаццаць месяцаў бавіў у Ерусаліме (1115 г.) і дужа добра апісаў сваю падарожу. Твор яго перакладзен на чужыя мовы, бо маець вялікую навуковую цану. Апроч падрабязнага апісаньня Палестыны, аўтор зьмесьціў у свой твор легенды, апокрыфы і да таго падобныя рэчы, выключна рэлігійнага характару. Нічым іншым ён ня цікавіўся, і дзеля таго нічога не запісаў, да прыкладу, аб крыжавых войнах. Як прыгожае пісьменства, твор Данілы Паломніка стаіць нізка, прынамся яго зусім ня можна раўнаваць да твораў Кірылы Тураўскага.
Легенды. Так называліся народныя творы болей-меней рэлігійнага характару. Яны разьвіліся тады, калі чытаньне жыцьцяў сьвятых зрабілася народным чытаньнем, калі народ павыбіраў адтуль для свае памяці найболей зродныя для яго матывы і мамэнты і калі, з другога боку, народная славеснасьць болей а болей пранікала ў пісьменства. Пад уплывам жыцьцяў і на сюжэт жыцьцяў стварылася смаленская легенда аб Мяркурыю, маладым і харошым вою, якога паслала Багародзіца з Рыма ратаваць Смаленеск ад татараў; зьбіўшы паганых, ён варочаецца ў горад і нясець у руках сваю галаву, што адсек яму невядомы тагасьветны вой. Да нас дайшла гэтая легенда ў рэдакцыі пазьнейшых часоў. Складалася яна ня столькі з царкоўнымі заданьнямі, сколькі з чыста-творчымі, мастацкімі. Яна, праўда, адказуець на рэлігійны тон свайго часу, але зусім здавальняець і моральна-эстэтычныя патрэбы сучасьнікаў. Легенда зрабіла падгатаваўчую работу для стварэньня такіх твораў, як „Слова а палку Ігараве“.
Слова а палку Ігараве. Гэтую няўмірушчую памятку старадаўнай поэзіі напісаў у канцы 12-га сталецьця нязвычайна вялікі пясьняр, каторы ўзгадаваўся на народнай творчасьці і меў добрую кніжную адукацыю. Быў ён чалавек сьвецкі, блізкі да князеўскага хорама, родам з Чарнігаўшчыны. Імя яго да нас не дайшло. „Слова“ ўважаюць за памятку дружыннага эпоса, але ў ім гарманічна зьліты элементы эпоса, лірыкі і навет драмы. У „Слове“ апавядаецца аб паходзе князя Ноўгарад-Северскага Ігара на полаўцаў, войска каторага ў першы дзень пабіла паганых. Пакуль яно адпачывала, полаўцы зноў сабралі сілу. На другі дзень на небе гарэла, як кроў, зара і цёмныя тучы ішлі з мора… Пачаўся другі, яшчэ страшнейшы бой, і полаўцы адалелі. Ігар папаўся ў няволю. „Нічаць трава жалашчамі, а дрэва з тугаю к зямлі прыкланіся“,—так пяець аб гэтым вялікім горы пясьняр. З тугаю уздумываець ён цяпер на смутную мінуўшчыну зпустошанай роднай зямлі, калі рэдка крычалі ратаі, а часта каркалі крукі над трупамі. Потым з драматызмам пераказуець, з якім засмучэньнем пачула вестку аб ігаравай бядзе родная старонка, князі і народ; з якім жалем ігарава жонка плачаць, стоючы на Пуціўлеўскіх мурох, хоча ляцець зязюлькаю, каб абмыць мужу крывавыя раны; як яна зварочуецца к сонцу, ветру і Няпру, каб ратавалі князя Ігара. Стульна, але ня меней поэтычна, апісаны князевы ўцёкі з палону.
Беларуcкасьць „Слова“. Твор гэты маець у сабе надта многа асаблівасьцей з жывых тагачасных гутарак славянскіх пляменьняў, увайшоўшых у склад беларускай і ўкраінскай нацыі. Шмат там нашых цяперашніх арыгінальна-беларускіх слоў. Народная поэзія беларускіх пляменьняў займаець у „Слове“ пачэснае места. Самы дух творчасьці—беларускі. Як поэт, аўтор „Слова“ захапіўся славаю полацкага князя Усяслава Чарадзея († 1101 г.). „Князь Усяслаў людзем судзяша, князем грады рядзяша, а сам ў ноч ваўком рыскаша,—пяе аб ім поэт; — таму ў Полацку пазваніша заютраню рана у Сьвятыя Софеі, а он ў Кіеве звон слышаша“… Як палітык, аўтор „Слова“ дужа добра знаў і разумеў адносіны, так сказаць, беларуска-ўкраінскія, адносіны полацкіх і кіеўскіх князёў. Ен змаляваў, між іншым і знамянітую бітву ў 1067 годзе князя Усяслава з кіеўскімі князямі на рацэ Нямізе (дзе цяпер Менск): „Снапы сьцелюць галавамі, малоцяць цапы харалужнымі (сталёвымі), на тоцы жывот (жыцьцё) кладуць, веюць душу ад цела“… Ведае пясьняр і аб літоўцах, ведае аб змаганьні з імі беларускіх пляменьняў. Сула, кажаць ён, скаламуцілася, бо тую зямлю, дзе яна цячэць, перайшлі агнём і мячом паганыя полаўцы; Дзьвіна скаламуцілася, бо на ёй зьявіліся літоўцы. Ен спамінаець горадзенскага князя Ізяслава, Усяславага ўнука, каторы „пазвані сваімі вострымі мячы а шаломы літоўскія“, а сам „на крываве траве прытрэпан літоўскімі мячы“ (забіт літоўцамі ў 1183 г.)
Літэратурнасьць „Слова“. Як твор літэратурны, „Слова“ маець нязвычайныя вартасьці. Элемэнты кніжны і народны зьліліся тут у вельмі складную, гучную, прыгожую музыку. Усе-чыста прыгажосьці народнай вобразнай гутаркі можна знайці ў „Слове“. Але ёсьць у ім і хараство кніжнай творчасьці, бо аўтор, як чалавек дужа начытаны, бярэць прыгожыя звароты мовы з сьвятога пісьма, апокрыфаў, жыцьцяў, апавяданьняў. Аўтор „Слова“—вялікі мастак; поэтычныя абразы, слыхавыя і відавыя эфекты ў яго што раз лепшыя ды харашэйшыя. Абразы бярэць пясьняр навет і з сялянскага жыцьця, і з роднай натуры: Увесь твор ахоплен адзіным настроем лірыка, маючага душу, поўную гора і тугі. „Слова а палку Ігараве“ — самы слаўны твор старадаўнага пісьменства.