Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Сход (17 век)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Залатая пара (16 век) Сход (17 век)
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Заняпад (18 век)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сход.
(17 век).

Палітычны і культурны заняпад. З часоў уніі нашага гаспадарства з Польшчаю, на якую прыстаў у 1385 г. Ягайла, мы яшчэ ня трацілі свае незалежнасьці; на пагляд нашых прашчураў гэта быў палітычны хаўрус. Каталіцтва, каторае зьявілася пасьля гэтага на беларускай тэрыторыі больш-менш прыкметна, хоць і нясло з сабою чужаземны польскі дух, але нясло так, што зусім не пагражала устоям самабытна-беларускай культуры. Польскія ўплывы ўзрасьлі толькі ў 15-ым сталецьці, а прыкрымі зрабіліся для беларускіх патрыотаў толькі ў 16-ым сталецьці. Самая шкода хавалася ў адсутнасьці добрых нацыянальна-беларускіх школ. Хоць сярод беларускіх магнатаў і цяпер панавала ў хатнім ужытку свая родная беларуская мова, але стала, да прыкладу, модным падпісываць на офіцыяльных дакумэнтах сваё імя польскімі літэрамі, бо гэта лічылася знакам адукаванасьці! У другой палавіне 16-га сталецьця аж разумныя людзі (як „стоўп праваслаўнае веры“, маскоўскі цімак князь Курбскі) і тыя спакусіліся гэтаю модаю. Узгадаваньне ў польскіх школах, каталіцкіх і протэстанцкіх, прышчэплівала беларускім магнатам і шляхце рабскае паддаваньне перад польскай культурай і раўнадушнасьць да свайго, роднага, асабліва мовы—яе сталі ганіць і ня любіць. Сьледам за панамі ішло духавенства. Так, ужо В. Цяпінскі лаіў паноў за тое, што яны ня маюць школ для вучэньня роднай мове і абвучаюць сваіх дзяцей папольску, „або ў іныя пісьма за такою няволяю заправуюць“ з нямалым сорамам для сябе і для дзяцей… Але і гэта была яшчэ не такая бяда, пакуль паклоньнікі польскай мовы чулі сябе беларусамі, пакуль не разьвілося ганебнае выраканьне свайго народу. Ня гледзячы нінавошта, Люблінская палітычная унія 1569 г. офіцыяльна была такая: абодва гаспадарства злучыліся, як „роўны з роўным“ і „вольны з вольным“, на вечны час у такім значаньні, што яны павінны былі мець супольны парлямэнт (сойм), які мае права даваць законы і выбіраць супольнага гаспадара: для палякоў караля, для нас—вялікага князя. Улада вялікага князя ў нас выяўляецца незалежна: законы, войска, грошы, фінансы і міністэрствы кожнае гаспадарства мае асобныя, палякі—свае, мы—свае. Сьпецыяльныя для нашага гаспадарства законы разглядаліся толькі нашымі пасламі. Але ў другой ужо палавіне 17-га сталецьця гэтая мяжа пачала на практыцы сьцірацца, пачалі зьяўляцца супольныя для абодвух гаспадарстваў установы. Усё болей а болей прыяжджаюць на Беларусь і палякі колёнізатары, глаўным чынам шляхта (зрэдку рамесьнікі). Тады нашае панства, замест бараніць родную справу, яшчэ болей задзівавалася на бліскучую польскую шляхту і яшчэ горш пачало цягнуць да Польшчы, дзе панству былі вялікія правы і выгоды. Шкодным для нацыянальнай справы беларусаў выйшла і протэстанцтва. Калі ў канцы 16-га сталецьця распачалі на Беларусі шырокую працу езуіты, тады протэстанты з быўшых праваслаўных магнатаў пачалі шыбка перахадзіць на каталіцтва. У канцы канцоў беларускія вышэйшыя станы, так шчыльна, прыпаўшыя да палякоў культурна, палітычна і рэлігійна, няўпрыцям зусім перавярнуліся на палякоў. Каб пацягнуць за сабою і свой прыгонны народ, паны і біскупы, большасьць каторых была таксама з паноў, прысталі ў 1596 годзе на Берасьцейскую царкоўную унію з рымскім касьцёлам. Магчыма, што сярод ідэйных уніятаў былі і такія людзі, каторыя відзелі ў уніі карысьць для нацыянальнай беларускай справы, відзелі ў ёй спосаб захаваць сваю самабытнасьць у заходнім лацінскім моры, ня шукаючы ратунку ў аднавернай, але злосніцкай Маскоўшчыне. Унія гэта істнавала 243 гады і зрабілася агульнай, нацыянальнай беларускай верай, але заведзена была яна, як патым і скасавана, з вялікім гвалтам, проці волі народа. У канцы залатой пары нашай літэратуры настаў, такім чынам, цяжкі час войстрага рэлігійнага і нацыянальнага змаганьня, на каторае марнаваліся ўсе лепшыя сілы беларускай творчасьці.

Заняпад літэратурнай мовы. На пачатку 17-га сталецьця наша офіцыяльная кніжная мова значна аддалілася ад народнай. Часта адступаў ад народнай мовы літэратурны сінтаксіс, а яшчэ далей адсунуўся літэратурны слоўнік, асабліва ў перакладаных творах. Беларускія полемісты і багасловы, ня толькі уніяты, але і праваслаўныя, каб найшырэй распаўсюдзіць свае творы, асабліва сярод станаў лаціна-польскіх ці закранутых польскім чарваточыньнем, часта пісалі цяпер свае творы папольску, а потым занасілі польскія словы і звароты мовы ў сваю літэратурную мову. Палажэньне ў школе беларускай мовы было добрае толькі ў школах уніяцкіх. У праваслаўных-жа брацкіх школах вучыліся ёй мала-дзе, а часам дык забаранялі вучням гаварыць на лекцыях „папросту“, а вымагалі славянскай размовы. Уніяты, наадварот, мелі яе ў школах за грунтоўную. Віленская уніяцкая конгрэгацыя 1686 г. на сваёй 15-й сэсіі загадала, каб манахі мелі казаньні пабеларуску,—вось жа трэ‘ было ім вучыцца гэтай мовы ў школах. Тымчасам наш палітычны і культурны заняпад цягнуў к таму, што з другое палавіны 17-га сталецьця наша мова пачынае траціць места ў навуцы, законах, судох, адміністрацыйных установах і інш. на карысьць лацінскай і польскай мовы. Гэта была для яе загуба, як для мовы літэратурна-нацыянальнай. Аднак, мець ролю літэратурнай і офіцыяльнай мовы ёй прышлося доўга, аж пакуль яе ня выціснула з судова-адміністрацыйнай практыкі польская мова, што было зацьверджана дэкрэтам 1697 года. У іншым ужытку наша старадаўная кніжная мова істнавала і далей, аж да канца 18-га веку. Аслабіла кніжную мову і яе украінізацыя, каторая адбылася таксама ў другой палавіне 17-га сталецьця, посьле таго, як культурны асяродак праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў перанёсься з беларускай Вільні ў украінскі Кіеў. Да таго часу беларуская кніжная мова, як офіцыяльная мова ўсяго літоўскага гаспадарства, панавала як у нас, так і на сучаснай украінскай тэрыторыі. Украінцы, з прычыны блізкасьці і роднасьці нашых моў, толькі чыталі напісанае гаспадарстванаю моваю на свой украінскі лад. Цяпер-жа, з пераносам асяродку і выступам на культурнай і літэратурнай ніве ўкраінскай стыхіі, кіеўская кніжная мова няўпрыцям рабілася усё болей асобнаю, дзеля чаго наша кніжная мова траціла свае ранейшае значаньне і слабела.

Лацінка. „Кірылаўскае пісьмо, або азбука, ў пачатку нашай гісторыі было агульным для ўсіх славян, як усходніх, так і заходніх. Да 14 веку кірыліцай пісалі палякі і чэхі. І толькі дзякуючы гусіцкай гэрэсі, каторая пашыралася праз кнігі, пісаныя кірыліцай, палякі і чэхі, пад ўплывам рымска-каталіцкага духавенства, адмовіліся ад кірылаўскага пісьма і прынялі лацінку, дадаўшы да яе пару сваіх асобных літэр, для адзначэньня чыста-польскіх або чэшскіх гукаў“ (Я. Лёсік). З пашырэньнем каталіцтва на Беларусі, лацінка трапіла і ў беларускае пісьмо; у часе сходу і заняпаду нашай літэратуры яна ўжывалася дужа часта, а ў 19 сталецьці дык пераважала. Наша кірылаўская скорапісь была занесена С. Полацкім ў Маскоўшчыну, а пазьней, па даручэньню Пётры Вялікага, была рэфармавана беларусам-каталіком Капіевічам у так званую „гражданкў“.

Значыцца, і „лацінка“ і „гражданка“ маюць у беларускай літэратуры даўнае і поўнае права.

Літэратура 17-га сталецьця азначаецца схолястычнасьцю. І гэты кірунак разьвіўся ў нас таксама пад заходня - эўропэйскім уплывам, хоць і надта спозьненым. А прычынай яго разьвіцьця было змаганьне праваслаўя, уніі і каталіцтва міжсобку. Царкоўныя брацтвы, каторыя паадчыняліся ў розных гарадох, пачалі ваяваць спосабам езуітаў, т. зн. адукацыяй. Яны сталі завадзіць брацкія школы, бяручы за прыклад школы езуіцкія і наагул польска - каталіцкія. Навука ў брацкіх школах была схолястычная, шчыльна зьвязаная з сярэднявяковасьцю. Яна прызнавала, што ўсё, патрэбнае для чалавека, ёсьць у сьвятых кнігах, дык навука павінна толькі навучыць, як зьясняць, давадзіць, абараняць напісанае ў іх. Схолястыка грунтавалася на аўторытэтах; апрача сьвятых кніг, аўторытэтамі лічыліся: Арыстоталь у філёзофіі, кодэкс Юстыньяна ў навуцы аб правох, Тамаш Аквінат у багаслоўскіх навуках, Цыцэрон у рыторыцы і г. д. Выкладаліся навукі найболей палатыні, але таксама паславянску і пагрэцку; беларуская-ж мова была толькі, як навука. Падручнікі ўкладаліся па тых аўторытэтах. Важнейшыя навукі ў школах былі такія: граматыка, рыторыка і піітыка, філёзофія, багаслоўская навука. Вучыцялі называліся дыдаскаламі, а вучні старэйшых дзьвюх клясаў—спудэямі. Па клясах вучні называліся: граматыкамі, рыторамі, філёзофамі і багасловамі. Схолястыка надавала асабліва важнае значаньне дыалектыцы, як мастацтву сьпірацца, дыспутаваць. Часта бывалі дыспуты ў школах і за школамі, дзе сьпіраньнікі дахадзілі дасканальства. Але важна было не разьвязаць пытаньне, а пабіць супраціўніка сваёю цямнасьцю ў сьвятых кнігах і розных аўторытэтах. Вучні брацкіх школ вучыліся пісаць казаньні, віршы і школьныя і духоўныя драмы. З брацкіх школ і выйшлі больш вядомыя дагэтуль беларускія пісьменьнікі новага схолястычнага кірунку. У літэратуры 17-га сталецьця яны стварылі першую пару, так званую пару брацкіх школ.

1. У першую пару, як час самага войстрага змаганьня, і дзякуючы езуітам, якія прынясьлі з сабою полеміку і пропаганду, вельмі разьвілася ў нас літэратура полемічная, пісаньне памфлетаў рэлігійных і палітычных,. З разьвіцьцем полемічных твораў закрасавала і казаньне. Апрача таго,шмат хто пачаў займацца вершатворствам. З таго часу многа дайшло да нас літэратурных назоваў і пісьменьіцкіх іменьняў, але вялікая частка іх маець значаньне ня столькі ў гісторыі літэратуры, сколькі ў гісторыі цэркваў на Беларусі.

Полемічная літэратура. Аўторы - полемісты пісалі не для хараства слова і даволі часта не пабеларуску. Праўда, некаторыя іх творы вызначаюцца дужа чыстай і прыгожай беларускай мовай. Наша полемічная літэратура маець цяпер, глаўным чынам, філёлёгічную цану ды цікаўна, як матар‘ял для гісторыі нацыянальна - рэлігійнага змаганьня. Полемічная літэратура дужа вялікая, аўтораў шмат.

Мялеці Сматрыцкі—тыповы прадстаўнік свайго часу, спачатку праваслаўны, потым уніят, вельмі вучоны беларускі дзеяч (родам украінец), выдатнейшы публіцыст-полеміста, філёлёг, аўтор патрыатычнага „Плачу“ і інш. Пісаў пабеларуску, папольску, палацінску, пацаркоўна-славянску.

Магутным змаганьнікам з уніятамі быў Стэфан Зізані (брат Лаўрэнція, а іх фамілія — Тусланоўскія). Ен казаў і пісаў вельмі войстра і не шкадаваў сваіх супраціўнікаў. Некалькі разоў мусіў уцякаць з Вільні за свае казаньні і полемічныя творы.

Казаньне. Казаньні, ці пропаведзі мелі схолястычны характар. Форма забівала думку. Яны ўсьцяж — хітры пляцень тропаў, фігур і розных другіх азнак прыгожага пісаньня. Гэтакая форма была тады, відаць, спанараўна для ўсіх; казнадзеяў (прапаведнікаў) разьвялось у літэратуры вельмі многа. Разьвіўшыся пад уплывам каталіцкіх казаньняў, нашы казаньні згубілі потым свой полемічны характар. На раніцы сталецьця казаньнямі ўславіўся Л. Карповіч, а ў пазьнейшы час іх пісаў Галятоўскі, Транквіліон, Радзівілоўскі, Барановіч і іншыя.

Лявон (Логін) Карповіч (1581 — 1620), сын сьвяшчэньніка, пахадзіў з пінскай шляхты. Змалку жыў ён у Вільні, дзе, пеўна, і вучыўся ў брацкай школе. Посьле ён быў сябрам брацтва, нёс абавязкі брацкага пісара, галоўнага друкара і карэктара. Як архімандрыт Духаўскага манастыра, быў і рэктарам брацкай школы. Слынуў за вялікага красамоўцу і надта адукаванага чалавека, шыбка гаварыў пагрэцку і палатыні. Напісаў два выдатных казаньні, на Ушэсьце і на Малую Прачыстую, надрукованыя ў Еўі (1615 г.). Апрача таго, пісаў іншыя духоўныя творы, перакладаў пабеларуску з грэцкай мовы. З яго твораў відаць, што гэта быў вельмі разьвіты думаньнік, знаёмы з сусьветнай літэратурай і з рознымі спасабамі аратарства. Мова яго маець шмат слоў чужых, польcкіх, лацінскіх, грэцкіх.

Кірыла Транквіліон-Стаўравецкі († 1646 г.), чарнігаўскі уніяцкі мітрапаліт, быў найболей таланавіты прадстаўнік літэратуры казаньняў. Слова яго простае, няхітрае, але дужое, магутнае. Ен не паганяў так за бліскучай формай, як другія казнадзеі. Напісаў: „Пэрл мнагацэнны“, „Казаньні на нядзелі праз рок“ і інш. Здабыў славу вучонага багаслова.

Вершатворства. У пісаньсі вершаў нашы пісьменьнікі з быўшых брацкіх вучняў пераймаліся польскімі прыклдамі. Вершы выходзілі з-пад іх пяра сілябічныя, зусім няскладныя і ня гучныя. Па зьместу вершы дзяліліся на духоўную лірыку, каторая была простым перакладам псальмаў, малітваў, хваленьнем Бога і сьвятых, і на панегірыкі, або услаўленьне важных, карысных чым-небудзь для поэта ці для яго справы асоб, паноў, магнатаў, з прычыны розных сямейных урачыстасьцей у іх. Панегірыкі былі запазычаны нашымі піітамі ў езуітаў, каторыя здабывалі імі сабе ласку ў вяльмож. Вершатворнік усю стараннасьць пакладаў тады на форму, надворнасьць верша: пісаў так вершы, каб пачатковыя ў радках літэры складалі якое-небудзь імя; пісаў вершы, каторыя можна было чытаць і з пачатку і з канца; надаваў вершам форму трывугольніка, круга, сякеры і г. д. Разумеецца, у гэткіх штучных вершах рэдка магло быць запраўднае натхненьне.

2. Пара украінізацыі, ці пара кіеўскай Магілянскай акадэміі—другі час нашай літэратуры 17-га сталецьця. Ен пачаў вызначацца з 1631 года, калі была акадэмія заложана. Войстрасьць нацыянальна-рэлігійнага змаганьня быццам троху ўжо зьменшалась, ды праваслаўныя беларусы і ўкраінцы відзелі цяпер вялікую вагу асьветы і шкоднасьць загранічнай адукацыі для нацыяналькай і рэлігійнай справы, дык завялі вышэйшую навуку ўдаму. З Магілянскай акадэміі выйшла многа культурных дзеячаў і працаўнікоў на літэратурнай ніве. У гэты час, апрача казаньняў, дужа разьвілася духоўная лірыка і зьявіўся яшчэ адзін, гаразд важнейшы літэратурны від — духоўная драма (містэрыя). Большасьць пісьменнікаў гэтага часу па мове трэба прызнаць за беларуска-ўкраінскіх.

Казаньне. Літэратура казаньняў асабліва пашырыралась. Казаньні цяпер зрабіліся творамі пераважна літэратурнымі, яны мелі болей літэратурнага смаку, чымся рэлігійнага настрою. І цяпер казаньні аставаліся чыста схолястычнымі, але сучасьнікі відзелі ў іх ня толькі сьцюдзёную рытарычнасьць, а знаходзілі і запраўднае жывое чуцьцё. З казнадзеяў цяпер дужа быў славен Л. Барановіч, а таксама І. Галятоўскі і другія.

Іоанікі Галятоўскі († 1668 г.), рэктар кіеўскай акадэміі, быў слаўны і вучоны казнадзея, каторы напісаў і правілы, як складаць казаньні: „Навука, альбо спосаб злажэньня казаньня“. Ен глядзеў на казаньне, як на лірычны для хвалы бога твор з усім хараством піітыкі і рыторыкі. Матар‘ял для сваіх казаньняў браў Галятоўскі з гісторыі, астролёгіі, прыродазнаўства, жыцьця праваслаўных і каталіцкіх сьвятых і з розных зборнікаў таго часу, а ня толькі з сьвятога пісьма і царкоўных кніг, як Л. Барановіч. З яго твораў былі вядомы кнігі: „Ключ разуменьня“ (1659), „Казаньні“ (1666), „Неба новае“ (1077) і інш. Мова Галятоўскага маець шмат украінскіх слоў, як: що, котрый і да т. п.

Антон Радзівілоўскі, вядомы казнадзея, творы каторага зьмешчаны ў дзьвюх кнігах: «Агродак Марыі Багародзіцы» і „Вянец Хрыстоў“, дапускаў у свае казаньні навет жарты.

Лірыка. К канцу сталецьця лірыка значна разьвілася, як з унутранага, так і з надворнага боку, і страціла свой вельмі духоўны характар. К канцу века панегірыкі патроху перайшлі ў оду, а ранейшая пакутная элегія, маляваўшая засмучэньне пабожнага пііты перад якімі-небудзь важнымі ці і няважнымі падзеямі, разьвілася ў чыста сьвецкі твор. Спачатку-ж глаўным відам духоўнай лірыкі, як і лірычнай поэзіі наагул, былі гімны, ухваляўшыя бога і сьвятых. Панаваў, быццам, у лірыцы і псэўдаклясыцызм, бо ў вершах стаялі іменьні антычнага сьвету, былі абразы „каралевы навук“ Мінервы, бога Аполёна і інш., адылі захапленьня ад гэтых абразоў у схолястычных поэтаў не зьяўлялася,—найвышэй стаяў для іх абраз Божай Маці. Лірычныя вершы 17-га сталецьця пайшлі ў народ. Іх пяялі пабожныя людзі, іх пяялі і бедныя шкаляры, хадзіўшы пад вокнамі гаспадароў і славіўшы Ражство Хрыстова і популярных сьвятых. Можна думаць, што аж з той пары жывуць ў нашым народзе вядомыя псальмы, запісаныя этнографамі толькі ў 19 сталецьці („Стары Восіп барадаты“, „Хімка з Агаткаю, дзьве маладзіцы“ і інш.). Наша лірыка перайшла і ў Маскоўшчыну. З боку надворнага лірычныя вершы к канцу 17-га сталецьця азначаліся зусім не благой версіфікацыяй, былі правільна пабудаваныя і даволі гучныя; сілябічныя вершы мелі абмеркаваны, пеўны лік складоў у радкох, цэзуру і г. д.

Лазар Барановіч († 1694 г.), чарнігаўскі архіепіскап, здабыў вялікую славу ў сваіх сучасьнікаў ня толькі сваімі казаньнямі, але таксама і лірычнымі вершамі. Пісаў украінізаванай моваю, а ёсьць у яго і польскія вершы. Лірыка яго духоўная, але часам маець зачаткі сьвецкасьці; 1) гімны поэта ўслаўляюць Багародзіцу, апосталаў, сьвятых; 2) песьні яго кажуць славу сонцу й месяцу, ён пяець аб вясьне і аб пагодзе, а часам чапаець і гістарычныя падзеі, як войны з татарамі. Як поэт-лірык, Л. Барановіч выказаў сябе ў зборніку схолястычных вершаў «Лютня Аполёна».

Драма. Духоўныя lрамы пачаліся ад сярэдніх вякоў у Заходнай Эўропе, калі духавенства паказывала там у царквох эвангельскія сцэны. З гэтых сцэн патроху разьвіліся цэлыя драмы, дастаўшыя назоў містэрый. Містэрыі, або тайнасьці, былі розныя: Страсьці, Ражство і інш. Адбываліся яны па розных гарадох цераз заведзены час, іншы раз цераз колькі гадоў; ролі даставаліся тым самым асобам, а часам пераходзілі навет з рода ў род, ад бацькі к сыну. Апрача містэрый, былі такія духоўныя драмы, у якіх дзеючымі асобамі былі абстракцыйныя разуменьні, дабрадзействы і злачынствы, моралітэ і міраклі; ў гэных-жа драмах паказываліся дзівы і жыцьцё сьвятых. З часам духоўгая драма выйшла з царквы на цьвінтар, бо ў ёй пачалі паказываць дыявала, сатыру і жарты. З цьвінтара яна пераняслася на мястовую плошчу, дзе рабілі тэатр з трыма сцэнамі, адна

Біблійныя кнігі 17 сталецьця (з Петрагр. публ. бібліатэкі). Адрывак чытаецца так: «І рекла ревека до йсаака: тоскно мне жыць для дочок хеттейскіх, еслі же пойме іяков жену з народу сеі землі жыті не хочу. Возвах теды йсак іякова, і бл(а)гословіл его, і розказал ему мовячы: не поймуй жоны з народу хачанейского, Але йді, і удаися до мосопотамеі сірскоі, до дому вафуйлева отца маткі твоеі, і возьмі собе оттоле жону з дочок лавана вуя твоего. А бог всемогучы нехай тобе бл(а)г(осло)віть, і нехай тя розродіть і розмножыть» і г. д.


Біблійныя кнігі 17 сталецьця (з Петрагр. публ. бібліатэкі).
Адрывак чытаецца так: «І рекла ревека до йсаака: тоскно мне жыць для дочок хеттейскіх, еслі же пойме іяков жену з народу сеі землі жыті не хочу. Возвах теды йсак іякова, і бл(а)гословіл его, і розказал ему мовячы: не поймуй жоны з народу хачанейского, Але йді, і удаися до мосопотамеі сірскоі, до дому вафуйлева отца маткі твоеі, і возьмі собе оттоле жону з дочок лавана вуя твоего. А бог всемогучы нехай тобе бл(а)г(осло)віть, і нехай тя розродіть і розмножыть» і г. д.

пад аднэй: рай, зямля і пекла. Той-жа час зьявілісь і пераносныя тэатры—скрынкі з марыянэткамі замест актораў. У часе Рэнесансу ў Нямеччыне разьвіліся школьныя драмы, якія пачаліся з таго, што вучні гулялі комэдыі Пляўтэ і Тарэнцыя, каб наўчыцца палатыні. Патым зьявілісь п‘есы, наўмысьля напісаныя для школьнай сцэны, з пролёгамі і эпілёгамі панямецку, а з часам між актамі п‘ес сталі прадстаўляць невялічкія комічныя сцэнкі інтэрмэдыі, таксама панямецку. У часе рэформацыі ў школьную драму папала і сатыра (кпінкі з каталіцкіх духаўнікоў). Тады каталікі, наўпрэкі, пачалі пісаць школьныя п‘есы духоўнага зьместу, дзе школьная драма лучылася з містэрыямі. З Заходнай Эўропы містэрыі, марыянэткі (бэтлейкі) і школьныя драмы перайшлі цераз Польшчу да нас.

Містэрыі не прадстаўлялісь на Беларусі ў царквох, а іх паказывалі вучні ў школах; спачатку гэта былі перакладаныя з польскай і нямецкай моў п‘есы, а пазьней школьныя настаўнікі сталі пісаць і ўласныя духоўныя драмы. Сюжэтамі тут найчасьцей былі біблейныя здарэньні, якія і прадстаўляліся ў размовах дзеючых асоб. Асабліва былі вядомы містэрыі: „Восіп, сын ізраілеў“ і „Жаластная комэдыя аб Адаме і Еве.“ У другой з іх прадстаўляецца жыцьцё Адама і Евы у раі, выгнаньне іх з рая і суд над імі. На гэты суд выходзяць да бога Адам, Ева, анелы, дыявал, Справядлівасьць, Ісьціна, Міласэрдзе; Ісьціна судзіць людзей, Міласэрдзе бароніць іх перад богам; сьпіраньне іх разьвязуець Ісус Хрыстос. Такім чынам, мы тут відзім мешаніну з абломкаў духоўнай сярэднявяковай драмы з драмаю школьнаю, каторая мела на сабе сьлед знаёмства з клясычным тэатрам. Драма „Аляксей, чалавек божы“, найбольш сур‘ёзная п‘еса таго часу, яшчэ лепей выяўляе гэты зьмешаны характар. К містэрыям бэтлеечным, каторыя зьмяшчалі глаўным чынам ражственскую драму, пазьней пачалі дадаваць у нас комічныя сцэнкі, устаўленыя паміж актаў драмы. Гэтыя вясёлыя ўстаўкі, ці інтэрмэдыі, ад каторых пачыналася ўжо звычайная народная комэдыя, паказывалі жыцьце людзей „нізкіх“: сялян, салдатаў, цыганоў, жыдоў. Яны былі вельмі популярны і з шкоды пайшлі ў народ, дзе жывуць у розных варыянтах і да нашых дзён, дзякуючы лёгкасьці бэтлечнага прадстаўленьня і сваёй сугаднасьці з духоўнай патрэбай простага народа. У невялікай скрынцы ходзяць лялькі-марыянэткі—гэтак лёгка і проста можна паказаць сцэны божага нараджэньня, пакланеньня каралёў і пастухоў, а таксама і розныя бытавыя сцэны. Зьмест для інтэрмэдый аўторы іх бралі з сьмяхотных гісторый, фацэцій, жартаў. Мова іх прастанародная.

Розныя сьвецкія творы. Апрача перагледжаных відаў літэратурнай творчасьці, на працягу 16-га і асабліва 17-га сталецьця былі добра пашыраны і вядомы ў нас розныя сьвецкія творы, як 1) авантурныя романы, 9) дыдактычныя повесьці (сьвецкія і рэлігійныя) і 3) сьмяхотныя повесьці, фацэціі і жарты. Блізка ўся гэтая літэратура была перакладаная, і найчасьцей з польскай мовы, або перанятая, запазычаная з заходня-эўропэйскіх крыніц. Памятак сьвецкай творчасьці дайшло да нас ня шмат, але і ня помала: маем багацьце хоць і звычайнай літэратурнай вартасьці, але даволі рознае, цікаўнае з ўнутранага боку і дужа дарагое, як матар‘ял для пазнавьня і гісторыі нашае мовы. Паміж іншым тут мы знойдзем: „Аб віцезех з кніг сэрбскіх, а злашча аб слаўным рыцары Трысчане, аб Анцалоне, і а Баве, і аб іншых многіх віцезех добрых“ — рукапісная повесьць канца 16-га сталецьця; „А дварэ турскага султана“ (1649 г.)—рукапісны пераклад апавяданьня польскага пісьменьніка Старавольскага, творы каторага надта ахвотна чыталі беларусы, аб чым сьведчаць колькі дайшоўшых да нас перакладаў з яго; „Повесьць аб Варлааме і Іасафе“ (1637 г.)—духоўны роман, дужа пашыраны тады на Беларусі; сюжэт гэтага романа запазычан ў Індыі, мова — прыгожая і даволі чыстая, крыху толькі маець польскіх слоў і зваротаў. Авантурныя романы дадалі новых элементаў нашай народнай творчасьці, разьвілі авантурную казку. Дыдактычная повесьці, зьмешчаныя, глаўным чынам, у двух вядомых зборніках—„Рымскія дзеяньні“ і „Вялікая Люстра“, былі крыніцаю для мастацкіх ідэй нашым пісьменьнікам, сьвецкім і духоўным з „Вялікай Люстры“ браў матар‘ял для казаньняў, напрыклад, Галятоўскі. Фацэціі-ж і жарты малявалі рэальнае жыцьцё,—на Захадзе яны замянілі рыцарскі роман, як болей зручныя для буржуазнага смаку праз свой праставаты і стыднаваты гумар, а ў нас увайшлі ў казкі, дадаўшы ім рэалізму.

Літэратура бепарусаў, прасьвячаўшых Маскву. У 1649 годзе баярын Рцішчаў адчывіў у Маскве школу, куды, з дазволу цара, пачаў запрашаць для выкладаньня навук слаўных загранічных профэсароў, насамперш беларуска-ўкраінскіх вучоных. У 1664 годзе прыехаў туды вельмі наўчоны беларус — Сымон Полацкі.

Сымон Полацкі (1629—1680), або Сымон Амяльянавіч Пятроўскі-Сітняновіч быў родам з Полацку. Адукацыю дастаў у каталіцкіх школах і ў кіеўскай акадэміі. На 27-ым годзе пастрыгся ён у манахі ў полацкім Багаяўленскім брацкім манастыры. Быў настаўнікам у брацкім вучылішчы. Пасьля Галятоўскага і Барановіча ён найболей меў славы ў тую эпоху—як вучоны, пісьменьнік і казнадзея. У яго ёсьць багаслоўска-догматычныя творы, зборнікі казаньняў, зборнікі вершаў, вершаваныя драматычныя п‘есы, містэрыі, ён-жа уклаў буквар і пераклаў сілябічным вершам цэлы псалтыр. Каб С. Полацкі жыў ў часе нормальнага нацыянальна-беларускага жыцьця, ён быў-бы адным з выдатнейшых і слаўнейшых сыноў свае бацькаўшчыны. Навет ў маскоўскай літэратуры ён пакінуў гістарычны сьлед.

Сымон Полацкі.


Сымон Полацкі.

Мова С. Полацкага, як і другіх беларуска - ўкраінскіх пісьменьнікаў, прасьвячаўшых у 17 сталецьці Маскоўшчыну, гэта—мешаніна царкоўна-славяншчыны з беларускай украінізаванай моваю, калі на той быў вялікі польскі ўплыў. З ростам вышэйшай духоўнай адукацыі на Беларусі і Украіне, пачаў узрастаць і царкоўна-славянскі элемент у літэратуры, каторы зьбліжаў нашую кніжную мову з моваю пісьменных маскоўцаў. Гэта, між іншым, таксама аслабіла ў пазьнейшы час значаньне нашае мовы. Маскоўшчына спачатку ўзяла ад нас, цераз нашых вучоных, многія словы і звароты мовы, навет граматыку і ўсе плады навукі філёлёгіі, але пазьней, усё павярнуўшы на свой чыста-велікарускі лад і зрабіўшыся пераможным асяродкам, тым лягчэй накінула мізэрным астаткам нашай інтэлігенцыі сваю новую літэратурную мову, створаную ў 18-ым сталецьці.