Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Несьвядомае адраджэньне/«Энеіда»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Несьвядомае адраджэньне „Энеіда“
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
П. Бахрым

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуская „Энеіда“ напісана самастойна, але ў духоўным зьвязку з украінскай „Энеідай“ Івана Катлярэўскага, каторая выйшла з друку ў 1798 годзе ў Пецярбурзе. Калі напісана беларуская „Энеіда“, невядома; польскі крытык Падбярэскі і маскоўскі Кавелін пісалі, што яна зьявілася ў 90-х гадох 18-га сталецьця; аднак, уважаючы на тое, што ў ёй сказана так:

Дамоўкі стала выбірацца,
Як ад Кутуза Банапарт, —

можна думаць, што ці частка „Энеіды“ з гэтымі радкамі, ці ўся яна напісана толькі пасьля 1812 года. Аўторам яе даўгі час лічылі Т. Манькоўскага.

Тамаш Манькоўскі быў чыноўнікам у Магілеве, потым віцэ-губэрнатарам у Віцебску. Пахадзіў ён з дробнай магілеўскай шляхты і быў тыповым прадстаўніком яе гумарыстычнага духа.

Сучасныя гісторыкі літэратуры даходзяць, што аўторам беларускай „Энеіды“ быў не Манькоўскі, а яго сучасьнік В. Ровінскі.

Вікенці Ровінскі (1782—1842) — палкоўнік, родам са Смаленшчыны, жыў найболей у Дуброўне Духаўшчынскага павету. Апрача „Энеіды“, напісаў яшчэ колькі чаго.

Пры жыцьці Ровінскага беларуская „Энеіда“ ў друк не папала. Яна пайшла ў народ і пашыралася ў сьпісках і пераказах. Няпоўныя сьпіскі (лацінкаю і гражданкаю), дайшоўшыя да нас, часам дужа ня сходзяцца ды й сьпісаны яны многа пазьней за напісаньня твору. У друк „Энеіда“ трапляла часткамі цераз 40—60—80 гадоў пасьля напісаньня. Увесь час была надта популярна сярод шляхты, каторая ўмела „Энеіду“ найчасьцей усю напамяць. Апісуюцца у ёй, як і ў той няўмірушчай поэме рымскага поэта Віргілія, прыгоды Энея, каторы басьцяўся па сьвеце з сваімі траянцамі. Але, як ў украінскай „Энеідзе“, траянцы паўбіраны паказацку, так у нашай „Энеідзе“ яны — смаленскія сяляне. Ровінскі скарыстаў з клясычнага сюжэта, каб апісаць з фотографічнай пеўнасьцю побыт, паказаць найжывейшую і найпрасьцейшую гаворку і забаўнасьцю натварыць сьмеху. Ад сюжэта Віргілія тут засталіся імёны ды толькі, так сказаць, галоўныя дарогі. А ўсё іншае там, як драбніцы фабулы, вопратка, яда, гульня, размовы, звычаі, пагляды, некаторыя смаленскія назовы, а таксама ўвесь жартаўліва-сьмяхотны настрой — усё гэта нязвычайна жывая беларушчына. Напісана „Энеіда“ Ровінекага народнаю смаленскаю гаворкаю. Пашыраная ў Магілеўшчыне і Віцебшчыне Манькоўскім яна набралася іхных слоў. Шмат у ёй слоў, якія цяпер вызвычаіліся. Есьць дужа пракудныя провінцыялізмы. Беларускім словам, як і беларускім вершам, аўтор „Энеіды“ валадаець дасканальна. Мова характэрная, абразная. Верш лёгкі, танічны, з гладкімі рыфмамі. Такім беларускім вершам ніхто раней пісаць ня ўмеў. А такой бойкасьцю верша не магла дужа хваліцца і тагачасная маскоўская поэзія, бо яшчэ ня мела Пушкіна. Напісана „Энеіда“ чатырохстопным ямбам.

Значаньне бепарускай „Энеіды“. Ідэя аўтора была такая: напісаць пабеларуску. Напісаў, ён надта добра, але несьвядома, — не ад розуму, але ад сэрца. Твор яго выйшаў літэратурна-этнографічнай поэмай-пародыяй, але значаньне меў гістарычна-літэратурнае. З „Энеіды“ пачалося адраджэньне беларускае літэратуры. „Энеіда“ паказала сваім і чужым, што ў беларускай народнай мове можна тварыць надта добра. Зьявіўшыся на ўсходзе Беларусі і ў такую пару, калі здавалася, што ўсё беларускае павінна там памерці, „Энеіда“ пайшла ў народ і пабуджала ў ім думку аб сваёй літэратуры. Сваім сьмелым абхадженьнем з багамі антычнага сьвета, падобныя творы, апрача таго, нішчылі астаткі псэўда-клясычных паглядаў там, дзе яны былі.