Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Рэакцыя канца XIX сталецьця

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных.

Як відно з ранейшага, паўстаньне 1863 году ізноў востра паставіла пытаньне аб Беларусі. Што гэта за край такі Беларусь? Які гэта народ беларусы? Белыя паўстанцы даказвалі, што Беларусь ёсьць проста провінцыя Польшчы, крэсы польскія. Чырвоныя паўстанцы глядзелі на Беларусь, як на краіну самабытную і незалежную. У тым і другім тлумачэньні выходзіла, што Беларусь не павінна ўваходзіць у склад Расійскай імпэрыі. Рускім вучоным заставалася задаць сабе мэту — пазнаць Беларусь і давесьці, што гэта краіна ёсьць частка Расіі. Яны, адным словам, узялі на сабе абавязак разьвіваць далей працу ранейшых рускіх вучоных.

Апроч вучоных, пачынае цікавіцца Беларусьсю і рускае грамадзянства. У Маскве выходзіць славянафільская газэта «День», каторая даволі многа месца адводзіць польскаму пытаньню, закранаючы паралельна і беларускае пытаньне. Тут пішуць—Каткоў, І. Аксакаў, Гільфэрдынг, Еленеў і інш. У вадным з нумароў газэты мы чытаем: «Мы вінаваты перад вамі (беларусамі). Мы, рускае грамадзянства, як-бы забыліся аб існаваньні Беларусі». Гэтая, між іншым, кінутая фраза вельмі тыповая і цікавая. Мы добра разумеем, як гэта здарылася, што рускае грамадзянства амаль што забылася аб Беларусі, а польскаму грамадзянству нават і ўначы сьнілася Беларусь. Прычына гэтаму экономінная і разам з тым політычная. Палякі ў свае часы згубілі Беларусь і хацелі, прыступаючы ў 1863 годзе зноў да адбудаваньня Польшчы, атрымаць тое, што лічылі сваім і без чаго адноўленая Польшча ня была-б моцнаю. Што датычыць да Расіі, то яна ня згубіла, а набыла Беларусь, каторая была для імпэрыі каштоўным, смачным кавалкам. Дзякуючы сваёй ваеннай моцы, яна была спакойная, не ажытавалася і не непакоілася. Яна грамчэй загаварыла аб Беларусі толькі тады, калі вынікла раней адно паўстаньне, а потым другое, калі Польшча, што прагнула адрадзіцца, заявіла на Беларусь свае прэтэнзіі. Рускія вучоныя і публіцыстыя ўспомнілі аб Беларусі і пачалі, асабліва пасьля другога паўстаньня, падыходзіць да яе з навуковымі сваімі мэтодамі ўсё шчыльней і шчыльней. Падыходзілі яны амаль што заўсёды выключна з навукова-дасьледчага боку яшчэ й затым, што другія шляхі падколу былі забаронены расійскім самаўладзтвам, каторае ня любіла, каб у політыку ўмешваліся людзі, што не належалі да ўрадавых кругоў.

Праўда, у Маскве зьявілася думка падыйсьці да Беларусі больш прыватна. Там хацелі нават выдаваць газэту ў беларускай мове, каторая павінна была заняцца ня толькі культурна-навуковым аглядам Беларусі, але й разглядам беларускага пытаньня. Але гэтая думка аб беларускай газэце павінна была зьнікнуць сама сабой пасьля таго, як рускі ўрад абвясьціў у 1867 годзе, што друк у беларускай мове забараняецца.

Вялікарускія вучоныя, як мы ўжо вызначылі вышэй, узялі для свайго разгляду сьцісла навуковыя тэмы па этнографіі, географіі і гісторыі Беларусі. Яны найчасьцей зьяўляюцца ўраджэнцамі Беларусі й Украіны, у чым хаваецца іх індывідуальная зацікаўленасьць «Западной Россией». Але яны вучыліся ў рускіх школах і ўзгадаваліся на паняцьцях рускай офіцыяльнай культуры й політыкі. Беларусь для іх—гэта адна з ускраін Расіі, іначай кажучы—«Северо-Западный край Россійской империи», а беларусы—«русское население Северо-Западного края».

Ня гледзячы на гэта, вучоныя вялікарускага тыпу сабралі шмат матар’ялаў і пачалі апрацоўку сабраных матар'ялаў.

У 1866 годзе ў Вільні зьяўляецца «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае», апрацованы Гільтэбрандам. Тут зьмешчана 300 песень, 150 пагаворах і 50 загадак. Дагэтуль у такім вялікім ліку навуковага зьбіраньня матар'ялаў аб Беларусі ня было. Матар'ялы для кніг зьбіраліся вучнямі Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі. Яны разьяжджаліся на вакацыі па сваіх хатах, раскіданых па глухіх куткох Беларусі і там, на мясцох, зьбіралі народныя творы і перадавалі іх Гільтэбранду. Яны вельмі падыходзілі для справы, бо добра ведалі мову і звычаі глухой вёскі; апроч таго, ім, яшчэ не адарваным ад сялянства, вёска ахвотна адчыняла крыніцы сваёй творчасьці, каторыя звычайна зачыняюцца перад тымі, хто носіць панскую вопратку. Але трэба прызнацца, што праца маладых зьбірацеляў папала ў рукі ня надта здольнага рэдактара. Атрымаўшы добрыя матар'ялы, пачаў ён іх перапраўляць, падпраўляць і адмалёўваць, каб яны лепш выглядалі для «культурнай» публікі. Іначай кажучы, ён пачаў стары залаты чырвонец шараваць цэглаю. Такая падмалёўка толькі сапсавала добры матэрыял. Голас народу ў яго сьпевах, гаворках і загадках ня зычэў ужо так праўдзіва й яскрава, як гэта было раней. Усё-ж такі чырвонец, хоць ён зрабіўся менш поўнаважным, не перастаў быць чырвонцам.

Адначасна з Гільтэбрандам над зьбіраньнем беларускіх народных твораў працаваў П. Бяссонаў. Радзіўся ён на Вялікарусі, але жыць яму прышлося на Беларусі. Дзякуючы гэтаму, ён меў магчымасьць зацікавіцца й пазнаёміцца з мясцовай старасьветчынай, народнай мовай і жыцьцём. Працаваў ён не адзін. Сярод мясцовых людзей зайшлося шмат такіх, якія дапамагалі яму ў зьбіраньні матар'ялаў. Дзякуючы шчасьліваму здарэньню, яму пашанцавала знайсьці песьні, якія яшчэ раней былі пазьбіраны для вядомага зьбірацеля народных твораў П. Б. Кірэеўскага. У 1867 годзе ў яго руках было ўжо больш, як 500 песень. У Маскве пачалося выданьне зборніку, і ў 1871 годзе вышла з друку першая яго кніжка пад назваю «Белорусские песни с подробными об’яснениями их творчества и языка, с очерками народного обряда, обычая и всего быта». Шкода, што выданьне прыпынілася на першым томе, у які ўвашло толькі 181 песьня. Куды загінулі другія песьні, так і невядома. Недахват выданьня той, што пры песьнях не адзначана, з якога месца яны вышлі.

Да 60-х і 70-х год належыць аднясьці і пладавітую працу І. Насовіча, які сам быў родам з Беларусі, жыў у ёй і добра ведаў яе жыцьцё. Выдатнейшы з яго твораў—гэта «Словарь белорусского наречия», надрукаваны ў Пецярбурзе ў 1870 годзе Расійскай Акадэміяй Навук. Над слоўнікам Насовіч працаваў каля 16 год і за гэты час сабраў у купу і абсьледаваў больш, як 30.000 слоў. Матар'ял для яго працы давалі народныя творы: песьні, казкі, пагаворкі і г. д. Апроч таго, ён зьбіраў асобныя словы з натуры, езьдзячы па Магілёўшчыне, Меншчыне і Горадзеншчыне. Гаворку слоў аўтар узяў тую, якая пануе ў Магілёўшчыне. І да нашага часу слоўнік захаваў сваю вартасьць, хоць у ім і ёсьць значныя недахваты. Насовіч запісаў у слоўнік шмат такіх слоў, якія ня ўжываюцца агульна, а вядомы толькі апалячанай шляхце, напрыклад: абсалюцыя, аўстэрыя, аўтэнтыкаваць і г. д. Наадварот, у слоўніку няма такіх слоў, якія ўжываюцца агулам, напрыклад: абшар, дзіцё, кашолка і інш. Перад вучонымі нашага часу стаіць заданьне стварыць новы навуковы слоўнік. Як мы казалі вышэй, зьбіраючы матар’ялы для слоўніка, Насовіч карыстаўся з народных твораў, якіх за часы працы ў яго шмат набралося. Гэтыя матэрыялы ён таксама выдаваў. У 1873 годзе выгнаў з друку зборнік Насовіча—«Белорусские песни», у 1874 годзе—«Белорусские пословицы». Зборнік беларускіх баек Насовіча не надрукован і да нашага часу: ён маецца ў рукапісе ў кнігарні Расійскай Акадэміі Навук. З 60-х год пачаў сваю працу вельмі выдатны зьбірацель народных твораў П. В. Шэйн. Ён працаваў на працягу больш як 30 год і даў шмат этнографічнага матар'ялу для навукі і для будучых працаўнікоў па адраджэньню Беларусі. Родам ён ня быў беларус. У 1865 годзе ён атрымаў месца настаўніка нямецкай мовы ў Віцебскай гімназіі і зацікавіўся Беларусьсю і яе людам. Ён хутка выўчыў беларускую мову, знашоў сабе супрацоўнікаў з мясцовых жыхароў, якіх таксама зацікавіў беларускім этнаграфічным матарялам. Шмат дапамаглі яму старшыя вучні гімназіі, каторыя на вакацыях зьбіралі матар'ялы і аддавалі яму. І сам Шэйн у вольны час езьдзіў па Беларусі; заахвочваў да працы зьбіраньня матар'ялаў вясковых настаўнікаў, каторыя, як пастаянныя жыхары вёскі, заўсёды маглі запісваць народныя творы, звычаі і жыцьцё. Так, працуючы да 1887 году, Шэйн сабраў шмат матар'ялаў, каторыя і пачала друкаваць Расійская Акадэмія Навук. З 1887 да 1902 году вышлі з друку 4 кнігі пад агульнай назваю «Матерьялы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края». Першы том, каторы складаецца з 2 кніжок, зьмяшчае ў сабе абрадавыя і лірычныя песьні; другі том—эпічныя творы: казкі, паданьні, гаворкі, загадкі, загаворы, закляцьці, духоўныя вершы і г. д. Трэці том зьмяшчае ў сабе чыста этнографічныя матар'ялы: тут малюецца хата беларуса, гаспадарка, вопратка, прыкметы і хваробы. Адным словам, Шэйн даў для далейшай працы нявычэрпны матар’ял з розных куткоў Беларусі: Віленшчыны, Віцебшчыны, Горадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны і нават Куршчыны. Шэйн ня толькі запісвае матар'ял, але ён заўсёды вызначае, адкуль гэты матар'ял узяты: называе губэрню, павет і вёску. Маючы на ўвазе, што супрацоўнікі рэдактара мелі розную падгатоўку да працы, часта надта малую, нам лёгка зразумець, якую цяжкую працу павінен быў узяць на сябе Шэйн, каб прыдаць сабраным матар’ялам навуковую аднастайнасьць. Сваю працу ён зрабіў добра, і мы маем у яго зборніках каштоўны уклад у скарбніцу беларускай культуры.

За Шэйнам мы павінны назваць яго выдатнага супрацоўніка Н. Я. Някіфароўскага. Сам Шэйн выдзяляе яго. Апроч супрацоўніцтва з Шэйнам. Нікіфароўскі вядомы нам і сваймі ўласнымі творамі. Найзначнейшыя з іх маюць такія назвы: 1) «Очерк простонародного жытья-бытья в Витебской Белоруссии»; 2) «Простонародные приметы и поверья»; 3) «Простонародные загадки» і г. д. Аўтар найбольш працуе над апісаньнем Віцебшчыны, вясковае жыцьцё каторай ён добра ведае, як вясковы настаўнік. Перад намі ня толькі вучоны, каторы з об'ектыўнай стараннасьцю зьбірае этнографічныя матар’ялы. Яго творы поўны спачуцьця да сялянскай цяжкай долі. Аб чым-бы ён ні пачаў пісаць, чутно, што ён любіць і шкадуе селяніна беларуса, каторы жыве, як чорт у пекле. Тым ня менш спачуцьцё да беларускай вёскі не перашкаджае аўтару маляваць добрыя і благія, яскравыя й цёмныя бакі беларускага жыцьця. Працу Нікіфароўскага па Віцебшчыне працягнуў далей А. П. Сапуноў («Віцебская старина», т. т. І—V), каторы памёр у 1924 годзе.

З 1876 году аж да нашых часоў працаваў над этнографіяй Беларусі Е. Р. Раманаў. Ён найбольш вядомы сваім «Белорусским Сборником». Першы і другі выпускі зборніку зьмяшчаюць у сабе народныя песьні, пагаворкі й загадкі. Раўнуючы гэты зборнік з іншымі, якія былі надрукованы раней да Раманава, мы бачым, што ён карысна ад іх вызначаецца. Кідаецца ў вочы багацьце яго зьместу. Такога багацьця раней нідзе ня было. Зборнік зьмяшчае 1.210 песень, 757 пагаворак і 450 загадак. Амаль ня ўвесь матар’ял запісак самым аўтарам. Аўтар быў ураджэнцам Беларусі і, дзякуючы гэтаму, добра ведаў яе быт. Трэці і чацьверты выпускі зьмяшчаюць у сабе байкі. Зьбірацель добра быў знаёмы з сучаснымі яму зборнікамі вялікарускіх і украінскіх баек, дзякуючы чаму ён з беларускіх баек мог выбраць самыя самабытныя і орыгінальныя. Што датычыць да самай гаворкі баек, то Раманаў растлумачвае нам, чаму яны маюць у сабе шмат вялікарускіх слоў і зваротаў мовы. Уся справа ў тым, што казальнік, баючы байку і бачачы перад сабой незнаёмага зьбірацеля ў панскай вопратцы, прагнецца, каб баяць ня зусім папросту, па-мужыцку. Дзякуючы гэтаму, ён часта ўплятае ў сваю гаворку разумныя «панскія» словы, якія ён чуў у горадзе ці сярод адукаваных людзей. Гэта трэба мець на ўвазе, тым больш, што іншы раз сам зьбірацель ня ўмее падыйсьці да казальніка, і казальнік са скуры лезе, каб ня быць мужыком і гаварыць не папросту, не па-мужыцку. Пяты выпуск зьмяшчае ў сабе загаворы, духоўныя вершы, апокрыфы і г. д. Найкаштоўнейшую частку кнігі складаюць загаворы, каторых тут сабрана больш чым 800. Такога багацьця загаворнага матар'ялу да Раманава ў нас ня было. Шосты выпуск дае нам працяг матар'ялаў, зьмешчаных у трэцім і чацьвёртым выпусках. Тут надрукована больш як 50 баек, у якіх малююцца дзеі асілкаў-багатыроў: яны змагаюцца з чужаземнымі чудзішчамі, зьмяямі-цмокамі, бабай-ягой і кашчэем. Найчасьцей асілкі перамагаюць іх, бо моц асілкаў вялікая, як у мітычных гэрояў-паўбогаў. Запіс баек зроблен добра, байкі расказаны добрымі казальнікамі. Падзеі, апісаныя ў байках, намалёваны падрабязгова, дзякуючы чаму некаторыя байкі надта вялікія. Значную большасьць баек Раманаў запісаў сам, а меншасьць запісалі пад яго даглядам супрацоўнікі, якія таксама добра ўмелі зразумець казальніка й добра запісаць. З Раманавым у гэтых адносінах можа сапернічаць толькі Сяржпутоўскі, запісаўшы байкі паляшукоў. Матар'ялы, каторыя сабраў Раманаў, ня ўсе яшчэ надрукованы да нашага часу і чакаюць свайго выдаўцы. Найвыдатнейшае значэньне з прац у расійскай мове маюць у нашыя часы працы акадэміка проф. Е. Ф. Карскага. Пералічыць і абхарактарызаваць усё, што ён напісаў і надрукаваў па беларускаму пытаньню, тут няма магчымасьці. Мы адзначым толькі адну яго вялікую працу, вельмі цікавую і каштоўную пад назваю „Белоруссы", каторая закончана толькі цяпер. Е. Ф. Карскі зьяўляецца выдатным мовазнаўцам і славесьнікам. Зразумела, што яго найбольш цікавіць мова і славесная творчасьць беларусы. Але ў яго кніжцы мы знахо дзім гістарычны і этнографічны матар'ял. Сваю працу аўтар пачаў у канцы XIX ст. Першы том твору «Белоруссы» быў надрукован у 1904 годзе і мае такі падзагаловак: «Введение к изучению языка и народной поэзии белоруссов». Грунтуючыся на тым факце, што мова народу разьвіваецца поруч з народам, аўтар пачынае сваю працу з вызначэньня граніц Беларусі па мове беларускага народу. Потым ён дае гістарычны нарыс жыцьця і мовы старажытных насельнікаў Беларусі і паказвае, як складалася і злажылася беларуская народнасьць і беларуская мова к пачатку XIV ст., як жылі беларусы ў Літоўска-Рускім гаспадарстве да Люблінскай вуніі й пасьля яе. У канцы кнігі проф. Е. Ф. Карскі дае два цікавыя нарысы: 1) нарыс навуковай працы над мовай і этнографіяй Беларусі і 2) нарыс сучаснай прыгожай літаратуры ў беларускай мове. Другі том твору друкаваўся з 1908 да 1912 г. Падзагаловак яго такі: «Язык белорусского племени». Гэты том складаецца з трох кніжак. Першая кніжка зьмяшчае ў сабе гістарычны нарыс гукаў беларускай мовы; другая кніжка—морфолёгію мовы, іначай кажучы, складаньне й зьмену слова; трэцяя кніжка дае сынтакс беларускай мовы. Такім спосабам, аўтар даў у сваёй грунтоўнай працы фундамэнт для будоўлі школьнай граматыкі нашага часу. Апроч таго, у З кніжцы другога тому маюцца дадаткі, датычаныя да літаратуры па беларускім пытаньні і да сучаснага культурна-нацыянальнага беларускага руху. Колькі працы было аўтару над сваім творам, відаць ужо з аднаго таго, што толькі другі том «Белоруссов» складае больш 1.300 старонак. Пасьля таго, як мова беларуса была навукова разгледжана, проф. Карскі пачаў займацца творамі вуснага й пісанага беларускага слова. Трэці том «Белоруссов» дае нам гісторыю гэтых твораў. Першая кніжка дагледжвае гісторыю народнай вуснай творчасьці. Другая кніжка дае гісторыю старой беларускай пісьменнасьці. Трэцяя кніжка—гісторыю новай беларускай літаратуры.

Затрымаемся крыху на навуковай працы рускіх вучоных па гісторыі Беларусі. Тых, хто хоча больш дэтальна пазнаёміцца з гэтым пытаньнем, мы пасылаем да вельмі каштоўнай кніжкі Ў. І. Пічэты «Введение в русскую историю» (Источники и историография), стар. 178—191. Настрой гісторыкаў такі самы, як і настрой вышэй названых вучоных. На іх погляд Беларусь—гэта «Северо-Западный край Роосии», у каторым жыве «искони русское население». З зачыненьнем Віленскага унівэрсытэту, праца над гісторыяй Беларусі сконцэнтравалася ўкола Кіеўскага унівэрсытэту, потым яна перашла ў Варшаву, Пецярбург, Маскву і інш. гарады.

Першымі пачалі працаваць гісторыкі-юрыстыя Антановіч і Уладзімірскі-Буданаў. Антановіч зьвярнуў увагу на пабудову Літоўска-Рускага гаспадарства. Ён дасьледжвае пытаньне аб хуткім ўзросьце і хуткім заняпадзе Літоўска-Беларускай дзяржавы. Апошні факт, на яго погляд, залежаў ад нацыянальных спрэчак паміж літвінамі і беларусамі. Антановіч дасьледжвае факты, ён зусім мала цікавіцца тэорэтычна-філёзофскімі пытаньнямі. Уладзімірскі-Буданаў разглядае праўныя нормы Беларускага гаспадарства і асабліва цікавіцца Майдэборскім правам гарадоў і Літоўскім Статутам. Часта ён закранае пытаньне аб культурных узаемаадносінах Польшчы і Беларусі. У такім-жа кірунку працуе проф. раней Адэскага, потым Варшаўскага унівэрсытэту Ф. І. Леантовіч.

Калі ў вышэйназваных аўтараў фактычны бок працы стаяў на першым месцы, то мы ня можам гэтага сказаць аб М. Каяловічы. Політыка-філёзофскі момант у яго працах высоўваецца ўперад, і мы маем поўную магчымасьць даць характарыстыку яго поглядаў, як гісторыка Беларусі. У 1864 годзе ён выпусьціў з друку кніжку пад назваю «Чтение по истории Западной России». Кніжка зышла другім выданьнем у 1884 годзе. Мы зробім тыповыя выняткі з прадмовы аўтара да другога выданьня кніжкі. Ён піша: «Выконваю мой абавязак да Заходняй Расіі, на абшары каторай я нарадзіўся і ўзрос блізка ад рускага яе народу і ў каторай у мяне з раньніх год закладаліся галоўнейшыя асновы ўсёй далейшай маёй дзейнасьці». І далей: «Як дваццаць год таму назад, так і цяпер перад намі стаіць вялікая патрэба знаць Заходнюю Расію паруску, разумець паруску, што, як пабачым, бліжэй ад усіх другіх поглядаў да праўды і ўводзіць у гэтае пазнаньне і разуменьне мільёны новых нашых грамадзян Заходняй Расіі, простых маларосаў, беларусаў і ліцьвіноў, каторыя ўсё больш і больш пасьля вызваленьня сялян уваходзяць у межы ведаў і імкненьняў адукаваных людзей». Калі чытаеш гэтыя цікавыя выняткі з рускага прафэсара, ураджэнца Беларусі, але офіцыяльна патрыота царскай Расіі, то так і выплывае параўнаньне яго з Рыпінскім. Рыпінскі хоча, каб беларускі селянін навучыўся раней чытаць, а потым і думаць папольску, а Каяловіч хоча, каб мільёны простых украінцаў, беларусаў і ліцьвіноў пазналі і зразумелі свой край і саміх сябе паруску. І той і другі хоча выкасаваць самабытнасьць беларуса і Беларусі, адзін—на карысьць Польшчы, другі—на карысьць Расіі. Пасьля Каяловіча, у такім самым кірунку працуюць П. П. Жуковіч, К. В. Харламповіч, Бацюшкаў, Бранцаў і другія. Выдатнейшымі гісторыкамі нашага часу зьяўляюцца Любаўскі, Доўнар-Запольскі і Пічэта. Яны вышлі з рускай школы вучоных, перанялі ўсю навуковую спадчыну гэтай школы, выкінуўшы яе старыя політыка-філёзофскія погляды.