Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Урад Аляксандра II (1855—1881)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі Урад Аляксандра II (1855—1881)
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Сялянская рэформа 1861 году

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Урад Аляксандра ІІ (1855—1881).

Прамысловасьць у мікалаеўскую эпоху хоць і паціху, але разьвівалася і перарастала фэадальны рускі рынак. Пашырыць гэты рынак было магчыма вызваленьнем больш дваццаці-міліённага сялянства з панскага прыгону. Як мы бачылі вышэй, урад Мікалая І яшчэ ня быў гатоў, каб гэта зрабіць і такім спосабам павялічыць ёмкасьць хатняга рынку. Яму заставалася другая дарога для пашырэньня рынку, які стаў зацесным. Такою дарогаю была вайна. Вайна павінна была найперш ад усяго пашырыць тэрыторыю імпэрыі і, разам з тым, тэрыторыю хатняга рынку; апроч таго, яна павінна была даць выхад рускім таварам на ўсход ад меж імпэрыі. Вось чаму другая чвэрць XIX сталецьця так багата запоўнена войнамі. З 1826 да 1828 г. йдзе карысна Пэрсідская вайна, каторая прылучае да Расіі новыя тэрыторыі і адчыняе для рускіх тавараў выхад у Пэрсію. Потым карысна для Расіі адбываецца Турэцкая вайна (1828—1829). Расія зноў атрымоўвае новыя тэрыторыі ў Азіі і на Каўказе, забясьпечвае за сабою Чорнае мора і дастае протэкторат над Грэцыяй і Турцыяй. Няўхільна вядзецца наступ Расіі ў Сярэднюю Азію: Расія дастае Кіргіскі стэп, замацняецца ў нізінах Сыр-Дар’і (1847 г.). У 1850 годзе імпэрыя ўступае ў барацьбу з Кокандам і адбірае ад яго Заілійскі край. Здабываюцца землі на далёкім усходзе—левы бераг Амура і яго вусьце. Вядзецца бязупынная доўгалетняя барацьба з каўкаскімі вольнымі пляменьнямі, каб здабыць тэрыторыю для рускага рынку.

Зразумела, што пасьпехі Расіі на ўсходзе не маглі не зьвярнуць на сябе ўвагі заходніх імпэрыялістычных дзяржаў, асабліва Англіі, каторая таксама хацела захапіць усходнія рынкі. Пабачыўшы, што экономічны ўплыў Расіі на ўсходзе ўсё расьце, яны заварушыліся. Скарыстаўшы другую Турэцкую вайну Расіі, Англія, Францыя, Сардынія і др. дзяржавы ўмяшаліся ў яе, стаўшы проціў Расіі. Расія пачала цярпець паражэньне за паражэньнем. Імпэрыя напружыла ўсе сілы працоўных мас. Было набрана 360 тысяч апалчэнцаў, рэкруцкія наборы йшлі адзін па другім. Але ўсё гэта не памагло. Ангельцы і французы ўвашлі са сваімі флётамі ў Чорнае мора, высадзіліся ў Крыме і праз 11 месяцаў узялі месца стаянкі чорнаморскага флёту, крэпасьць Сэвастолаль. Руская армія з добрым, выносьлівым салдатам, з нягодным вышэйшым камандным складам, з зладзейскім інтэнданцтвам і адсталаю прымітыўнаю тэхнікаю не змагла абараніць для рускага гандлёвага і прамысловага капіталу рынкаў блізкага і далёкага ўсходу. Політыка Мікалая І з трэскам правалілася. Трэба сказаць, што ён добра зразумеў гэты правал. Няўдача зламала гэтага чалавека, і ён атруціўся. Перад скананьнем ён выказаў сыну, Аляксандру ІІ, вельмі тыповыя для сябе словы: «Здаю табе каманду, але, нажаль, не ў такім парадку, як жадаў, астаўляючы табе шмат працы і клопату. Мне хацелася-б, прыняўшы на сябе ўсё цяжкае, пакінуць табе царства мірнае, добра збудованае і шчасьлівае, але бог судзіў іначай». На царства канаючы цар глядзіць, як на вайсковую каманду. У камандзе завёўся «непарадак», каторага так баяўся Мікалай І.

Да гэтых слоў трэба дадаць, што ня бог, а барацьба імпэрыялістычных гаспадарстваў за пашырэньне рынку «судзіла іначай» і павярнула ў другі бок старую політыку, ахварбаваўшы ў чорны колер ружовыя погляды на сваё кіраваньне ўпартага Мікалая І. Апроч таго, трэба яшчэ сказаць, што каманда была здадзена ня ў лёгкім непарадку, як думаў Мікалай І, а ў поўным беспарадку. Улада ў Расіі згубіла папулярнасьць як дома, так і заграніцай. Проціў улады былі настроены ня толькі сяляне, што чакалі ды не дачакаліся вызваленьня ад паноў, але і прамысловыя капіталістыя, запатрабаваньні каторых на пашырэньне рынку праваліліся.

Новаму ўраду бязумоўна трэба было ўжо рабіць новую політыку. Прамысловы капітал заяўляе свае прэтэнзіі і патрабуе для сябе мес ца ў дзяржаўным ладзе. Ужо ў канцы цараваньня Мікалая І лібэралізм, неразрыўна зьвязаны з разьвіцьцём прамысловага капіталізму, носіцца ў паветры. Само сабою зразумела, што ў гэтым паветры выгадуецца і лібэралізм Аляксандра ІІ ў той меры, якая магчыма для рускага самаўладцы. Новы цар будзе насіць на сваёй асобе адзнакі новых экономічных і політычных запатрабаваньняў. Павінна будзе распачацца эпоха некаторых рэформ, каторая лібэральнай буржуазіяй таго часу будзе апранута ў ружовую вопратку і будзе вызначана, як «эпоха вялікіх рэформ», хоць знайсьці тут «вялікасьці» нельга.

На царскі пасад уваходзіць, можна сказаць, яшчэ малады чалавек, 37 год, сын Мікалая І, Аляксандр ІІ. Яго бацька, Мікалай, заняў царскі пасад неспадзявана для сябе і для другіх, бо быў трэцім сынам Паўла І і ня меў беспасрэднага права на заняцьце царскага пасаду. Зразумела, што яго выхоўвалі і адукавалі не як будучага цара, а як звычайнага вялікага князя. Зусім другая справа была з Аляксандрам ІІ. Ён быў першым сынам Мікалая І і ад самага нараджэньня прызначаўся заняць царскі пасад. У залежнасьці ад гэтага, на яго выхаваньне і адукацыю было зьвернута больш увагі, чым на выхаваньне і адукацыю яго бацькі. Паміж іншым і цар Мікалай цікавіўся выхаваньнем свайго насьледніка і выказваў некаторыя погляды пэдагогічнага кірунку. Ён, паміж іншым, гаварыў: «Я хачу выхаваць у васобе майго сына чалавека раней, чым зрабіць з яго гаспадара». Пры ўсёй рэакцыйнасьці сваёй агульнай політыкі, тут Мікалай І праявіў нейкія адзнакі лібэралізму, што зусім зразумела, калі прыняць пад увагу рост у яго часы лібэралізму паводле росту прамысловага капіталізму. Рэакцыйнае самаўладзтва тут папала пад эканомічны і палітычны ўплыў эпохі.

Згодна з такім поглядам цара на выхаваньне і адукацыю яго насьледніка, былі падабраны і адпаведныя настаўнікі, каторымі былі—генэрал Мэрдэр, профэсар Кавелін і вядомы поэта Жукоўскі. Асабліва моцны ўплыў на выхаваньне Аляксандра ІІ меў Жукоўскі, чалавек сантымэнтальнага настрою і лібэральнага кірунку. Ён таксама лічыць, што ў асобе яго выхаванца трэба разьвіць так званыя «агульна-чалавечыя» рысы. Жукоўскі ёсьць прадстаўнік таго наіўна-лібэральнага кірунку мікалаеўскай эпохі, каторы адважваўся думаць і гаварыць такія «сьмелыя» думкі, што «и крестьянки чувствовать умеют». Лібэралізм таго часу дашоў да «сьмеласьці» сказаць, што цар і селянін ёсьць асобы аднаго віду—«homo sapiens» Калі на настаўнікаў насядалі, каб яны вучылі насьледніка ўсім тонкасьцям ваеннага штукарства, то Жукоўскі не згаджаўся з гэтым. Ён лічыў, што гэта прыносіць выхаваньню толькі шкоду. Вось перад намі ліст, напісаны Жукоўскім да імпэратрыцы. Там на гэтую тэму сказана так: «Вучыць занадта насьледніка вайсковай справе—усё роўна, калі-б васьмігоднюю дзяўчынку па чаць навучаць усім хітрыкам кокецтва. Апроч таго, усе гэтыя ваенныя цацкі могуць сапсаваць у ім тое, што павінна быць першым яго заданьнем». Такім першым заданьнем насьледніка на думку Жукоўскага, павінен быць гуманны настрой. Аб гэтым ён пісаў і ў спэцыяльным вершы на нараджэньне Аляксандра ІІ: «Да на чреде высокой не забудет святейшего из званий—человек».

Пасьля таго, як настаўнікі скончылі з насьледнікам курсы самых патрэбных навук, было пастаноўлена, каб будучы цар беспасрэдна пазнаёміўся з об'ектам свайго кіраваньня. Для гэтай мэты была організавана падарожа Аляксандра ІІ па Расіі. Яму таварышавалі Жукоўскі, Кавелін і ад'ютант Юрэвіч. Па дарозе організуюцца сэнтымэнтальныя спатканьні і провады будучага манарха пры дапамозе паноў і поліцыі, каторыя зганялі для гэтага ў назначаныя месцы запрыгоненых «пейзанов і пейзанок». Паезьдзіўшы па Эўропэйскай Расіі, насьледнік у 1837 годзе зрабіў падарожжу па Сібіры да Табольску. Будучы ў Сібіры, Аляксандр ІІ спаткаўся з некаторымі высланымі сюды дзекабрыстымі. Яны прасілі яго і яго спутнікаў палепшыць іх долю. Лібэральны настрой насьледніка і Жукоўскага ў адносінах да дзекабрыстых выявіўся ў заступніцтве за іх. Пад дыктоўку настаўніка, Аляксандр ІІ піша ліст да свайго бацькі, у каторым паміж іншым сказана: «Мне было-б надзвычайна прыемна, мілы і бясцэнны айцец, каб мой прыезд прынёс гэтым няшчасным палягчэньне ў іх долі». Трэба згадзіцца, што заступніцтва за політычных праступнікаў, каторыя былі прадвесьнікамі буржуазнага лібэралізму, характарызуе добра будучага цара. Трэба было быць лібэралам, каб адважыцца на гэта. Справа ў тым, што Мікалай І бяз гневу і абурэньня ня мог успамінаць дзекабрыстых, і гаварыць аб іх значыла страціць царскую ласку. Цікава тое, што на гэты раз ліст сваёй мэты дасяг, і лібэралы-рэволюцыянэры 20-х гадоў атрымалі некаторыя, хоць і нязначныя, палягчэньні. На другі год (1838) насьледнік паехаў абглядаць Эўропу, дзе ён цікавіцца ладам заходніх гаспадарстваў і іх установамі.

Такім спосабам, у часы мікалаеўскай рэакцыі будучы цар гадуецца ў сантымэнтэльна-лібэральным кірунку, чаго вымагае ідучы на зьмену гандлёваму капіталізму прамысловы капіталізм. Зразумела, што гэты вельмі павярхоўны лібэралізм будзе неразрыўна злучан і ў асобе Аляксандра ІІ, і ў жыцьці з перажыткамі фэадальнай рэакцыі мікалаеўскай эпохі, тым ня менш, ён усё-ж такі адзначыць пачатак другой палавіны сталецьця, ня зусім падобнай на першую.

У 1856 годзе адбыўся ў Парыжы мір, зьліквідаваўшы спадчыну Мікалаеўшчыны, крымскую вайну. Пачалі адчувацца новыя павеі. Старое фэўдальнае дваранства трывожна настаражылася. Лібэральная буржуазія спаткала новы настрой ураду з ружовымі падзеямі. Яна адчувае, што настаў такі час, калі урад павінен будзе лічыцца з ёю больш, чым гэта было раней. Урад новага цара росьціць такія надзеі. У заключальных словах маніфэсту ў сувязі з заканчэньнем Крымскай вайны (19 сакавіка 1856 г.) ужо вызначана істота новых павей, новай програмы. Там сказана так: «Пры дапамозе божага промыслу, што заўсёды спрыяе Расіі, няхай зацьвярджаецца і паляпшаецца яе хатні дабрабыт, праўда і міласэрнасьць няхай пануюць у судох яе; няхай разьвіваецца ўсюды і з новай модаю імкненьне да асьветы і ўсякай карыснай дзейнасьці, і кожны пад аховай законаў, для ўсіх адналькова справядлівых і ўсіх адналькова забясьпечваючых, няхай карыстаецца пладамі нявіннай працы. Урэшце—і гэта ёсьць першае жывейшае жаданьне наша—сьвет спасаючай веры, азараючы вумы і даючы моц сэрцам, няхай абараняе і паляпшае болей і болей грамадзянскую звычаёвасьць, гэты вярнейшы залог парадку і шчасьця».

Маніфэст, як бачым, напісан у самаўладна-лібэральным духу. Справа пачынаецца з божага промыслу, далей ідуць лібэральныя намёкі і паўсловы, і ўрэшце зноў мы спатыкаемся з вераю ў бога, звычаёвасьцю і парадкам. Ня гледзячы на ўсю сваю скромнасьць і нязначнасьць, маніфэст зьвярнуў на сябе ўвагу з двух бакоў: з боку лібэралаў і рэакцыянэраў. Адны лічылі яго мэтазгодным актам, другія трубілі ўва ўсе трубы, што для імпэрыі пачынаюцца шкадлівыя часы. У самай рэчы маніфэст быў толькі папераю, над катораю зусім ня было і сэнсу ажытавацца. Што датычыць да рабоча-сялянскіх нізоў, то яны маўчаць. Уся гэтая шуміха як консэрватараў, так і лібэралаў застаецца збоку. Дзе-ні-дзе ідуць бунты, якія падаўляюцца, як і раней, з вялікай жорсткасьцю. Ходзяць чуткі аб волі, толькі не аб такой, якую ім хоча даць прамысловы капітал разам з промыслам божым.