Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Сялянская рэформа 1861 году

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Урад Аляксандра II (1855—1881) Сялянская рэформа 1861 году
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Паўстаньне 1863 году

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сялянская рэформа 1861 году.

19 лютага 1861 году адбылася «сделка» паміж старым гандлёвым капіталам і новым прамысловым капіталам. «Сделка» гэтая ў творах старых буржуазных гісторыкаў ідэалізуецца, хварбуецца ў ружовую хварбу і носіць зусім незаслужаную громкую назву «вялікай сялянскай рэформы». Ранейшы «пан»-прыгоншчык павінен быў зрабіць уступку маладому «пану»-прадпрыемцу, прамысловаму капіталістаму. «Вызвалены» на словах селянін у рачавістасьці застаўся пад эканомічным уплывам й пад уладай усё роўна «пана», толькі новага тыпу. У дадатак, увашоўшы ў беспасрэдныя зносіны з дзяржаўнай уладай, ён папаў пад ласкавую апеку зьбяднелых паноў, што парабіліся ураднікамі (чыноўнікамі), напрыклад, міравога пасрэдніка, зборшчыка выкупных плацяжоў, капітан-спраўніка, асэсара і г. д. Апроч таго, «рэформа» ўтварыла для селяніна ненормальна цяжкія зямельныя адносіны, у каторых ён задыхаўся. Тым ня менш, лібэральна-патрыотычнай шуміхі аб «вызваленым селяніне» было шмат.

Як мы казалі, сялянства перад рэформаю было не ў спакойным стане. У часы мікалаеўскай эпохі ў розных куткох імпэрыі вынікаюць бунты. Паўсюды ў цёмнай сялянскай масе ходзяць цьвёрдыя чуткі аб тым, што будзе дадзена сялянству воля. Стыхія пачуцьцём адчувала экономічную неабходнасьць. Зразумела, што чуткі малявалі гэтую волю ў самай ружовай ахварбоўцы. Не спакойны і паны. Сярод іх таксама ходзяць усялякія трывожныя чуткі. Паны настаражыліся. Яны прыглядаюцца да сялянства і сочаць за кожным яго крокам. Кожную хвіліну бачаць яны наўкола сябе ці скрыты, ці яўны бунт там, дзе ім зусім і ня пахне. Улада завалена скаргамі паноў на непаслушэнства і «дерзости» сялян. Гэтыя скаргі пры росьсьледах аказваюцца вельмі часта пладом дасужай фантазіі застрашаных, здэнэрваваных паноў. Такіх прыкладаў з жыцьця таго часу мы маем шмат. Князь Ф. М. Мышэцкі скардзіцца губэрнатару, што сяляне яго вёскі адмаўляюцца заплаціць належны яму з іх аброк. Паводле загаду губэрнатара для разбору справы выяжджае на месца поліцыя, каторая, пры ўсім жаданьні пана падцьвердзінь сваю скаргу, павінна офіцыяльна сказаць, што сяляне не адмаўляюцца, а толькі просяць адкласьці выплату аброку на месяц, бо яны зусім зьбяднелі. Вось перад намі дробна-памесная паня. Яна скардзіцца, што падуладныя ёй сяляне бунтуюць, адмаўляюць у па слушэнстве і чыняць ёй «дерзости». Дазнаньне поліцэйскіх улад, каторых мы ніяк ня можам западозрыць у спачуцьці сялянам, выяўляе, што бунт сялян выражаецца ў тым, што яны просяць сваю паню, каб яна дала ім магчымасьць працаваць на сябе два дні ў тыдзень. Адным словам, такія неабаснованыя скаргі паноў на сялян мы спатыкаем на кожным кроку: не дарма кажуць, што ў страха вочы вялікія.

Эканомічнае разьвіцьцё краю, тымчасам, патрабуе вызваленьня сялян. Прыкмячаюцца пагражаючыя сымптомы з розных бакоў. Статыстыка вызначае, што прыгон вядзе сялянскія масы да фізычнага выраджэньня з кожным годам зьмяншаецца прыродны прырост сялянскай люднасьці. У 1830 годзе прыгоннае сялянства складае 45 проц. усяго насельніцтва імпэрыі; у 1852 годзе гэты процант спускаецца да лічбы 35. Процантна зьмяншаецца, такім спосабам, лік паднявольных рабочых рук, што зусім не карысна нават для прыгоннай гаспадаркі, каторая будуецца на гэтых руках. А тут яшчэ, побач з гэтым, выяўляецца ўся непродукцыйнасьць прыгоннай сялянскай працы і недаходнасьць прыгоннай гаспадаркі. Маёнткі паноў ува ўсерасійскім маштабе з кожным годам даюць усё менш і менш даходаў. З кожным годам усё больш і больш такіх маёнткаў, каторыя ўжо ня могуць стаяць на ўласных нагах. Зразумела, што яны патрабуюць на сваё ўтрыманьне скарбовых сродкаў замест таго, каб даваць даходы скарбу. Па дзесятай рэвізіі 1852 году ў Эўропэйскай Расіі лічыцца 103 тысячы прыватнаўласьніцкіх маёнткаў. Мы ведаем, што ў 1859 годзе 44 тысячы гэтых маёнткаў былі заложаны ў скарбовых банках. На заложаных маёнтках ляжаў значны на той час доўг лікам у 450 тысяч рублёў, што ў сярэднім на кожны заложаны маёнтак складае каля 10 тысяч рублёў. Калі-б палажэньне не зьмянілася, то ўсе маёнткі праз два-тры дзесяткі год папалі-б пад залог у скарб разам з усёю сваёю маёмасьцю, а ў тым ліку—і з сялянамі. Селянін такім спосабам з прыватнаўласьніцкага зрабіўся-б дзяржаўным бяз ніякай політычнай рэформы.

Як зазначалася раней, вызваленьне сялян было патрэбаю фабрычнай прамысловасьці. Фабрыка й завод патрабавалі прастору, патрабавалі вольных рабочых рук і пашырэньня ўнутранага рынку для сваіх тавараў. І першае, і другое не магло быць здаволена пры існаваньні прыгону над шматміліённым сялянствам. Моцна гаварылі аб патрэбе вызваленьня сялян і земляўласьнікі новага, прогрэсыўнага тыпу. Яны, апіраючыся на прынцып вызваленьня сялян, хочуць проста-на-праста пазбавіць самых сябе ад сялян, заставіць у сваіх руках зямлю, як вольны капітал, сагнаўшы з яе сялян. Такія прогрэсыўныя пажаданьні — пабудаваць вясковую гаспадарку не на фэўдальным, а на капіталістычным грунце—асабліва пашыраны на захадзе імпэрыі, у Польшчы, Літве і Беларусі. Тут на гаспадарку робіць уплыў заходні капіталізм, каторы яскрава вызначае ўсю некарыснасьць гаспадаркі, пабудаванай на сярэднявяковых фэадальных нормах.

Яшчэ ў 1857 годзе, па прыкладу мікалаеўскай эпохі, паводле загаду Аляксандра ІІ быў утворан Сакрэтны Комітэт для палепшаньня быту сялянства. Комітэт займаўся канцэлярскаю перапіскаю і пісаньнем усялякіх проэктаў. Якраз прыбыў у Петраград віленскі гэнэрал- губарнатар Назімаў, каторы прывёз з сабою проэкт вызваленьня сялян, апрацаваны панствам літоўскіх і беларускіх губэрань. Сэнс праекту зводзіўся да таго, каб аслабаніць зямлю ад сялян, чаго даўно дабівалася літоўскае і беларускае панства. Паны прапанавалі ўраду вызваліць сялян без зямлі, пусьціўшы іх на ўсе чатыры бакі, даць ім, гаворачы прасьцей, так званую воўчую волю. Проэкт праваляўся ў комітэце каля месяца, пераходзячы з аднаго пасяджэньня на другое, з аднэй канцэлярыі ў другую, пакуль не папаўся ў рукі цара.

Зразумела, што ўрад ня мог згадзіцца на пропозыцыю безьзямельнага вызваленьня. Воўчая воля была для царскага ўраду політычна небясьпечнай, бо, дзякуючы такому вызваленьню сялян, у імпэрыі зьявілася каля 22 міліёнаў беспакойных, неабседлых, рухавых пролетараў, каторыя пагражалі-б існаваньню самаўладнага ладу. Выбітыя з старой каляіны, незабясьпечаныя нават працай, як беспрацоўныя, яны былі-б тэю сухою саломаю, каторая пры самай маленькай іскрачцы дзе вялікае полымя.

У лістападзе 1857 году, у вадказ на пропозыцыю панства Літвы і Беларусі (Горадзенскай, Ковенскай і Віленскай губ.), быў выдан царскі рэскрыпт на імя віленскага гэнэрал-губарнатара Назімава. Паводле рэскрыпту дазваляецца вызваленьне толькі з зямлёю. За панамі прызнаецца права ўласнасьці на зямлю; сялянам даецца права выкупіць ва ўласнасьць усадзебную зямлю і атрымаць у карыстаньне палявую зямлю за аброк ці паншчыну. Што датычыць да колькасьці зямлі, то ў рэскрыпце сказана, што зямлі павінна хапіць «для належнага забясьпечаньня сялянскага быту і для выкананьня абавязкаў перад урадам і панам». Такая нявыразная формуліроўка колькасьці зямлі заўсёды давала перавагу пану, каторы вызначаў і даваў надзел селяніну. Рэскрыпт загадвае Назімаву злажыць у Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях комітэты па справе вызваленьня сялян. Комітэты павінны апрацаваць проэкты вызваленьня і проэкты «положений» для вызваленых ужо сялян. Копіі з рэскрыпту былі разасланы ўсім губарнатарам і шляхецкім губэрскім маршалкам, што надало рэскрыпту агульнадзяржаўны сэнс. Некаторыя губэрнатары прынялі копіі з рэскрыпту як загады, і комітэты паступова пачалі ўтварацца ў розных губэрнях Вельмі хутка зьявіліся комітэты ў губэрнях—Менскай, Віцебскай і Магілёўскай. Потым яны пачалі ўтварацца і ў цэнтральных губэрнях імпэрыі.

У лютым 1858 году Сакрэтны Комітэт быў перароблен у Галоўны Комітэт па сялянскай справе. Новы комітэт не сьпяшаўся. Ён зьбіраў проэкты, утвораныя губэрскімі комітэтамі, апрацоўваў іх і стрыг пад адзін грэбень. Такім спосабам і ўтварыўся агульны проэкт вызваленьня сялян, каторы быў потым зацьверджан Аляксандрам ІІ.

Мы ня будзем спыняцца на тэй канцэлярскай працы, каторая адбывалася ў губэрскіх і Галоўным Комітэце, скажам толькі, што маніфэст аб вызваленьні сялян быў падпісан Аляксандрам ІІ 19 лютага 1861 году. Публікацыя яго адбылася 5 сакавіка. Справа ў тым, што ў дзень падпісаньня маніфэсту якраз была масьленіца. Урад баяўся, што сяляне, падпіўшы на масьленіцу, абавязкова забунтуюць, як пачуюць маніфэст. Дзеля гэтага маніфэст быў апублікован у пост. Найперш ад усяго сялянская маса не зразумела маніфэсту. Маніфэст быў напісан прадстаўніком фэўдальна-дваранскай групы, вядомым рэтроградам, маскоўскім мітрапалітам Філарэтам, каторы не спачуваў новым лібэральным поглядам. Мёртвая славянская мова зусім зацямніла і без таго бедныя мысьлі й рэформы, скрытыя ў маніфэсьце. Там, дзе сялянства зразумела маніфэст, яно засталося нездаволена ім. «Маніфэст гаварыў аб вызваленьні, а на дзеле сяляне павінны былі, як і ў старыну, нясьці павіннасьці на карысьць паном. Як кажа Бутурлін, пасьля азнаямленьня з маніфэстам у Калускай губэрні сяляне разыходзіліся з царквы найчасьцей маўклівыя, пахмурныя, разачараваныя, у якімсь недамысьленьні. Такім самым недамысьленьнем сустрачаўся маніфэст і ў другіх губэрнях. Нідзе ня было ніякай радасьці і захапленьня, а газэты, каторыя давалі весткі аб агульнай радасьці, па заяве хэрсонскага шляхецкага маршалка, проста лгалі. Такія адносіны да так званай волі не прадвяшчалі нічога добрага». (В. И. Пичета. История крестьянских волнений в России. Минск, 1923. стр. 121).

Потым, калі ўрад стаў праводзіць маніфэст у жыцьцё, селянін урэшце зразумеў яго, але застаўся ім зусім нездаволеным. Маніфэст не адпавядаў яго пажаданьням, і сялянства аднеслася да яго воража. Воражасьць сялянства да няўдалай рэформы выявілася ў сялянскіх забурэньнях, каторыя разьліліся па ўсёй імпэрыі. На працягу двух год (1861-1863) лік іх даходзіў да 1100. Урад жорстка распраўляўся з бунтарамі-сялянзмі.

Ня было спакойна і на Беларусі. Шмат дзе на Віленшчыне сяляне адмовіліся ісьці на паншчыну. Пашлі арышты зачыншчыкаў, сялян секлі лозамі, ставілі на пастой па хатах вайсковыя часьці. Такая самая гісторыя паўтарылася і на Віцебшчыне. Вельмі шырака разрасьліся сялянскія непарадкі на Ковеншчыне і Магілёўшчыне: і там яны ліквідаваліся збройнымі сіламі. Шмат дзе на Меншчыне сяляне адмовіліся ад паншчыны і далі організаваны адпор прысланым войскам, каторыя ўрэшце пусьцілі ў ход зброю. Лозы былі вельмі пашыранаю каіраю як у Расіі, так і на Беларусі. «Вызваленыя» сяляне пароліся ўва ўсерасійскім маштабе. Непарадкі былі задушаны, і «вялікая рэформа» стала праводзіцца.

На аснове маніфэсту беларускі селянін вызваляўся з няволі, як асоба, бяз выкупу; затое ён павінен быў выкупіць у пана тыя кавалкі зямлі, каторыя ён ад яго атрымаў. Выкуп за зямлю быў назначан вельмі высокі як па ўсёй імпэрыі, так і па Беларусі. Каб ілюстраваць гэта, прывядзем такія лічбы: калі вылічыць цану зямлі, што дасталася сялянству ў надзел па звычайных сярэдніх тагочаоных цэнах, то за яе трэба было-б заплаціць 648 міліёнаў рублёў, а нам вядома, што ў самай рэчы сяляне павінны былі заплаціць за зямлю 867 міліёнаў рублёў. З гэтых лічбаў відаць, што наагул цана зямлі для сялянства была павышана на 25 проц. Гэтая надбаўка фактычна была нічым іншым, як скрытым выкупам з няволі самой асобы вызваленага селяніна.

Пры вызваленьні селянін атрымлівае зямельны надзел, каторы ён павінен так ці йначай выкупіць. Беларускае панства ўсякімі праўдамі і няпраўдамі хоча зьменшыць сялянскія надзелы, бо для яго зямельны фонд быў вялікай каштоўнасьцю. Гэты факт пачыў адчувацца ўжо даўно. Апошні раз ён выявіўся ў проэкце вызваленьня сялян зусім без зямлі, каторы падалі літоўска-беларускія паны з Назімавым у Петраград. Звычайнае зьяўленьне на Беларусі—гэта малы, куртаты сялянскі надзел, што зрабілася потым асноўнаю крыніцаю далейшага малазямельля і безьзямельля беларускага селяніна. На Беларусі на кожную рэвіскую душу ў сярэднім было дадзена ад чатырох да пяці дзесяцін. Скарбовыя сяляне былі надзелены куды шчадрэй. Іх сярэдні надзел раўняўся пяці з паловай-шасьці з паловай дзесяцінам. Лік прыватнаўласьніцкіх сялян, вызваленых рэформаю на Беларусі, даходзіў да 2 міліёнаў. Што датычыць скарбовых сялян, то іх на Беларусі было ў 4 разы менш, чым прыватнаўласьніцкіх, што складала каля 500 тысяч людзей.

Iдучы на спатканьне паном, каторыя хацелі як мага больш пакінуць сабе зямлі, урад уставіў у палажэньне пункты, каторыя здавальнялі панскія інтарэсы і яшчэ больш павялічвалі сялянскае безьзямельле і малазямельле. Аднымі з такіх пунктаў былі пункты аб так званых дармовых надзелах. На аснове іх, пану давалася права, па згодзе з тым ці іншым селянінам, даваць яму без усялякага выкупу з яго боку надзел, каторы раўняўся ¼—⅓ нормальнага надзелу. Сяляне назвалі такія надзелы жабрацкімі. На Беларусі жабрацкі надзел раўняўся 1¼—1½ дзес. Жадаючы больш сялян пусьціць на жабрацкія надзелы, панства дапускала ўсялякія надужыцьці. Каб «угаварыць» сялян згадзіцца на дармавы надзел, найчасьцей пускалася ў абарот гарэлка; часам застрашвалі забітага беларускага селяніна ўсялякімі страхамі, а часам проста секлі лозамі. Так ці іначай на жабрацкі надзел было пасаджана шмат сялян. Апроч таго, трэба сказаць, што забясьпечаньне зямлёю не адносілася да дваровых людзей. Не гаворачы ўжо аб тым, што пан на Беларусі спакон веку меў у сваім двары вялікі штат дворні, ён перад рэформаю пастараўся яшчэ павялічыць гэты штат, каб пры вызваленьні пусьціць яе ў сьвет з «воўчаю» воляю. Таксама не атрымалі нормальных надзелаў тыя сяляне, каторыя былі ў дробных паноў, маёнткі каторых не перавышалі 75 дзесяцін. Калі прыняць пад увагу вялікі лік на Беларусі дробнай шляхты, то ясна, што і гэты факт утвараў шмат малазямельных і безьзямельных «вольных» сялян. Рэформа, такім спосабам, адразу ўтварыла на Беларусі вялікую лічбу ня толькі малазямельных, але і безьзямельных сялян, бабылёў, каторыя адразу злажылі вясковы пролетарыят і векавечных арандатараў скарбовых, царкоўных і прыватнаўласьніцкіх зямель.

Спосаб землекарыстаньня на ўсёй Беларусі да рэформы ўстанавіўся падворны, а не абшчынны. Рэформа, аставіўшы на захадзе Беларусі стары спосаб землякарыстаньня, на ўсходзе, у Магілёўшчыне і Віцебшчыне, увяла землякарыстаньне абшчыннае. На працягу далейшых часоў мы бачым, што сялянства Віцебска-магілёўскага раёну няўхільна прагнецца вызваліцца ад незнаёмых і чужых ім форм абшчыны і перайсьці да падворна-індывідуальнай гаспадаркі. Ня гледзячы на перашкоды, сялянам гэта ўдавалася часам паўлегальна, часам нелегальна. Абшчына была навязана рэформаю, але яна не адпавядала выпрацаваным з старыны поглядам сялян на іх зямельна-прававыя адносіны. За дзесяткі год сялянства Магілёўшчыны і Віцебшчыны не магло звыкнуць да мысьлі аб ураўненьні і перадзелах зямлі, што было нязгодна з старажытнымі прававымі нормамі Беларусі. Кожны селянін трымаўся сваіх атрыманых у спадчыну ад бацькоў палосак. Само сабою зразумела, што абшчына без ураўняльнага прынцыпу і перадзелаў была ў Віцебшчыне і Магілёўшчыне толькі юрыдычнай фікцыяй; фактычна і тут землякарыстаньне было падворным. Адсюль самі напрошваюцца некаторыя вывады, каторыя карысна адзначыць. Беларускі селянін з самага пачатку прырос да сваёй зямлі і зьяўляецца больш выразным уласьнікам, чым абшчыньнік-вялікарус, бо ніколі ня ведаў перадзелаў, каторыя былі і ёсьць звычайным зьявішчам на ўсходзе. Ён больш разьвінуў зямельную, вяскова-гаспадарчую культуру, чым селянін на Вялікарусі, але грамадзянскіх навыкаў і задаткаў колектывізму ён мае менш, чым селянін-абшчыньнік на Вялікарусі.

На аснове рэформы выходзіла, што селянін да таго часу, пакуль ён ня выкупіць атрыманага ад пана надзелу, знаходзіцца ў адносінах да яго ў стане часоваабавязанага. На Беларусі найчасьцей яго абавязкі ў адносінах да пана складаліся з трох дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і двух у тыдзень—жаноцкіх. Паншчына часам, як і ў часы прыгону, замянялася аброкам, каторы ад 15 рублёў даходзіў да 22 рубл. у год. Польскае паўстаньне 1863 году прымусіла рускі урад скасаваць на Беларусі палажэньне часова-абавязаных сялян. Каб прыцягнуць у свой бок селяніна, урад абвясьціў яго зусім вольным ад паншчыны і аброку. Замест іх, з 1864 году селянін пачаў плаціць беспасрэдна ураду выкупныя плацяжы. Экономічная абавязковая сувязь яго з панам была скасована. З панамі меў справу рускі урад, каторы адразу заплаціў ім авансам па вельмі шчодрай расцэнцы выкуп за сялянскую зямлю даходнымі процантнымі паперамі. Што датычыць да «вызваленага» сялянства, то яно павінна было плаціць добрачынцу - ураду з лішкаю на працягу дзесяткаў год свой як-бы доўг выкупнымі штогоднымі плацяжамі. Дорага каштавала селяніну гэтая панска-царская ласка.

Апроч скарбовых і прыватнаўласьніцкіх сялян, рэформа 1861 г. закранула і другія групы дробнага вясковага жыхарства.

Ад часоў Рэчы Паспалітай на Беларусі існавала група так званых панцырных баяр. Гэтая пышная назва зусім не адпавядала свайму зьместу. Да панцырных баяр належала дробная шляхта, што дастала ў старыя часы зямельныя надзелы за шматгадовую вайсковую службу. З часам панцырнікі абяднелі, і іх надзелы мала чым розьніліся ад сялянскіх; апроч таго, яны прынялі дзейны ўдзел у паўстаньні і гэтым згубілі царскую ласку. У 1866 годзе асобным указам яны былі прыпісаны да сялян. Пазьней тыя з іх, каторыя з якіх-небудзь прычын зусім згубілі зямлю, былі прыпісаны да мяшчан гарадоў.

Апроч панцырных баяр, існавала яшчэ на Беларусі даволі значная група так званых аднадворцаў, каторая злажылася з зьбяднелае дробнае шляхты часоў Рэчы Паспалітай. Як і першая група, яны папалі пад няласку царскага ўраду. Пасьля рэформы 1861 году дашла чарга і да іх. Частка аднадворцаў па асобных загадах апынулася ў палажэньні звычайных скарбовых сялян, а частка абселася на прыватна-ўласьніцкіх землях, як арандатары, па зусім прыватнаму дагавору з землеўласьнікамі.

Вельмі добрую характарыстыку гэтай беларускай шляхты ў сялянстве дае Я. Лёсік у сваім артыкуле, зьмешчаным у зборніку «Беларусь», выданым у 1923 годзе («Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскай рэволюцыі», гл. стр. 101, 102, 103). Па соцыяльнаму стану былы шляхціц—той самы земляроб, што й селянін. Не падобен ён на селяніна хіба толькі тым, што жыве ня ў вёсцы, а ў засьценку ці на хутары. Апроч таго, ён памятае сваё мінулае шляхецтва ды трымаецца з гонарам. «Даўнейшыя прывілеі збліжалі шляхціца з панскім дваром, а гэта выгадавала ў ім некаторыя адзнакі пустой шляхецкай ганарлівасьці. Шляхціц ганарыцца сваім шляхецкім пахаджэньнем і неахвотна кампануе з сялянствам. А селянін, не знаходзячы ніякай соцыяльнай розьніцы паміж сабою і шляхціцам, стараецца пры здарэньні высьмеяць яго пустую шляхецкую заносьлівасьць і не далюблівае яго за ўгодлівасьць перад панам... Самы бедны шляхціц любіць у сьвята чыста адзецца, зьезьдзіць на кірмаш, пайсьці ў госьці да суседа. Селянін і тут стараецца высьмеяць яго зухаўство ды кажа на шляхціца: «На назе бот скрыпіць, а ў гаршчку трасца кіпіць». Большасьць шляхты трымаеца каталіцкага вызнаньня, як усе мясцовыя паны-земляўласьнікі, але ёсьць шляхта і грэцкага, праваслаўнага, вызнаньня» (стар. 103).

З часоў Рэчы Паспалітай на Беларусі існавала яшчэ група так званых вольных людзей. Яна складалася з самых рознастайных элемэнтаў. Сюды ўваходзілі быўшыя колёністыя, чужаземцы, што цьвёрда абселіся на Беларусі, шляхціцы, згубіўшыя з тэй ці іншай прычыны сваё шляхецтва, быўшыя прыгонныя сяляне і дваровыя, выпушчаныя на волю асабістымі панскімі актамі і г. д. Уся гэтая рознакаліберная група вольных людзей на грунце рэформы была прызнана прыналежнаю да стану звычайных вызваленых сялян.

У сувязі з вызваленьнем сялян, з 1861 году на Беларусі пачало існаваць сялянскае надзельнае земляўласьніцтва. Наколькі можна бачыць з ранейшага, яно ня было вялікім і значна ўступала шляхецкаму земляўласьніцтву. У той час, як шляхецкае земляўласьніцтва ў сярэднім складала каля 60% усёй зямлі, сялянскае земляўласьніцтва ў сярэднім раўнялася, прыблізна, 30%, спускаючыся часам і ніжэй, напрыклад, на Віцебшчыне, дзе яно складала толькі 24%. Зразумела, што пры такіх умовах была забясьпечана векавечная арэнда сялянамі прыватнаўласьніцкіх і скарбовых зямель. Апроч таго, што яшчэ важней, для панскіх маёнткаў былі забясьпечаны амаль што дармовыя сялянскія рабочыя рукі як для сэзоннага, так і для пастаяннага найму. Селянін, апрацаваўшы свой невялічкі надзел, быў вольны, а вечная недахватка гнала яго ў панскі двор, дзе ён, як ласкі, шукаў працы, каб не памерці з голаду. Іначай кажучы, рэформа пусьціла селяніна ў сьвет напоўпролетарам. Калі дадаць да гэтага, што ў 60-ыя годы на Беларусі і ў Расіі прыватнаўласьніцкія землі былі амаль што выключна панска-шляхецкімі, то становіцца зусім ясным, што юрыдычна вызвалены селянін з экономічнага боку быў моцна прывязан да таго самага пана, ад каторага ён залежаў сотні год.

Такім спосабам, вызваленьне сялян ад прыгону мела чыста знадворны характар. З рук гандлёвага капіталу селянін папаў у рукі прамысловага капіталу.

Зямлі селяніну далі куды менш, чым ён апрацоўваў раней, прычым лепшую зямлю пан аставіў сабе, а горшую аддаў яму. За гэтую зямлю селянін павінен быў заплаціць даражэй, чым яна каштавала, і яшчэ даваць даплаты процанты. Уласьнікі жабрацкіх надзелаў вельмі хутка, а былыя дваровыя адразу, пачалі ўваходзіць у клясу пролетарыяту, што стаяла ў поўнай сувязі з агульным разьвіцьцём прамысловасьці.

У цэнтральнай Расіі сялянская зямельная рэформа была зьвязана з другімі лібэральнымі мерапрыемствамі і рэформамі, напрыклад, земскай, судовай і г. д. На Беларусі, апроч Смаленшчыны, і гэтага ня было. Урад, баючыся польскага панства на Беларусі, каторае, скарыстаўшы лібэральныя ўстановы, магло-6 організавацца, другіх рэформ не праводзіў. Такім спосабам, і ў гэтых адносінах Беларусь нічога не атрымала. Яна апынулася ў горшым палажэньні, чым цэнтральная Расія. У той час, як у Расіі будаваліся школы і больніцы, дарогі і масты і г. д., Беларусь асталася збоку.

Пасьля вызваленьня, сялянства атрымала ад ураду асобнае вясковае саслоўнае «самоуправление», каторае амаль што без перамен прабыло да часоў рэволюцыі. Сяляне складаюць вясковыя вобчаствы з сельскімі сходамі, старастамі, соцкімі і дзесяцкімі. Некалькі вясковых вобчастваў складаюць валасное вобчаства са сходам, старшынёю і пісарам. Тут-жа пры воласьці знаходзіцца і сялянская юстыцыя ў відзе валаснога суду. Тут-жа ў воласьці «вольнага» селяніна лібэральна сякуць лозамі. Усе гэтыя вынікі рэформы былі і ў Расіі і на Беларусі. Спыняцца на іх мы ня будзем, бо яны ўсім добра вядомы. Зразумела, што ўсё гэтае сялянскае самакіраваньне было фікцыяй, бо ўлада над селянінам была ў руках пана ці беспаcрэдна, ці праз міравога пасрэдніка, каторы быў прадстаўніком шляхецкіх інтарэсаў. Што гэта так, мы можам бачыць нават з офіцыяльнага дакумэнту. Перад намі выпіска з «Журнала Гродненского Губернского по крестьянским делам Присутствия» ад 8 жніўня 1863 году. Там, паміж іншым, сказана: «Из замечаний членов поверочных комиссий, сделанных ими во время об'езда волостей, оказывается, что под влиянием бывших мировых учреждений общественное крестьянское управление находилось в самых неблагоприятных условиях. Права крестьян, дарованные им положениями 19 февраля 1861 года, оставалісь им почти неизвестны, вследствие сего волостные старшины, назначенные по большей части по настоянию помещиков... распоряжались самоуправно, под руководством их или поставленных от них писарей, общественными делами. Волостные и сельские сходы не имели надлежащего значения. Сельские старосты были преимушественно подрядчиками на господские работы и ограничивались надзором за их исправностью. Крестьяне по распоряжению своих должностных лиц, поддерживаемых помещиками, подвергались телесным наказаниям в совершенно произвольном размере. О волостном суде крестьяне не имели и понятия. Дела, спорные между крестьянами, решались старшинами или волостными писарями».

Вынятак, на наш погляд, вельмі яскравы, што добра рысуе палажэньне. Няма ніякай патрэбы дадаваць да яго што-небудзь. З вынятку мы бачым, што сялянскае самакіраваньне пасьля рэформы ёсьць нішто іншае, як старое дарэформенае кіраваньне сялянамі з панскага двара і панскай стайні. Калі так справа апісваецца ў офіцыяльным дакумэнце, то жыцьцё давала яшчэ яскравейшыя малюнкі ўсялякіх непарадкаў, бязупыннага гвалту і зьдзеку. «Вялікая» рэформа мела вельмі няпэўную «велічыню».