Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Лютаўская рэволюцыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нашаніўскае адраджэнства Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Лютаўская рэволюцыя
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Вялікі Кастрычнік на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лютаўская рэволюцыя.

У часы Лютаўскай рэволюцыі Беларусь была парэзана на дзьве часткі: заходняя частка, як мы казалі вышэй, была пад нямецкай акупацыяй, а ўсходняя была занята заходнім фронтам царскай рускай арміі. Рэволюцыя захапіла толькі Ўсходнюю Беларусь. Зразумела, што арміія жыла сваім жыцьцём ваеннага часу. У яе былі свае агульна-імпэрскія інтарэсы і складалася яна з салдат, сабраных сюды з усёй многанацыянальнай Расіі. Для ўсёй гэтай організаванай масы Беларусь была ня больш, як часоваю ваеннаю стаянкаю. Армія не магла зразумець і ўвайсьці ў мясцовыя інтарэсы Беларусі, тым больш, што маса яе ня ведала, нават, што яна займае тэрыторыю Беларусі, як організму. Салдат ведаў Менскую, Магілёўскую, Віцебскую губэрні, як часткі імпэрыі, а не як часткі Беларусі. Калі з цэнтру на захад перакінулася рэволюцыя, то яна пашла на Беларусі ў двух кірунках—фронтавым і мясцовым, бо грунт для яе і там і тут быў добры. Вельмі часта гэтыя два кірункі перапляталіся паміж сабою, але часта яны і разыходзіліся, кожны ў свой бок.

Першыя весткі аб перавароце ў цэнтры і аб утварэньні ў Пецярбурзе часовага ураду прышлі ў Менск першага сакавіка 1917 году. У гэты час на Беларусі пэўнага соцыялістычнага цэнтру няма. Царская рэакцыя папярэдняга часу моцна біла па сацыялістычным руху і значна падарвала яго; нацыянальная розьніца разьбіла рух на часткі, а імпэрыялістычная вайна дакончыла справу і раскідала на ўсе бакі мясцовыя соцыялістычныя сілы і сродкі. Справу ўзялі ў свае рукі інтэлігэнцкія групы лібэральнага і радыкальнага кірунку, сабраныя сюды фронтам з разных канцоў імпэрыі і згуртаваныя наўкол саюзу земстваў і гарадоў (Земгор). Яны ліквідавалі старую ўладу. Праз некалькі дзён (5 сакавіка) утвараецца Менскі Савет Рабочых Дэпутатаў, у каторы праз тры дні ўваходзяць ужо і салдацкія дэпутаты. Хутка пачынаюць зьбірацца і брацца за справу сацыялістычныя сілы. З сацыялістычных партый найбольшую сілу забіраюць агульна-расійскія партыі С-Д і С-Р, што залежыць ад прысутнасьці на Беларусі заходняга фронту арміі. Першымі пачынаюць аформліваць сваю арганізацыю соцыял-дэмократы. 11 сакавіка адбываецца першы мнагалюдны (да 200 асоб) сход С-Д арганізацыйнага характару. На сходзе выяўляецца, што пераважную большасьць С-Д складаюць меншавікі. Што датычыць да бальшавікоў, то яны, разам з спачувальнымі ім, налічваюць ледзьве 13 асоб. Утвараецца аб'яднаная організацыя РС-ДРП, і бальшавікі павінны ўвайсьці ў яе склад. Усю сваю увагу яны зварачаюць на агітацыйную працу ў арміі і на організацыйную працу ў Менскім Гарадзкім Савеце. У вёску бальшавікі яшчэ не прабраліся. Сярод сялянства пачынае мець уплыў толькі што абуджаная організацыя С-Р. Сялянства, праўда, праз салдат арміі, ужо даведалася аб бальшавікох і пачынае з увагаю прыслухоўвацца да іх зусім простых і зразумелых сялянскаму сэрцу лёзунгаў. На першым сваім зьезьдзе, у красавіку, старшынёю Савету Сялянскіх Дэпутатаў яны даволі аднадушна абіраюць М. А. Міхайлава-Фрунзэ.

Пачала адраджацца і Беларуская Соцыялістычная Грамада. Зноў у розных мясцох Беларусі і Расіі (бежанцы) вынікаюць яе організацыі. Такія організацыі мы ведаем—у Менску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Маскве, Пецярбурзе, Саратаве і іншых мясцох. Ідуць мітынгі (Масква, Пецярбург) і дэмонстрацыі (Пецярбург, Менск). 25 сакавіка ў Менску адбыўся зьезд Беларускай Соцыялістычнай Грамады, на каторым былі абгавораны адносіны да бягучага моманту, да рускіх і на цыянальных соцыялістычных партый, да беларускіх і рускіх грамадзянскіх організацый і г. д. Програма партыі пакуль што не разглядалася. Было ухвалена ў найбліжэйшай будучыне склікаць другі, больш сталы зьезд і на ім паставіць пытаньне аб програме. Пасьля зьезду ў Менску стаў выдавацца цэнтральны орган партыі пад назваю «Грамада». У той час, як пецярбурская і некаторыя іншыя грамадаўскія арганізацыі зьвязаліся з рабочымі беларускімі коламі і станавіліся паступова на выразны рэволюцыйна-клясавы грунт, менская арганізацыя, каторая для Беларусі мела ў той час самае важнае значэньне, ня мела гэтай апоры і павінна была ўвайсьці ў зносіны з дробна-буржуазнымі нацыянальнымі беларускімі коламі і прыняць права-соцыялістычную ахварбоўку. Гэты факт меў вялізнае значэньне ў ходзе рэволюцыі на Беларусі.

З 25 сакавіка пачаўся ў Менску і зьезд прадстаўнікоў беларускіх організацый і партый. З розных месц сабралося каля 150 дэлегатаў. Зьезд абраў «Беларускі Нацыянальны Комітэт» у складзе 18 сяброў. Было ухвалена перадаць Комітэгу роль вышэйшай краёвай установы да выбараў у Краёвую Раду. У акладзе Комітэту быў адзін землеўласьнік (Скірмунт), адзін ксёндз, 14 інтэлігентаў і чыноўнікаў, адзін селянін і адзін рабочы. Грамадаўцаў у Комітэце было 6 асоб. Зразу мела, што пры такіх умовах грамадаўцы, як меншасьць, не маглі мець ніякай моцы ў Комітэце. Гэта стала ясна з самага пачатку, калі старшынёю Комітэту быў абраны быўшы член Першай Дзяржаўнай Думы, вялікі беларускі земдяўласьнік Раман Скірмунт.

Пад уплывам Нацыянальнага Комітэту пачынаюць засноўвацца ў розных мясцох новыя беларускія нацыянальныя організацыі самых розных політычных кірункаў. У Маскве організуецца Беларуская Народная Грамада. Яна мае звычайную на тыя часы агульна-дэмократычную праграму і патрабуе аўтаноміі для Беларусі. Яна гуртуе наўкол сябе прогрэсыйна-радыкальныя беларускія колы. У далёкім Туркестане вынікае арганізацыя беларусаў-аўтаномістых, каторая складаецца з беларускіх бежанцаў-інтэлігэнтаў і стаіць за аўтономную Беларусь у складзе Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі. У Магілёве складаецца Беларускі Нацыянальны Комітэт руска-кадэцкага кірунку. У Гомлі залажыўся Саюз Беларускай Дэмократыі, які складаўся з эвакуаваных з Вільні русіфікатараў-чыноўнікаў Віленскае вучэбнае акругі; беларускасьць і дэмакратызм Саюзу вельмі падазроныя. Зусім чорна- сотніцкі характар насіў Саюз Беларускага Народу ў Віцебску. Апроч таго, зьявіліся Беларускія Грамады ў розных гарадох Расіі, дзе было шмат бежанцаў. Ядром іх звычайна былі бежанскія комітэты, а програма насіла агульна-дэмократычны характар. Такія Грамады былі ў Яраслаўлі, Саратаве, Пензе і другіх гарадох. Вынікалі і хрысьціянскія беларускія організацыі, як, напрыклад, Каталіцкая Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць Беларусаў. Усе нацыянальныя беларускія арганізацыі воража адносіліся да Беларускай Соцыялістычнай Грамады і вялі з ёю бязупынную полеміку ў прэсе, на мітынгах, зьездах і г. д. Амаль што ўсе яны былі зьвязаны праз сваіх прадстаўнікоў з Беларускім Нацыянальным Комітэтам у Менску.

Беларускі Нацыянальны Комітэт ставіў сваёю мэтаю культурна-нацыянальнае і політычнае адраджэньне беларускага народу. Ён стаяў за ўтварэньне агульнай Расійскай Дэмократычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі, прычым у яе склад павінна была ўвайсьці Беларусь, як аўтаномная рэспубліка. У адозьве да жыхарства Беларусі Бел. Нац. Комітэт падкрэсьлівае сваю расійскую орыентацыю. Ён піша: «Экономічнае становішча[1] і тыя шырокія магчымасьці, якія адчыніліся з рэволюцыяй перад дэмократычнай Расіяй, зьвязвае нас з Расійскай Фэдэрацыйна-Дэмократычнай Рэспублікай. Комітэт лічыць патрэбным перасьцерагчы ад тых людзей, каторыя, прыкрываючыся імем беларускім, вялі-б пропаганду за далучэньне да Польшчы або да якога другога гаспадарства. Гэтакіх людзей Бел. Нац. Комітэт, паколькі яны выступалі-б ад яго імені, будзе лічыць за провокатараў» (Адозва Бел. Нац. Комітэту. «Вольная Беларусь», 1917 г. № 2, стар. 2). Па аграрным пытаньні Комітэт ня мае ніякай програмы, што зусім зразумела, калі прыняць пад увагу яго склад. Ён толькі вызначае, што зямельнае пытаньне на абшары ўсёй Расіі прынцыпова павінна быць выяўлена на Агульным Устаноўчым Сойме, а дэтальны разгляд гэтага пытаньня і прыстасаваньне яго да мясцовых умоў жыцьця на Беларусі павінны быць зроблены Краёваю Беларускаю Радаю.

У свой час зьезд беларускіх організацый і партый, утвараючы Нацыянальны Комітэт, абраў дэлегацыю ў складзе 7 асоб для зносін з Расійскім Часовым Урадам. Нацыянальны Камітэт, спадзяючыся на прыхільнасьць новага ураду Расіі да беларускага руху і выпаўняючы пастанову зьезду, організаваў пасылку дэлегацыі ў Пецярбург. Як дэлегаты паехалі—Скірмунт, Іваноўскі, Канчар і інш. Дэлегацыя хацела дабіцца ад рускага ураду згоды на організацыю краёвай улады на Беларусі, беларускай школы, права мясцовага заканадаўства і г. д. З вялікай цяжкасьцю беларуская дэлегацыя дабілася прыёму ў Часовага Ураду, але аўдыенцыя не дала ніякіх вынікаў. Дэлегацыя вярнулася ні з чым. Іншага і чакаць нельга было ад імпэрыялістычнага Часовага Ураду.

Прысутнасьць у Нацыянальным Комітэце земляўласьніка Скірмунта і правых элемэнтаў вельмі пашкодзіла беларускаму руху і асабліва соцыялістычнаму яго крылу. Беларускае пытаньне сталі лічыць панскай інтрыгай, пакірованай проціў сялянства і проціў зьвязку з рэволюцыйнай Расіяй. Пад падазронасьць былі ўзяты і левыя соцыялістычныя групоўкі беларусаў. З аднаго боку, беларусаў пачалі травіць гаспадары часу—меншавікі, эсэры, кадэты і правыя чорнасотніцкія элемэнты, абаронцы вялікай, адзінай, непадзельнай «матушкі»-Расіі. З другога боку, з згодніцкім беларускім рухам не маглі ісьці разам ужо заложаныя бальшавіцкія організацыі. Так было на першым зьезьдзе сялянскіх дэпутатаў Менскай губэрні, дзе бальшавікі прыпынілі разгляд беларускага пытаньня ў прэзыдыюме зьезду, абвясьціўшы яго наагул панскім рухам.

Адразу пасьля губэрскага зьезду Сялянскіх Дэпутатаў, Менскі Гарадзкі Савет у тым самым красавіку склікае зьезд Рабочых, Салдацкіх і Сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту і тылу. Пад фронтам і тылам разумелася ўся пазьнейшая так званая Заходняя Вобласьць, якая складалася з губэрань—Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай. Сабраліся дэлегаты. Яны яшчэ зусім мала разьбіраюцца ў палітыцы. Для іх кадэт-гэнэрал, эсэр-інтэлігэнт і бальшавіцкі прамоўца пакуль што роўныя велічыні. Згодніцкія партыі яшчэ маюць пасьпех. Зьезд выносіць усё-ж такі пастанову, каб у Выканаўчы Комітэт Заходняга фронту і тылу ўвайшлі прадстаўнікі толькі соцыял-дэмократаў і сацыялістых-рэволюцыянэраў. Разам з соцыял-дэмократамі ў Выканаўчы Комітэт заходняга фронту праходзіць некалькі і бальшавікоў.

Паступова лік сяброў бальшавіцкай організацыі пачынае расьці. Цэнтрам іх дзейнасьці зьяўляецца Менскі Гарадзкі Савет Дэпутатаў. У сярэдзіне траўня бальшавіцкая фракцыя ў Гарсавеце налічвае ўжо да 40 асоб. 21 траўня абіраецца, пакуль яшчэ нягласна, Менскі Комітэт бальшавіцкай фракцыі, которы концэнтруе увагу організацыі на шырокім разьвіцьці агітацыі сярод салдат заходняга фронту. А тут якраз наступаюць перавыбары ў Горсавет. Травеньскія перавыбары даюць бальшавіком яшчэ больш месц у Савеце. З кожным днём усё больш адчуваецца нязгода паміж Выканаўчым Комітэтам Зах. фронту, дзе бальшавікоў вельмі мала, і Менскім Саветам, катары, дзякуючы апошнім перавыбарам, зрабіўся гняздом бальшавікоў. Далейшае існаваньне бальшавіцкай фракцыі ў аб'яднанай С-Д організацыі робіцца непатрэбным, бо фракцыя ўжо настолькі моцная, што можа існаваць асобна ад меншавікоў. 4 чэрвеня адбываецца раскол паміж бальшавікамі і меншавікамі. Утвараецца ліквідацыйная Камісія, каторая дзеліць папалам сродкі С-Д організацыі. Абіраецца ўжо гласны комітэт бальшавіцкай партыі.

Адначасна з утварэньнем на Беларусі партыі бальшавікоў і Беларуская Сацыялістычная Грамада занялася пераглядам сваёй програмы і тактыкі. У Пецярбурзе, 4—6 чэрвеня адбыўся зьезд партыі, каторы прыняў проэкт новай програмы. Новая праграма старалася прыстасавацца да ўсё лявеючага настрою мас, паднятых рэволюцыяй і, апроч таго, яна, замест народніцкіх элемэнтаў, уводзіць у сябе соцыял-дэмократычны марксісцкі зьмест. Проэкт програмы максымум быў такі: «Бел. Соц. Грамада ставіць сваёю мэтаю увядзеньне соцыялістычнага парадку цераз разьвіцьцё клясавай барацьбы і соцыяльную рэволюцыю». Проэкт праграмы мінімум у політычным і эканамічным аддзелах па зьместу такі самы, што і ў С-Д. Па нацыянальным пытаньні зьмест проэкту програмы такі: «Дзеля таго, што політычныя і сацыяльныя рэформы могуць удацца і ўмацавацца толькі пры магутным падняцьці культурнага роўню народных мас, Беларуская Соцыялістычная Грамада лічыць патрэбным: 1) Шырокае разьвіцьцё беларускай культуры, як адзіная дарога да разьвіцьця грамадзкасьці і агульнага падняцьця культуры мас на Беларусі. 2) Нацыяналізацыя школы. 3) Поўнае самаўпраўленьне Беларусі з законадаўчым органам, Краёваю Радаю, выбранаю на аснове агульнага, роўнага, простага, патаемнага і пропорцыянальнага выбарнага права, для мясцовага законадаўства, раслрацаваньня і разьвіцьця законаў, выданых Расійскім парлямэнтам. 4) Адсутнасьць мытных граніц паміж Беларусьсю і іншымі часткамі Расійскай Фэдэрацыі. 5) Поўныя політычныя і экономічныя правы для ўсіх нацый, што жывуць на Беларускай зямлі“. Гэты проэкт програмы быў зацьверджан зьездам Грамады 14—25 кастрычніка ў Менску, як програма. Былі зроблены нязначныя рэдакцыйныя папраўкі.

Між тым урад Керанскага падгатаўляе чэрвенскае наступленьне на немцаў. 18 чэрвеня яно абвешчана. У Менску адбылася ў гэты дзень вулічная дэмонстрацыя. Побач з штандарамі згодніцкіх партый, што падтрымлівалі наступленьне, зьявіліся штандары, на якіх былі напісаны бальшавіцкія лёзунгі, якія патрабавалі ўстанаўленьня ўлады Саветаў, замірэньня з немцамі, рабочага контролю, безадкладнай перадачы зямлі сялянству і г. д. Вакол штандараў шмат дзе адбываліся бойкі паміж прыхільнікамі Часовага Ураду і прыхільнікамі бальшавікоў. Бальшавіцкія лёзунгі ў канцы канцоў усё-ж такі былі зьнішчаны. Контр-рэволюцыя ня дрэмле. Хутка пачынаюць формавацца ўдарныя часьці, каторыя, разам з жаноцкімі батальёнамі і рознымі чорнасотніцкімі організацыямі (саюз афіцэраў, саюз георгіеўскіх кавалераў і інш.), утвараюць трывожны настрой на Беларусі. На яе тэрыторыі, у Магілёве, хутка адбываецца карнілаўшчына, каторая політычна зусім дыскрэдытуе ўладу Керанскага. Бальшавіцкія організацыі вядуць упартую барацьбу як проціў карнілаўшчыны, так і проціў усёй контр-рэволюцыі. Згодніцкія фронтавыя комітэты і камандны склад робяць масавыя арышты салдат за іх бальшавіцкі настрой, навядзеньне і агітацыю. Арыштаваных шлюць у турмы, напр., у Менск, каторы лічыць іх тысячамі. Хутка ў Менску эмітаваная бальшавікамі варта адмаўляецца іх сьцерагчы, і арыштаваныя, разам з сваімі вартаўнікамі, вольна ходзяць па горадзе і прымаюць удзел у бальшавіцкай агітацыі і пропагандзе. Паводле пропозыцый Горсавету яны організуюцца ў асобны полк. Цяпер палажэньне Горсавету значна паляпшаецца. У яго руках маецца збройная сіла, каторую заўсёды можна пакіраваць на сваю абарону.

Што да Беларускага Нацыянальнага Комітэту, то ён ня мае амаль што ніякага ўплыву на гэтыя падзеі. Беларускія соцыялістыя прымаюць меры, каб палажыць канец яго існаваньню і ўтварыць, замест яго, новую організацыю, больш адпавядаючую бягучаму моманту. Яны лічаць, што трэба адсунуць ад беларускага руху буржуазныя элемэнты, каторыя не адпавядаюць паглыбленьню рэволюцыі і кладуць пляму на ўвесь беларускі рух. Згодна запатрабаваньню Бел. Соц. Грамады, Нацыянальны Комітэт склікае другі зьезд прадстаўнікоў партый і організацый, катары адбываецца 8—12 ліпеня 1917 году. На зьезьдзе выніклі бурныя опрэчкі паміж Бел. Соц. Грамадою і буржуазнаю часткаю Нацыянальнага Комітэту, аб’яднанаю наўкол утворанай перад зьездам Беларускай Партыі Народных Сацыялістых. Зьезд амаль што не сарваўся. Пасьля некаторых компромісаў з боку Бел. Соц. Грамады, зьезд выбірае, замест Нацыянальнага Комітэту, Цэнтральную Раду Беларускіх Організацый і Партый.

Першая сэсія Цэнтральнае Рады, якая адбылася 5-6 жніўня ў Менску, у прысутнасьці дэлегатаў ад 23 беларускіх арганізацый, апрацавала Статут Рады. Прыводзім тут важнейшыя пункты з Статуту. «Адпавядальным кіраўніком і прадстаўніком усяе беларускае справы ёсьць Цэнтральная Рада Беларускіх Організацый. Рада будуецца на прынцыпах: політычным—поўнага дэмократызму і сацыяльным—перадача ўсёй зямлі бяз выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў рабочых. Рада складаецца з дэпутатаў, якіх пасылаюць усе беларускія організацыі, гэтак сама гарады, воласьці, мястэчкі, бежанскія арганізацыі і ваенныя часьці, калі прызнаюць патрэбу аўтономіі Беларусі, роднай мовы і разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры». Такім спосабам, Цэнтральная Рада моцна розьніцца ад Нацыянальнага Комітэту сьцісла абмяжованымі прынцыпамі. Круг яе чыннасьці значна пашыраецца. Яна завязвае зносіны з вялікім лікам бежанскіх арганізацый і вайсковых часьцей. Для лепшай сувязі з апошнімі на той-жа самай першай сэсіі Рада прымае «Статут Беларускіх Нацыянальных культурна-прасьветных гурткоў у войску». На аснове Статуту, у кожнай часьці вайсковыя беларусы яднаюцца ў «Грамаду» і кіруюцца ў політычнай і нацыянальнай справе пастановамі Беларускай Цэнтральнай Рады. Вайсковыя беларусы павінны стаяць проціў усякіх цэнтралістычных кірункаў з таго ці іншага боку і дбаць аб абароне інтарэсаў рэволюцыі. «Калі інтарэсам рэволюцыі і новага рэспубліканскага ладу будзе пагражаць якая небясьпека з боку контр-рэволюцыянэраў і прыслужнікаў старога самадзяржаўнага рэжыму, то беларускія гурткі і праз іх беларускія вайсковыя грамады павінны разам са ўсімі дэмакратычнымі організацыямі і прыхільнікамі рэволюцыі змагацца ўсімі спосабамі з такімі контр-рэволюцыйнымі захадамі» (§ 5 Статуту). «Жадныя стараньні ў справе організацыі асобных беларускіх палкоў ня могуть мець месца, пакуль аб гэтым не паведаміць Цэнтральная Рада Беларускіх Організацый» (§ 10 Статуту). Як відаць з Статуту, Цэнтральная Рада добра адчувае патрэбы моманту. Яна, падобна партыі бальшавікоў, зварачае вялікую ўвагу на замацаваньне свайго ўплыву сярод збройных сіл, каторыя былі-бы для яе апораю ў будучай барацьбе. Вельмі хутка яна бярэ пад свой уплыў цэлы рад беларускіх вайсковых організацый, каторыя да гэтага часу выніклі ў розных мясцох на паўднёвым, заходнім і паўночным франтох, у Балтыцкім флоце, Гэльсінгфорсе і г. д. Скора ўсе беларускія вайсковыя організацыі злучаюцца ў адну Цэнтр. Беларускую Вайсковую Раду, каторая трымае сьціслую сувязь з Цэнтр. Радай Беларускіх Організацый і Партый. А бальшавіцкія сілы на Беларусі ўсё растуць і растуць. Менскі комітэт робіць крокі для іх організацыі. Ён назначае партыйную конфэрэнцыю на першае верасьня. Карнілаўскае паўстаньне было перашкодаю да канфэрэнцыі. Сабраліся прадстаўнікі далёка ня ўсіх бальшавіцкіх організацый. Тым ня менш прысутныя на конфэрэнцыі мелі за сваімі плячыма каля 2.500 організаваных членаў партыі. Замест конфэрэнцыі была зроблена толькі нарада па організацыйных пытаньнях, і прысутныя разьехаліся з тым, каб зьявіцца ў поўным ліку на конфэрэнцыю праз два тыдні. Першая Паўночна-Заходняя Абласная конфэрэнцыя партыі бальшавікоў пачалася 15 верасьня. Яна мела за сваймі плячыма больш 9.000 організаваных членаў і каля 25.000 спачувальнікаў. Гэта была вялікая рашучая сіла, гатовая на барацьбу. Конфэрэнцыя абгаварвала пытаньне аб збройным паўстаньні і абрала Паўночна-Заходні Абласны Комітэт партыі бальшавікоў.

У пачатку кастрычніка сабралася другая Абласная Конфэрэнцыя. Яна адзначыла надзвычайны рост бальшавізму. Канфэрэнцыя прадстаўляла 28.500 організаваных членаў партыі і каля 30.000 спачувальнікаў. Гэта былі ў большасьці салдаты арміі, каторыя толькі па пачуцьці былі бальшавікамі, але заўсёды былі гатовы кінуць вайну імпэрыялістычную і кінуцца ў вайну грамадзянскую.

Пачынаючы з гэтай конфэрэнцыі, шлях рэволюцыі ідзе ўжо проста да Кастрычніка.

  1. Стан, палажэньне