Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Вялікі Кастрычнік на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лютаўская рэволюцыя Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Вялікі Кастрычнік на Беларусі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вялікі Кастрычнік на Беларусі.

У муках творчасьці праходзіла соцыяльная рэволюцыя на Беларусі. Тут супыніўся фронт імпэрыялістычнай вайны і падзяліў Беларусь на нямецкую і расійскую частку. Тут Кастрычнік спаткаўся з узброеным старым сьветам Заходняй Эўропы. Доўга ішла барацьба і перавага была то на тэй, то на другой старане. Апроч таго, соцыяльная рэволюцыя на Беларусі спаткалася з нацыянальным пытаньнем. Заблутанае на працягу сотак год і разбуджанае Лютаўскай рэволюцыяй, востра стала яно на парадку дзённым і павінна было разьвязвацца ў сувязі з соцыяльным клясавым пытаньнем. Патрэбен быў час для таго, каб устанавіць гэтую сувязь і замяніць у нацыянальным пытаньні прынцып адзінага нацыянальнага фронту прынцыпам адзінага, рэволюцыйнага, рабоча-сялянскага фронту. Нацыянальны рух, які ў пачатку ішоў ня помеж з Кастрычнікам, павінен быў уліцца ў русло соцыяльнай рэволюцыі.

Тры гады ішла барацьба паміж старым і новым, каб давясьці да канца мэты Вялікага Кастрычніка на ўсходняй частцы Беларусі, бо яшчэ й цяпер Заходняя Беларусь чакае рэволюцыі. Яшчэ ня прышоў час, каб даць гісторыю Кастрычнікавай рэволюцыі на Беларусі, тым ня менш мы адзначым важнейшыя факты.

Пачаўся Кастрычнік на Беларусі ў абставінах фронту. На чале фронту стаіць абраны яшчэ раней Фронтавы Выканаўчы Комітэт, дзе перавагу маюць згодніцкія элемэнты. Ініцыятыву соцыяльнай рэволюцыі бярэ ў свае рукі Менскі Гарадзкі Савет, дзе сконцэнтравалі свае сілы бальшавікі. З пачаткам Кастрычнікавай рэволюцыі ў Пецярбурзе, па ініцыятыве Мен. Гарадз. Савету, 26-га кастрычніка ўтвараецца Ваенна-Рэволюцыйны Комітэт Заходняй Вобласьці, на старану каторага паступова пераходзяць асобныя вайсковыя часьці фронту, каторы і забірае ўладу ў свае рукі.

19-га і 20-га лістапада ў Менску адбываецца тры зьезды: 1) Абласны зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў; 2) Абласны зьезд сялянскіх дэпутатаў і 3) Фронтавы зьезд. Усе зьезды ухвалілі патрэбу на Беларусі Савецкай улады і злажылі адзіны Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту (Абліскамзап). Пэрсональны склад комітэту больш адпавядае інтарэсам фронту, чым Беларусі. Беларускія вайсковыя організацыі засталіся за межамі яго ўплыву, ён наогул не ўвабраў у сваю працу беларускага нацыянальнага руху.

Беларускі рух сконцэнтраваўся ў Менску наўкол Цэнтральнай Рады Беларускіх Організацый і Партый і Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, якая організавалася ў сярэдзіне кастрычніка. Рада стаіць на грунце адзінага нацыянальнага фронту і прагнецца сабраць наўкол сябе «ўсе жывыя сілы бацькаўшчыны».

Сярод нацыянальных беларускіх організацый вынікае думка склікаць Усебеларускі Конгрэс. Гэтай думкай зацікавілася і беларуская соц.-дэмократычная партыя бальшавікоў, якая вырасла ў Пецярбурзе з левага крыла Белар. Соцыялістычнай Грамады. Беларусы-балышавікі хацелі скарыстаць Конгрэс для таго, каб пакіраваць рабоча-сялянскую частку яго ў бок соцыяльнай рэволюцыі. Дзеля гэтага яны павінны былі прыбыць на Кангрэс, але спазьніліся і ня мелі ўплыву на працу Кангрэсу.

Конгрэс адчыніўся ў Менску 14-га сьнежня 1917 году. Сабралося 1.872 дэлегаты, з якіх 1.167 былі з пастанаўляючымі галасамі. У большасьці сваёй Конгрэс быў сялянскім, хоць было тут і шмат рабочых, прадстаўнікоў коопэрацыі, гарадоў, соцыялістычных партый і г. д. Як відна з асноўнага пункту агульнай рэзолюцыі Кангрэсу, ён стаў на дэмократычную пляцформу. Пад націскам рабочых і пасавецку настроеных салдат і сялян ён прызнаў, праўда, як часовую, Савецкую уладу на Беларусі, абраную з яго складу, і сувязь яе ў дзелавых толькі зносінах з Савецкай Расіяй. Конгрэс як-бы хацеў знайсьці сярэдняе места паміж рэволюцыяй і контр-рэволюцыяй, стаўшы на плятформу адзінага нацыянальнага фронту.

Пры такім настроі Конгрэс павінен быў быць прызнан мясцовай Савецкай уладай варожым для яе, бо ён ня прызнаў уладу абранага зьездам Саветаў Абласнога Выканаўчага Комітэту Зах. вобласьці і фронту. У ноч на 18 сьнежня ён быў сілаю распушчан камісарамі Абліскомзапу. Нацыянальны рух адарваўся ад агульнага рэволюцыйнага руху. Сацыяльная рэволюцыя губіць, з свайго боку, уплыў на тыя масы рабочых і сялян, якія стаялі за плячыма беларускіх нацыянальных організацый.

Распушчаны конгрэс пасьпеў абраць Раду Конгрэсу. Рада зышла ў падпольле і абвясьціла сябе сувэрэннай уладай беларускага народу. Усе другія беларускія організацыі былі ёю распушчаны, каб аб’яднаць беларускі рух у сваіх руках. Настрой на Беларусі быў напружаны. Няўдачна йшлі мірныя перагаворы ў Бярэсьці. Руская армія разыходзілася, астаўляючы граніцы Беларусі безабароннымі перад нямецкім імпэрыялізмам. Урэшце перагаворы прыпыніліся, і кайзэраўская армія пашла ў наступленьне. 19-га лютага 1918 г. Савецкая улада пакінула Менск. Рада Конгрэсу забрала ўладу ў свае рукі. Яна напоўніла сябе прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцей і выдзеліла з свайго складу выканаўчую ўладу, Народны Сакратарыят (1 Грамата Рады 21-ІІ 1918 г.). Дзейнасьць новага ураду пачала разьвівацца з вялікай быстрынёй, але была прыпынена прыходам немцаў (25-11). Немцы захапілі ўсю уладу ў свае рукі, але спачатку яны не перашкаджалі формальнаму існаваньню ўлады Рады.

Рада ўцягнула ў свой склад прадстаўнікоў земстваў і гарадоў і Ўстаўнай Граматай (9-ІІІ) абвясьціла Беларусь Народнай Рэспублікай, у каторай заканадаўчую ўладу мела Рада, а выканаўчую—Народны Сакратарыят. Сувязь з Савецкай Расіяй фактычна парвана, але юрыдычна гэты акт яшчэ не абформлен. Юрыдычна парвала сувязь з Расіяй Віленская Беларуская Рада, якая яшчэ 18-га лютага абвясьціла аб гэтым у сваёй пастанове. Афармленьне незалежнасьці Беларускай Дзяржавы Радаю Конгрэсу адбылося ў ноч на 25-ІІІ 1918 г. (ІІІ-я Устаўная Грамата). Рада абвяшчае, што «ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай». Пасьля акту аб незалежнасьці прадстаўнікі земстваў і гарадоў вышлі з Рады, бо Рада парушыла прынцып «адзінай, недзялімай» Расіі. Ясна, што пад Расіяй яны разумелі не савецкую, а кадэцка-эсэраўскую Расію. Іх месцы былі аддадзены Беларускаму Прадстаўніцтву гор. Менску, якое складалася з менскіх домаўласьнікаў, чынавенства, духавенства, панства і г. д. Рада значна правее.

Яе не здавальняе фіктыўная незалежнасьць. Некаторыя з радных высоўваюць думку зьвярнуцца да Вільгэльма асабіста з просьбаю аб прызнаньні незалежнай Беларускай Рэспублікі. Магчыма, што да такога політычнага акту іх хілілі літоўскія падзеі. 23-га красавіка кайзэр асобным рэскрыптам прызнаў незалежнасьць Літоўскай Рэспублікі. 25-га красавіка Рада большасьцю галасоў ухваляе паслаць тэлеграму Вільгельму. У сваёй тэлеграме Рада дзякуе кайзэра за «вызваленьне» Беларусі і просіць яго «ўмацаваць дзяржаўную незалежнасьць і недзялімасьць краю ў зьвязку з Гэрманскай імпэрыяй». Тэлеграма сьведчыць аб поўным адрыве Рады ад беларускіх працоўных мас, стагнаўшых пад цяжарам нямецкай окупацыі.

Зусім іначай пашоў беларускі рух на ўсходзе, у межах улады Саветаў. Ён сконцэнтраваўся ў Пецярбурзе каля Беларускай соцыял-дэмократычнай організацыі і левага крыла Беларускай Соцыялістычнай Грамады. Тут вынікае думка аб утварэньні Незалежнай Рабоча-Сялянскай Савецкай Беларусі, якая павінна ўвайсьці ў агульна - Расійскую Савецкую Фэдэрацыю. Замест адзінага нацыянальнага фронту, тут ставіцца адзіны клясавы, рэволюцыйны фронт. У пачатку лютага 1918 году пры Наркамнацы організуецца Беларускі Нацыянальны Камісарыят, дзе працуюць беларусы-комуністыя і лева-грамадаўцы. У сакавіку Бел. Нац. Кам. пераносіць сваю працу ў Маскву і пашырае яе сярод шырокіх бежанскіх мас: склікаюцца зьезды, высылаюцца эмісары, пашыраецца літаратура ў беларускай мове і г. д. У Магілёўшчыне, Віцебшчыне і Смаленшчыне працуе Абліскомзап. К восені 1918 году тут устанаўліваецца пэўны пагляд на важнасьць правільнай пастаноўкі нацыянальнага беларускага пытаньня.

Тымчасам соцыяльная рэволюцыя пераносіцца ў Гэрманію. Падае Вільгельм, кайзэраўская армія раскідаецца і паступова пакідае Беларусь. Чырвоная армія без вялікіх перашкод вызваляе тэрыторыю акупаванага немцамі краю. 12-га сьнежня вызваляецца сталіца Беларусі Менск. У сярэдзіне сьнежня ў Маскве зьбіраецца конфэрэнцыя беларускіх сэкцый РКП. Яе адозва, пакірованая да рабоча-сялянскіх мас Беларусі, кліча іх ісьці ня з Радаю, а з бальшавікамі. Конфэрэнцыя прызнае канечную патрэбу стварыць вольную рабоча-сялянскую савецкую Беларусь у сьціслай фэдэрацыі з Савецкай Расіяй. Крыху пазьней, 26-га сьнежня 1918 году, у Смаленску сабралася VI Паўночна-Заходняя Абласная Конфэрэнцыя РКП. І тут таксама стала пытаньне аб Беларусі. Выявілася, што нацыянальнае беларускае пытаньне павінна быць разьвязана. Выходзячы з гэтае прадпасылкі і маючы на мэце далейшы пасьпех у барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі, Конфэрэнцыя абвясьціла, што яна стаіць за ўтварэньне незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі. Разам з тым яна абвясьціла сябе Першым Зьездам Комуністычнай партыі Беларусі (29-га, XII, 1918).

Першага студзеня 1919 году ў Смаленску адбылася ўрачыстасьць абвяшчэньня Незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Беларускай Рэспублікі. Утворан Часовы Урад, на чале якога быў пастаўлен вядомы беларускі працаўнік 3. Жылуновіч. Другога студзеня Часовы Работніцка-Сялянскі Урад Беларусі выдае маніфэст, пакірованы да рабочых, беднага сялянства і чырвонаармейцаў Беларусі. Зьмест яго такі: Вялікая Кастрычнікаўская Рэвалюцыя ў Расіі вызваліла рабочых і сялян, гэтых праўдзівых гаспадароў жыцьця. Ідзе шчасная пара і для працоўных мас Беларусі, якія «паміж народамі Расіі, Літвы, Украіны і Латвіі ад сяголетняга дня становяцца вольнымі і поўнапраўнымі гаспадарамі вольнай незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі. Ад гэтага дня Беларусь—Савецкая Рэспубліка—становіцца рэспублікай працоўнага народу, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў Беларусі». «Уставайце ўсе на абарону яе». «Да барацьбы з чорнымі грамадамі польскіх легіянэраў». Улада окупантаў ад гэтага часу лічыцца скасаванай, яе забіраюць у свае рукі Саветы. Беларуская Рада з яе народнымі міністрамі абвяшчаецца без абароны законам. Працоўныя масы ўсіх нацыянальнасьцяй карыстаюцца роўным правам. «Уся зямля памешчыкаў, манастыроў, цэркваў, касьцёлаў, духоўнікаў, з усім жывым і мёртвым багацьцем, а таксама ўсе лясы, воды і нетры зямлі становяцца дастаткамі працоўнага народу Беларусі». «Уводзіцца 8 гадзін працы ў дзень без зьверхурочных гадзін». Урад даручае Чырвонай арміі, рабочым і сялянанскай беднаце Беларусі абарону заваяваньняў соцыяльнай рэволюцыі.

Крыху раней (6, XII, 1918) організуецца Літоўская Савецкая Рэспубліка. Націск з боку Польшчы, якая і Літву і Беларусь лічыла сваймі провінцыямі, вымусіў абедзьве новыя рэспублікі задумацца аб сваім палажэньні. Вынікала пытаньне аб злучэньні сіл тэй і другой рэспублікі для лепшай іх абароны. Злучэньне і адбылося 27/ІІ 1919 году. Літва і Беларусь злучыліся ў адну Літоўска-Беларускую Савецкую Соцыялістычную Рэспубліку. У дэклярацыі было вызначана, што злучэньне рэспублік ня мае сваёю мэтаю ніякіх ваяўнічых плянаў у вадносінах да суседзяў; што яно зроблена выключна для лепшай абароны праў рабоча-сялянскіх мас Літвы і Беларусі і для цьвярдзейшага ўстаўленьня злучаных гэападарстваў. Быў абраны агульны прэзыдыум Цэнтральных Выканаўчых Комітэтаў абедзьвюх рэспублік і зацьверджана Рада Народных Камісараў.

Імпэрыялістычная вайна, а потым окупацыя зруйнавалі край. Трэба было шмат працаваць над падняцьцем народнай гаспадаркі як у галінах земляробства, так і прамысловых. Закладаюцца саўхозы ў вялікім ліку, што вызвала, нават, нездаваленьне сялянства, якое лічыла, што панская зямля ўва ўсім яе абхваце павінна перайсьці да сялянства. Фабрыкі і заводы, спыніўшы сваю чыннасьць у папярэднія часы, пакрыху пачынаюць ажываць. Зывернута асаблівая увага на адраджэньне скураной і дрэвавырабнай прамысловасьці. Народная асьвета пашыраецца. Першы раз на тэрыторыі Беларусі Савецкая ўлада прыступае да будоўлі школы ў шырокім маштабе на беларускай мове. Ідуць спробы ажыцьцявіць дэкрэт аб чатырох дзяржаўных мовах на Беларусі, аднэю з якіх і зьяўляецца беларуская мова. Шырыцца популярнае выдавецтва. Апрацоўваюцца пляны будучага беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту; часова заданьні вышэйшай школы нясе Пэдагогічны Інстытут Народнае Асьветы. Вялікаю перашкодаю для працы зьяўляецца адсутнасьць комуністычных і савецкіх працаўнікоў, якія ведалі-б беларускую вёску. Дзеля гэтага вёска ня можа ўцягнуцца ў савецкае будаўніцтва маладой савецкай рэспублікі. Бракуе і працаўнікоў, ведаючых беларускую мову, што вельмі парашкаджае разьвязаньню нацыянальнага пытаньня. Апроч таго, яшчэ адчуваюцца вялікадзяржаўныя перажыткі сярод савецкіх працаўнікоў, што вызывае дробнабуржуазны нацыяналізм сярод мясцовых работнікіаў-інтэлігэнтаў і падрывае веру да партыі і Савецкай улады ў нацыянальным пытаньні.

Далейшаму разьвітку працы ставіць перашкоды польскі імпэрыялізм. Белыя арлы белай Польшчы працягваюць свае кіпці, каб упіцца ў жывое цела рабоча-сялянскай Беларусі. Польшча, моцная капіталам Антанты і дзеючая па яе плянах і загадах, выступае проціў Вялікага Кастрычніка на Беларусі. Расія акружана з усіх бакоў; яна ня мае сілы зьвярнуць поўную увагу на заходні фронт. Адходзіць Чырвоная армія крок за крокам. Зноў наступаюць для працоўных мас Беларусі цяжкія часы окупацыі. На гэты раз, замест немцаў і Вільгэльма, зьявіліся бела-палякі з панам Пілсудзкім. Менск, сталіца Беларусі, 8-га жніўня ўжо знаходзіцца ў руках польскага гэнэрала Шэптыцкага. Польская армія дайшла да Бярэзіны. Захапіўшы Вільню, Пілсудзкі выдае 22-га красавіка вельмі цікавую адозву да насяленьня быўшага Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая адозва ў вялікім ліку зьявілася і на вуліцах Менску праз некалькі гадзін пасьля захвату гораду окупантамі. Вось зьмест яе: Беларусь шмат гадоў ня ведае свабоды; яна ўвесь час знаходзілася пад гвалтам—расійскім, нямецкім, урэшце, бальшавіцкім, «гэткая бязупынная няволя, добра вядомая мне самому, як радзіўшамуся на гэтай нешчасьлівай зямельцы, павінна быць урэшце спынена. Польскае войска, прышоўшае на Беларусь, нясе ўсім Вам свабоду». «Хачу Вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы так, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы». На Беларусі яшчэ грымяць гарматы, але ўлада з ваенных рук перададзена ў цывільны загад, у каторы будуць запрошаны мясцовыя людзі.

Мэты ураду такія: 1) даць магчымасьць жыхарам пагутарыць аб сваіх патрэбах праз абраных імі прадстаўнікоў; 2) памагчы каму трэба жыўнасьцю, памагчы ў працы вытвараючай, абясьпечыць лад і супакой; 3) апекавацца над усімі бяз розьніцы веры і нацыянальнасьці. Канчаецца адозва прызывамі зьвяртацца да пастаўленых улад «адкрыта і шчыра ў кожнай патрэбе і ў справах, каторыя ляжаць вам на сэрцы і цікавяць вас».

Адозва напісана ў сантымэнтальна-романтычным стылю «многаглаголівага» Керанскага. Тут і «забытая богам старонка», і «нешчасьлівая зямелька», тут і «сэрца», і «шчырасьць». Але цікава тое, што ёсьць тут і «жыўнасьць». Калі ня зробіш уплыву на сэрца, то рабі яго на жывот. У адозьве гаворыцца толькі аб «унутраных» справах і нічога ня сказана аб агульнай незалежнасьці. Само сабой зразумела, што аб соцыяльных справах няма ні слова, бо разьвязваць соцыяльныя справы—гэта справа бальшавікоў, якіх так ня любіць пан Пілсудзкі; апроч таго, калі паставіць у абвестку соцыяльныя справы, тады ня можна было-б Пілсудзкаму гаварыць аб прызыве да ўлады «мясцовых людзей, сыноў гэтае зямлі», якіх бальшавікі пагналі з іх беларускіх маёнткаў; гэтыя «мясцовыя людзі» потым у самай справе былі пакліканы да ўлады, і беларускае сялянства добра памятае іх.

У канцы жніўня выдаецца абвяшчэньне № 16, якое таксама думае аб гэтых «мясцовых людзях». Там ясна, чорным па беламу, напісана так: усякая прыватная ўласнасьць, ці будзе яна гвалтоўна захоплена ці мо’ прыпадкова папаўшая, павінна быць безадкладна звернута ўласьнікам. Уласьнікі зямельнай маёмасьці альбо іх правамоцныя намесьнікі змушаюцца да 10-га верасьня прыняць у сваё ўладаньне зямельную маёмасьць. Зразумела, што паны-земляўласьнікі, «сыны гэтае зямлі», пасьпяшылі выканаць гэтае прадпісаньне і пачалі забіраць свае маёнткі ад пасынкаў Беларусі, якія дзе-ні-дзе ў часы бальшавіцкай улады захапілі панскую зямлю.

Каб задаволіць нацыянальнае пытаньне, хутка пасьля захвату Менску (20-га жніўня 1919 г.) выдаецца загад № 2 аб карыстаньні беларускаю моваю. Загад абвяшчае: «Ст. І. На абшарах, занятых польскімі войскамі, урадавай мовай лічыцца мова польская. Урадавыя загады будуць выдавацца ў польскай мове побач з перакладам іх на мову беларускую. Першае месца займае аснова польскай мовы. Ст. ІІ. У сваіх зносінах з уладай насяленьне можа ўжываць побач з польскай і мову беларускую».

Гэты загад аб мове таксама вельмі двухсмысловы. Так і няясна, што такое з формальна-юрыдычнага боку беларуская мова. Мова польская—урадавая. А беларуская?—У кожным разе не урадавая. Тым ня менш яе можна ўжываць, праўда, гэтае ўжываньне паводле тэксту загаду не забясьпечана абавязковасьцю са стараны ураду «разумець» гэтую мову.

Пры ўступленьні ў Менск Пілсудскі выдаў яшчэ адну адозву да беларускага насяленьня. У адозьве вызначалася доўгае сужыцьцё беларускага народу з польскім народам. Гэтае сужыцьцё намалёвана ружоваю хварбаю. Адозва вызначае, што польскія войскі, заняўшыя Менск і прагнаўшыя бальшавікоў, адчынілі зноў для Беларусі магчымасьць далейшага шчасьлівага сужыцьця двух братніх народаў. Пілсудскі заяўляе, што ён «хацеў-бы бачыць гэты край вольным паміж вольнымі народамі»; што належыць да ўзаемаадносін з Польшчаю, то Беларусь будзе гаварыць з ёю, «як роўны з роўным і вольны з вольным».

Сярод прыхільнікаў Беларускай Рады прыход белапалякаў падняў надзеі. Яны хацелі верыць яго адозвам і не прымячаць усёй няяснасьці і адмоўных бакоў гэтай адозвы. Пакрысе зьбіраюцца сябры Рады. У тагачаснай беларускай прэсе («Звон», «Беларусь») вызначаецца, што польская дэмократыя павінна шанаваць незалежнасьць Беларусі, бо Польшча ў часы царызму на сваім карку вынесла шмат няволі; польскі і беларускі народ заклікаюцца да дружнага сужыцьця і працы.

У Менск сабралася значная частка радных. Польская захватная політыка вельмі хутка зрабілася яснай, што адзначылася і ў беларускай прэсе, якая пачала выражаць нездаваленьне польскай політыкай. Сярод радных утварыліся дзьве групіроўкі. Адна частка (беларускія С-Р і соцыялістыя-фэдэралістыя) лічыла, што працаваць з окупантамі няма ніякай магчымасьці, другая частка лічыла, яшчэ чакаць зьмены да лепшага ў польскай політыцы. На гэтым грунце адбыўся 13/ХІІ 1919 году раскол старой Рады. Антыпольская эсэраўская частка ўтварыла новую Раду і свой габінэт міністраў, каторы выехаў у белую Літву. Другая частка, назваўшы сябе Найвышэйшай Радай, яшчэ зьбіралася працаваць з окупантамі.

Як мы казалі вышэй, 8-га жніўня 1919 г. польская армія ўваходзіла ў Менск і лавінаю расшыралася па Беларусі. Армія, што й гаварыць, па надворным сваім выглядзе была вельмі бліскучая. Добрыя коні, зброя і вопратка, вялікі лік артылерыі, танкаў. За арміяй цягнуліся абозы на фурманках з запаснымі коламі і тармазамі. Вельмі часта ў абозах і артылерыі магчыма было бачыць асобую пароду коняй-цяжкавозаў з доўгімі вушамі. Фурманкі былі набіты ўсякаю «жыўнасьцю».

Буржуазія спаткала армію з захапленьнем. Зусім не такі настрой быў у пролетарскіх колах і ў колах гарадзкой і вясковай беднаты. Прышла армія на абарону фабрыкантаў, паноў, ксяндзоў і г. д., і чым больш яна была бліскучая, тым цямней было на сэрцы беднаты. У галовах бадзяліся думкі, зьвязаныя з страхам і адчаем. Здавалася, што ніколі ня хопіць сіл у пролетарыяту і сялянства, каб прагнаць гэтае бліскучае белапольскае войска.

Адразу пасьля ўваходу арміі, па гарадох, мястэчках і вёсках Беларусі пачаліся пагромы. Шукалі комуністых, білі яўрэяў, сялян, якія спачувалі саветам. Даволі было каму-небудзь з паноў ці падпанкаў паказаць на чалавека пальцам, што гэта—бальшавік, як гэты чалавек ставіўся да сьценкі. Шмат загінула народу, нават зусім непавіннага ў бальшавізьме. Дасталося коопэрацыйным і яўрэйскім крамам, якія таксама чамусь лічыліся бальшавіцкімі і аддаваліся на грабества. Па гарадох і мястэчках найбольш цярпелі яўрэйскі пролетарыят і бедната, па вёсках—батракі маёнткаў і сялянская бедната.

Вярнуліся фабрыканты і паны. І тыя і другія пачалі шукаць і забіраць сваю маентнасьць і зямлю, адабраную ў іх бальшавікамі. Пашлі ўдаваньні, вобыскі. Запоўніліся вастрогі гарадзкою і вясковай беднатою. У вастрогах для лепшага сазнаньня намечаных праступнікаў былі пушчаны ў ход жорсткія кары. Па вёсках разьехаліся «канаркі»— жандары, утварылі вясковыя «постэрункі» і, разам з зьвярнуўшымся панствам, вышуквалі тых, хто быў проціў пана. Загулялі па мужыцкіх карках шомпалы і бізун. Паны паатрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на мясцох. У паветах яны сядзелі як старасты, у валасьцёх-гмінах—як войты. Моц эканамічная злучылася з уладай політычнай. Рабочыя па гарадох і сялянства па вёсках былі зусім без абароны.

Паўсюды насаджаўся зьвярыны каталіцка-польскі шовінізм. Каталік і паляк сталі сынонімамі. Беларусы-каталікі былі запісаны ў палякі. Назва «беларус» была для акупантаў пудзілам. Паны бралі пачуцьцём, што беларускі рух, як рух запрыгоненага імі сялянства, ёсьць рух у корані не нацыянальны толькі, але і соцыяльны. Па гарадох прагнуліся пры дапамозе рэлігіі і нацыі разлажыць рабоча-профэсыянальны рух. Зьявіліся каталіцка-польскія і юдэйска-яўрэйскія рабочыя саюзы. Каталіцкім саюзам даваліся ўсякія прывілеі. Нават коопэрацыю разьбівалі па рэлігійна-нацыянальных прыметах. Пашла полёнізацыя школы. Падтрымваліся ўсякімі незаконнымі сродкамі каталіцка-польскія школы. Школы рускія чыноўнага і «истинно-русского» напрамку лічыліся як магчымыя і цярпімыя. Асабліва даставалася беларускім школам. Ня выратаваліся і яўрэйскія хэдэры, хоць яны былі клерыкальнымі школамі яўрэйскіх сынагогальных вобшчын.

У вадказ на такія акупацыйныя злачынствы пачынаецца на Беларусі патаемны рух, які ў гарадох носіць амаль што выключна політычна-соцыяльны кірунак, а на вёсцы яшчэ і нацыянальна-беларускі кірунак. Найраней пачаўся рух сярод рабочых. Профсаюзы, у якіх дагэтуль меў вялікую сілу Бунд і Поалей-Цыон, ня хочуць і ня могуць ісьці за гэтымі згодніцкімі партыямі. Шырока разьвіваецца тут комуністычная праца. Бунд павінен ахварбавацца ў комуністычную хварбу. Падпольная організацыя Компартыі Літвы і Беларусі з кожным днём мае ўсё больш і больш прыхільнікаў. Вельмі хутка ад агітацыі і пропаганды партыя пераходзіць да падгатоўкі паўстаньня. Здабываецца зброя, організуецца разьведка і невялічкія аддзелы паўстанцаў.

Заварушылася і вясковая бедната. Дагэтуль яна мела слабую сувязь з камуністычным рухам. Раней сялянства на Беларусі было пераканана, што бальшавікоў на Беларусі няма, што яны выключна расійцы, правадыры іх жывуць у Маскве, а сюды толькі прыяжджаюць, каб змагацца з панамі. Окуланты-імпэрыялістыя, што праганялі Вялікі Кастрычнік з Беларусі, падтрымлівалі гэты вясковы міт аб бальшавікох.

Політыка-соцыяльны і нацыянальны уціск над вёскай прабудзілі вясковую моладзь. І сюды прыпала Кампартыя і Комсамол. Побач з імі, вырастае «Беларуская Комуністычная організацыя». Яна вырастае на каранёх беларускай вёскі. Складаецца яна большасьцю з сялян і вясковых настаўнікаў. Цэнтрам організацыі зьяўляецца Беларускі Пэдагогічны Інстытут у Менску; на чале організацыі хутка ўтвараецца Комітэт пад назваю Першай тройкі. Програма організацыі зусім супадае з праграмаю Компартыі. Асаблівым сваім заданьнем яна ставіць абхапіць актыўныя элемэнты вёскі, выдзеліць там беднату, а з яе выбраць актыўнейшыя элемэнты ня толькі для рэволюцыйнай, але й для комуністычнай працы. Для гэтых мэт організацыя шырока карыстаецца «мужыцкай» беларускай мовай. Апроч таго, організацыя ставіць сваёю мэтаю разлажыць беларускі рух, пакіраваць яго па чырвонаму руслу соцыяльнай, клясавай рэволюцыі і ўліць у інтэрнацыянальны рух пролетарска-сялянскага вызваленьня. Ня раз падымаецца пытаньне аб злучэньні організацыі з Компартыяй Літвы і Беларусі, чаго жадае і на чым настайвае організацыя. Злучэньню перашкаджаюць падпольныя умовы існаваньня. Наступае час вялікага бою; няма часу займацца аформленьнем; яно адкладзена да лепшых часоў, якія былі недалёка.

Як рэзультат цяжкіх умоў жыцьця пад окупацыяй і працы комуністычных організацый вырастае паўстаньніцкі рух, які з асаблівай сілай выбухае вясною 1920 году. Працуюць ува ўсю партызанскія групы, працуюць адзіночкі-тэрорыстыя. Крывёю паноў і крывёю паўстаўшых мас пакрываецца змучаная Беларусь. Расстрэлы, турмы, шом палы і бізуны ўжо ня могуць задушыць паўстаньня рабочых і сялян Беларусі.

А тут яшчэ пачынаюцца недахваты экономічнага характару ў польскай арміі. Справа ў тым, што «жыўнасьць» у белапалякаў была не свая, а Антанты. Антанта зьменшыла порцыі жыўнасьці. Сталі падымацца цэны, стала ўніз падаць польская марка.

11 ліпеня 1920 году Чырвоная армія заняла Менск. Польская армія ўцякала ў поўным разлажэньні пры поўнай адсутнасьці дысцыпліны.

Прышоў чырвонаармеец, змучаны, галодны, часта бяз ботаў. Працоўныя масы стараліся знайсьці для яго ў хаце кавалак хлеба. Спакойна, бяз шуму, бяз гвалтаў ішоў ён за працоўныя масы і разам з працоўнымі масамі Беларусі. Ішоў ён на Варшаву.

Праз некалькі месяцаў (у кастрычніку) белапольская армія, стаўшы зноў на ногі, прагнулася яшчэ раз захапіць цалком Беларусь. Яна адарвала ад уплыву Вялікага Кастрычніка Заходнюю Беларусь, але не змагла зруйнаваць Савецкай Беларусі.

Першага жніўня была зноў абвешчана незалежная Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка Беларусі. Па гэтым пытаньні была выдадзена дэклярацыя такога зьместу: Змучаная Беларусь пры дапамозе Чырвонай арміі завяршае справу свайго вызваленьня. Цяпер рабоча-сялянскі народ Беларусі можа выявіць сваю волю. Організаваная рабочая -кляса і працоўнае сялянства Беларусі (Комуністычная Партыя Літвы і Беларусі, Беларуская Комуністычная Організацыя, Агульны Яўрэйскі Рабочы Саюз—Бунд і Цэнтральнае Бюро Профэсыянальных Саюзаў г. Менску і Менскай губэрні), грунтуючыся на волі працоўных мас, выяўленай на Першым Зьезьдзе Саветаў Беларусі ў лютым 1919 г. ў шэрагу рэзолюцый, у поўнай згодзе з Чырвонай арміяй і Рэвалюцыйным Ваенным Саветам Заходняга фронту, імем паўстаўшых рабочых і сялян абвяшчаюць незалежную Соцыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі». «Яшчэ раз пацьвярджаецца, што права прыватнай уласнасьці на зямлю касуецца назаўсёды». Да скліканьня Зьезду Саветаў уся паўната ўлады на Беларусі перадаецца Ваенна-Рэволюцыйнаму Комітэту, у які Компартыя Літвы і Беларусі дэлегуе тры прадстаўнікі, Агульны Яўрэйскі Рабочы Саюз—Бунд—аднаго прадстаўніка, Беларуская Комуністычная Організацыя—аднаго прадстаўніка.

З гэтага часу пашла праца па адбудаваньні зруйнаванага жыцьця на Беларусі на асновах Вялікага Кастрычніка. Будуецца цэнтр, які ў будучыне павінен аб’яднаць рабочых і сялян усёй эгнографічнай Беларусі.