Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліквідацыя царкоўнай вуніі 1596 году Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецьця
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецьця.

Росквіт беларускай культуры падае на XVI і XVII сталецьці. Пачынаючы з канца XVII сталецьця, узмацняецца полёнізацыя вышэйшых станаў беларускага грамадзянства, каторыя як экономічна, так і політычна зьвязаны з шляхецкім ладам Польшчы і інтарэсы каторых цягнуцца туды. К канцу XVIII сталецьця беларусам застаецца толькі селянін і чорнарабочы, інтарэсы каторых не здавальняюцца польскім укладам жыцьця і ў каторых няма орыентацыі на Польшчу. Гэтая вялікая шматміліённая грамада беларусаў зьяўляецца соцыяльна і політычна прыгнечанаю масаю, тым рабочым, хлопскім «быдлам», каторае сваім мазалём і потам багаціць польскага ці полёнізаванага беларускага пана, шляхціца і магната. За цяжкаю прыгоннаю працаю ня было часу хлопу-беларусу думаць думку аб тым, хто ён такі, якога ён роду і племені. Яму было не да культурна-нацыянальнага пытаньня, калі над ім вісеў панскі бізун. Беларускія прыгнечаныя масы ведаюць толькі, што яны «тутэйшыя», што складаюцца яны з мужыкоў і чорнарабочых, што іх мова і быт не такія, як у полёнізаванага і польскага пана, — мужыцкая мова і мужыцкі быт. Толькі сярод дробнай беларускай шляхты, каторая яшчэ не пасьпела полёнізавацца, дзе-ні-дзе яшчэ засталося пачуцьцё сваёй нацыянальнасьці. XIX сталецьце ў пачатку нясе на Беларусь полёнізацыю, а з 30-х гадоў—русыфікацыю. Але трэба сказаць, што і тая і другая пашыраюцца сярод соцыяльна-вышэйшых груп беларускага жыхарства. Ня чуючы сваёй мовы сярод дамоў, чыноўнікаў і інтэлігэнтаў, цёмны беларускі селянін пачаў думаць, а потым стаў перакананы ў тым, што яго мова ёсьць толькі мужыцкая мова, мова някультурнага і бяспраўнага люду; што на гэтай мове немагчыма ані гаварыць нешта разумнае, ані пісаць, ані чытаць, ані друкаваць кніжак. У гэтай думцы падтрымлівалі яго і пануючыя станы, выстаўляючы на зьдзек беларускую мову, як мову мужыцкую, мову някультурных працоўных мас. І беларус-селянін, захаваўшы ў курнай хаце беларускую мову, меў пакуль што пачуцьцё сваёй асобнасьці соцыяльна-экономічнай, а з нацыянальнага боку ён ня быў сьвядомым.

Вёска на Магілёўшчыне на пачатку XIX ст.

Тым ня менш, з пачатку XIX сталецьця на Беларусі і па-за яе межамі пачынаецца разьвіцьцё нацыянальнага беларускага руху. Карані гэтага руху вырастаюць з экономічнага, разам з тым політычнага стану Польшчы, Расіі і Беларусі.

Польшча, падзеленая ў канцы XVIII сталецьця суседзямі, прагнецца ў гэтыя часы зноў стаць на ногі і адрадзіцца, як політычны організм. Сучасныя абставіны спрыяюць ёй. Але само сабою зразумела, што без тэрыторыі Беларусі, як сваіх усходніх «крэсаў», Польшча адбудавацца ня можа, як дужае гаспадарства. Ня можа і ня хоча яна абыйсьціся бяз прыгоннай працы беларускага селяніна, каторы працаваў на поль скага пана не адну сотню год. Да гэтага трэба далучыць яшчэ і гістарычна зложаную тэндэнцыю Польшчы праглынуць Беларусь, — тэндэнцыю, асабліва яскрава падкрэсьленую астатняю польскаю констытуцыяй 3 траўня 1791 году. Было ясна, што і ў далейшыя часы, калі Польшчы прыдзецца рабіць паўстаньне як у Польшчы, так і на Беларусі, яна ня зможа яго зрабіць без беларускага селяніна. Такім спосабам, беларуская тэрыторыя і беларускія працоўныя масы аказаліся вельмі патрэбнымі эканамічна і політычна для Рэчы Паспалітай польскай, якая хоча ўваскроснуць.

Расійская імпэрыя, дастаўшы Беларусь, таксама была зацікаўлена экономічна і політычна захаваць тэрыторыю Беларусі, як свой «северо-западный край», і насельнікаў краю за сабою. Дзякуючы ўсяму гэтаму, і з боку Польшчы і з боку Расіі вынікае цікавасьць да мужыцкай Беларусі, пабудаванай на экономічных і політычных інтарэсах гэтых двух гаспадарстваў. Каб шчыльней падыйсьці да Беларусі і беларускага селяніна, а таксама, каб прыцягнуць яго ў свой бок, некаторыя колы Польшчы і Расіі будуць старацца загаварыць часам з беларускім селянінам на яго «мужыцкай» мове, пачаць дагледзіны яго быту, тэрыторыі, дзе ён жыве, яе гісторыю і г. д. Адны пачнуць даказваць, што беларускі селянін імкнецца да Польшчы, другія—што ён спакон веку быў і цяпер ёсьць рускі чалавек па сваім быце і па жаданьням. Кожны будзе старацца перацягнуць яго ў свой бок. Такім спосабам, зусім незалежна ад актыўнасьці беларускага селяніна, пачнецца культурна-нацыянальны беларускі рух.

Першымі пачынаюць падыходзіць да беларускага пытаньня палякі. Ужо патрыотычныя студэнцкія гурткі пры Віленскім унівэрсытэце, аб якіх гаварылася вышэй, афарбаваны ў мясцовы, беларускі колёрыт. Падгатаўляецца і потым адбываецца паўстаньне 1830-31 г.г. Польскія патрыоты гэтых часоў разумеюць усю важкасьць для польскай справы беларускага пытаньня і пачынаюць бліжэй падыходзіць да беларускага селяніна. Як адбітак сучасных польскіх настрояў, у польскай літаратуры зьяўляецца так званая беларуская школа. Пісьменьнікі гэтай школы паставілі сваёю мэтаю з беларускага селяніна зрабіць чалавека, які-б стаў грамадзянінам, патрыотам Польшчы і пашоў-бы, калі трэба, за паўстанцамі. Найчасьцей яны пішуць папольску, але тэмы і сюжэты бяруць з беларускага жыцьця. Часам яны пераходзяць на беларускую мову. Трэба сказаць, што гэта ім лёгка зрабіць, бо яны паходзяць з беларускай апалячанай шляхты. З пісьменьнікаў гэтай школы мы можам назваць—Яна Баршэўскага з Віцебшчыны, Алеся Рыпінскага з Дзісьненшчыны і Яна Чачота з Наваградчыны. Усе яны ня толькі пісьменьнікі, але і патрыоты падзеленай Польшчы, вельмі часта удзельнікі паўстаньня 1831 г. Па іх поглядах Беларусь ёсьць хоць і асобная краіна, але ўсё-ж такі яна зьяўляецца часьцінаю Рэчы Паспалітай. Што датычыць да беларусаў, то яны ёсьць частка польскай нацыі, ці, як тады казалі, беларусы ёсьць—«gente rutheni, nacione poloni». Ускосна да гэтай школы можна аднесьці і Адама Міцкевіча, у яго творах мы знаходзім шмат беларускіх малюнкаў і тэм; сваёю бацькаўшчынаю ён лічыць Літву, пад катораю разумее Беларусь, як непадзельную частку Польшчы.

Асабліва тыповым прадстаўніком пісьменьнікаў беларускай школы ў польскай літаратуры зьяўляецца Алесь Рыпінскі. У 1831 годзе ён прымаў удзел у паўстаньні, дзеля чаго павінен быў потым кінуць бацькаўшчыну і іміграваць у Парыж. Седзячы ў Парыжы, ён ня кідаў сувязі з Беларусьсю і Польшчай. У 1839 годзе ён у гуртку эмігрантаў чытаў лекцыі аб Беларусі, з якіх утварыўся першы як-бы падручнік па беларусазнаўству. Яго кніжачка была выдадзена ў Парыжы ў 1840 годзе пад назваю: «Bialorus. Kilka slow o poezii prostego ludu tej naszej polskiej prowincyi». Як відаць з самай назвы кніжкі, шляхціц Рыпінскі цікавіцца «простым людам», сялянствам Беларусі. Беларусь, на яго погляд, ёсьць толькі провінцыя Польшчы. Аўтар кніжкі лічыць, што сялянства Беларусі павінна політычна і культурна зьліцца з палякамі. Не дарма кнігу сваю ён пасьвячае «першаму з беларускіх мужыкоў, каторы навучыцца ўперад чытаць, а потым і думаць папольску». У сувязі з гэтым, Рыпінскі першы скарыстаў для беларускай мовы польскія літары, дадаўшы да некаторых з іх асобныя адзнакі. Гэтаю азбукаю, крыху пераробленаю, беларуская мова часта карыстаецца і ў нашы часы, асабліва пры пашырэньні беларускай культуры і друку сярод тых беларусаў, хто вучыўся ў польскіх школах. Свой агульны погляд на Беларусь і беларусаў Рыпінскі выказаў у прадмове да сваёй кніжкі: «Гэта Русь складае непадзельную часьціну нашай дарагой бацькаўшчыны (Польшчы). Гэты народ (беларусы) захаваўся дзеля таго, каб давясьці, што ён сам можа выбраць сабе пана, а чужых гаспадароў ня хоча знаць». За пана Рыпынскі лічыў Польшчу, а пад чужымі гаспадарамі разумеў Расію. Яму ў галаву ня прыходзілі думкі аб тым, што працоўная беларуская маса павінна быць сама сабе панам і гаспадаром.

Усе пісьменьнікі беларускай школы ў польскай літаратуры пісалі і пабеларуску, каб знайсьці чытача сярод беларускіх мас. Рыпінскі напісаў баляду «Нячысьцік», вершы-псалмы—«Стары Восіп барадаты», «О, мой божа, веру табе», верш «Ты-ж сам, суседзька, хацеў» і г. д. Баршчэўскі напісаў вершы—«Рабункі мужыкоў», «Гарэліца», «А чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята» і шмат беларускіх уставак у сваім польскім творы „Szlachcic Zawalnia, czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach". Чачот пісаў лірычныя вершы, падобныя да народных песень. Апроч таго, пісьменьнікі беларускай школы сабралі шмат матар'ялаў як бытавых, так і народнай творчасьці. Ян Баршчэўскі выдаў зборнік у рускай мове пад назваю: «Очерки северной Белоруссии». Ян Чачот выдаў дзьве кніжкі сабраных ім народных твораў пад назваю: „Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny". Тут ён даў месца 120 народным беларускім песьням, 150 народным прыказкам і прыкметам. Да сваіх зборнікаў Чачот дадаў невялічкі слоўнічак беларускіх слоў. У тыя самыя 30-ыя і 40-ыя соды зьбіраецца і друкуецца ў польскай мове зборнік Е. Тышкевіча пад назваю: «Апісаньне Барысаўскага павету ў статыстычных, прамыслова-гандлёвых і мэдыцынскіх адносінах». У зборніку ёсьць шмат і гістарычных матар'ялаў. Тут таксама можна знайсьці нарысы штодзённага вясковага жыцьця, народныя песьні, загаворы і забабоны; шмат ёсьць і прыказак. Пазьнейшыя зьбірацелі этнографічнага беларускага матар’ялу часта карысталіся з гэтай добраапрацованай кнігі.

Усе аўтары беларускай школы па сваім соцыяльным стане зьяўляюцца шляхціцамі. Зразумела, што іх творы прасякнуты шляхецкімі поглядамі на беларускае сялянства. Часам яны нават спачуваюць цяжкай долі гарапашніка-селяніна, але наагул усе яны лічаць, што прыгоннае права ёсьць тая аснова жыцьця, каторай ня можна парушаць у імя грамадзянскай карысьці. Такі іх соцыяльны погляд яскрава выяўляецца ў іх творах і асабліва ў творы Баршчэўскага пад назваю «Рабункі мужыкоў», аб якім мы гаварылі вышэй. Сяляне, пад уплывам жаўнераў францускай арміі, паднялі паўстаньне проціў свайго пана, прагналі яго і захапілі ў свае рукі панскі двор. Баршчэўскі не спачувае гэтаму выяўленьню сялянскай волі і не згаджаецца з гэтым актам. Ён усімі сіламі стараецца абсьмяяць сялян і намаляваць іх паўстаньне ў камічным стылі. Найбліжэй падыходзіць да прыгнечанага беларускага сялянства Ян Чачот. Ён кажа, што затым бог даў яму на сьвеце гора гараваць каб ён лепш любіў селяніна і ўмеў яму спагадаць. Яскрава апісвае Чачот сялянскае гора: у хаце дымна і зімна, калеюць і хварэюць дзеткі; разам з скацінаю ў сморадзе і цемры жыве тут сялянская сям’я («Нашто нам дым выядае вочкі»). Але і ў Чачота адносіны да селяніна шляхецка-клерыкальныя. Бяда селяніна не ў існаваньні прыгону, а ў тым, што селянін часта гультаіць і п’е шмат гарэлкі. Селянін будзе добра жыць, калі будзе працавітым і цьвярозым гаспадаром («Каб у карчме не сядзеў»). Аб школе на вёсцы Чачот не гаворыць. Ён лічыць, што хопіць з селяніна, калі ён будзе аддаваць сваіх дзяцей у навуку да шаўца, каваля, бондара і др. рамесьнікаў («Ой ты, суседзе»). Ідэальны селянін, на думку Чачота, працуе бесьперастанку ўва ўсе чатыры пары году, пры тым працуе ў радасьці й вясельлі. Вясною ён гародзіць, возіць гной, арэ і сее, летам косіць лугі, жне і ко сіць збожжа, зімою возіць дровы, чэша калкі, гатовіць лучыну, восеньню папар арэ, малоціць, зноў сее і г. д. Калі захоча пагуляць,—«у дом просіць госьці, тады сабе чарку гарэлкі вып'е да вашмосьці» («Як то добра, калі мужык»...). Калі прыходзіць сьвята, селянін ідзе ў царкву ці касьцёл. Ён толькі знае бога, пана, сваю хату і клопат свой мужыцкі. Зразумела, што такі селянін будзе слухацца бога, ксяндза, папа і пана і ня будзе рабіць непрыемных пану «рабункаў».

Цікавасьць да новапрылучанай, спрэчнай «Северо-западной окраины» вынікае і на ўсходзе. Да Беларусі падыходзяць рускія вучоныя і падыходзяць ужо ня так наіўна, як падыходзіў калісь акадэмік Севергін. Вядомы архівісты-гісторык К. Калайдовіч, родам беларус, пачаў прыглядацца да дакумэнтаў старабеларускага пісьменства, не здавальняючыся тымі ведамі, якія даходзілі да яго праз рукі польскіх вучоных. У 1822 годзе зьявілася ў друку яго праца «О белорусском наречии». Асноўная думка працы тая, што рускім вучоным трэба ведаць сучасную беларускую мову для таго, каб лепш разабрацца ў старажытнай мове заходня-рускіх грамат і актаў, а гэта патрэбна затым, каб падыйсьці да агульна-рускіх помнікаў. Трэба прыцягнуць да працы над помнікамі «самих белоруссцев, которые вернее и лучше могут исследовать свое наречие с помощью оного об’яснять древний язык наших памятников». Выходзіла так, што, цікавячыся Беларусьсю з боку мовы яе археолёгічнага матэрыялу, Калайдовіч меў на ўвазе агульнарускія культурна-навуковыя інтарэсы.

Трэба сказаць, што наагул у Расіі цікавасьць да Беларусі меншая, чым у Польшчы. Беларусь уваходзіць у склад Расіі , як пагранічча імпэрыі, якая абараняецца штыхамі рускай арміі. Дзякуючы гэтаму вельмі ажытавацца і клапаціцца аб захаваньні яе за Расіяй ня прыходзіцца, тым больш, што рускі урад у часы аракчэеўшчыны і Мікалаеўшчыны і ня любіць, калі прадстаўнікі рускага грамадзянства умешваюцца ў політыку. Зусім другая справа на Захадзе, у Польшчы. Беларусь трэба адабраць у Расіі, а над гэтым трэба больш ламаць галаву, мацней працаваць, тым больш, што пасьля 31 году ў Польшчы штыхоў няма, і надзеі будуюцца на паўстаньні беларускага селяніна.

Праца рускіх пісьменьнікаў і вучоных крыху ажывае ў 40-ыя і 50-ыя голы. Над досьледам Беларусі працуюць Кушын, Эгілеўскі, Г. З. Шпігулеўскі (Драўлянскі), Кіркор і др., таксама родам беларусы. Характар твораў Шпілеўскага напалавіну навукова-этнографічны, напалавіну бэлетрыстычны, Ён апісвае быт беларускага селяніна: жніва, вясельле, хаўтуры, кірмашы, усялякія забабоны вёскі і г. д.; зьбірае і запісвае беларускія байкі, песьні, прыказкі, легэнды. Лічачы беларуса найчысьцейшым усходня-славянскім тыпам, ён часта называе яго крывічом, якая назва часта потым будзе спатыкацца ў далейшых этнографаў. Найцікавейшы яго твор «Путешествие но Полесью и Белорусскому краю», надрукованы у 1853-4 гадох. Тут апісана падарожа аўтара ад Варшавы да ігумна (Чэрвеня). Вельмі доўга аўтар спыняецца на апісаньні Менску. М. Гарэцкі так характарызуе гэты твор Шлілеўскага: «Падарожа напісана ў лёгкай бэлетрыстычнай форме, жывою літаратурнаю маскоўскаю моваю з беларускімі ўстаўкамі: орыгінальнымі словамі, зваротамі мовы, а то і з цэлымі размовамі. З кожнага радка «падарожы» выступае гарачая любоў да Беларусі і глыбокая сыноўская пашана да яе нацыянальнага духу. Беларускія тыпы, пэйзажы, абразы стаяць, як жывыя, уваччу на працягу ўсяго твору. Ліецца салодкі аромат нашай поэзіі, чуецца шчыры дух нашага жыцьця. (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. І, 1920 г., стар. 74). З канца 40-ых гадоў пачынае сваю працу і Кіркор. Яго творы пачынаюць друкавацца з 50-ых гадоў. Найлепшым з іх зьяўляецца праца «Літоўскае і Беларускае Палесьсе», надрукованая ў III томе выданьня П. П. Сямёнава «Живописная Россия». Гэтую працу і цяпер карысна знаць усякаму, хто цікавіцца беларускім пытаньнем. Тут ёсьць надта цікавыя артыкулы археолёгічнага і гістарычнага зьместу. Апрача таго, у творах Кіркора ёсьць шмат этнографічна-бытавых матар’ялаў. Жыцьцё беларуса абхоплена з усіх бакоў. Мы бачым селяніна-беларуса на радзінах, вясельлі і хаўтурох, у сьвята і ў будні; бачым, як ідзе ён, сьпяваючы сваю песьню, у поле і з поля; бачым, як, сеўшы паважна на прызьбе сваёй хаты, ён слухае казкі і паданьні, якія апавядае яму сівая старасьветчына вуснамі сівога дзеда.

У процівагу польскім пісьменьнікам беларускай школы рускія аўтары даказваюць, што Беларусь—«искони русский край», што яна зьяўляецца толькі паўночна-заходняй краінай Расійскай імпэрыі, што беларусы ёсьць тое самае, што і вялікарусы, што беларуская мова ёсьць толькі «наречие» рускай мовы.

Цікавасьць да Беларусі з боку Польшчы і Расіі адбілася і на інтэлігэнцкіх колах самой Беларусі. Сярод іх падтрымваецца беларускі нацыяналістычны настрой і інтарэсы да твораў у беларускай мове. Асаблівую популярнасьць заваявалі два рукапісныя творы, каторыя перапісваліся бясконца і шырока хадзілі па руках. Гэта—«Пераліцованая Энеіда» і «Тарас на Парнасе». Мы ня будзем тут прыводзіць зьместу гэтых поэм, бо яны добра вядомы ўсім, хто хоць крыху знаёміўся з гісторыяй беларускай літаратуры. Названыя творы пашыраюцца сярод дробнай шляхты, чыноўнікаў, настаўнікаў, вучняў і г. д. і праз іх часам даходзяць да самых глухіх вясковых куткоў. Жартаў лівасьць зьместу абедзьвюх поэм дапамагае іх пашырэньню. Аўтар поэмы «Энэіда» добра невядомы. Некаторыя вучоныя лічаць аўтарам яе Манькоўскага з Віцебшчыны, але, здаецца, больш даных прыпісаць яе Рабінскаму з Смаленшчыны. Аўтар поэмы «Тарас на Парнасе» зусім невядомы. «Энэіда» зьявілася на сьвет прыблізна ў пачатку XIX сталецьця, «Тарас на Парнасе»—у 30-ых гадох XIX сталецьця. Форма або-

"Дзевіч-вечар" з-пад Менску ў пачатку XIX ст.

двух твораў і пабудова сюжэту антычныя, але іх зьмест і мова—беларуская. Абедзьве поэмы апісваюць грэцкіх і рымскіх багоў, надаючы ім беларускія рысы, і даюць добрую характарыстыку беларускага жыцьця таго часу. Верш у некаторых мясцох папсован за часы рукапіснага панаваньня твораў, тым ня менш, трэба прызнаць наагул лёгкасьць і ў некаторых мясцох вобразнасьць вершу. Жарты над беларускім селянінам гавораць аб тым, што настрой у аўтара поэм шляхецкі, бо становішча селяніна ў тыя часы было зусім не «жартоўнае». Як відаць з зьместу твораў, яны напісаны людзьмі адукаванымі, каторыя поруч з беларускім бытам і мовай добра ведалі польскую і рускую літаратуру свайго часу.

Паралельна з вышэйпаказанай літаратурай і не бяз уплыву яе ў 30-ыя годы XIX сталецьця мы спатыкаем творы зусім другога роду. Пабеларуску пачаў пісаць ужо ня шляхціц, а запрыгонены селянін Паўлюк Багрым. Нажаль, мы зусім мала ведаем аб асобе і творах гэтага песьняра. Родам ён з Крошына Наваградзкага павету. Там была школа пад загадам ксяндза-народніка Магнушэўскага, дзе і вучыўся Паўлюк. Магнушэўскі атрымваў з Вільні «Брукавыя Ведамасьці» і меў невялічкую бібліятэку, з каторай даваў кнігі і вучням. Хлопчык Паўлюк вельмі любіў чытаць вершы, каторыя ён вывучваў напамяць і перапеваў. Зразумела, што гэта былі вершы польскіх песьняроў. Ад перапіскі вершаў П. Багрым перашоў і да ўласнай творчасьці, але яна выяўлялася ўжо ў вясковай, «мужыцкай» беларускай мове. Пяру яго прыпісваюцца тры вершы—«Гутарка Данілы са Сьцяпанам», «Размова пана з мужыком» і «Заграй, заграй, хлопча малы». Усе тэмы зьместам рэальна вясковыя. Зьместам зьяўляецца апісаньне цяжкой долі запрыгоненага селяніна. Ненавісьць да пана злучаецца з манархізмам, што вельмі тыпова для селяніна, каторы пры сваім соцыяльным будаўніцтве быў зусім несьвядомым політычна. Асабліва цікавы верш «Заграй, заграй...», каторы мае, здаецца, і аўтобіографічнае значэньне. Верш народны, поўны жывых вобразаў, узятых з вясковага сялянскага жыцьця.—Сярдзіты, неміласэрны пан у Крошыне. Кіямі забіў ён бацьку селяніна. Маці тужыць, сястра плача. Лепш быць ваўкалакам, лепш быць вольным коршуном, бо тады селянін абышоўся бы без паноў. «У паншчыну-б не пагналі і ў маскалі-б не аддалі». Аўтар ненавідзіць паноў і перакананы ў тым, што на галаву іх калісь прыдзе расплата за іх злачынствы ў адносінах да сялянства. Але пакуль што настрой песьняра бязвыхадна цяжкі. Куды пайсьці, дзе абярнуцца? «Ой, кажане, кажане! Чом ня сеў ты на мяне, каб я большы не падрос ды ад бацькавых калёс!» Калі-б ён быў такім малым, яго не аддалі-б у маскалі.

У Крошыне здарыўся сялянскі бунт. П. Бахрым, як мы ведаем з некаторых вестак, быў прызнан уладаю удзельнікам гэтага бунту. Шмат сялян за бунт выслалі ў Сібір, а П. Бахрыма паставілі «пад чырвоную шапку» (здалі ў маскалі), дзе і прыпынілася яго творчасьць. Пасьля 25-гадовай мікалаеўскай службы ён вярнуўся дадому ў Крошын, дзе і памёр, здаецца, у 1891 годзе.

Такім чынам загінуў пясьняр, каторы меў задаткі, каб зрабіцца Шаўчэнкам беларускай поэзіі. Дзьверы да тагочаснага беларускага нацыянальна-культурнага руху былі яшчэ зачынены для запрыгоненага, простага селяніна.