Перайсці да зместу

Гірт з воўчага логу (1930)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гірт з воўчага логу
П’еса
Аўтар: Яніс Райніс
1930 год
Пераклад: Язэп Дыла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЯН РАЙНІС

ГІРТ

З ВОЎЧАГА ЛОГУ

П’ЕСА Ў АДНЭЙ ДЗЕІ




КОШТАМ І ПРАЦАЙ
ДРАМТАВАРЫСТВА

ДРАМАТЫЧНЫЯ ТВОРЫ



Сэр. А.

Кн. 4 (2).

ЯН РАЙНІС

ГІРТ
3 ВОЎЧАГА ЛОГУ

ДРАМАТЫЧНЫ АБРАЗОК У ВАДНЭЙ ДЗЕІ

ВОЛЬНЫ ПЕРАКЛАД
НАЗАРА БЫВАЕЎСКАГА

ЗАЎВАГІ ШТО ДА ПАСТАНОЎКІ
М. МІЦКЕВІЧА


КОШТАМ І ПРАЦАЙ БЕЛАРУСКАГА ТАВАРЫСТВА
ДРАМАТЫЧНЫХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ І КАМПАЗЫТАРАЎ
У МЕНСКУ

1930

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Гірт Воўк, гаспадар ляснога хутару „Воўчы лог“.

Эва, яго жонка.

Вальдамар, іх сынок.

Угал, „лясны брат“, рэвалюцыянэр, хаваецца ад паліцыі.

Гамба, станавы прыстаў.

Першы стражнік.

Другі стражнік.



Дзея адбываецца ў так званым
„Прыбалтыцкім краі“ (цяпер Латвія), у пару
рэакцыі пасьля рэвалюцыйнага ўздыму 1905 году.



Двор на лясным хутары «Воўчы Лог». 3 левага боку — жылы дамок, праваруч — гаспадарчыя будовы і кусты. На двары стог сена. Навокал сядзібы лес. Ясны дзень. Вальдамар гуляе на двары. Праз нейкі час з дому выходзяць Гірт, Угал і Эва. У Гірта праз плячо стрэльба.

Угал. Ну, вельмі-ж табе, Гірт, дзякую! Залатое ў цябе сэрца! І табе, гаспадыня, таксама шчырая падзяка за тое, што пакарміла ды яшчэ і з сабою хлеба дала!.. Цяперака зноў здолею некаторы час пратрымацца ў лесе, дзе ніводзін шпік мяне ня знойдзе!.. Калі-ж бяда прыпрэ, прыду ізноў да цябе, Гірт!..

Гірт. Прыходзь, сьмела!

Угал. Мы-ж цябе ведаем! Ты хоць і ня наш, аднак-жа ў цябе днём таксама сьмела сябе адчуваеш, як і начамі, калі забярэшся ў гушчар. Пакладацца на цябе, як на таварыша, можна: кожнаму з нас ты гатоў дапамагчы і шчыра кожнага перахаваеш ад шпікоў. Ты павінен стаць нашым! Я ўзьніму пытаньне аб прыняцьці цябе ў партыю.

Гірт. Добра! Трымайся-ж толькі левай сьцежкі — будзе бліжэй. А мы пойдзем занесьці што-небудзь аратым.

Эва. Якія там аратыя?

Гірт. А што?

Угал. Ага!.. Бывайце-ж здаровы!..

Вальдамар (нацкоўваючы сабаку на Ўгала). Кусі яго, кусі!..

Угал. Ты што гэта, хлопча?!..

Гірт. Вальдамар! Гэта што за прыдумка?.. Гэтак абыходзяцца з гасьцём?!

Вальдамар. Які ён госьць?!.. Жабрак, больш нічога!

Гірт. Ты што, здурнеў?!.. Хто цябе гэтаму навучыў?.. Ідзі папрасі прабачэньня!

Вальдамар. Не-е-е! Не пайду я… прасіць… гэтага жабрака, як мамка яго назвала! Ня аддаў-жа ён мне свае бляшаначкі. (Бяжыць да маткі).

Угал (зьвязаўшы ўжо свой клунак, да Гірта). А хлапец, браток, да цябе не падобны!.. Глядзі, каб бяды з-за яго не нажыў!

Угал выходзіць.

Гірт. Хадзі сюды, Вальдамар!

Эва. Што табе трэба ад хлапца? Пачнеш яму з-за гэтага абадранца рабіць грубыя вымаўленьні! Гэтаму цябе навучылі на лясных сходках… яны!..

Гірт. Ат, што ты разумееш!

Эва. Ну, зразумела: я і дурная і нічога ня цямлю! Адзін ты разумны, каб спускаць нашае дабро! Ты хутка ўсю гаспадарку, што ад майго бацькі атрымана, зьнішчыш на патрэбы іх партыі, якая для цябе сама мудрасьць! Як-жа!.. На сваіх сходках яны чарпакамі льлюць вам у разяўлены рот бясспрэчную праўду! Што хто мае, — цягні ім да апошняга, хаты-ж, каб параздаць Янкам, Пятрукам ці каму іншаму; усё толькі каб цягнуць з людзей для гультаёў! Што-ж, няхай ідуць, хай рабуюць нас гэтыя твае…

Гірт (у запале стукае стрэльбай аб зямлю). Маўчы ты!

Эва. Ну, што-ж, страляй, страляй у сваю жонку, у сваіх дзяцей, ты, шалёная галава, дзікі зьвер!.. Давядзі людзям, што зачапі толькі вашыя выдумкі, скажы вам насупраць, дык вам чужое жыцьцё — нічога ня варта!..

Гірт (стрымаўшы сябе). Ды, супакойся ты! Мне і ў галаву ня прыходзіла пагражаць стрэльбай! Я стукнуў таму, што ты з мяне кпіла… Эх, Эва, Эва! (Паставіўшы стрэльбу каля стогу, абнімае яе; Вальдамар каля іх).

Эва. Ты-ж запальчывы! Неяк, памятаю, ты стукнуў стрэльбай, а яна і выстраліла!..

Гірт. Годзі, годзі!.. Я-то запальчывы, але ці раблю я што несправядлівае? Навошта-ж ты сьмяялася з мяне?!.. Ты вось на іх злуеш, а яны запраўды трымаюцца справядлівасьці!..

Эва (з усьмешкай). Як жа... вы — справядлівыя!..

Гірт. Ну, даражэнькая, я не раўня ім, яны яшчэ ня прымаюць мяне да сябе.

Вальдамар. Не, татка, ты, праўда-ж, харошы, ты дужы! Ты лепш за ўсіх страляеш: ты трапляеш каршаку ў голаву, калі яго ледзьве відаць. Цябе ніводзін стражнік не кране, бо яны цябе баяцца. Табе трэба самому быць начальнікам!..

Гірт. Як яны ўстановяць новы лад, тады, сынок, усе будуць роўныя! Тады ня будзе ні паноў, ні слуг: усе браты паміж сабою!

Вальдамар. Але толькі... ня гэты жабрак! Я ня хочу, каб ён быў мне братам... Татка, падаруй мне стрэльбу!

Гірт. Што-ж, добра!..

Эва. Ня зводзь ты дзіця! Ён-жа лёгка можа сябе параніць! Ты зусім не шкадуеш яго!

Гірт. Эх, Эва, Эва! Ну як-жа я яго не шкадую?!.. Ды я жыцьцё сваё за яго аддам! Ён-жа — адзіны ў нас, І ты... і тая яшчэ, якую мы так чакаем...

Эва. Ведаю, — ты волі чакаеш! Навошта яна табе? Няўжо-ж табе ўсяго іншага мала?..

Гірт. Калі-ж мне кідаецца ў вочы ўся несправядлівасьць, увесь жах, што дзеецца навокал!.. Вось хаця-ж бы гэты самы... жабрак... ён быў раней шчасьлівым чалавекам, а цяпер...

Эва. Што табе да таго? Чаму ты ўсюды свой нос соваеш? Хто цябе аб гэтым просіць? Абыйдуцца яны без цябе!.. Даглядай лепш сваю гаспадарку!.. Ты кахаеш нас толькі на словах! Хай сабе мы загінем!.. Але не, Гірт, я гэтага не дапушчу!..

Гірт. Любая мая, усё добра будзе, будзь ты сама толькі дабрэйшаю!

Вальдамар. Матулечка, ты ня тужы, татка нас кахае: ён добры, ён возьме мяне з сабою на курганы!..

Эва. На якія там курганы?.. Хлопец вось ведае гэта, а я чамусьці не!.. Лле як сабе хочаш... Мне трэба пайсьці ў лес кароў дагледзіць...

Гірт. А, так, так! (Бярэ стрэльбу).

Вальдамар. I я пайду разам. Я хочу: я-ж ужо быў!...

Эва. Табе трэба застацца, бо нікога ў хаце ня будзе... Татка падаруе табе за гэта ножык!

Вальдамар. Мне — дык толькі ножык, а ў браценьніка Янкі ёсьць партаманэ!.. Я таксама хочу партаманэтку, але лепшую, такую, як у дарослых, бо я сталей за яго!..

Эва. Дык ён-жа багацей за нас, а мы дзе гэткі возьмем?

Вальдамар. Я таксама хочу быць багатым... Я хочу быць багацей за яго, багацей за ўсіх...

Гірт. Ну, годзі, мой хлопчык! Так казаць ня гожа!..

Вальдамар. А я хочу гэтага!..

Гірт. Мала там што!.. Ты застанешся ў хаце!..

Вальдамар, капрысячы, б’е аб зямлю нагою. Калі бацька хоча пакласьці яму руку па плячо, каб ён ішоў у хату, — хлапчук упарта не кратаецца з месца, і бацька крыху піхае яго ў бок хаты. Эва глядзіць і цалуе Вальдамара, але той яе адпіхвае. Гірт і Эва выходзяць.

Вальдамар (застаўшыся адзін, сам-на-сам). А я дастану сабе такіх рэчай, якіх няма ні ў браценьніка Янкі і ні ў кога!.. Я не такі ўжо маленькі і хочу сярод усіх хлапцоў быць першым, хаця-ж і маладзей за іх... Хутка я буду рабіць штонядзелю праходку з папяросаю ў зубох, і ўсе будуць глядзець на мяне!.. Трэба толькі дастаць грошай... Гэты вось жабрак не хацеў мне даць бляшанкі, а ў ёй якраз можна б тутун трымаць!.. Пачакай! Як толькі прыдзе, я на яго сабаку нацкую!.. Мамка таксама кажа, што ён дрэнны чалавек, бо ўсё па лесе шлындае!.. Няўжо-ж яны думаюць, што я зусім нічога ня ведаю пра іх работу? Бацька вось ня хоча браць мяне з сабою, але-ж я падгледзіў, дзе яны зьбіраюцца. І лоўка-ж я прашмыгнуў міма таго іх сівога, што стаяў на варце: так ніхто і не заўважыў!..

Здалёк чутны два стрэлы.

Здаецца, там страляюць... Ізноў два стрэлы. Гэта ў іх знак, што трэба сьцерагчыся і перабірацца на іншае месца. А яны шпарка ўмеюць уцякаць праз кусты! Але чаму-ж гэта стрэлы так блізка?..

Ізноў страляюць, але толькі бліжэй.

Ізноў страляюць! Ну, гэта ўжо не папярэджаньне, але што-ж гэта такое? (З падскокам падбягае ў кірунку стрэлаў). А можа лясьнік? Але-ж ён баіцца цяпер страляць... А можа заблудзіўся паляўнічы? трэба глянуць. Я ведаю іх пароль, і яны мяне не затрымаюць, хаця хлопчыкаў блізка да свайго стану яны не падпушчаюць. Памятаю тую ноч: нейкі чалавек казаў страшныя словы, стоячы на пні... Навокал цёмна, цёмна... Лес шуміць, нібы спужаўшыся, на вогнішчы гараць сухія галінкі, і ў таго чалавека твар аж блішчыць, а вочы — як у воўка аж гараць!.. Сяньня ўдзень яны...

Страляюць ужо зусім блізка.

Ну, гэта не паляўнічы!.. Гоняцца, відаць, за кімсьці... Жабрак той, мабыць, ужо далёка!.. Каб гэта быў ён... О, ён бы цяперака бег ва ўсе лапаткі, бо такому, як ён, трэба стражнікаў баяцца!.. (Углядаецца). Ого! Стуль ідзе нехта кульгаючы, значыцца, — падстрэлілі!.. ідзе, аглядаецца, трымаецца за сьцягно!.. Пацэлілі, відаць, у нагу! А-а-а?! Што-ж гэта?.. Ды гэта-ж той самы... жабрак!.. Вось табе і на, атрымаў ён пачастунак!..

Уваходзіць паранены Угал.

Вальдамар. Што-ж так хутка назад? Захацелася есьці?

Угал. Я паранены!.. Сьледам за мной ідуць!.. Схавай мяне хутчэй, бо далей ісьці я ўжо ня здолею...

Вальдамар. А што мне скажа татка, калі я, без яго ведама, цябе схаваю?

Угал. Скажа, што ты добра зрабіў...

Вальдамар. А што скажа мамка?

Угал. Ну што мне да твае мамкі?!.. Хавай мяне хутчэй, бо яны ідуць за мной сьледам!..

Вальдамар. А што мне да іх?.. Пачакай тут — татка хутка вернецца!..

Угал. А, нягоднік, яшчэ пачакай! Праз хвілю яны будуць тут... Схавай мяне, ці я цябе на месцы застрэлю!

Вальдамар. У цябе-ж няма чым страляць! Ты ўсе кулі выпусьціў, калі адстрэльваўся ад тых, што гналіся за табою!..

Угал. Дык я цябе закалю вось кінжалам!

Вальдамар. А як гэта ты мяне зловіш, калі ў цябе сьцягно прастрэлена?

Угал. Няўжо-ж у цябе хопіць сумленьня аддаць мяне ў рукі паліцыі, у хаце свайго бацькі? Пабачыш, што ён табе на гэта скажа.

Вальдамар. А як у цябе хапіла сумленьня ня даць мне твае маленькае бляшаначкі?

Угал. Ды на, бяры сабе яе! У ёй я хаваў патроны, каб не адсырэлі.

Вальдамар. Пакінь яе цяпер сабе, калі ня маеш для мяне нічога лепшага!

Угал. Ну, тады я дам табе срэбны рубель! Ты-ж з часам будзеш гаспадаром!

Вальдамар. Э! Ты мяне заколеш! Пакладзі зброю лепш на землю!..

Угал. (кладзе на зямлю стрэльбу і кінжал). Ну, і палахлівы-ж ты!

Вальдамар. Ага! Ты-ж мне пагражаў! А вось зараз табе трэба мяне баяцца, а не наадварот!..

Угал. Ну, хавай-жа хутчэй!.. Бяры праз кроў заробленыя грошы... У! Усе вы крывасмокі!.. I бацька твой — манюка, а яшчэ хоча стацца нашым таварышом!..

Вальдамар. Мой татка не манюка! Калі так, бяры свае грошы назад і выходзь адсюль!

Угал. Ах гы, паганае стварэньне! Ды ў цябе ня словы, а серка палючая палыхае з вуснаў! Ну, хавай хутчэй!

Вальдамар. Ідзі, папрасі прабачэньня ў майго таткі!

Угал. Ах ты, чарцянё!

Вальдамар. Маўчы ты, чуеш? Ужо ідуць!..

Угал. Ды хіба-ж твой бацька не манюка агідны?!..

Вальдамар. Ну, ідзі сюды хутчэй, ня бойся!..

Вальдамар вырывае ў стозе сена месца для Угала, і той, захапіўшы сваю стрэльбу і кінжал, зарываецца ў сена. Сам Вальдамар таксама лажыцца на стог. Разгледзіўшы атрыманы рубель і схаваўшы яго ў кішэню, пачынае пяяць нейкую песьню. Уваходзяць Гамба і стражнікі.

Гамба. Добры дзень, сынок! Ого! Як ты падрос з таго часу, як я быў тут у вас! Скажы, тут ніхто часам не праходзіў?

Вальдамар. Падрос-то я падрос, але-ж вы — яшчэ расьлейшы за мяне!

Гамба. Нічога, ты-ж яшчэ падрасьцеш. Ого, якім рослым станеш! Ну, скажы, ты ня бачыў, каб тут хто-небудзь прайшоў міма?

Вальдамар. А што? Хіба запраўды тут прайшоў хто-небудзь міма?

Гамба. Зразумела! Тут толькі што павінен быў прайсьці чалавек у шэрай марынарцы, у шэрай шапцы і з клумкам на плячох.

Вальдамар. Чалавек... у шэрай... шапцы, кажаце... і з клумкам на плячох?..

Гамба. Так, так! Адказвай-жа хутчэй, а не пераказвай мае словы!.. Дзе ён гэты падарожны?

Вальдамар. Ён праехаў міма!

Гамба. Як гэта праехаў міма? А дзе-ж ён каня ўзяў?

Вальдамар. У стайні...

Гамба. Ды няўжо-ж твой бацька даў яму свайго каня? (Да стражнікаў). Чулі?

Вальдамар. Не, ён меў свайго каня.

Гамба. Ну, што ты лжэш, калі ён быў пешым!

Вальдамар. Ну, калі вы лепш за мяне ведаеце, дык чаго-ж вы пытаецеся?

Гамба. Ты што, хлопча, мяне дражніш?!.. Кажы ясна і проста: праходзіў тут Угал, ці не?

Вальдамар. Гэта вы мяне дражніце! Я вам зьбіраўся расказаць, а вы мне перашкаджаеце!

Гамба. Ну, дык кажы, але толькі хутчэй!

Вальдамар. Чую я гэта раніцой нейкі грукат...

Сярод стражнікаў рух.

Вальдамар. Мамка толькі-што пайшла даіць кароў. Стракатка зусім не хацела стаяць: яна на пашы накалола сабе нагу...

Гамба. Ну, ну, хутчэй!.. Што гэта быў за грукат?..

Вальдамар. Я-ж кажу ўсё па-парадку... Мамка толькі-што пайшла даіць кароў, а Стракатка зусім не хацела стаяць... Чую я, грукоча нешта, так, — грукоча... Глядзім мы, што там такое, ажно бачым, нібы дым падымаецца...

Гамба. А які гэта быў грукат?.. Ад стрэлу?..

Вальдамар. Але-ж вы мне перашкаджаеце казаць...

Гамба. Ну кажы, кажы! Мы-ж ня маем часу...

Першы стражнік. Ваша благародзіе! Калі Угал ня тут толькі схаваўся, дык ён далёка можа адыйсьці, пакуль мы тут размаўляем...

Вальдамар. Але! Я за гэты час уцёк бы так далёка, што ніхто б не злавіў!

Гамба. Дык ты, урэшце, скажаш, нягоднік, хто гэта страляў?

Вальдамар. Дзе страляў?

Гамба. Ну, чакай-жа ты ў мяне: я табе пакажу!.. Ты толькі-што сам сказаў, што раніцой нехта страляў.

Вальдамар. Гэта ня я, а вы казалі, што нехта страляў... Я казаў, што быў грукат, і грукат быў запраўды... ад каламашкі... Я добра адрозьніваю стрэл ад грукату воза, бо мой бацька сам стралец!..

Гамба. А, гад, ты-ж казаў, што быў нават дым...

Вальдамар. Гэта быў зусім ня дым, а пыл на дарозе — там, як пасьля мы ўгледзелі, шпарка ехаў арганісты. Відаць, сьпяшаўся да свайго ксяндза!..

Гамба. А што там такое сталася? Напалі гэтыя бунтары ці што?

Вальдамар. Што вы кажаце? Калі-ж гэта яны напалі?

Гамба. Ну, цярплівасьці маёй прышоў, урэшце, канец! Бяры гэтага нягодніка!

Другі стражнік (ківаючы адмоўна галавой). Ваша благародзіе, дык гэта-ж нейкі дурань!

Гамба. Па-мойму, Угал схаваўся тут, інакш і быць ня можа! А што шчанюк гэты не прызнаецца, дык мабыць таму, што сам схаваў яго. Калі гэта толькі так, дык няхай моліцца богу... Абшукаць хутчэй усю хату! Перагледзіць за адно і рэчы! Марш у дом, а я пашукаю яго тут на двары.

Вальдамар. А вы паглядзеце, ці не схаваўся ён пад дайніцай... А мо’ на дрэва ўзьлез? А то, ці не ляжыць ён пада мною?...

Стражнікі штыхамі практыкаюць у некатурых мясцох стог сена.

Гамба. Ну, ідзеце ў хату, чэрці! Спаўняць мой загад!

Вальдамар. Лепш не хадзеце, бо невядома, што скажа яшчэ бацька, калі дазнаецца, што вы без яго дазволу ператрэсьлі нашу хату!..

Гамба. А, вось што! У твайго бацькі, нябось, ёсьць што ад нас хаваць!.. Пэўна кніжкі якія, лісткі?..

Вальдамар. Але, ёсьць кніжкі, а ў іх лісткі...

Гамба. Ну, вось бачыце! Марш туды!

Вальдамар. Стойце! Я яшчэ дадам: у майго бацькі ёсьць стрэльба, але-ж яна вельмі ў даль б’е і прастрэльвае, як тое спарахнелае дрэва, трох чалавек адразу!..

Першы стражнік. Ваша благародзіе, ну што мы там будзем шукаць у хаце? Дзе ён там мог так хутка схавацца? Аднавім лепш за ім пагоню.

Гамба (сярдуючы на Вальдамара). Ах ты, байстручанё! Вось як пачну я цябе шашкаю сячы: іначай тады ў мяне загаворыш!

Вальдамар. Тады і мой тата іначай пачне гаварыць...

Гамба. Што мне твой тата? Вось адвяду я цябе ў горад, ды кіну ў вастрог. Як патрымаюць цябе ў цёмным карцары, на гнілой саломе, у ланцугох, ды яшчэ гарачымі пікамі як стануць калоць, забудзеш тады і як цябе самога і як тату твайго зваць!..

Вальдамар. Майго тату зваць Гірт з Воўчага логу, хіба-ж вы забыліся ўжо?

Стражнікі тым часам, узлаваныя, соваюцца ў розныя бакі і зьбіраюцца пакінуць ужо двор. Раптам адзін убачыў сьляды крыві на зямлі.

Другі стражнік (з крыкам). Вось, вось, крывавы сьлед! Гэта напэўна ад Угала!

Гамба. А-а-а! Ну вось мы цяпер яго і злавілі...

Вальдамар. Злавілі? Ды гэта-ж мая мамка сяньня курыцу тут рэзала!..

Другі стражнік. Ваша благародзіе, відаць, запраўды Угала тут няма!

Вальдамар. Зразумела, — няма!

Гамба і стражнікі пачынаюць выходзіць з двара; Вальдамар паказвае ўсьлед ім рукамі «носа». Гамба, нечакана азірнуўшыся, заўважае гэта і варочаецца назад.

Гамба. Ну, разумнік, ты сам сябе выдаў... Я ўжо паверыў, што і запраўды яго тут няма, але-ж ты сам нам яго выкрыў... Зараз-жа кажы, дзе ён, а то мы і цябе з сабою забярэм! Ды і твайго бацьку заарыштуем за тое, што ён хавае злачынца! Дасьць-жа ён тады табе... Калі мы ўсё агледзім і яго знойдзем, прыдзецца табе разам з бацькам сесьці ў вастрог. А калі скажаш адкрыта, атрымаеш на цукеркі!

Вальдамар. Мне цукеркаў ня трэба: я — не маленькі!

Гамба. Гэта-то праўда: ты з галавою, як той сталы!.. Ну, калі так, я табе дам гасьцінца такога, якога няма ў іншых хлопцаў. Вось, глядзі, які прыгожы ў мяне ножык. Лезьво страшэнна вострае! Такога ты яшчэ і ня бачыў!

Вальдамар (глянуўшы на ножык). Дрэнь! У майго таты куды лепшыі.

Гамба (крыху зьбянтэжаны; пасьля невялічкай паўзы). Але вось гадзіньніка ў цябе дык няма! А палядзі, які ў мяне гадзіньнік!..

Вальдамар. Мне не патрэбен ваш гадзіньнік!

Гамба. Ну, мужчына без гадзіньніка ўсё адно, што сабака без хваста! А ты ведаеш: нават і ў горадзе такія маладыя хлопцы, як ты, усе маюць гадзіньнікі. Ідзе, напрыклад, міма цябе хто бяднейшы, пытаецца: «Панічыку, дазвольце спытацца, якая зараз гадзіна?» А ты яму зараз-жа: «З прыемнасьцю. Гляну зараз»...

Вальдамар маўчыць, уздыхнуў.

Гамба (трымаючы ў руках свой гадзіньнік). Ты толькі палядзі! Вазьмі яго ў рукі! Глядзі, як хораша ідзе!

Вальдамар адпіхвае яго руку з гадзіньнікам.

Гамба. Прыслухайся толькі, як ён ходзіць. Што той званочак зьвініць.

Вальдамар (мімаволі слухае). Ага!

Гамба. На пятнаццаці камянёх. А якая таўстая срэбная аправа!

Вальдамар. Напэўна, дорага такія каштуюць? Рублёў якіх з пяць?..

Гамба. Што ты?! Дваццаць пяць, а ня пяць!..

Вальдамар. Дваццаць... пяць!..

Гамба. Прымер яго сабе!.. Убачыш, як прыгожа выглядае...

Вальдамар прымае ад Гамбы гадзіньнік і аглядае яго. Прымерыў да кішэні.

Першы стражнік. Ну, зусім як пісар у воласьці!..

Вальдамар (пасьля некаторага хістаньня рашуча аддае Гамбе гадзіньнік). Не!

Гамба (не бярэ). Ды бяры-ж яго сабе!

Вальдамар. Вы жартуеце...

Гамба. Зусім не жартую! Бяры! Адразу-ж відаць, што ты разумны хлопец, і з добрымі рэчамі ўмееш абыходзіцца. Не станеш-жа ты рабіць сабе і бацьку няпрыемнасьці з-за якогасьці там абарванца, бадзякі з лесу!..

Вальдамар. Ды ён, нават, бляшаначкі не хацеў мне падараваць! (Затрымлівае гадзіньнік у сваіх руках).

Гамба. А хіба-ж у такога валацугі ёсьць што падараваць? Хіба, калі сам украдзе. Але няўжо-ж табе патрэбны крадзеныя рэчы?.. Твой бацька быў заўсёды сумленным чалавекам!.. А ты хіба будзеш абараняць якогасьці там бадзяку?..

Вальдамар. Ну, але! Мамка таксама казала, што ён бадзяка!..

Гамба. Вось бачыш! Твая мамка ведае, што яна кажа... Яна падаруе табе да цэпкі бралокі, ды і бацька сам табе скажа, што ад жабрака гэтага агулам браць нічога ня трэба.

Вальдамар. Тата, усё-ж-ткі, будзе сердаваць...

Гамба. Але-ж маці цябе абароніць! А тата пакрычыць пакрычыць ды і годзі. Бо ты-ж, уласна, — нічога шкоднага не зрабіў, ты толькі не захацеў, каб тату былі якія-небудзь прыкрасьці, каб паліцыя ня села яму на шыю!.. А ён ня любіць мець справу з паліцыяй!.. Бачыш, гэтак будзе лепш за ўсё. Ну, бяры сабе гадзіньнік!

Гамба прыпшільвае Вальдамару гадзіньнік. Той стаіць ціха, перамагаючы сябе.

Вальдамар. Не, не!..

Гамба. А так!.. Тады давай яго назад!

Вальдамар ня выпускае гадзіньніка з рук; адыйшоўшы ад стогу сена, паказвае на месца, дзе схаваны Угал, а сам ідзе ў хату.

Гамба. Які разумны, шэльма! (У голас). Стражнікі! А вы добра агледзілі стог сена? Паглядзеце яшчэ раз! Калі ўжо няма, дык пойдзем!..

Другі стражнік (сьмяючыся). Як загадаеце! (Коле штыхом у сена).

Угал (з-пад-сена). Ой!..

Першы стражнік. Гэй, хто там?..

Угал. Ой, ой не калеце!

Стражнік разрывае стог, Угал вылазіць стуль, хоча кінуцца з кінжалам, але валіцца.

Гамба. Ага, трапіў такі нам у рукі!.. Не змагайся больш, усё роўна нічога з гэтага ня выйдзе! Чуеш? А не то я загадаю супакоіць цябе, ды так, што косьці заныюць!

Стражнікі вяжуць Угала, ён не даецца.

Вальдамар (выходзячы з хаты, ускрыквае). Што вы робіце, што вы?!..

Гамба. Прэч, шчанё, а то і сам дастанеш!.. Чаго лезеш? Ты зрабіў сваё, цяпер мы свае парадкі яму пакажам!

Угал (зьвязаны стражнікамі, ляжыць ужо на зямлі, калі Вальдамар наблізіўся да яго). Не падыходзь, нягоднік! Плюю на цябе!

Вальдамар (кідаючы яму рубель). Вось табе назад твае грошы.

Гамба. Глядзі ты! Хлапчук і схаваў за грошы! Нездарма матка твая з багатай сямейкі!.. Такі-ж на грошы квапны!..

Угал. Бяры свае грошы за кроў! Гэта — прыдача да гадзіньніка, які ты зарабіў за сваю здраду!..

Гамба. Ня будзь дурным, хлопча! Сунь грошы ў кішэню, чаго там спалохаўся? Падумаеш, які далікатны!.. Ты з розумам і спрытны, з цябе выйдзе нешта большае, чымся лясьнік.

Угал (заўважыўшы, што Вальдамар зноў хоча да яго падыйсьці). Прэч!.. Нясеце мяне хутчэй адсюль, з двара гэтых гадаў! Я не магу больш вытрымаць гэтага...

Гамба. Вось чаго ты захацеў?.. Несьці?.. А ты-ж толькі што ўцякаў ад нас, як той ялень!.. Ужо неяк падправім табе ногі. Гэй, пастаўце яго на ногі! Хай сам ідзе!

Стражнікі прабуюць зрабіць гэта, але бяз посьпеху.

Першы стражнік. Ваша благародзіе, ды ён самлеў. Відаць, ісьці ня здолее... Нага вельмі куляю паранена. Прыдрацца такі яго несьці.

Гамба. Гм, хвароба яму! Яшчэ несьці гэткага нягодніка!..

Другі стражнік. Ваша благародзіе, а каб па дарозе... (паказвае на мігах, што лепш застрэліць Угала).

Гамба. Ні-ні! Калі б можна было, не чакалі б мы твае дарады. Відаць, вельмі патрэбен!.. Хутчэй рыхтуйце насілкі, а то яшчэ іх банда наскочыць сюды і перашкодзіць!..

Першы стражнік. Трэ’ было б перавязаць яму раны... Ён здорава мучыцца, ваша благародзіе!..

Гамба. Начхаць! Хай сабе мучыцца! Хіба нам лёгка ён даўся?.. Аднак, праўда твая... Усё-ж-ткі, каб, страціўшы шмат крыві не памёр!.. Перавяжэце, але хутчэй толькі!..

Угал. Піць!

Стражнік шукае ля хаты вады. Вальдамар бяжыць у хату і выносіць малака, але Угал рашуча адпіхвае гладышык з малаком.

Угал (да першага стражніка). Дай лепш з твае пляшкі!

Першы стражнік дае Угалу піць. Вальдамар стаіць апусьціўшы галаву. Другі стражнік падыходзіць і кладзе яму руку на плячо. У гэты момант падыходзяць Гірт і Эва.

Гірт (ціха да жонкі). Ці не заарыштавалі толькі Вальдамара? Чаму гэта ён, апусьціўшы галаву, стаіць ля стражніка? А-а, вось і гад гэты, Гамба!.. Ну жывым ён адсюль ня выйдзе, калі толькі хоць што-небудзь зрабіў нашаму хлопцу! (Здымае з пляча стрэльбу).

Эва. А можа, яны прышлі заарыштаваць цябе? Не вытыкайся! Глядзі, іх многа... Лепш уцячэм!..

Гірт. Што?!.. Нашага Вальдамара я ні ў якім выпадку не пакіну ў руках гэтых гадаў!

Эва. Ну што ты адзін з сваёй стрэльбай зробіш? Застрэляць яны нас усіх, разам з Вальдамарам!..

Гірт. Самае меншае — я застрэлю Гамбу, а рэшта тады уцячэ і пакіне Вальдамара. (Узьнімае стрэльбу).

Другі стражнік (заўважыўшы гэта). Гэй, што гэта, ваша блага...

Гамба. У, гады! Хвароба вам у бок!.. Ня здолелі хутчэй усё скончыць... Ну, што ты робіш, Гірт?.. Стражнікі, за стрэльбы!.. Гірт, ты-ж сам ідзеш на сьмерць!

Гірт. Я ўжо маю вас на мушцы, пане прыстаў! Загадайце аслабаніць, інакш я спушчу курок!

Вальдамар, пачуўшы голас бацькі, ускрыквае і траціць прытомнасьць.

Гамба. Ты што Гірт, сшалеў?.. Напасьці на нас?.. Ды што-ж мы такое табе зрабілі?

Гірт. А што вы зрабілі з сынам?

Эва хоча падбегчы да Вальдамара, але баіцца паднятых стрэльбаў.

Гамба. Ага, вось што!.. Адставіць!.. Нічога з тваім Вальдамарам не здарылася... Ён, відаць, проста спалохаўся, убачыўшы, што ты цэлішся... З якой такой прычыны мы б зрабілі нешта дрэннае твайму сыну? Апусьці-ж сваю стрэльбу!.. Мы не з-за цябе сюды прышлі!.. Ты-ж не злачынец, а чалавек сумленны, як гэта і ўсяму начальству вядома! Вальдамар сам...

Гірт. Вальдамар, хадзі сюды!.. Каго-ж вы шукалі ў маёй хаце?..

Эва падыходзіць да Вальдамара, які стаіць нярушна, і ізноў адыходзіць ад яго.

Гамба. Мы тут злавілі аднаго бадзяку.

Эва. Можа таго, які на мінулым тыдні скраў у нас ягнё? Тут іх цяперака шмат шлындае!..

Гамба. Але, ад іх ня стала ратунку!.. Гэты самы...

Гірт. Ягняці ніхто не кране, калі толькі не галодны... .

Гамба. Зразумела!.. Але-ж ад іх уся ваколіца ў неспакоі. Начальства сувора загадала ўсіх так званых лясных братоў пералавіць. Гэткага самага мы толькі што злавілі. Як толькі ён не супраціўляўся!.. Аднаго стражніка застрэліў, другога параніў, а пасьля так схаваўся, што, каб не дапамога Вальдамара, мы яго ніяк не знайшлі б! Ну як-жа мы маглі б хлапцу зрабіць дрэнна, калі ён нам дапамог?

Гірт. Вы што... сказалі пра Вальдамара? Адразу неяк ня ўцяміў!..

Эва. Ты-ж чуеш: наш малайчына Вальдамар дапамог злавіць бадзяку. Хадзі сюды, сыночак!

Гірт (перарываючы яе, падвышаным голасам). Маўчы, Эва! Вы што сказалі, пане прыстаў?

Гамба. Твой сын дапамог нам злавіць валацугу, які схаваўся вунь туды, у стог сена. Я, бязумоўна, адзначу гэта перад начальствам і папрашу, каб яму выдалі ўзнагароду... Табе таксама начальства будзе ўдзячна за сына...

Гірт. Вальдамар, гэта ўсё праўда?.. Кажы!

Вальдамар маўчыць.

Гірт. Нягоднік! (Стрэльба выпадае ў яго з рук).

Вальдамар. Яны самі яго знайшлі...

Гірт. Каго, Угала?.. Дык ён-жа, як госьць, гадзіну назад еў і піў у нас…

Гамба падкрэсьлена глянуў на першага стражніка.

Эва. Які гэта госьць?!.. Як гэта жабрака лічыць сваім гасьцём?!.. Ты сшалеў, Гірт?!..

Гамба. Так, так! Мы яго самі фактычна знайшлі, сын толькі крыху дапамог...

Гірт (да сына). А ты адмаўляешся, што зрабіў такую добрую справу?!.. На іншых ускладаеш подласьць?!.. Ня маеш зусім гонару!..

Гамба. О не!.. Ён вельмі ганаровы!.. Нам давялося доўга яго намаўляць, каб выкрыў, дзе Угал!..

Гірт. Угал!.. Угал, дружа мой!.. Паранены, падстрэлены... Што вы з ім зрабілі?!.. Дзе мая стрэльба?..

Гамба. Ну, нам няма калі з табою размаўляць!.. Бярэце насілкі!..

Гірт. Вы да яго не дакранецеся!.. Дай мне тваю руку, дружа!

Гамба. Кладзеце, кладзеце на насілкі… Мы-ж яму нічога благога ня хочам зрабіць.

Гамба, адыйшоўшы, шэпча нешта стражнікам. Тыя бяруць стрэльбы і хочуць абкружыць Гірта.

Гірт. Угал, ты чуеш?

Угал (павярнуўшыся да яго). Адыйдзі, паганец!.. Можаш і ты атрымаць ва ўзнагароду срэбны гадзіньнік!..

Гірт. У чым тут справа?

Угал. Што-ж! Атрымай і ты разам з сынам узнагароду Юды!..

Гірт. Угал, падумай толькі, што ты кажаш?!..

Угал. Сам бы лепш памяркаваў: мо’ тваё двудушша так бы хутка ня выкрылася!.. А яшчэ хацеў, каб цябе прынялі ў таварышы… Добры таварыш!.. Нясеце хутчэй мяне адсюль!..

Гірт. Я не дазволю ім вынесьці цябе з мае хаты!.. Я абараню цябе, чаго-б гэта мне ні каштавала!..

Угал. Ня хочу я твае абароны… Лепш трапіць у вастрог, чымся быць у хаце здрадніка… Плюю на цябе…

Гірт стаіць, як акамянелы, марудна падымаючы сваю руку да лобу.

Гамба. Ну, бярэце насілкі! Выходзь на дарогу.

Стражнікі паднялі, нясуць Угала за сцэну.

Гамба (абярнуўшыся). Адразу відаць, што васпан замешаны ў гэтую справу! А таму трымайся, Гірт, цішэй! (Выходзіць).

На сцэне застаюцца Гірт, Эва і Вальдамар.

Эва. Ну, дзякуй богу, што ўсё мінулася!.. Якая няўдзячнасьць! Піў і еў тут, ды ўрэшце за гэта-ж яшчэ і вылаяў. Я заўсёды казала, што з такімі асобамі няма чаго табе сябраваць! Набудзеш сабе толькі адны няпрыемнасьці!.. Трэба было даўно з ім парваць!.. (Да Вальдамара). Хадзі сюды, сынок!.. Слаўны ты мой, любы!

Вальдамар плача і падбягае да маткі, якая яго абыймае. У Вальдамара выпадае ў гэты час гадзіньнік; яго падымае матка.

Эва. Гэта-ж што? Якая прыгожая штучка!..

Вальдамар хоча выхапіць яго з рук маткі, гэта заўважае Гірт.

Гірт. Ага!.. Гамба, значыцца, запраўды даў табе гэты гадзіньнік! Значыцца, Угал… казаў праўду?!.. Дай мне сюды! (Бярэ і разьбівае гадзіньнік аб камень).

Эва. Такая дарагая рэч, а ты, дурны, разьбіў!

Гірт. Разьбіты гадзіньнік, ты, вось, шкадуеш, а што сын прадажны — табе ня шкода! Гэта як раз пасуецца да твае натуры…

Эва. А што-ж ён такое зрабіў?.. Калі Гамба яму і даў, дык якжа-ж дзіцянё магло адмовіцца ад падарунку?!..

Гірт (рашуча). Нічога ты, жонка, не разумееш! (3 стрыманым хваляваньнем). Добра-ж ты, Вальдамар, пачаў!..

Вальдамар (набліжаючыся да бацькі). Татка, татачка!..

Гірт. Не падыходзь да мяне! (Стаіць ізноў-жа пахмуры і нешта думае).

Эва (падыходзіць на некалькі крокаў у бок Гірта, штосьці прадчуваючы). Аб чым ты думаеш, Гірт?.. Скажы мне!..

Гірт. Няўжо гэта мой сын, Эва?..

Эва. Гірт, ты ўяўляеш сабе, каму ты гэта кажаш?

Гірт. У нашай сям’і ніколі здраднікаў ня было!.. Гэты вось — першы!..

Эва. Нават і ты, Гірт, ня маеш права чапаць мой гонар маткі!

Гірт. Эва, Эва! Каб ты ведала, як гэта сьцяною стала паміж ім (паказваючы на Вальдамара) і мною!..

Эва. Я цябе не разумею! Пра якую ты сьцяну?.. Забудзься на ўсё, Гірт!.. Ды ты-ж нашага хлопчыка кахаў больш за сваё жыцьцё!.. Ты-ж яго ад сьмерці выратаваў, каля гарэла наша хата!.. Так?.. Ты яго любіш, Гірт?

Гірт (стаіць перамагаючы сябе, паднімае галаву і глядзіць на Вальдамара). Якое маладое яшчэ жыцьцё…

Эва. Ну, падыйдзі да яго, Гірт!.. Што-ж такое, запраўды, здарылася?.. Гэта-ж яшчэ дзіцянё неразумнае!.. Гамба напэўна намовіў і зьвёў яго гадзіньнікам!.. А Вальдамар заўсёды хацеў мець гадзіньнік… Няўжо-ж, па твойму, ён па натуры злы?..

Вальдамар. Татачка, дара…

Гірт стукае стрэльбай аб зямлю, чуцен звон срэбнага рубля. Гірт падымае яго. Вальдамар камянее, выцягнуўшы ўперад рукі.

Гірт. А гэта якія грошы? Эва?.. Вальдамар?..

Эва. Ня ведаю! (Падбягае да Вальдамара). Ну, што асаблівага ў гэтым? Напэўна выпалі ў Гамбы або ў каго з стражнікаў… Чаго ты чэпішся да кожнага глупства?.. Пойдзем лепш сьнедаць!.. Пойдзем, сыночак!

Гірт. Чакай!.. Што з табою, Вальдамар?.. Эва! мне здаецца, ты нешта ведаеш?...

Эва. Ну што такое я магу ведаць?.. Я ўжо табе казала!.. Кінь, запраўды, зварочваць увагу на дробязі!..

Гірт. Чаму гэта хлопец так дзіўна стаіць?.. Гэта табе таксама Гамба даў?

Эва. Ну скажы «так», скажы «так»!

Гірт. Маўчы, Эва!.. Або хто са стражнікаў табе гэта даў? Хто-ж яшчэ тут быў? Больш нікога ня было? Ах так! Яшчэ Угал, але-ж у яго не павінна столькі быць!

Вальдамар падбягае да стогу сена, хутка адскоквае назад і ўбягае ў хату.

Гірт (абурана крычыць). Ах ты божа мой! І гэта яшчэ!.. Яшчэ і гэта!.. Вальдамар, хадзі сюды!

Вальдамар выходзіць з хаты.

Эва (кідаецца да яго, ня пушчае да Вальдамара). Ты сшалеў ці што? Чаго ты крычыш? Што ты хочаш зрабіць з хлапцом? Дай яму супакоіцца!

Гірт (адпіхвае яе). Прэч! Скажы-ж сынок!..

Вальдамар (дрыжучы). Так!

Эва (абыймаючы Вальдамара). Яго не пушчу! Я яго табе, зьвяру, не аддам!.. Не, табе, воўку, так воўку, я майго адзінага сыночка не аддам!.. Рычыш на яго, як зьвяруга тая… Аж пачырванелі вочы, з’еў бы, здаецца! О, ты на ўсё здацен — ведаю, які ты!.. Як у тваю галаву ўлезуць шалёныя думкі, — тады няхай усё гіне!

Гірт (да Вальдамара). Угал табе гэтыя грошы даў?.. Ты сам запатрабаваў іх у яго? Узяў грошы і ўсё-ж здрадзіў яму? Так?..

Вальдамар (анямелымі вуснамі). Так...

Гірт (ціха сам сабе). Цяпер ясна ўсё... Сумняваньні скончаны...

Эва. Так, мой любы!.. Больш у гэтай справе не хвалюйся, а то ты як той порах... Нічога-ж асаблівага ня сталася, як бачыш...

Гірт. Ідзі, рыхтуй сьняданьне!

Эва. Добра, я іду, толькі каб ты не хваляваўся! Вальдамар, ідзі са мною!

Гірт. Не, ён няхай застанецца яшчэ тут!

Эва. Навошта ён тутака табе?.. Але-ж ты, я ведаю, добры і нічога благога нашаму сыночку ня зробіш?..

Гірт. Мне трэба з ім...

Эва. А ты нічога ня зробіш майму сыночку?..

Гірт (сядае, выцірае пот на лобе, стомленым голасам). Ды ідзі, ты!..

Эва (цалуе Вальдамара). Ну, хутчэй-жа прыходзь, каханы мой!

Нейкі момант Эва стаіць, нешта думае. глядзіць на абодвых; пасьля марудна адыходзіць.

Гірт (сядзіць нейкі час; пасьля, перамогшы сябе, рашуча ўстае, падыходзіць да дзьвярэй дому, замыкае іх на ключ, бярэ стрэльбу). Вальдамар, стань там ля стогу!

Вальдамар. Тата, татачка, даруй мне! (Становіцца на калені).

Гірт. Устань! Ніхто з нашай сям’і ніколі не станавіўся на калені прад другім чалавекам, а ты-ж — сын мне... Кожны з нас адказваў за тое, што рабіў...

Вальдамар (устаючы). Даруй мне, даруй!..

Гірт. Не супроць мяне ўчыніў ты злачынства і ня мне цябе мілаваць!.. Стань там!..

Вальдамар паслухмяна адыходзіць на паказанае яму месца. Гірт ускідвае стрэльбу і страляе. Хлопец валіцца забітым. За дзьвярыма чуцен крык маткі. Эва выскоквае недзе праз вакно і выбягае з-за хаты; шукае вачыма, дзе сын. Убачыўшы яго на зямлі, бяжыць туды.

Эва (кінуўшыся забітаму сыну на грудзі). Сыночак мой, сыночак!

Гірт (да жонкі). А цяпер я іду да лясных братоў, каб заступіць сярод іх месца Угала!.. Я буду імсьціць усім крывасмокам і гвалтаўніком!.. Я памшчуся за ўсіх нас, і за нашага Вальдамара! Бывай!

Глянуўшы яшчэ раз на забітага сына, Гірт маруднымі, але рашучымі крокамі накіроўваецца ў лес.



ЦАНА 40 к.

СКЛАД ВЫДАНЬНЯ
Ў КАНЦАЛЯРЫІ БЕЛАРУСКАГА
Т-ВА ДРАМАТЫЧНЫХ
ПІСЬМЕНЬНІКАЎ І КАМПАЗЫТАРАЎ
(Менск, вул. Энгельса, №31. Тэл. 5-95)


Вокладка працы Валянціна Волкава

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад: Шаблон:PD-Белапусь