Гімн (Славацкі/Леўчык)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гімн заходу сонца на моры
Верш
Аўтар: Юльюш Славацкі
 1836
Арыгінальная назва: Hymn (Smutno mi, Boże...)
Пераклад: Гальяш Леўчык
Крыніца: Доля і хлеб: выбраныя творы / Гальяш Леўчык. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1980

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *


Сумна мне, божа! Захаду парою
Ты мне разліў вясёлку прамяністу;
Ў вачох мне тушыш лазурнай вадою
Зорку вагністу ...
Хоць ты мне ўсё так залоціш прыгожа,
Сумна мне, божа!

Як без зярнят той колас падняўся,
Стаю, раскошы й здавольства не трэба,
З чужымі той самы твар мой астаўся,
Сіняга неба.
А прад табой скрыць глыб сэрца не зможа.
Сумна мне, божа!

Плача дзіцятка ўсё днём і ноччу,
Што адхілілась маці ад калыскі,-
Кідае сонца, і я плакаць хочу,
Апошнія бліскі;
Хоць заўтра сонца зноў засвеціць гожа,
Сумна мне, божа!

Сёння над глыбяй Вялікага мора,
Сто міль ад берагаў, едучы ў прочкі,
Бачыў ляцеўшых у цёплы край скора
Буслаў радочкі.
Што ў роднай старонцы бачыў іх, можа,
Сумна мне, божа!

Што часта думаў на людскіх магілах,
Што я не знаў амаль роднага дому,
Як падарожны пры слабых быў сілах,
З маланак грому,
Што і не знаю, дзе ў гроб паложаць.
Сумна мне, божа!

Ты будзеш бачыць мае белы косці,
Ніякай стражы не будзе над мною;
Але я чалавек, што хоча штосьці
Быць парахнёю...
Дык, што не ведаю, дзе мне гроб-ложак,
Сумна мне, божа!

Казалі ў краю малому дзіцяці
Маліцца штодня за мяне, я ж знаю;
Карабель не будзе ў край мой плываці,
Ў свет адплываю...
Дык, што й малітва дзетак не паможа,
Сумна мне, божа!

Вясёлку ясну, быццам высь, падперці,
Тваім анёлам кажаш ўшыр стаўляці,
Бачачы людзі, па маёй ў век смерці,
Будуць ўміраці...
А пакуль ніштожнасць не пераможа,
Сумна мне, божа!


1836