Гэта ўсё — знаёмыя шляхі… (Таўлай)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта ўсё - знаёмыя шляхі...
Паэма
Аўтар: Валянцін Таўлай
Крыніца:http://pawet.net/library/v_literature/mury/05/16/%D0%92%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%86%D1%96%D0%BD_%D0%A2%D0%B0%D1%9E%D0%BB%D0%B0%D0%B9._%D0%9F%D0%B0%D1%8D%D0%B7%D1%96%D1%8F.html



Гэта ўсё - знаёмыя шляхі.
Аглянешся - затанулі ўдалеч.
На адных - палын расце глухі,
На другія - зоры ападаюць.

Пры юнацтве, што здалёк звініць,
І арлы садзіліся ахвоча,
Часам - каб да лёту заманіць,
Часам - каб выдзёўбваць вочы.

Але мы, улюбіўшыся насмерць
У шляхі, пракладзеныя ў заўтра,
Навучылі песню разумець,
Што ў змаганні і загінуць варта.

Вокам на шляхі куды ні кінь, -
Тлеюць косці звестуноў
прадвесня
І ляжаць жалобныя вянкі
Анямелых з болю
верных песень.

Не даклічацца ніякая вясна, -
Голас расплывецца
ў чыстым полі,
Не збудзіўшы стомленнага сна
Змагароў, загінуўшых за волю.

Але хай высокі маладняк
Боль магіл кране
карэннем шчырым, -
І насустрач заўтрашняга дня
Нашы песні зазвіняць
з-пад жвіру.

(1941)