Гыгіена псыхічная, як праблема аснаўных адносінаў да жыцьця
Гыгіена псыхічная, як праблема аснаўных адносінаў да жыцьця Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1937 год Крыніца: Калосьсе. — 1937. — Кніжка 3 (12). — С. 161—171 |
Гыгіена псыхічная, як праблема аснаўных адносінаў да жыцьця
I
Само зьявішча гыгіены вельмі цікавае. Гыгіену ажыцьцяўляюць лекары, яны толькі яе разумеюць, дзякуючы ім гыгіена жыве і разьвіваецца. Ёсьць сяньня, можна сказаць, цэлая прафэсыя гыгіеністаў, як адна з галінаў веды і практыкі лекарскае. Пікантнасьцю, калі так можна казаць, у пытаньні гыгіены, гэта якга тое, што ў ёй працуюць лекары. Вельмі было-б дзіўна, каб мы пачулі што нейкія рамесьнікі, скажам, шаўцы ці сталяры, разважаюць над тым, як дайсьці да таго, каб людзі не патрабавалі хадзіць у ботах ці зноў — каб чалавек мог пражыць бяз хаты, шафы ці яшчэ там нечага, што робіць і з чаго жыве шавец ці сталяр. Бязумоўна, кожны рамесьнік зацікаўлены ў тым, каб ягоная работа была найбольш трывалаю. Дзякуючы саліднасьці свае работы, рамесьнік ня меціме канкурэнтаў. Аднак, каб зусім бяз ботаў!..
Магчыма, што яшчэ адным з доказаў, што прафэсыя лекарская не зьяўляецца выключна рамяслом, што лекары, прадстаўнікі мэдыцыны — гэта ня толькі благія ці лепшыя рамесьнікі свае адумысловасьці, што яны маюць у сваёй працы яшчэ нешта, што называлі калісь поклікам амаль што ня боскім, гэным вось доказам і будзе факт, што якга лекары найлепш разумеюць і актыўна працуюць над тым, што завецца псыхічнаю гыгіенаю. На’т можна было-б казаць, што гэная дзялянка мэдыцыны будзе калі і наймаладзейшым дзіцянём, дык затое найбольш улюбленым.
Што-ж гэта такое гыгіена? Гэта практычнае датарнаваньне веды лекарскае да паясьненьня ўмоваў, у якіх чалавек жыве, ды адначасна гэта навука аб тым, як найлепш выкарыстаць гэныя ўмовы ў імкненьні да таго, каб чалавеку было якнайлепш. Мэтаю-ж гыгіены псыхічнае, як паказывае сам назоў, гэта імкненьне да поўнага здароўя псыхічнага чалавека, адначасна-ж гэта навука, паказываючая і абасноўваючая правіла добрага, здаровага жыцьця, цікаючы аб той вельмі складанай суцэльнасьці, якую завём душою, псыхікаю.
Паміж рознаякімі сказамі нейкіх вядомых ці зусім прапаўшых дзеля памяці нашае людзей ёсьць сказ, аб якім варта было-б часьцей думаць… „я ведаю адно толькі, што нічога ня ведаю“. Сказ гэны не гаворыць аб скрыпучай старасьці, аб зьнявераньні да ўсяго, што жывое, яркае. Наадварот, я сказаў-бы, гэта толькі паказальнік крытычных, зважных адносінаў да току жыцьцёвага. Такі сказ характэрны для сьпелага мужчыны, а не для палкага юнака. Мэдыцына — навука з галіны прыродаведы, яна вучыць крытычнага падыходу да зьявішчаў жыцьцёвых. Ня гледзячы на нячуванае разьвіцьцё гэнае навукі, ня гледзячы на пазорныя магчымасьці, якія адчыняюцца перад ею ў будучыне, трэба прызнацца, што ўчора і сяньня жыцьцё чалавека мела, мае і меціме шмат чаго незразумелага, магчыма на наш пагляд на’т супярэчнага. На жаль, сяньняшняя мэдыцына ня ўмее лекаваць шмат якіх нядужасьцяў чалавека. Людзі не паддаюцца аднак зьнеахвочваньню, шукаюць нейкага выхаду. Гэная вось свомасьць чалавека і дала нам гыгіену ды адначасна і профіляктыку. Заклік „не дапусьціць да хваробы“ сяньня вельмі папулярны ў мэдыцыне і ён найбольш мэтазгодны і зразумелы. Сяньня можна зусім пэўна сказаць, што чым вышэй гыгіена ў нейкім грамадзтве, дык тым вышэйшая там культура. Высокі ровень гыгіены — гэта ня толькі жарало здароўя, гэта прымета сьпеласьці асяродзішча.
Гыгіена займаецца рознымі старонамі жыцьця. Дзеля таго, кажам аб гыгіене вёскі, вялікіх гарадоў, аб гыгіене ротавае паражні, гаворым аб гыгіене школы, гыгіене хатняй, гаворым таксама аб гыгіене псыхічнай. Паасобныя галіны гыгіены займаюцца датарнаванвьнем практычным правілаў гыгіены да канкрэтных умоваў жыцьцёвых адзінкі або нейкае суцэльнасьці людзей,
Зьмест пайма гыгіены ротавае паражні зразумелы. Цікуецца тутака аб тым, што рабіць і чаго не рабіць, каб не хварэлі зубы. Гыгіена псыхічная шмат менш папулярная, яе людзі найменш разумеюць, ня ўмеюць ацаніць, як сьлед, таго значэньня нашага паступаньня ў сфэры псыхічнай. У зьявішчах фізычных лягчэй наглядаць залежнасьць паміж двума зьявішчамі. Тутака вельмі часта безпасярэдна прыходзіць быццам біолёгічная кара за грэх проці загадаў натуры, усёроўна, ці мы ведаем ці не гэныя законы натуры. Нехта нічога ня чуўшы аб гыгіене вельмі добра зьдзейсьняе ейныя вымогі ў штодзенным сваім жыцьці. Возьмем вопратку. Ніхто ня пойдзе бяз вопраткі ў халоднае надвор’е, інакш апранецца на дождж, інакш на мароз. Калі-б ня быў згодны з гыгіенаю, скажам вопраткі, адчуе на сабе шкодныя сьледамкі — прастудзіцца, змокне, балеціме ў яго галава і г. д. Падчас дык у вельмі жорсткай форме прыходзіць практыка. Прыкладам, тыфус брушны ці сыпны сустракаюць таго, хто ня ведаў ці забыўся аб бактэрыях, хто ня хоча глядзець за чысьцінёю цела і дапускае да вошаў, плюскваў.
Ня бачым затое стульнага і безпасярэдняга злучва паміж „грахом“ і „караю“ ў плошчы псыхікі, а кара тутака ня меншая, чымся нядужасьці цялесныя, што будуць сьледамкамі нястачы гыгіены агульнае. Праступкі проці гыгіены псыхічнае вядуць няўхільна вельмі часта да зацяжных хваробаў нэурозных, ды бывае і да нядужасьцяў псыхічных, нечага найбольш страшнога, што можа насустрэць чалавека.
Вока нашае прывыкла часта бачыць, што нехта быццам сьвядома лезе бядзе ў вочы, знарок не спаўняючы вымогаў гыгіены, а здароўе ягонае лепшае, чымся разважных і асьцярожных людзей. Блага аднак рабіў-бы нехта, калі-б хацеў знайсьці тутака аргумэнт проці гыгіены. Паказывае гэта толькі адно на вялізарныя сілы арганізму. І якга найбольш такіх памылковых прысудаў наглядаем у плошчы жыцьця псыхічнага. Амаль што немагчыма бывае паясьніць, што няшчасьце ўсяго жыцьця, нездаволеньне, варожасьць да сябе і людзей, — усё гэта сьледамкі не такое, як трэба, гаспадаркі ў далікатнай і заблытанай галіне псыхічных праяваў.
II
Ня цікую аб тым, каб даць агульны рэцэпт на „шчасьлівае“ бясклопатнае жыцьцё, бяззакіднае са стараны вымогаў гыгіены псыхічнае. Хацеў-бы толькі прадставіць тыя аснаўныя лініі жыцьця псыхікі і чаму, дзякуючы нястачам на гэным фронце, можам лучыць у дысонанс натуральнае гармоніі току жыцьцёвага, свомага пачуваньню здароўя.
Нажаль хочучы гаварыць аб нейкім ідэале, трэба пачынаць з таго, што сапраўднасьць вельмі сумная і надта далёкая ад ідэалу. Што яшчэ горш — недахопы не заўсёды з нашае прычыны ды на’т магчымасьць іх выкінуць не на нашыя сілы. Гэта мяне ані крышку ня спыняе. Даўно тая эпоха за намі, калі грамадзка „нячыстым“ рахавалі чалавека, паказываючага хараство бяз сродкаў на тое, каб кожны глядач мог прыблізіцца да яго і надыхацца ім ці наглядзецца.
Дык скажам ужо адно, што грамадзянства агулам мала ведае аб законах гыгіены псыхічнае — найчасьцей не ягоная ў гэтым віна. Крыніцы такое ці іншае рэчаістасьці хаваюцца ў грамадзкім ладзе, у прыналежнасьці да тае ці іншае клясы грамадзкае, гэта адначасна рэзультат канкрэтнай школы, у якой моладзь не пачула аб гэтым і г. д. Яшчэ горш, што калі і ведаем аб шкоднасьці некаторых зьявішчаў і сытуацыяў, дык прычыны і жаролы іх — незалежныя ад нашае волі. Грамадзкія ўмовы прынукаюць жыць часта так і ня йнакш, хаця проці гэтага бунтуецца розум і пачуцьцё. Нашае імкненьне ў кірунку перамены данага скажам ладу можа выклікаць раструскі ў жыцьці прафэсыянальным, таварыскім, хатнім і г. д. Бязумоўна, факты падчоркнутыя толькі што вельмі сумныя, паказываюць яны на тое, што толькі найбольш шырокая сьвядомасьць і сьвядомае імкненьне найбольш шырокіх сфэраў зчасам прывядзе да ліквідацыі супярэчнасьцяў, найчасьцей ясна толькі спадумных а не сапраўдных, якія ёсьць быццам паміж сапраўднасьцю ды ідэалам. Прыпомню тутака на адзін факт, даволі блізкі да зьместу нашых разважаньняў, а мяноўна — імкненьне працоўных масаў да васьмі гадзіннага рабочага дня працы. Дамаганьне вельмі правільнае, ды здаецца кожны чалавек павінен яго прыняць бяз нічога. Ня трэба забывацца, што была заміна ўсётакі і то не абыякая — кляса капіталістых ды іхнія інтарэсы. Залежнасьць эканамічная работніцтва ад фабрыкантаў доўга адкладала зьдзейсьненьне гэнага дамаганьня. Не асталося яно ўсётакі лятуценьнем і прыждаўшы часіну, калі ўся маса працоўная пачала разумець сваё абсалютнае тутака права, дык аканчальна работніцтва дастала тое, чаго дамагалася.
У плошчы гыгіены псыхічнае трэба перамагчы ня толькі заміны вонкавыя, трэба паладзіць і з тым, што замінае нам самым ад нашага характару, прывычак, забабонаў, гэных апошніх апранутых у вопратку „загадаў“, звычаяў таварыскіх, клясавых і г. д. Чад ці густая імгла абтуляе нас стульна і слова праўды, ды пачуцьцё здаровага мужыцкага розуму ня можа дабіцца да нашае сьвядомасьці. Дык як заўсёды кожную рэформу трэба пачынаць ад самога сябе і найбліжэйшага асяродзішча.
Вышэй гаворачы аб зьмесьце пайма гыгіены казаў я, што гэта навука ды адначасна практыка здароўя псыхічнага. Зусім на месцы будзе пытаньне: а што гэта такое здароўе псыхічнае, якія свомасьці чалавека здаровага?! Ці не хаваецца за гэнаю мянюшкаю нейкая штучка, якою можна забаўляцца, зьмест якое лішне малы, каб сур’ёзна чалавек мог захапіцца гэнаю ідэяю? Адказ навукова абаснаваны на пытаньне, што такое здароўе, — даволі складаны. Карыстаемся тутака агаворкаю папулярнаю, што здароўе там — дзе няма хваробы, і наадварот — хворым будзе той, хто нездаровы. Гэта не замінае нам, каб мы не разьбіраліся добра, аб чым мяркуем у адным пайме і другім. Прыродная лёгіка і розум ясна бачаць, ня ўмеючы ўсяго добра пераказаць словам. Здароўем завём тое, што не адыходзіць ад сярэдняе нормы. У гэнай галіне, як у шмат іншых, карыстаемся мэтодаю параўнавальнаю, так як у адносінах да хараства і г. д. Дык можна было-б запытацца, ці дапушчальна гаварыць аб здаровым псыхічна і яшчэ здаравейшым? І хаця на першы пагляд сядзіць тутака нейдзе парадокс, аднак калі толькі спамянем, што з паймом нормы стульна злучана паймо ці пачуцьцё таго, што філёзофы называюць дабром, калі зноў далей уявім, што чалавек жыве па тое, каб пражыць пэўную суму шчасьця, дык тады лягчэй паясьніць сабе, што нехта здаровы — значыцца ня чуе ў сабе націску ад’емных старон жыцьця, дык той самы чалавек яшчэ больш інтэнсыўна можа адчуваць хараство і дабро, можа быць больш шчасьлівым, а гэта ён зьдзейсьняе рзалізуючы вымогі гыгіены псыхічнае, адкідаючы ўсё, што замінае на гэным шляху ды адначасна павялічваючы ўсе скарбы, з якіх складаецца сапраўдны зьмест жыцьця. Бачым тады, што імкненьне гыгіены стульна спалучана з разьвіцьцём і паймом культуры духовае.
III
Бязумоўна, гыгіены псыхічнае немагчыма аддзяліць ад жыцьця цялеснага і ўсіх ягоных патрэбаў. Беспахібнае дзеяньне ўсіх органаў чалавека зьяўляецца фундамэнтам, крыніцаю гармонійнага разьвіцьця функцыяў псыхічных. Аднак здаволеньне гэных патрэбаў яшчэ ня будзе ўсім, чаго дамагаецца псыхічная гыгіена.
Жыцьцё адзінкі, жыцьцё вялікіх грамадаў чалавецкіх прадстаўляе адну працяжную лінію. Ніколі ня будзе так, што да сяньня скажам нехта жыве так, а ад заўтра кажа, што ён будзе жыць пановаму. Дзеля гэтага, пры мяркаваньнях гыгіены псыхічнае трэба нам зьвярнуцца да таго месца, дзе пачынаецца жыцьцё. Гыгіену псыхічную рэалізуем амаль што не са дня нараджэньня дзіцяці. Залежна ад веку, залежна ад сытуацыі агульнае, залежна ад плоці, ад прафэсыі вымогі са стараны гыгіены будуць іншыя, аснова заўсёды тая самая. Тая аснова, прынцып, зьмяшчаецца ў загадзе прыдбаць найбольшую колькасьць пазытыўных цэннасьцяў, адкідаць ад’емныя, значыцца прыдбаць шчасьця і сустрэнуць на сваём шляху найменш благога.
Загады гыгіены псыхічнае ў дзіцячым веку будуць аднолькавыя з вымогамі ўзгадаваньня. Усе дзейнікі, з якімі сустракаецца дзіцянё, пакідаюць на ём сьляды і яны даюць тую форму, паводле якое мы аканчальна ацэніваем чалавека. Шмат чаго найлепшае ўзгадаваньне ня зробіць. Малая адзінка зьяўляецца на сьвет з прыроджанымі свомасьцямі, якія мы завём канстытуцыяю цялеснаю і псыхічнаю. Нічога ня можам зрабіць на вонкавыя ўмовы геаграфічныя, кліматычныя, незалежныя ад нас умовы асяродзішча, умовы культуры агульнае. Дык калі шмат якія мамэнты ў будучага чалавека незалежныя ад сьвядомага дзеяньня ўзгадаваўцы, дык ня можам прайсьці моўчкі ў тых дзялянках, у якіх усё залежыць ад пакладзенае натугі бацькоў і ўзгацаваўцаў. Калі, скажам, дзіця пралетара і дзіця бацькоў клясы заможнае самым фактам прыналежнасьці да розных клясаў грамадзкіх маюць шмат свомасьцяў у пазьнейшым сваім жыцьці далёкіх ад сябе. Усётакі заўсёды можна знайсьці такую лінію, якая палягчыць у будучыне жыцьцё адзінцы.
Пуцяводнаю зоркаю хай будзе лёзунг „не пашкодзіць нашым узгадаваньнем дзецям“. Як ужо была вышэй гутарка, усё жывое імкнецца да пэўнае сумы шчасьця. Пры ўмовах грамадзкага жыцьця собскае імкненьне да шчасьця ня можа замінаць такому імкненьню другога чалавека, ці ўсіх людзей, як цэласьці. Дык трэба вучыць змалку, сапраўды ад першых дзён жыцьця, каб умець зрачыся дабра-шчасьця собскага, рэалізаванага на найкарацейшым шляху, калі гэта асабліва спалучана із шкодаю іншых. Агулам, не дацэніваецца, як сьлед, усё значэньне гэнае вымогі. Ня дарма Хрыстос абвесьціў жыдам а затым і пазьнейшаму культурнаму чалавецтву, як загад Бога: „любі бліжняга свайго, як сябе самога“. Гэта аснаўны закон і загад натуры і з ім ня можа разьмінуцца ніводзін акт арганізаванага грамадзянства, гэта жарало ладу, а нэгатыўна — жарало ўсякае крыўды іншага чалавека. Трэба нам уявіць, што ані багацьце, ані становішча не дае нам таго шчасьця, да якога ўсе мы імкнёмся. Вузкі эгоізм пхае нас да рэалізацыі шчасьця, ня гледзячы на ўсё і на ўсіх. Дык трэба змагацца з дзіцячым эгоізмам ад першых дзён, ці калі гэны эгоізм праяўляецца ў нахіле дзіцяці ўзяць матку выключна для сябе, ці калі яно хапае для сябе ўсё, на што глянуць ягоныя вочы. Колькі мы маглі-б выкінуць шурпатасьцяў у характары адзінкі, як мы маглі-б аблягчыць ёй шлях у будучым жыцьці, калі-б узгадаваньнем выкаранілі проціграмадзкія нахілы.
Хаця галіна сэксуальнага жыцьця належыць да асобнага аддзелу гыгіены сэксуальнае, аднак зьвярну і тутака ўвагу, што нельга прайсьці моўчкі і над гэным зьявішчам у дзяцей. Умела правясьці малога чалавека скрозь гэнае складанае пытаньне — адна з аснаўных вымогаў гыгіены псыхічнае. Справа ў тым, каб ніводнае із зьявішчаў, на якое глядзіць вока дзіцяці, ня было жаралом канфліктаў, калі ня зараз, дык у пазьнейшым веку
Вядома, што дзеці неаднолькавыя. Кожнае прынясло з сабою суму нахілаў, свомасьцяў па доўгай лініі прадзедаў. Можна было-б падзяліць дзяцей збольшага на два тыпы — дзяцей вясёлых, жывых, якія лёгка ўмеюць знайсьці кантакт з асяродзішчам, з нахілам да правадырства. Такія дзеці лягчэйшыя да ўзгадаваньня. Маглі-б мы сказаць аб іх, што гэта кандыдаты на шчасьлівых. Інакш з другім тыпам дзяцей, з тымі, што маюць нахіл зачыняцца ў сабе, якія ня выказываюць усяго, што ў іх на душы. Гэныя вось, маўляў тыя далікатныя краскі, патрабуюць асаблівае зважнасьці ў адносінах да сябе. Трэба глядзець, каб іх не напалохаць, каб ня выклікаць настрою, што яны горшыя за іншых, што яны менш вартасныя. Ёсьць цэлая вялікая школа псыхолёгічная, паводле якое большая частка хворых праяваў у жыцьці дарослае адзінкі залежыць ад няўмелага ўзгадаваньня. Няўмелае ўзгадаваньне, адчасьці на асноведзі прыроднага нахілу, пакінула пачуцьцё собскае ніжэйшасьці. Гэнае пачуцьцё замінае ў нармальным разьвіцьці адзінкі, пакідае па сабе настрой, што вядзе да канфліктаў з асяродзішчам.
Змаганьне з эгоізмам дзіцячым не азначае і не пахваляе суровасьці, наадварот — патрэба найбольш далікатнасьці, мяккасьці, толькі роўнае, станоўкае. З гадамі ўзгадаваньне дзіцяці будзе што-раз больш складаным. Ніколі аднак не забывацца, што малое дзіця — гэта адзінка, і адносіны да яе хай будуць такія, як да кожнае дарослае асобы, з тою розьніцаю, што йнакш паясьняем сваё мы ў адносінах да іх становішча.
Школа накідае новыя праблемы ў датарнаваньні вымогаў псыхічнае гыгіены. Зьяўляецца тутака новы дзейнік працы, якая раней была хутчэй гульнёю, а цяпер будзе стульна злучанаю з адзінкаю — сяброўкаю да апошніх ейных дзён. Бацькі ў першую чаргу пракладываюць шлях далейшых адносінаў да працы. Задачаю іх будзе навучыць дзіця, што праца — гэта ня толькі неабходнасьць, што гэта адначасна варунак да пачуцьця собскае самацэннасьці. Кожная праца падымае на вышэйшую ступень чалавека. Праца — адзін з найлепшых лекаў на шмат якія нядужасьці, яна прыпынішчам ад суму, зьнеахвочаньня. Адно толькі, трэба, каб праца ня была прыметаю прыніжанасьці, каб яна была крыніцаю бадзёрасьці. У такіх адносінах да працы — жарало сапраўды дэмакратычнага ўзгадаваньня.
У школе іншыя мамэнты спагадаюць разьвіцьцю прынцыпу дэмакратызму. Дзіця мае прыродны нахіл шукаць прыязьні ў сяброў, незалежна ад іхняга роду, знатнасьці бацькоў і г. д. Ня трэба толькі спыняць і замінаць у гэным кірунку. Школа адначасна будзе паказальнікам мэтазгоднасьці нашых мяркаваньняў узгадаваўчых. Бачым, ці дзіця ідзе ахвотна да школы і адначасна вяртаецца радасна да хаты. Наглядаем, ці вочы ягоныя штораз шырэй адчыняюцца пазіраючы на сьвет, на ўсе праявы жыцьця, і падтрымліваем яго, калі бачым, што добра, ці зноў наадварот — папраўляем, памагаем ісьці далей. У школе дзіця больш ярка, чымся дагэтуль, бачыць іншы сьвет, бачыць ягоную складанасьць, вучыцца мець гатовыя формы рэакцыі на ўсе вонкавыя зьявішчы.
Вельмі важную і небясьпечную пару дасьпяваньня мінаюць дзеці, узгадаваньне якіх ішло беспамыльнаю дарогаю, бяз ніякіх асаблівых раструсак, і вось бачым перад сабою ўжо амаль не гатовага зусім чалавека, які кончыўшы навукі школьныя бярэцца да практычнага жыцьця ў нейкай прафэсыі. Выбар прафэсыі з гледзішча гыгіены псыхічнае бязумоўна вельмі важная праблема. Трэба помніць, што дзіця добра ўзгадаванае, дзіця непапсаванае, якое не аглядаецца на карысьць будучае свае працы, дзіця шчырае да свайго асяродзішча, выбярэ дарогу найбліжэйшую сваім нахілам. Гэная-ж дарога будзе адначасна найбольш карыснаю і грамадзянству, сябром якога зьяўляецца новы чалавек.
Ніколі нельга накідываць, што бацьком, апякуном здаецца найбольш карысным і важным. Бязумоўна, трэба праявіць сваё зацікаўленьне, трэба памагчы шукаць найлепшага шляху, толькі ня трэба разумець, што можна накінуць сваю волю, свае пагляды пры выбары прафэсыі. І якга нашы ранейшыя суадносіны з дзяцьмі, давер, пашана і адначасна прасьціня адносінаў аблягчаць выбар і пастанова будзе зроблена. Найчасьцей само жыцьцё дае даволі абмяжаваныя формы дзеля выбару. Скажам, дзіця земляроба найчасьцей астанецца пры зямлі, сын фаховага чалавека астаецца найчасьцей пры прафэсыі бацькі. Умовы жыцьця вялікага места больш складаныя, аднак і там заўсёды трэба помніць на адно, што ўсюды чалавек можа быць шчасьлівым, а шчасьце ў першую чаргу ў працы, якую мы любім.
Кожная прафэсыя мае сваіх характэрных прадстаўнікоў. Вядомы, скажам, тып настаўніка, афіцэра, тып судзьдзі. Тое самае наглядаецца і паміж працаўнікамі фізычнымі. Адчасьці гэта сьледамкі працы, адчасьці нахіл да дадзенае прафэсыі, свомы і прыродны чалавеку. Датарнаваньне псыхотэхнікі сучаснае да промыслу, да выбару катэгорыі высокае асьветы і практыка, якую сяньня маем з гэных досьледаў псыхотэхнікі, паказывае, што поклік собскі да нейкае прафэсыі, калі на абаснаваньне гэнага покліку ня дзеялі ніякія мамэнты, як скажам імкненьне зарабляць больш грошаў і г. д., што вось гэны поклік і спасьцярогі псыхотэхнічныя амаль не цалком пацьвярджаюцца.
Прафэсыянальная праца — тэрыторыя дзейнасьці іншае галіны гыгіены, мяноўна гыгіены прафэсыянальнае. Паасобныя галіны гыгіены стульна з сабою спалучаныя а гыгіена псыхічная быццам тая пуцяводная зорка, лінія генеральная. У паасобных мамэнтах, у канкрэтных умовах праяўляюцца канкрэтныя вымогі аднае галіны гыгіены. І бязумоўна, гыгіена псыхічная, ейныя патрэбы будуць здаволены, калі з гыгіенаю працы будзе ўсё ў парадку. Сяньня мы зьяўляемся жывымі сьведкамі вялізарных зрухаў, пераменаў у плошчы працы. Штораз расьце вялікшая спэцыялізацыя, быццам неабходнасьць эканамічная. Кажу „быццам“ дзеля таго, што ёсьць такія „ўтапістыя“ эканамісты, якія кажуць, што якга адзінаю магчымасьцю далейшага жыцьця нармальнага — гэта парваць з тым агульным тонам, накінутым нам капіталістычнаю формаю, з тым аснаўным тонам, дзе ўсё мераецца колькасьцю зыску. Адзіным выхадам кажуць гэныя ўтопістыя — гэта вярнуцца да больш простага жыцьця. Не вырашаючы аканчальна гэнага пытаньня, трэба сказаць што ёсьць бязумоўна ў сяньняшняй цывілізацыі процінатуральны нахіл да мэханізацыі чалавека. Усё менш і менш бачым і чуем чалавека за варштатам, за сталом. Нумар, колькасьць пазыцыяў засланяе нам зусім вобраз чалавека канкрэтнага.
Ці гэта неабходнасьць гістарычная? Магчыма. Дасюлешнія нашыя ведамасьці аб чалавеку, знаёмства ягонае душы, прымушаюць сумлявацца, каб гэная надыходзячая пара новая здаволіла самае важнае, натуральнае імкненьне адзінкі быць шчасьлівым. Вось у гэным месцы роля і значэньне гыгіены псыхічнае вырастаюць асабліва высока. Яна скажа свой рашучы голас, як наладзіць арганізацыю працы, каб яна не зрабілася працаю прыганятага ды нат’ яшчэ горшаю. Прыганяты незалежна ад рэзультатаў працы бачыў на сабе і жыў інтэнсыўна тою роскашу, якая ляжыць у самым выконываньні працы, дзе можна знайсьці нейкую цэласьць. Нашая ці будучая цывілізацыя пагражае адабраць і гэную індывідуальную роскаш.
Магчыма, закіне нехта, што разважаньне гэтае памылковае дзякуючы індывідуалістычнай ахварбоўцы, што да працы трэба ўмець знайсьці падыход калектыўны, масавы, Магчыма, што яно так, я кажу толькі аб сяньняшняй рэчаіснасьці. Бязумоўна і тутака можна было-б аддзяліць жыцьцё прафэсыянальнае ад асабістага, зьдзейсьненьне такога падзелу пры нашых умовах эканамічных здаецца зусім немагчымае.
Цікавую спробу наладжаньня адносінаў у плошчы вымогаў гыгіены псыхічнае наглядаем у Саветах. Вельмі там папулярны назоў „дзейны адпачынак“. Характар дзейнага адпачынку вельмі блізкі да таго, што Заходняя Эўропа ведае ўжо даўно і чым карыстаецца ў адносінах да адзінкі. У Саветах гэныя загады з габінэтаў лекарскіх пайшлі ў фабрыкі, вялікія сельскія гаспадаркі. У дзейным адпачынку бачым высокі культ працы і адначасна сьцьверджаньне, што ня толькі мучае сама праца, колькі характар гэнае працы, нашыя суб’ектыўныя да яе адносіны. Ведаем, што людзі ня то што месяцамі а ўсё жыцьцё працуюць бяз ніякага адпачынку, быццам ня ведаючы аб існаваньні 8-мі гадзіннага дня працы, і яны ня мелі ніколі магчымасьці спытацца сябе, ці мо’ яны нешчасьлівыя. Ня пыталіся сябе з тае прычыны, што ім было зусім добра. Калі-б нехта хацеў разумець вялікую здабычу грамадзкую — 8-мі гадзінны дзень працы — ў тым сэнсе, што чалавек сапраўды нічога не рабіў-бы, апрача яды і сну ў гадзінах свайго адпачынку, дык гэта была-б памылка псыхолёгічная і памылка ў плошчы гыгіены псыхічнае.
Чалавек тымбольш шчасьлівы, чым шырэйшы кантакт ягоны з жыцьцём. Якая, прыкладам, розьніца паміж чалавекам культурным, інтэлігентным а бедным з аднае стараны, а багатым ды за тое бяз ніякае культуры. Багатыр ведае вартасьць грошаў вельмі аднабока, ня ўмее ён іх выкарыстаць на нішто іншае, як ежу, смашныя напіткі, скажам яшчэ на прыгожую вопратку і хатнюю абстаноўку. Самыя грошы не пашырылі ягонага кругавіду, ня збольшылі колькасьці і багацьця ягоных перажываньняў. Ніхто ня будзе спорыць, што грошы вельмі важны мамэнт пры сяньняшнім ладзе эканамічным, як спосаб пазнаёміцца з жыцьцём, ягонымі правамі, аднак яны не роўназначныя з пашырэньнем плошчы жыцьцёвае ўласьніка грошаў. Сьвет, жыцьцё растуць і пашыраюцца дзеля нас пастолькі, пасколькі зрабілі мы ўклад працы, каб бліжэй пазнаёміцца з ягонымі праявамі, зьместам вельмі рознаякім і багатым.
Дык вось дзейны адпачынак будзе рэалізацыяю такіх адносінаў да жыцьця. Адпачынак — гэта ня гультайскае нічоганяробленьне. Адпачынак у Саветах урэгуляваны, прысьвечаны ён на грамадзкую працу, на чытаньне кніжак, на ўзгадаваньне і разьвіцьцё мастацкіх нахілаў, на спорт, на таварыскае жыцьцё і г. д. Адно толькі нас „індывідуалістых“ магло-б палохаць, што там у Саветах на ўсім ёсьць штамп афіцыяльны, няма здаецца месца на пачын індывідуальны, пачын адзінкі. Гэты апошні мамэнт не аснаўны. Прынцып сам па сабе вельмі і магчыма нат’ адзіна правільны.
Штодзенная праца, асабліва ў прафэсыях ня выклікаючых больш жывога зацікаўленьня (нажаль заўсёды будуць і такія прафэсыі) патрабуе адплаты. Сама грашовая ці іншая плата яшчэ замала, каб здаволіць усе цікаваньні працоўнае адзінкі. Бязумоўна, сказу гэнага ня трэба разумець такім спосабам, што кожная адзінка будзе актыўна займацца музыкаю, малярствам ці іншаю праяваю і формаю мастацтва, ня ножны будзе належаць да хору, ці скакаць на некалькі мэтраў угару. Хачу сказаць толькі тое, што нельга абмяжавацца да вузенькае галіны зацікаўленьняў, інакш хутка пачнём душыцца.
IV
Вышэйсказанае тарнавалася да паасобнага чалевека. Сяньня ня можам астаючыся ў гэнай плошчы пакінуць на старане праяваў жыцьця грамадзкага. Сяньня немагчыма аддзяліць чалавека ад улоньня грамады, у якой ён жыве. Дык гыгіена псыхічная ідзе за работнікам у фабрыку, за ўсімі працаўнікамі ў канторы, усякія іншыя публічныя ўстановы. У гэных масавых установах трэба ў першую чаргу наладзіць патрэбныя ўмовы гыгіенічныя. Нажаль трэба сказаць, што сапраўднасьць вельмі далёкая ад ідэалу. Ды што казаць аб нейкіх ідэалах, калі сяньня перажываем пару эканамічных непарадкаў, якую мы завем крызысам, а ў гэным крызысе вялізарныя арміі безработных стаяць і чакаюць працы абыякое, каб мець толькі кусок хлеба; ніхто з іх ня будзе дамагацца ніякае гыгіены, калі-б нат’ і ведаў ды разумеў вымогі гыгіены псыхічнае. Ды нат тыя, што маюць забясьпечаны кусок хлеба на сяньня і на заўтра, — ці яны сапраўды свабодныя ў сваіх дамаганьнях? Кожны з іх ведае, што заўтра можа яму не хапіць работы і ён апынецца ў радох безработных. Гэныя зьявішчы ды агулам атмосфэра сучаснае эпохі, эпохі, якая поўніцца лёзунгамі ненавісьці сацыяльнае, нацыянальнае, расавае, калі адзінка захопліваецца крыўдаю, няпраўдаю, дзеля таго, што ягоная група праводзіць гэныя крыўдныя, ненавісныя праўды. Уся нашая пара поўная захопленьня словам, адначасна пара бязверра ў слова, слова сяньня лішне часта робіцца знадворнаю вопраткаю, каб схаваць сапраўдны зьмест рэчаіснасьці. Людзі ня вераць у праўду, хараство. Дык ці ня будзе няпрыгожым жартам гаварыць аб гыгіене псыхічнай на такой беспатольнай асноведзі сучаснага дня?!
Ня зусім безнадзейная аднак нашая сапраўднасьць. Мо’ без агульнага пляну, несыстэматычна, аднак праводзяцца дамаганьні гыгіены, часта само жыцьцё ня гледзячы на ўсё вядзе да лепшых формаў. Бязумоўна, важнаю здабычаю будзе датарнаваньне псыхолёгіі практычнае да выбару прафэсіі, вялікаю здабычаю будуць амбуляторыі пераджанімскія, процігарэлачныя, амбуляторыі для псыхічна хворых. Здабычаю будзе імкненьне інфармаваць найбольш шырокія масы аб пытаньнях з агульнае сацыялёгіі, эканомікі, мэдыцыны, асабліва з галіны гыгіены агульнае і гыгіены псыхічнае. Адно толькі, што пакуль усімі гэнымі пытаньнямі будуць займацца адумыслоўцы, пакуль яны не зацікавяць шырокіх гушчаў насельніцтва, а ў першую чаргу інтэлігенцыі народнае, датуль гэта будуць дробныя спробы без ніякіх сьледамкаў па сабе больш вызначных,
Нашыя беларускія умовы мо’ больш як у каго другога бязрадасныя. Гаварыць аб гыгіене псыхічнай нашаму селяніну, нашаму галоднаму інтэлігенту — гэта сапраўды няпрыстойны жарт — так сказаў-бы нехта. Яно аднак ня зусім так. Нікому ніколі не пашкодзіла, калі ён лепш паглянуў на сваю сапраўдную праўду жыцьцёвую. Іншая справа, што нам вельмі цяжка пры нашых канкрэтных умовах рэалізаваць вымогі…гыгіены псыхічнае. Вывад адзін толькі, — што трэба натугі, натугі вялікае, каб умовы перамяніць на лепшыя.
Др. Ст. Грынкевіч

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.