Гусі (Колас — Зоры далёкія, зоры бліскучыя...)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гусі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/435


Зоры далёкія, зоры бліскучыя
     Ціха гараць над зямлёй.
Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя
     Льюцца вячэрняй парой.

З поўначы-холаду, сіверу бурнага
     Гусі на поўдзень ляцяць,
Зь неба далёкага, стэпу лазурнага
     Смутна прашчаньне крычаць.

Дзікія гусанькі, птушачкі вольныя,
     Весьнікі скорай зімы!
Хочацца з вамі мне ў стэпы прасторныя,
     К сьвету і сонцу ад цьмы.

Толькі ж падрэзаны крыльлі свабодныя:
     Моцна пільнуюць мяне
Дзьверы акутыя, сьцены халодныя,
     Краты жалеза ў акне.