Перайсці да зместу

Гудкі (1931)/Сасна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Партыя кліча Сасна
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1931 год
Як дзеці памагалі будаваць самалёт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сасна (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




CACHA

1

Вось адно, як струна,
сасонка расла
у бязьмежным
бары-гушчары.
А сягоньня яна,
пачарнеўшы, лягла
на асьнежным
фабрычным двары.

Загудзела піла,
застагнала сасна;
пры дарозе,
як сьлёзы, апілкі.
Сасонка расла,
як струна,
не адна —
з ёй і сёстры, як тыя асілкі.

Расла маладзіцай,
вяршынаю сьмела
зьвінела
і ў сьцюжу завею.
Бывала, імчыцца
вей-вецер
і вецьце
лёгкім напевам авее…
І птушкі заграюць
сасонцы
да сонца,
як быццам на гусьлях зялёных…
Цяпер, як скала,
скамянеўшы лягла,
закрыўшы галінкамі скроні.

2

Эх, сасоньніца-сасна,
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая!
Дый спрадвечная дрыгва,
нібы раніца,
Буйным цьветам хараства
зарумяніцца.
Гаратлівасьці былой
час пазбыцца нам!
Забудуем шыр балот
камяніцамі!
Эх, сасоньніца-сасна, —
дні суровыя…
Бервяно да бервяна —
хата новая.

3

Цяжкая праца, нялёгкая праца,
цяжка, браты, беднаце будавацца.
Капейку, другую за працай зьбярэм мы,
злыдзень змарнуе, — зьбіралі дарэмна!
Шмат каму нашае сёньня варожа —
гатовы атрутай,
— чорнай пакутай
— чорнай пакутай
стрыножыць!

Чэшуцца рукі спрадвечных зладзеяў.
рвуцца стрыножыць, дый сіл не стае ім.
Корчыцца помста ў іх сэрцы здрантвелым…
А глянеш наўкола — будуюцца сьмела.
Праца віхрыста ўзьняла завіруху —
і хочаш ня хочаш:
— а песьню рабочых,
песьню рабочых
— слухай:

4

Гэй-жа, разам!
Гэй-жа, разам!
Гэй, адразу
возьмем
разам!
Гуртам!
Дружна!
— Хлопцы, здужым!
Гай, яшчэ!
Яшчэ!
Яшчэ!
Будзе сонца
зьзяць ярчэй.
Што ня стане
ў час рабочы?
Ў нас і камень
зарагоча!
Гэй,
Адважна!
Ўсё для нас!
Дай, наляжам,
друж-на!
…Раз!

5

Эх, сасоньніца-сасна, —
нашы дні суровыя.
Бервяно да бервяна, —
хата новая.
Дзе-ж раскінута багна, —
вырастуць дуброваю
за сасонкаю сасна —
сосны новыя!

1926