|
1
Як толькі ноч суровая
за небасхіл зьбяжыць,
зарніца каляровая
над краем задрыжыць.
У поле-шыр зьбіраюцца
колгасьнікаў палкі,
а ў горадзе ўзьвіваюцца
гудкі… гудкі… гудкі.
2
Рабочыя адважныя
на фабрыку ідуць —
хутчэй, хутчэй сярмяжную
збыць спадчыну-бяду.
Ў колгасы з самажнейкамі
імчацца цягнікі.
Пачуюцца з жалейкамі —
гудкі… гудкі… гудкі.
3
Як глянеш, сэрца радуе, —
будуем новы лад:
У кожнай хаце радыё
І радасьць расьцьвіла.
Была дрыгва далінаю
праз цэлыя вякі.
Цяпер гудуць машынныя —
гудкі… гудкі… гудкі.
4
Была зіма… Праменьні нам
бядою ткалі сказ;
тады, мы помнім, Леніна
ня стала сярод нас, —
і змоўклі ўсёй краінаю
сякеры, малаткі:
заплакалі хвілінаю —
гудкі… гудкі… гудкі.
5
З песьнямі агністымі
і крэпнем і расьцём!
Мы будзем комуністамі,
на зьмену мы ідзём!
Мы будзем абаронаю,
Мы ўсе — франтавікі, —
хай клічуць нас чырвоныя —
гудкі… гудкі… гудкі.
1928
|