|
Хай бяз ботаў, бяз шынэлі,
у мяцелі-сьцюжы,
дружна біліся, гарэлі,
агнявелі здужыць!
Як штыхі ад сонца, стальлю
вочы зырка зьзялі.
Што Кастрычнік горда даў нам,
адстаялі слаўна!
*
…И по винтику, по кирпичику
водрузили мы снова завод…
На разваліны-руіны —
узвод за ўзводам,
выйшла армія краіны
баявым паходам!
Загаілі фабрык раны
працай дружнаю, старанна.
Загулі-былі машыны
песьняй радаснай, нястрымнай.
*
…Мой саколік трактарыст,
а я трактарыстка…
Замест патронаў — зерне.
замест бранявіка,
трактар пераверне
хутар кулака!
За прасторы, за абшары
і на межы дрот —
Армія Чырвоная —
— Аграпаход!
*
Згіньце ў тры пагібелі
Пілсудзкія, Цэргібөлі…
Бяз працы ў голадзе гінуць
Мільёны рабочых краіны.
На біржах працы
зьлёт.
Выходзь змагацца —
галодны паход!
На барыкады, засесьці ў акопы —
клічуць рабочых Эўропы!
*
…Параход ідзе,
дожджык крапае.
Будзем рыбу карміць
рымскім папаю…
Труціць, як калісьці,
імкнуцца народ.
Зьбіраюцца выйсьці
ў „крыжовы паход“.
Разам з прадажным
штандарам хрыстовым
крыжам зьляжа —
„паход крыжовы“!
*
Мы закон жыцьця зьмянілі!
Ня стрымаць нас! Не асіліць!
Рух — на захад! Мусім там быць!
Узарвём заставы-дамбы!
Хто ня верыў, што ўзараем
поле безгранічна,
Што пачуецца над краем
гул машын фабрычных…
Хто ня верыў, што краіну
з векавых балот і ціны
прывядуць байцы паўстанцы
Ў край электрастанцый?!
..............
Чырвонасьцяжныя паходы
год за годам — лавай! —
Новых дзён цьвітуць усходы
бальшавіцкай славай!
1930 г.
|