Гекзаметры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гекзаметры
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1925

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




                                          *

Смутак пахмуры чала не замрочыць спакушаных, мудрых,
Цяжкі панурасці грэх не зачэпіць ніколі разважных,
І абурэнне іх дух з раўнавагі не выведзе раптам —
Дзева Палада спакой іх і ціхую яснасць вартуе.

                                          *

Сябра, зірні — вось палёў хараство праміне і загіне,
Але вясёлай вясной красаванне іх поўна і светла.
Можа, таму ты й жадаеш быць толькі малюсенькай кветкай,
Польнай сцяблінкай слабой, каб пражыць беспасрэдна і проста.

                                          *

Звозячы ўвосень плады, што паспелі на дрэве і ў полі,
У тайны прыроды ўнікаючы, я памятаю няўхільна —
Яркіх маланак агні і грымотаў працяглыя гукі,
Рэху, ўздыханні зямлі, ім адгучную гулка і згодна,
І дабрадзейных зямельцы дажджоў, навальніцы і бачу
Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным.

(1925)