Гамалія
Гамалія Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Якуб Колас |
ГАМАЛІЯ
«Ой, няма, няма ні ветру, ні хвалі
Ды з той нашай Украіны!
Ці там раду радзяць, як на турка ўстаці, -
Не чуема на чужыне.
Ой, павей, павей, ветру, цераз мора
Ды з Вялікага Лугу,
Сушы нашы слёзы, заглушы кайданы,
Развей нашу тугу.
Ой, ўзыграй, ўзыграй, сінюткае мора,
10 Ды пад тымі байдакамі,
Што плывуць казакі, чуць відненькі шапкі
На гэты бок за намі.
Ой, божа наш, божа, хоць і не за намі,
Нясі ты іх з Украіны;
Пачуема славу, казацкую славу,
Пачуема дый загінем».
Вось так у Скутары казакі спявалі;
Бедакі спявалі, а слёзы лілісь;
Ліліся іх слёзы, тугу дамаўлялі.
20 Басфор аж затросся, бо зроду не чуў
Казацкага плачу; застагнаў, шырокі.
І скураю, шэры бугай, страпянуў.
І, равучы, хвалю далёка, далёка
У сіняе мора на рэбрах паслаў.
І мора раўнула Басфораву мову,
У Ліман пагнала, а Ліман дняпровай
Хвалі журбу-мову пакорна падаў.
Разрагатаўся дзед наш дужы,
Аж пена з вуса пацякла:
30 «Ці спіш, ці чуеш! браце Лужа!
Сястра Харціцы!..»
Загула
Харціца з Лугам: «Чую! чую!»
І Днепр укрылі байдакі,
І заспявалі казакі:
«У туркені на тым боку
Хата на памосце.
Гай! Гай! Мора, грай,
Раві, скалы змятай!
40 Паедзем у госці.
У туркені у кішэні
Талеры, дукаты.
Не кішэні трэсці —
Едзем рэзаць, паліць,
Вызваляці брата.
У туркені янычары
І баша на лаве.
Гой, гі! ворагі!
Мы не маем вагі!
50 Наша воля й слава!»
Плывуць сабе, спяваючы;
Мора ветра чуе.
Паперадзе Гамалія
Байдаком кіруе.
Гамалію, сэрца млее:
Звар'яцела мора.
Не слухае! — схаваліся
За хвалі, за горы.
Дрэмле ў гарэме — ў раю Візантыя,
60 І Скутар той дрэмле, а Басфор бурліць,
Нібы звар'яцелы; то стогне, то вые:
Яму Візантыю хочацца збудзіць.
«Не будзі, Басфора: будзе табе гора;
Твае хвалі-рэбры пяском занясу,
У мул пахаваю!.. — раве грозна мора: —
Хіба ты не знаеш, якіх я нясу
Гасцей да султана?..»
Так мора спыняла.
(Любіла заўзятых чубатых славян.)
70 Басфор схамянуўся. Туркеня драмала,
Драмаў у гарэме лядачы султан.
Толькі ў тым Скутары, ў склепе, сну не маюць
Казакі ў няволі. Чаго яны ждуць?
Па-свойму ў кайданах бога ўмаляюць,
А хвалі па той бок ідуць і равуць.
«О мілы божа Украіны,
Не дай прапасці на чужыне,
Ў няволі вольным казакам!
І сорам тут, і сорам там -
80 Ўставаць з чужое дамавіны,
На суд твой праведны прыйсці,
Рукі ў жалезе прынясці,
І прад усімі у кайданах
Казаку стаці…»
«Рэж! і бі!
Знішчай няверу — бусурмана!» —
Крычаць за мурам. Хто такі?
Гамалію, сэрца млее:
Скутар звар’яцее!
90 «Рэжце! біце!» — на фартэцы
Крычыць Гамалія.
Грыміць гарматамі Скутара —
Равуць, лютуюць ворагі;
Казацтва прэцца без вагі —
І ломяць сілу янычараў.
Гамалія па Скутары —
Па пеклу гуляе,
Сам астрогі разбівае,
Кайданы знімае.
100 «Вылятай на волю, птахі,
Шукай свайго гаю!»
Узняліся сакаляты,
Бо даўно не чулі
Хрышчонае тае мовы.
Ночку ўскалыхнулі:
Не гадала стара маці
Аб казацкай плаце.
Ды не бойся, паглядзі ты
На банкет казачы.
110 Цёмна ўсюды, як у будзень,
А свята настала.
Не зладзеі з Гамаліем
Ядуць моўчкі сала
Без шашлыка. "Дык засвецім!"
Да самае хмары
Грозна разам з караблямі
Палае Скутары.
Візантыя збудзілася,
Вырочвае вочы,
120 Ідзе ўплаў на дапамогу,
Зубамі скрыгоча.
Раве, лютуе Візантыя,
Рукамі бераг дастае;
Дастала, зыкнула, ўстае -
І на нажах у крыві стыне.
Скутар, як пекла, ўвесь палае;
А на базарах кроў цячэ,
Басфор шырокі далівае.
Як птахі чорныя ў гаі,
130 Казацтва смелае лятае:
Ніхто на свеце не ўцячэ!
Агонь пякучых не пячэ.
Руйнуюць муры. Срэбра, злота
Нясуць у шапках казакі
І насыпаюць байдакі.
Гарыць Скутар, ціхне работа,
І хлопцы сходзяцца; прыйшлі,
З пажарышч люлькі прысмакталі,
На байдакі - ды пацяглі,
140 Рвучы валы чырвоных хваляў.
Плывуць сабе, нібы з дому -
Быццам так гуляюць,
Як звычайна, запарожцы,
Плывучы, спяваюць:
"Атаман наш Гамалія,
Атаман заўзяты,
Сабраў хлопцаў ды паехаў
Па моры гуляці;
Па моры гуляці,
150 Славы здабываці
Ды з турэцкае няволі
Братоў вызваляці.
Ой, прыехаў Гамалія
Да тае Скутары.
Сядзяць браты-запарожцы
Ды чакаюць кары.
Ой, як крыкнуў Гамалія:
"Браты! будзем жыці,
Будзем жыці, віно піці,
160 Янычара біці,
А курэні кілімамі,
Аксамітам крыці!"
Выляталі запарожцы
Ў поле жыта жаці;
Жыта жалі, ў копы клалі,
Гуртам заспявалі:
"Слава табе, Гамалію,
На ўвесь свет вялікі,
На ўвесь свет вялікі,
170 На ўсю Украіну,
Што не даў ты запарожцам
Згінуць на чужыне!"
Плывуць, спяваючы; плыве
Узбоч заўзяты Гамалія:
Арол арлёнкаў сцеражэ.
А з Дарданелаў вецер вее.
Няма пагоні з Візантыі:
Яна баіцца, каб Чарнец
Не засвяціў ізноў Галату,
180 Каб з войскам не прыйшоў у сваты
К ёй сам Падкова-удалец.
Плывуць сабе, а па-за хваляў
Сонца хвалю чырваніць;
Перад імі мора далі,
І мора міла гаманіць.
Гамалію, вецер вее...
Вось... вось... наша мора!..
І схаваліся за хвалі -
Ружовыя горы.
(С.-Пецярбург, 1842)