Гады бягуць… (Трус)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Гады бягуць... (Трус))
Гады бягуць…
Аўтар: Паўлюк Трус
Крыніца: http://vershy.ru/content/gady-byaguts

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Гады бягуць,
Гады каменні крышаць,
А мора б’е,
Цалуюць хвалі дно.
На скалах гордага
Каўказскага узвышша
Табе саўю сузорысты вянок!

Стаю адзін…
Маўчаць ў гарах аулы,
Даліны журацца
Пад кроплямі расы,
І плача стэп
Глухім вячэрнім гулам
У пацалунках дзікае красы.

А там, дзе сон,
На цёмным небасхіле
Бялее ў шэрані
Аснежаны Эльбрус…
Табе, Каўказ,
Паэты спеў дарылі,
Сягоння й я
Акорды падару!..

Стаю адзін,
Дзе саклі пад гарою
Узоры ткуць
3 зыбучае імглы,
Дзе над абрывамі
Высока нада мною
Між скал віюцца
Горныя арлы.

Табе, Каўказ,
Чароўныя паданні
Складалі дні
Глыбокай старыны.
Там Пушкін, Лермантаў
Ў часы былых паўстанняў
Тваю красу авеялі яны.

Стаю адзін…
Стаю, маўчу й дзіўлюся,
Як скалы крышацца
Пад вечнасцю вясны.
Я сэрцам тут,
А думы ў Беларусі,
На хвалях Нёмана,
Дзе плаваюць чаўны.

Дзе сыпле сінь
Каралі на азёры
І тчэ дасэнь
На цёмнай глыбіні,
Дзе радасць — смех,
Як цвет асенніх зораў,
Дзе звонкі сум,
Як моладасць крыніц!

Гады бягуць,
А дні каменні крышаць,
І мора б’е,
Цалуюць хвалі дно.
На скалах гордага
Каўказскага узвышша
Табе саўю сузорысты вянок!

1926