Вёска (Купала — Горы ды каменьне…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/29183



                1

Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.

Курныя ваконцы —
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.

Лапці ды сярмягі —
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.

Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.

                2

Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!

Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.

Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
Зь сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.

Мучысься, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.

Вецер і моц, знаць, табе прынясе
Зь песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою зь нядоляй.

                3

Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.

Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
І платы, і стрэхі.

А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.

І ўсё б чыста зь вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?

Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць…

(1906—1912)