Вясна (Колас — Вясна, вясна…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Вясна (Колас - Вясна, вясна...))
Jump to navigation Jump to search
Вясна
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/93


Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся!

Вясёлы сьпеў,
Прыветлівы
Вады ў руччах
Пачуецца.

Ачнецца гай
І зь песьнямі
Ў зялёны ліст
Адзенецца.

Напоўніць лес
Птушыны сьвіст,
Травою луг
Акрыецца.

А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
Націсьнецца,

І першы гром,
Як музыка,
Таемна так
Пракоціцца.

Зямелька ўся
Ўскалышацца,
Дажджом яна
Абмыецца.

Ў прыродзе ўсё
Народзіцца,
І маладосьць
Ёй вернецца.

Ды толькі мне
Ня вернешся,
Ня вернешся
Ты, моладасьць,

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
Ты вернешся!