Вясна (Гарун — Дзе дадуць — зраблю пазыку…)
Вясна Верш Аўтар: Алесь Гарун Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72263 |
I
Дзе дадуць — зраблю пазыку
І найму сабе музыку, -
Дудара зь яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.
«Грайка, грай! я засьпяваю,
Што цяпер на сэрцы маю…»
І дудар ужо іграе,
Маё сэрца так сьпявае:
"Прападзі, мая жуда,
Ўсё, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, -
Я счарнеў, глядзі, і так,
Толькі вус адзін бялявы…
Годзе мучыць! Я хачу
Сілы, працы і забавы
І вясельля уваччу…»
А з чаго ж я узбуяўся?
— Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў — засьмяяўся
І вясёлы стаў на час…
Грайка, грай! бо сэрца скача,
Яму трэба моцна граць;
А жуда няхай паплача —
Час яе і забываць…
II
…Вясна прыйшла!
Што чакалі, выглядалі,
Да сябе даўно гукалі, —
Ў бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгожасьці, ў ярыне,
Сама — пекнасьць, сама — сьвята
І прыгожа і багата.
Да нас прыйшла!
Я вітаю
Яе ў сонцы, ў зеляніне,
Што на роднай на краіне
Гоніць бляскам сваім ноч,
Гоніць сьнег і хмары проч;
Яна радасьць мне і сьвята,
Ёй я дзякую багата
І вітаю!