Вяршыні жаданьняў (1930)/Адышоўшым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я так доўга блукаў Адышоўшым
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Комсамолу Мазыршчыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адышоўшым (Маракоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДЫШОЎШЫМ

На вашых магілах мы справім вясельле
І душы зальлем старадаўнім віном.
Успомнім,
Як дні нашы ў нетры ляцелі,
Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў.

Мы у майскія ночы паплачам над вамі,
Раскажам вам вашы
Пачуцьці
І сны,
Як сэрца квітнее зарой і агнямі,
Як граюць жаданьні на струнах вясны.

А ў доўгія ночы зімовых ігрышчаў,
Пад дальнія скрыпкі начных палазоў
Раскажам,
Як вецер бязьлітасна сьвішча,
Цярушачы ў полі зьмярцьвелы свой боль…

Там хвойка упала з надломаным крыкам.
Там сьвежай крывёй пралілася зара,
На захад узьняў хтось марозныя пікі
І кліча у бойку узбураны край.

Мы вучымся жыць.
Мы ствараем законы.
Мы марым аб дальняй нязнанай красе.
У бойку ідзём,
Паміраем з праклёнам,
І сьмерць нам вянкі на магілы нясе.

І можа быць такжа
Праз слоту нядолі
Мы пойдзем,
Памром
І ня вернемся зноў.
Хтось будзе на нашых магілах вясной
Сьпяваць з захапленьнем пра шчасьце
І волю!