Вялікі народны паэт (Дабрынін)
Вялікі народны паэт Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Міхаіл Дабрынін 1939 год Крыніца: Полымя рэволюцыі. — 1939. — №3. — С. 60—85 |
ВЯЛІКІ НАРОДНЫ ПАЭТ
(Да 125-годдзя са дня нараджэння Т. Г. Шэўчэнкі).
Вы адны са мною
Не кідайце хоць вы мяне
Лютаю парою.
Т. Шэўчэнка.
I
Галоўнай характэрнай рысай творчасці Тараса Грыгоравіча Шэўчэнкі з‘яўляецца народнасць. Ён сапраўды народны паэт у самым лепшым і ў самым дакладным значэнні гэтага слова. Гэта рыса творчасці Т. Г. Шэўчэнкі была адзначана яшчэ сучаснікамі. Так Н. А. Дабралюбаў, адмовіўшы многім і многім мастакам у годнасці народных, у спецыяльнай рэцэнзіі на «Кабзара Тараса Шэўчэнкі» — пісаў:
«Ён паэт — цалкам народны, такі, якога мы не можам указаць у сябе. Нават Кальцоў не ідзе з ім у параўнанне, таму, што складам сваіх думак і нават сваімі імкненнямі часам удаляецца ад народа. У Шэўчэнкі, наадварот, увесь круг яго дум і спачуванняў знаходзяцца ў літаральнай адпаведнасці са зместам і ладам народнага жыцця. Ён вышаў з народа, жыў з народам і не толькі думкай, але і абставінамі жыцця быў з ім моцна і кроўна звязаны» [1].
Такое катэгарычнае сведчанне сучасніка мае для нас асаблівае значэнне і асаблівы сэнс. Сапраўды, Н. А. Дабралюбаў адзначыў самую характэрную рысу, у святле якой становяцца відавочнымі ўсе матывы, вобразы і ўсе паэтычныя вартасці мастака.
II
Шэўчэнка народны паэт па ўмовах свайго жыцця, па складу думак і пачуцця. Увесь яго жыццёвы шлях, шлях барацьбы і пакут, зрабіў уплыў на яго паэзію, на яго думкі і песні.
Ой, вы, думы, мае думы, |
Гэтыя спевы і думы ўвайшлі ў свядомасць Тараса Грыгоравіча з самога ранняга дзяцінства. Шэўчэнка сын прыгоннага селяніна Грыгора Шэўчэнкі, нарадзіўся 25-га лютага (7-га сакавіка па н. ст.) 1814 г. у сяле Кірылаўцы Звенігарадскага павета, Кіеўскай губерні. На восьмым годзе жыцця Тарас пазбавіўся бацькі і маткі і знайшоў прытулак у школе прыходскага дзячка. Такім чынам ён з васьмі год папаў у поўнае рабства да дзячка, які на працягу двух год прымушаў яго выконваць не толькі ўсякія работы, але і ўсякія капрызы. Вучыцца не было калі і за два гады Шэўчэнка прайшоў граматыку, часловец і псалтыр.
Дзячок дайшоў да таго, што пасылаў Шэўчэнка чытаць па нябожчыках замест сябе псалтыр, за што плаціў вучню дзесятую капейку дзеля заахвочвання.
Урэшце, Шэўчэнка не сцярпеў бязлітасных катаванняў дзячка і збег ад свайго тырана ў мястэчка Лысянку, папярэдне адпомсціўшы яму. Дзячок быў першым дэспатам, з якім Шэўчэнку давялося сутыкнуцца ў жыцці, ён цяпер зненавідзеў усякі гвалт чалавека над чалавекам, што вельмі ярка выражана ў яго паэзіі.
Але Шэўчэнка «папаў з агня ў полымя» ад спартанца дзячка да маляра дзякана, які вельмі мала чым адрозніваўся ад першага. Праз чатыры дні ён збег у сяло Тарасаўку да дзячка-маляра з цвёрдым жаданнем навучыцца ў яго маляванню. Аднак дзячок-маляр адмовіўся прыняць Шэўчэнку, рашыўшы-на падставе хірамантыі, што ён ні да чаго няздольны.
Пасля гэтага, у 1827 г. Шэўчэнка вяртаецца ў роднае сяло і наймаецца пастухом грамадскага стада, затым батрачыў y папа. У 1829 г. яго бярэ да сябе памешчык у якасці казачка.
Сам Шэўчэнка піша аб гэтым так:
«Вынаходніцтва пакаёвых казачкоў належыць цывілізатарам Задняпроўскай Украіны — палякам; памешчыкі іншых нацыянальнасцей пераймалі і пераймаюць у іх казачкоў, як выдумку бясспрэчна разумную. Украіне, некалі казацкай, зрабіць казака ручным з самага Дзяцінства - гэта тое ж самае, што ў Лапландзіі падпарадкаваць волі чалавека быстраногага аленя...»
Аднак памешчыку Энгельгардту не удалося прыручыць Шэўчэнку, які, седзячы ў пярэдняй, напяваў гайдамацкія песні і змалёўваў карціны суздальскай школы. Энгельгардт увесь час падарожнічаў і цягаў за сабою Шэўчэнку, які ў той час мала цягаціўся сваім становішчам, але пасля яно прыводзіла яго ў жах і здавалася яму «якімсьці дзікім і неадчэпным сном».
У 1832 г. памешчык закантрактаваў Шэўчэнку на чатыры гады да жывапісных спраў цэхавога майстра Шыраева ў Пецербурзе.
Шэўчэнка вучыўся жывапісі і бегаў у Летні сад маляваць са статуй. Тут ён пазнаёміўся з мастаком Іванам Максімавічам Сашэнкам, які параіў маляваць з натуры. Натуршчыкам у Тараса Грыгоравіча быў дваровы чалавек памешчыка Энгельгардта, Іван Нічыпарэнка. Самому памешчыку так спадабаліся малюнкі Тараса Грыгоравіча, што ён пачаў скарыстоўваць яго для пісання партрэтаў сваіх палюбоўніц.
У 1837 г. праз Сашэнку Тарас Грыгоравіч пазнаёміўся з сакратаром Акадэміі Мастацтваў Грыгаровічам, які стаў хадайнічаць аб вызваленні Шэўчэнкі. Памешчык не хацеў бясплатна Вызваліць свайго прыгоннага і тады В. А. Жукоўскі прасіў мастака Брулава напісаць з яго партрэт, каб, разыграўшы ў прыватнай латарэі, можна было-б выкупіць Шэўчэнку. Партрэт быў напісаны, латарэя наладжана і на выручаныя 2500 рублёў 22-га красавіка 1838 г. была куплена воля Шэўчэнку.
На гэтым мы можам адзначыць першы перыяд жыцця Тараса Грыгоравіча-прыгонны перыяд.
Лёгка зразумець, якія ўражанні мог вынесці Шэўчэнка ў гэты перыяд жыцця. Трэба здзіўляцца таму, як ён не ачарсцвеў.
«Колькі год згубленых! Колькі пачуццяў звянуўшых! І што-ж я купіў у лёса сваімі намаганнямі не загінуць? Бадай ці не адно страшэннае ўразуменне свайго мінулага. Яно жахлівае, яно больш для мяне жахліває, што родныя браты і сястра, аб якіх мне было цяжка ўспамінаць у сваім апавяданні, — да гэтага часу прыгонныя». Так пісаў Шэўчэнка рэдактару «Народного чтения».
Стаўшы вольным, Шэўчэнка пачаў наведваць класы Акадэміі Мастацтваў, стаў адным з любімейшых вучняў-таварышоў Брулава, а ў 1845 г. атрымаў годнасць свабоднага мастака. Ён многа і ўпарта працуе над сабой, многа піша, сумуе па роднай Украіне. У 1840 г. быў надрукаваны «Кабзар» Шэўчэнкі. («Думы мае, думы мае», «Перабендзя», «Таполья», «Да Аснаўяненкі», «Думка», «Іван Падкова», «Тарасава ноч», «Кацярына»).
Ой, вы думы, мае думы,
Цяжынька мне з вамі!
Нашто сталі на паперы
Сумнымі радкамі?
Што вас вецер не развеяў
У степу да астатку? —
Што вас гора не прыспала,
Як свае дзіцятка?
Шэўчэнка выступіў як вялікі мастак і паэт, які хутка расце, раскрывае свой талент. Ужо ў 1841 г. з'яўляюцца «Гайдамакі» — паэма велічэзнай сілы і палкага суму аб свабодзе, аб волі для радзімы - Украіны. Праўда, Белінскі даў адмоўны водзыў аб «Гайдамаках», але ён бясспрэчна няправы. Шэўчэнка піша (у 1842 г.) не толькі па-украінскі, але і па-рускі. («Сляпая», «Гаманея», «Мікіта Гайдай»). У 1843 г. Шэўчэнка наведвае родную Украіну, сустракаецца з роднымі, з прыгоннымі сялянамі сваёй вёскі, гэта дае яму шмат новых уражанняў. Ён малюе і піша рад твораў па-украінскі («разрыта магіла», «Н. Маркевічу», «Нашто чорныя мне бровы?», «Цяжка-важка ў свеце жыці»), па-рускі (п'есу «Назар Стадоля», паэму «Бесталанны»), марыць аб тым, каб вярнуцца ў Акадэмію «бо ей-богу хочется вчиться». Яго жаданне збываецца і ў 1844 г. ён вяртаецца ў Пецербург. Мастацкая і паэтычная дзейнасць Шэўчэнкі пашыраецца, ён знаёміцца ў гэтыя годы са многімі цікавымі для яго людзьмі (з Кулішом, Рэпіным, Шчэпкіным, Бадзянскім і інш.), задумвае выдаваць «Живописную Украину». - «Заходився оце вернувшися в Пицер, гравировать і іздавать в картинах остаткі нашої Украіні. На тым тижні выйде 6 картин⟫-выдае свае творы, піша рад новых («Сон», «Чаго мені нудно?», «Гоголю» і інш.) Шэўчэнка хутка ідзе ўперад. У 1845 г. Шэўчэнка атрымоўвае годнасць свабоднага мастака і пасведчанне на праезд і пражыванне на Украіне, куды ён і ад'язджае ў сакавіку 1845 г. На працягу 45-46 г. да красавіка 1847 г. Шэўчэнка наведвае рад месц на Украіне (Рамны, Пераяслаўль, Міргарад, сяло Мар'інскае, В'юніцы, Палтаву, Кіеў, Аленаўку Борзенскага павета і г. д.), працуе ў якасці члена Археаграфічнай камісіі, уступае ў Кірыла-мефодзіеўскае брацтва, шмат малюе, яшчэ больш піша. Да гэтага часу адносяцца яго творы «Еретик», «Сліпій», «Суботів», «Великий льох», «Наймичка», «Кавказ», «І мертвим і живим», «Холодный яр», «Минають дні, минають ночі», «Три літа», «Як умру, то поховайте», «Відьма» і інш.).
Па даносу студэнта Пятрова ў красавіку месяцы 1847 г. Шэўчэнка быў арыштаваны каля Кіева і адпраўлен у Пецербург. У маі месяцы быў вынесены прыгавор, па якому «мастаку Шэўчэнку, за напісанне абураючых і вельмі дзёрзкіх вершаў, як адаронага моцным складам цела, прызначыць радавым у Орэнбургскі асобы корпус, з правам выслугі, даручыўшы начальству мець строгае нагляданне, каб ад яго, ні пад якім выглядам не змагло выходзіць абураючых і пасквільных твораў».
Мікалай І дадаў: «Пад стражайшы нагляд з забаронай пісаць і маляваць». 31-га мая 1847 г. Тарас Грыгоравіч Шэўчэнка быў адпраўлен у Орэнбург. Так абарвалася кіпучая творчая дзейнасць Шэўчэнкі, так закончыўся другі перыяд у яго жыцці... Заключным акордам з'яўляюцца яго творы ў турэмнай камеры 3-га аддзялення. Тут былі напісаны: «Ой, адна я, адна», «За байракам байрак», «Мені однаково», «Не кідай матері, казалі», «Чаго ти ходиш могилу», «Ой три шляхи широкіи», «Н. Костомарову», «Садок вишневий коло хати», «Рано в ранці новобранці» і інш. Паэта загналі ў далёкі Орэнбургскі край і прызначылі ў Орскую крэпасць. Пачаліся пакутлівыя гады ссылкі. Гэта трэці перыяд у жыцці Шэўчэнкі. Наколькі пакутлівай была для яго ссылка ды яшчэ з забаронай пісаць і маляваць, можна меркаваць па яго вершах і па пісьмах. Калі ў Пецербурзе яму было цяжка і цягнула на Украіну, дык што-ж казаць аб заключэнні ў Орску?
Я чужы, тут, адзінокі,
І на Украіне
Сірата я, мой галубе,
Як і на чужыне.
Чаго-ж сэрца б'ецца, рвецца?
Я там адзінокі!..
Адзінокі... А Украіна?
А той стэп шырокі?!
Там павее вецер буйны,
Як брат, загавора...
На працягу дзесяці год цягнецца ссылка Шэўчэнкі. Толькі ў 1857 г. ён быў вызвалены ад салдацкай службы. Гэтыя 10 год былі страшэннымі годамі катавання фізічнага, разумовага і маральнага...
Праўда, не гледзячы на забарону, Шэўчэнка ўсё-ж пісаў і маляваў, але за ўсё гэта прыходзілася плаціцца арыштамі, гауптвахтай, строгасцямі вайсковай службы і г. д. «Давіць мяне ў гэтай пустыне адзіноцтва, вось мой люты вораг! У гэтай шырокай пустыні мне цесна, а я адзін... Да гэтага часу не маю дазволу маляваць, шосты год, гэта жахліва!» Так пісаў Шэўчэнка ў 1852 г. да А. П. Лізагуба. Чытаць няма чаго, пісаць і маляваць нельга, салдацкая лямка і муштра выцягвалі апошнія жылы. «Цяпер трэба вам напісаць аб маральным маім жыцці. - Але яно такое брыдкае, што і пісаць не хочацца. Жыву я, можна сказаць, жыццём публічным, г. зн. у казармах, муштруюць кожны дзень, хаджу ў караул і г. д. Адно слова - салдат, ды яшчэ які! Проста пудала вароняе». Больш за ўсяго баяўся Т. Г. Шэўчэнка, каб не заснуць канчаткова.
Думы мае, думы мае,
Вы адны са мною,
Не кідайце хоць вы мяне
Лютаю парою.
Прылятайце галубочкі
Сівыя ў ранне
З-за Дняпра, -з-за шырокага
У стэп на гулянне.
. . . . . . . . . . . . .
Прылятайце мае птушкі
Ціхім словам-сказам
Прывітаю вас, як дзетак,
І заплачам разам.
Так піша паэт у 1847 г. у Орскай крэпасці, а ў 1853-54 г. у Новапятроўскім форце ён піша:
Мой божа мілы, зноўку ліха!
Было так люба, гэтак ціха;
Мы ўзяліся расказаць
Сваім нявольнікам кайданы...
Аж страх! ў зноўку пацякла
Кроў бедных! Шмат цароў вінчаных
Нібы сабакі за маслак
Грызуцца зноў.
Аднак годы пакут не знішчылі ні таленту, ні прагі жыць і змагацца супроць цароў-катаў, супроць прыгнятацеляў. Шэўчэнка захаваў і волю да жыцця і свежасць свайго таленту і прагу да барацьбы. Атрымаўшы дазвол на выезд з Новапятроўска, Шэўчэнка 2-га жніўня 1857 г. выправіўся ў дарогу. Астрахань, Саратаў, Казань, Ніжні-Ноўгарад, далі яму мноства новых уражанняў, спатканні з людзьмі, новыя знаёмствы, кнігі, ад якіх так доўга быў адарваны паэт. У Ніжнім-Ноўгарадзе Шэўчэнка павінен быў застанавіцца, бо яму быў забаронен уезд у Маскву і ў Пецербург. Так пачаўся чацьверты перыяд - новае прабыванне Тараса Грыгоравіча Шэўчэнкі на свабодзе. У 1858 г. Шэўчэнка атрымаў дазвол жыць у Пецярбурзе і наведваць класы Акадэміі Мастацтваў, а ў сакавіку месяцы выехаў з Ніжняга-Ноўгарада ў Маскву. Тут Шэўчэнка пазнаёміўся з многімі прадстаўнікамі літаратурнага свету (Пагодзіным, Шевыровым, Хамяковым, дзекабрыстам Валконскім і г. д.). Хутка Т. Г. Шэўчэнка паехаў у Пецербург і тут ізноў сустрэчы са старымі сябрамі і новыя знаёмствы (з Шчэрбіною, бр. Курачкінымі, бр. Жемчужнікавымі, Кавеліным, Тургеневым і інш.).
У гэты час Шэўчэнка многа працуе як мастак...
«Як той щирий віл запрігся я у работу, сплю на ецюдах: с натурнога класса і не вихожу—так ніколі!» -піша ён М. С. Шчэпкіну ў 1858 г. У сувязі з тым, што Совет Акадэміі, разглядзеўшы гравюры Шэўчэнка, прызнаў яго прызначаным у акадэмікі і даў яму праграму на годнасць акадэміка «па гравіраванню медзі», Тарас Грыгоравіч просіць дазволу на паездку яго на Украіну. Дазвол яму быў дадзены і ў канцы мая 1859 г. ён адправіўся на радзіму. Але за ім сачылі і дастаткова было нязначнага выпадку, каб ізноў арыштаваць. Не паспеў ён агледзіцца ў родным краю, як 13 ліпеня 1859 г. быў арыштаваны і адпраўлен спачатку ў Чэркасы, а потым у Кіеў. Вызвалены тут Тарас Грыгоравіч жыве пад наглядам паліцыі і ў жніўні ад'язджае ў Пецербург. Тут Шэўчэнка пазнаёміўся з Чарнышэўскім і яго аднадумцамі. За гэтыя годы Шэўчэнка напісаў рад твораў: («Доля», «Муза», «Слава», «Сон»,... «Я не нездужаю півроку», «Ой по горі ромен цвіте», «Ой маю, маю нята», «Посажу коло хатини» і інш.). Але росквіт яго творчасці адносіцца да 1860 г. У гэтым годзе ён даў: «Молитви» (Царям, всесвитним шинкарям, Парів кровавих шинкарив), пераклаў «Плач Яраслаўны», напісаў «Гімн чарничий», «Світе ясний! Світе тихий», «Лікер'і», «Н. Я. Макарову», «Саул», «Мінулі літа молоді», «Хоча лежачаю й не б'ють», «І тут, i всюди-скріз погано!», «О люди, люди небаракі», «Якось-то йду я ў ночі» і шмат інш. У гэтым жа годзе Шэўчэнка быў зацверджан у годнасці акадэміка-гравёра. Перад ім была шырокая дарога, слава народнага паэта і вялікая папулярнасць сярод рускіх і украінскіх чытачоў. Але цяжкае жыццё дало сябе знаць, у студзені 1861 г. Тарас Грыгоравіч адчуваў сябе дрэнна - «Так мені пагано, що я ледве перо в руках держу». 14-25 лютага ён напісаў свой апошні верш («Чи не покинуть нам, небого»), а 26-га лютага памер.
Кончилось время его несчастливое, —
Все, что он с юности ранней не видывал,
Милое сердцу его улыбалося:
Тут ему бог позавидовал
Жизнь оборвалася.
Сапраўды быў правы Н. А. Некрасаў, напісаўшы гэтыя вершы на смерць Тараса Грыгоравіча Шэўчэнкі.
Цела Т. Г. Шэўчэнкі пахавалі на Чарнечай Гары ў Каневе, якраз там «на Украіні мілій»...
Каб безкрайнія разлогі,
І Дняпро, і кручы
Было відна, было чутна,
Як грыміць грымучы!
Так на парозе росквіту і славы абарвалася жыццё выдатнага чалавека. Мы адрозніваем у жыцці Шэўчэнкі чатыры перыяды:
1) Да вызвалення ад прыгоннай залежнасці (1814—1838 г.).
2) Шэўчэнка на волі —-росквіт творчасці (1838-1847 г.).
3) Ссылка (1847-1857 г.).
4) Шэўчэнка на волі — другі росквіт творчасці (1857—1861 г.).
Кожны іх мае свае асаблівасці, але асноўныя рысы творчасці Тарас Грыгоравіч захоўвае ўсюды. Яго жыццё-не звычайная з'ява, Яно правобраз жыцця многіх, і многіх выдатных людзей зямлі рускай, яно-правобраз радзімы Шэўчэнкі. Не выпадкова ён пісаў: «Мой уласны лёс, прадстаўлены ў сапраўдным святле, змог-бы навесці не толькі просталюдзіна, але і тых, у каго просталюдзін знаходзіцца ў поўнай залежнасці, на разважанні глыбокія і карысныя для абодвух бакоў. Вось чаму я адважваюся выявіць перад усім светам некалькі сумных фактаў майго існавання. Я жадаў-бы выказаць іх у такой паўнаце, у якой нябожчык С. Т. Аксакаў прадстаБіў свае дзіцячыя і юнацкія годы, тым больш, што гісторыя майго жыцця складае частку гісторыі маёй радзімы».
Усё гэта так, і нам зразумела пачуцце паэта, ад якога ў яго сціскаецца сэрца i касцянее рука, калі яму трэба расказваць аб сабе, аб сваім жыцці.
Аддадзім-жа належнае вялікаму барацьбіту за свабоду, гарачаму патрыёту, вялікаму рэволюцыйнаму Дэмакрату, народнаму паэту, які выказаў лепшыя і заветныя думы не толькі свайго народа, але ўсіх прыгнечаных народаў свайго часу. Аддамо належнае і ў нашай новай, вялікай сям'і народаў Совецкага Саюза не запамятаем памянуць Тараса Грыгоравіча Шэўчэнку
"Нязлым, ціхім словам!"
IIIІ дзень ідзе, і ноч ідзе...
І галаву схапіўшы ў рукі,
Здзіўляешся, чаму не йдзе
Апостал праўды і навукі?!
Замучаны прыгонніцка-бюракратычным рэжымам Т. Г. Шэўчэнка ўсё сваё жыццё горача марыў аб волі, аб свабодзе.
Спачатку гэта была мара, яшчэ не ясная, неакрэсленая, адно гарачае імкненне да свабоды. Потым яна запаўняецца пэўным зместам рэволюцыйна-дэмакратычнага характару. У такім плане павінны быць зразуметы і раннія матывы творчасці паэта, т. зв. рамантычныя. Рамантыка Шэўчэнкі-рэволюцыйная і ў гэтых адносінах ён блізкі да рамантыкі дзекабрыстаў. Не выпадкова паэт успамінае сваіх братоў у камедыі «Сон». Дух паэта наведвае далёкую Сібір, дзе пакутуюць зняволеныя.
Заварушылася пустыня...
Як-бы там з цеснай дамавіны
На той астатні страшны суд
За праўдай мерцвякі ўстаюць.
То не трупы, то не суду
Просіць ад пакуты;
Не, жывыя гэта людзі,
У кайданы закуты,
З нораў золата выносяць,
Каб горла, як скрутам,
Ненасытнаму заткнуць!..
Катаржане гэта!
А за вошта? Хіба знае
Усемагутны... Дзе там!
І праз шмат год Шэўчэнка зноў вяртаецца да гэтай-жа тэмы, зноў пагражае вывесці на свет пакутнікаў.
А ты ўсевідзячае вока!
Ці ты заўважыла звысоку
Як сотнямі ў кайданах гналі
У Сібір нявольнікаў святых,
Як мардавалі, распівалі
вешалі?! А ты не знала?
І ты ўзіралася на ніх
І не аслепла?! Вока, вока!
Не дужа бачыш ты глыбока!
Ты спіш у кіеце, а цары!...
Ды чорт іх, тых цароў паганых!
Няхай здаюцца ім кайданы,
А я памчуся на Сібір
Аж за Байкал. Загляну ў горы
А вярцепы цемныя, у норы
Без дна глыбокія, у вас,
Барацьбіты святое волі
Ад цемры, чаду і няволі
Царам, людзям я на паказ,
На свет вас выведу нядоляй
Радамі доўгімі ў кайданах..
Нават зварот Шэўчэнкі да мінулага, да гісторыі носіць такі-ж характар, як у дзекабрыстаў. Шэўчэнка, як і Рылееў, гаворыць аб свабодзе Украіны, аб яе барацьбе з палякамі за сваю незалежнасць. У паэме «Гайдамакі» Шэўчэнка выкарыстоўвае гістарычны сюжэт у тым-жа духу, як Рылееў выкарыстоўваў у сваіх думах факты з гісторыі Украіны і Расіі для раскрыцця адной асноўнай мыслі-барацьбы за свабоду. Было-б няправільным шукаць гістарычнай праўды ў «Гайдамаках» і на гэтай аснове судзіць паэта. Але будзе зусім правільна, калі мы ўбачым у паэме адлюстраванне бунтарскага духу Шэўчэнкі, звернутага ў мінулае, каб выказаць свой пратэст супроць гнуснага гнёту сучаснасці, свае думы аб неабходнасці жорсткай расправы з прыгнятальнікамі. Паэма «Гайдамакі» ёсць заклік да паўстання, да барацьбы супроць усякага прыгнечання, заклік да свабоды, да волі.
Пазней, калі Шэўчэнка стаў рэалістам, ён пачынае расцэньваць Сібір, гістарычных дзеячоў з пункту погляду гістарычнага лёсу Украіны. Яму зразумела ісціна, што царская Расія-турма народаў, і ён марыць пра той час, калі Украіна паўстане супроць сваіх прыгнятальнікаў.
Праўда скрозь засвеціць,
І памоляцца на волі
Нявольнікаў дзеці.
Ён марыць пра той час, калі на месцы турмы народаў будзе свабодны саюз народаў. У паэме «Каўказ» найбольш ярка выказана мысль аб царскай Расіі, як турме народаў, і мара Шэўчэнкі аб братэрстве і свабодзе. Пачынаецца твор вобразам Праметэя, якога ўдзень і ўначы карае арол,
Сэрца разбівае;
Разбівае, ды не не вып'е
Крыві жывой з сэрца,
Ізноў яно ажывае,
Ды ізноў смяецца.
Шмат загінула рускіх салдатаў, шмат загінула горцаў, —
А слез, крыві? Усіх напаіць
Тут імператараў-бы стала,
З дзяцьмі і ўнукамі ўтапіць
У ўдовіх слёзах...
Але паэт верыць, што прачнецца праўда на зямлі і абнімуцца народы. Гэта мара Шэўчэнкі збылася, усе народы нашай радзімы сышліся ў дружную совецкую сям'ю. Гэтыя матывы барацьбы за свабоду, мары Шэўчэнкі аб братэрстве народаў блізкі нам. Вельмі ярка і моцна гучыць яго «Заповіт»:
Як памру, дык пахавайце
Мяне на кургане,
Сярод стэпу шырокага
На Украіне слаўнай.
. . . . . . . . . . .
Пахавайце, ды ўставайце,
Ланцугі парвіце,
І варожай зноў крывёю
Волю акрапіце!
І мяне ў сям'і вялікай,
У сям'і вольнай, новай,
Памянуць вы не забудзьце
Нязлым, ціхім словам!
Адзначаючы юбілей вялікага народнага паэта, народы Совецкага Саюза тым самым выконваюць «Заповіт» Шэўчэнкі, успамінаюць яго ў новай, вольнай сям'і народаў Совецкага Саюза «нязлым, ціхім словам».
Мара аб волі, аб свабодзе пераплятаецца ў Шэўчэнкі з гарачым заклікам да барацьбы супроць прыгнятальнікаў. Колькі злобы, колькі нянавісці і агіды ўліў паэт у свае вершы, якія громяць паноў і іншых прыгнятальнікаў. Усе яны, пачынаючы з нябеснага і зямнога цара, варты пагарды і самай бязлітаснай кары. Дзе-ж бог усемагутны і справядлівы, калі навокал столькі зла, гора і пакут чалавечых. Куды-ж глядзела «усебачачае вока», калі святых пакутнікаў за праўду гналі ў Сібір? —піша Шэўчэнка,
А ты, усевідзячае вока!
Ці ты заўважыла звысоку,
Як сотнямі ў кайданах гналі
У Сібір нявольнікаў святых
Як мардавалі, распіналі,
І вешалі? А ты не знала?
І ты ўзіралася на іх
І не аслепла?! Вока! Вока!
Не дужа бачыш ты глыбока!
Шэўчэнка дайшоў да той мыслі, што нябесны пан-бог служыць зброяй у руках зямных паноў - цароў і памешчыкаў. Яны разам закавалі і замуравалі ўвесь свет і Шэўчэнка заклікае да барацьбы супроць рэлігіі і царквы. Бог, рэлігія, царква, паны закавалі і замуравалі людзей і пранікнулі ва ўсе іх узаемаадносіны і атруцілі жыццё. Асабліва цяжка адбівалася апека царквы ў галіне сямейных адносін, дзе царква бесцарамонна ўмешвалася ў найінтымнейшае жыццё людзей. Удала выказаў гэтыя мыслі Шэўчэнка ў «Глікерыі».
Мая ты любая! Мой дружа!
Не мець нам веры без крыжоў,
Рабам, нявольнікам нядужым,
Заснулі, што свіння ў лужы
У сваёй няволі! Мой ты дружа,
Грудзей ніколі не жагнай,
У малітве воч не узнімай
Ніколі ў свеце. Збрэшуць людзі
І візантыйскі Саваоф
Абдурыць. Не абдурыць бог, —
Караць і мілаваць не будзе.
Мы не рабы яго - мы людзі!
Сярод матываў гнеўнай, страснай барацьбы супроць нябеснага цара асабліва ядавіта гучыць насмешка над ім у «Гімне чарніц».
Абдурыў ты нас няшчасных,
Мы-ж абкрадзены дачасна,
Самі цябе абдурылі
І прарэзліва завылі.
Алілуя!
Ты ў манашкі пастрыгаеш,
Маладзіцы мы, ты знаеш...
То танцуеш, распяваеш,
Спяваючы прымаўляеш
Алілуя!
Шэўчэнка марыць пра той час, калі людзі не будуць прызнаваць нябеснага цара, не будуць рабамі, а будуць проста людзьмі на зямлі. Калі:
Будзе біта
Царамі сеянае жыта!
А людзі вырастуць. Памруць
І незачатыя цараты...
У неабноўленай зямлі
Не будзе гада, супастата,
А будзе сын, і будзе маці,
І будуць людзі на зямлі.
Побач з нябесным царом падвізаюцца зямныя цары. Нямнога можна адшукаць паэтаў і пісьменнікаў, у якіх барацьба супроць цароў, супроць дэспатызма і самадзяржаўя прымала-б такую ярка -выказаную форму нянавісці і пагарды. Шэўчэнка мог мець асабістую нянавісць да Нікалая І, які загубіў яго жыццё. Але не асабістыя матывы гучаць у яго паэзіі, а матывы соцыяльнай барацьбы. Голас задаўленых рабоў, голас мільёнаў прыгнечаных сялян гучыць у паэзіі Т. Г. Шэўчэнкі. Не мог ён не адбіваць пратэста шматмільённага сялянства, якое тамілася пад ярмом бога, цара і пана. Пратэст Шэўчэнкі гучыць ва ўнісон з паэзіяй рэволюцыйных розначынцаў, з паэзіяй Некрасава, які заявіў:
Работаешь один,
А чуть работа кончена,
Глядишь, стоят три дольщика:
Царь, бог и господин.
Пратэст шматмільённых сялянскіх мас і адлюстроўваецца ў творах Шэўчэнкі. У гэтым яго сіла і яго слабасць. Шэўчэнка не мае ніякіх ілюзій наконт цароў, і ў гэтым яго сіла. Цар, дзе-б ён ні быў, ёсць цар, — прыгнятальнік, дэспат, вораг, эксплаататар. Шэўченка рысуе нам цароў старажытнага Усходу і Нікалая I, знаходзячы ў іх шмат агульных рысаў. У творы «Цары» Шэўчэнка паказвае невідушчым людзям —
Каронай венчаных грамаду...
спераду і ззаду.
У пяці ўрыўках твора «Цары» ён рысуе разбэшчанага цара Давіда, які ў час бою —
У срэбнай рызе пахаджае
І, нібы кот той, пазірае
На сала, на зялёны сад
Суседа Гурыя...
Яму спадабалася Вірсавія, жонка Гурыя. Давід украў Вірсавію, а Гурыя загадаў забіць.
І зноў вясёлы, зноўку п'яны
Каля рабыні захадзіў.
Другі нарыс рысуе сына цара Давіда, Амона, які прыкінуўся хворым, каб сястра Фамар спякла пернік і сама прынесла хвораму. Калі, нічога не падазраючы Фамар прышла да яго, дык Амон гвалтам авалодаў сваёй сястрой.
Вось так царэвічы жывуць,
Дурэючы на свеце.
У трэцім нарысе-той жа Давід, але да таго знямогшы, што ні якія пакрывалы не саграваюць яго. З усёй зямлі сабралі да яго найпрыгажэйшых дзяўчат, каб яны сваімі целамі сагравалі «кацішчу блуднага». Такія цары Усходу.
А вось славянскія цары. У чацвёртым нарысе Шэўчэнка гаворыць аб крадзежы Святым Уладзімерам дачкі Рагвалода, Рагнеды. Для гэтага спатрэбілася заваяваць і разбурыць Полацак, потым Уладзімер згвалціў Рагнеду і прагнаў яе.
Дык вось наколькі ў іх святога —
У тых царах.
Шэўчэнка не выдумляў, а браў факты з гісторыі і яны красамоўней і пераканальней за ўсякую выдумку рысавалі вобразы цароў.
Бадай іх каты пасціналі
Усіх цароў, гадзюк людскіх!
Дакука з імі, каб вы зналі!
Як дурань ходзіш каля іх,
Не знаеш, як і дзе ступіць!
Дык што-ж, парайце, мне рабіць
Цяпер з паганымі?
Дадаткам да паэмы «Цары» служыць твор «Саул», у якім даецца не толькі вобраз разбэшчанага і прагнага цара, але і прыгнятальніка, які каршуном налятае на мірных працаўнікоў.
Аж на бяду цара нясе,
З законам, з катамі, з князямі
Мячом і цёмнымі рабамі.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Гора! Гора!
Драбнеюць людзі на зямлі,
Растуць і высяцца цары!
Рысуючы цароў Усходу і старажытнай Русі, Шэўчэнка бачыць агульныя рысы дэспатаў-самадзяржаўцаў і такім чынам ускосна характарызуе сучасных яму цароў. У яго мы маем вобразы Пятра I, Нікалая І, Александра II, царыцы Александры Фёдараўны і інш.
Прыгожа дадзена гэта ў паэме «Сон». Перад чытачом вобраз Пецербурга:
Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою,
А бераг абшыты
Увесь каменнем. Дзіўлюся,
Быццам з тропу збіты:
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіўна. Бо крыві тут
Выліта людское
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званніца, Як завостраная швайка
Аж не падзівіцца,
І дзілінгае гадзіннік.
Вобразы Пятра і Екацерыны дадзены рэзка адмоўнымі рысамі. Гэта —
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну,
А вторая даканала
Удаву-сіраціну.
Каты, каты, людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Шэўчэнка ацэньваў дзейнасць Пятра і Екацерыны з пункту погляду селяніна, прыгнечанага памешчыкам і замучанага дзяржаваю. Вось чаму ў яго творах адбіўся стогн тых людзей, на касцях якіх быў пабудаваны Пецербург.
О, цару паганы!
Цар пракляты, подлы, хітры,
Аспід прагавіты!
Што зрабіў ты з казакамі?
Балота засыпаў
Іх шляхотнымі касцямі!
Паставіў сталіцу
На іх трупах катаваных!
. . . . . . . . . . . .
I мы, скованы з табою,
Людаед з бярлогаў!
На судзілішчы на страшным
Мы закрыем бога
Ад вачэй тваіх нясытых.
Ты нас з Украіны
Загнаў голых і галодных
У снег на чужыну,
Дый парэзаў, а з скур нашых
Сабе баграніцу
Пашыў жыламі тугімі
І заклаў сталіцу
У новай рызе. Падзівіся:
Цэрквы ды палацы!
Весяліся кат пракляты,
З крывавае працы.
Шэўчэнка не мог падняцца да разумення гістарычнай ролі Пятра і зразумець усю глыбіню гістарычных супярэчнасцяў яго пераўтварэнняў дадатных і адмоўных момантаў яго дзейнасці.
Больш рэзка дадзен вобраз Нікалая, жорсткую палітыку якога Шэўчэнка адчуў на сабе. Нікалаеўская казарма, эпоха «моравай паласы» доўжылася трыццаць год і яна цяжка адбілася на Шэўчэнку, Нікалай І вылазіць як Мядзведзь 3 бярлогі, крычыць, лаецца, гарланіць на сваю чэлядзь, на ўсіх блюдалізаў. Многа пакут перанёс Шэўчэнка ад цара і царыцы, многа зла бачыў ён ад іх для ўсяго грамадства. І ён іх пракляў:
Цябе-ж, о сука!
І самі мы і нашы ўнукі
На свет увесь людзі праклянуць!
Не праклянуць, а толькі плюнуць
На тых абдоеных шчанят,
Што ты шчаніла. Мука! Мука!
О смутак мой, мая журба,
Ці ты мінеш калі? Ці псамі
Цары з міністрамі-рабамі
Цябе такую задкуюць!
Не зацкуюць! А людзі ціха,
Без жаднага ліхога ліха,
Цара да ката павядуць.
Калі-ж гэта будзе, калі праўда возьме верх і народ расправіцца з царамі? Калі-б людзі не поўзалі як рабы, дык былі-б братамі і не панавалі-б цары. Шэўчэнка марыць пра гэты час, марыць —
Ці будзе суд? Ці будзе кара
Царам, царатам на зямлі?
Ці будзе праўда між людзьмі?..
Павінна быць, бо сонца стане
Зямлю спаганену паліць.
Шэўчэнка верыць у гэта і таму пытаецца ў людзей, навошта патрэбны ім цары?
О людзі! Людзі небаракі!
Нашто здаліся вам цары?
Нашто здаліся вам псары?
Бо вы усё-ж людзі, не сабакі.
Толькі ў паэзіі Радзішчэва ды революцыйных сялянскіх дэмакратаў знаходзім мы падобныя характарыстыкі і матывы. Нянавісць, пагарда, прага пагібелі каранаваных злачынцаў, цароў-псароў з'яўляецца ў Шэўчэнкі важнейшым матывам, матывам барацьбы за свабоду. Матывы царазабойства, барацьбы супроць дэспатызма і самадзяржаўя пераплятаюцца ў яго з матывамі барацьбы супроць нябеснага цара і зямнога пана-памешчыка. Цар, бог і пан-вось прыгнятальнікі, якім няма літасці, няма даравання.
Душа мая ўбогая,
Горанька з табою!..
Уп'янюся атрутаю
У крызе ляжам спаці,
Пашлём душу аж да бога,
Яго распытаці:
Доўга яшчэ на гэтым свеце
Катам панаваці ?..
Гэтак разгарнуў Шэўчэнка барацьбу супроць самадзяржаўя, дэспатызма і прыгонніцтва.
Барацьба супроць прыгнятальнікаў, супроць бога, цара і пана заўсёды спалучаецца з гарачай абаронай чалавека, прыгнечаных, мужыка, жанчыны, дзяцей. У гэтых матывах Шэўчэнка ўзнімаецца да агульначалавечых пачуццяў, да сапраўднага дэмакратычнага гуманізма. Паэт смуткуе аб тым, што, падпарадкоўваючыся царам, людзі страцілі сваю чалавечую годнасць, сталі жалкімі рабамі. Прага нажывы, зайздрасць, злоба раз'ядноўваюць людзей і робяць іх ворагамі:
Дзе-ж добрыя тыя людзі,
Што сэрца жадала
З імі жыці, іх любіці?
Прапалі, не стала!
Ад абароны чалавека наогул Шэўчэнка пераходзіць да абароны прыгоннага мужыка, казака, жанчыны-маці, жонкі, нявесты, да абароны дзяцей. У паэме «Гайдамакі» нарысован вобраз аднаго з важакоў паўстання, Галайды, які да паўстання быў слугой:
— Ярэма! гершту, хамскі сыне!
Пайдзі кабылі прывядзі.
Падай пантоплі гаспадыні,
Мне прынясі вады, ідзі!
Падмяці хату! Нясі дровы!
Пасып індыкам! Гусям дай!
Пайдзі ў абору, дай карове,
Ды хутка, хаме. Пачакай.
Зрабіўшы ўсё, бяжы ў Вільшану
Яймосці трэба, не марудзь!"
Пайшоў Ярэма і йдзе-чуць-чуць.
А вось малюнак прыгнечаных прыгонных сялян:
Хіба ты не бачыш?
Як людзей катуюць, крыўдзяць сірату?
Дык глянь, падзівіся! А я паляту
Высока-высока за сінія хмары;
Няма там улады, няма там і кары.
Там смеху людскога і плачу не чуць.
Вунь глянь, -у тым раі, што ты пакідаеш
Латаную світку з калекі знімаюць.
Са скурай знімаюць, - бо нечым абуць
Княжат недарослых. А вунь распінаюць
Ўдаву за падаткі, а сына куюць
Удавы няшчаснае ядынага сына,
Ядыну надзею, - у войска аддаюць.
Бо войска, бач, мала. А вунь дзе пад тынам
Апухлае дзіцё галоднае мрэ,
А маці пшаніцу на паншчыне жне.
А вунь-бачыш? Вочы! Вочы!
На што вы здаліся?
Чаму змалку не высахлі,
Слязмі не зліліся?
Гэта ля тыноў пакрытка
З байструком вандруе-
Бацька й маці адракліся,
Чужыя ганьбуюць...
З выключнай шчырасцю і цяплынёй дадзены жаночыя вобразы У паэзіі Шэўчэнкі. У паказе іх Шэўчэнка-сапраўдны рэволюцыйны дэмакрат. Жанчына для яго-не прадмет для асалоды, а друг і та- варыш, саратнік у барацьбе. Жанчына-маці, жонка, нявеста зары- саваны Шэўчэнкам з выключнай любоўю і цяплынёй. Пачынаючы з вобраза Кацярыны з аднайменнай паэмы і Аксаны з паэмы «Гай- дамакі», Шэўчэнка не здраджвае сабе ў абмалёўцы вобраза жан- чыны да канца сваёй паэтычнай дзейнасці.
У гэтых адносінах мы знаходзім у яго шмат агульных рысаў з рэволюцыйным дэмакратам Н. А. Некрасавым. Кацярына, ашука- ная маскалём-афіцэрам, кінутая ім разам з дзіцянём, канчае жыццё самагубствам. З вялікай цяплынёй і сумам рысуе паэт вобраз гэ- тай няшчаснай жанчыны, з якой насмяяліся ўсе і ад якой усе адвяр- нуліся, уключаючы і роднага бацьку і маці. А што будзе з дзіцем, у якога няма бацькі, ці, правільней, ад якога адмовіўся бацька!
Пад хатаю заначуем,
Сыне мой Іване!
Дзе-ж ты будзеш начаваці,
Як мяне не стане?
З сабакамі мой сыночку,
Дзялі свае гора, —
Сабакі хоць пакусаюць,
Ды не загавораць,
Не раскажуць, смяючыся...
З сабакамі жыці...
Бедна-ж мая галовачка,
Ой, што мне рабіці?
Маці памірае, бацька адмаўляецца ад сына, а сірата застаецца адзінокім на свеце.
А таму якая доля,
Доля засталася,
Каго бацька і не бачыў,
Маці адраклася,
Байструку што засталося?
Хто з ім загавора?
Ні радні тэй, ні хаціны,
Шляхі пяскі, гора...
Да гэтых вобразаў адносіцца і Аксана з паэмы «Гайдамакі». Яна таксама не ведае шчасця; бацьку забілі палякі, а яе ўзялі з сабою, каб здзеквацца з яе. Пакуты бацькі і самой Аксаны пададзены не ў асабістым, а ў соцыяльным плане. Казакі жорстка помсцяць за ўсе свае пакуты і мучэнні, за смерць бацькі Аксаны і за здзекі з яе. Шэўчэнка паказвае тут, як матывы асабістай помсты пераплятаюцца з барацьбой за свабоду і незалежнасць роднай краіны супроць прыгнятальнікаў-палякаў. Пытанне аб жанчыне і яе эмансіпацыі было адным з найбольш важных y шасцідзесятыя годы. Не дзіўна, што гэтаму пытанню так шмат увагі ўдзяляла паэзія рэволюцыйных розначынцаў. У большасці паэтаў-розначынцаў ёсць вобразы жанчыны і сярод іх вобраз паўшай жанчыны. Некрасау («Еду-ль я ночью по улице темной», «Убогая и нарядная»), а следам за ім Дабралюбаў («Не насмехайтесь над павшей женой») і інш. зразумелі і не асудзілі такую жанчыну. Такіх-жа поглядаў трымаўся і Шэўчэнка.
Краем вуліц паспяшалі
Сонныя дзяўчаты,
Ды не з дому, а дадому:
Пасылала маці.
На ўсю ночку працаваці,
На хлеб зарабляці.
А я стаю пахіліўшысь,
У думках разважаю:
Як-то цяжка хлеб штодзенны
Людзі зарабляюць!
Колькі трэба мець любві да чалавека і як глыбока трэба разумець соцыяльныя супярэчнасці, каб так думаць і адчуваць! Шэўчэнка стаіць тут у адным радзе з рускімі рэволюцыйнымі дэмакратамі- Чэрнышэўскім, Дабралюбавым, Некрасавым. Цудоўны вобраз батрачкі Ганны з паэмы «Наймічка». Маладзіца нарадзіла сына вырашыла падкінуць яго добрым людзям. Тыя ўзялі дзіця і сталі выхоўваць яго, а Ганна нанялася да іх у батрачкі, каб даглядаць свайго-ж уласнага сына. Мінулі годы, старая гаспадыня памерла, прыёмны сын Марк вырас і ажаніўся. Ганна заставалася ў доме і яе як родную любілі Марк і яго жонка. Толькі перад смерцю Ганна прызналася Марку, што ён-яе сын. Усё жыццё пражыла яна для свайго сына, не маючы права сказаць, што яна яго маці.
Пачынаецца паэма выдатным пралогам пра лёс дзіцяці:
Я не адна-у мяне ёсць
І бацька і маці...
У мяне ёсць туманочку,
Тумане мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
. . . . . . . . . . .
Не лай мяне! Я выпрашу
І вымалю ў бога
Долю выплачу слязамі
Для сына малога!
І заключная карціна, дзе ў апошнюю хвіліну жыцця наймічка прызнаецца, што яна маці Марка, таксама напісана з выключным пачуццём.
Я не Ганна, не наймічка,
Я....
І занямела.
Марка плакаў і дзівіўся.
Зноў вочы адкрыла,
Пільна глянула ды зрок ёй
Сляза засланіла.
"Даруй ты мне! Мучылася
Век я ў чужой хаце!..
Даруй-жа мне мой сыночак!
Я... я - твая маці!"
І замоўкла.
Самлеў Марка, —
Зямля задрыжала.
Прахапіўся - да мацеры,
А маці ўжо спала.
Глыбокая мацярынская любоў здольна прымусіць перанесці ўсё, гэта любоў самая моцная, самая шчырая.
Увы! утешится жена
И друга лучший друг забудет,
Но в мире есть душа одна —
Она до гроба помнить будет!
Средь лицемерных наших дел
И всякой пошлости и прозы
Одни я в мире подсмотрел
Святые, искренние слезы.То слезы бедных матерей,
Им не забыть своих детей
Погибших на кровавой ниве,
Как не поднять плакучей иве
Своих поникнувших ветвей...
Так пісаў аб мацярынскім каханні Некрасаў, такі-ж цудоўны вобраз намаляваў і Шэўчэнка.
Мара аб свабодзе, аб волі, аб вольным чалавеку, заклік да ба рацьбы супроць прыгнятальнікаў, гарачая абарона прыгнечаных перапляталася ў Шэўчэнкі з любоўю да радзімы, да Украіны.
Ворагі народа скажалі вобраз Шэўчэнкі, паказваючы Шэўчэнку як вузкага нацыяналіста. Гэта - несусветная бязглуздзіца. Шэўчэнка быў рэволюцыйным дэмакратам і разумеў, што інтарэсы ўсіх прыгнечаных супадаюць. Ён ваяваў не супроць рускіх мужыкоў, не супроць рускіх рэволюцыянераў, а ваяваў з царамі, памешчыкамі, з самадзяржаўна-дэмакратычным ладам, які прыгнятаў не толькі яго, але і усіх рускіх дэмакратаў-рэволюцыянераў. Пачуцці Шэўчэнкі былі зразумелы ўсім працоўным змагарам за свабоду. Трэба сказаць, што ў Шэўчэнкі да яго пратэсту прымешваліся пачуцці болю за родную Украіну. Самы пратэст пранікаўся гэтым пачуццём болю і любві да Украіны і атрымліваў нацыянальную народную афарбоўку. Выкарыстоўваючы вядомую формулу таварыша Сталіна, можна сказаць, што ў творчасці Шэўчэнкі рэволюцыйна-дэмакратычны змест пададзен у нацыянальнай форме. Для Шэўчэнкі перш за ўсё характэрна шчырая, беззаветная любоў да радзімы, тое пачуццё, якое так высока цэнім мы цяпер. Яго герой Гонта з паэмы «Гайдамакі» прыносіць у ахвяру радзіме ўласных дзяцей, якіх маці зрабіла католікамі. Карціна забойства Гонтаю сваіх дзяцей нарысавана з выключным майстэрствам і нагадвае нам расправу гогалеўскага Тараса Бульбы са сваім сынам Андрэем.
"Католікі, бо нас маці..."
"Божа міласцівы!
Маўчаць, маўчаць. Знаю, знаю."
Збеглася грамада.
Католіка рэзаць.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Малыя гарэзы.
Што не рэжаце вы ляха?"
Будзем рэзаць, татка!"
О, не будзеце вы рэзаць!
Будзь праклятай матка,
Праклятая каталічка,
Што вас спарадзіла!
Чаму вас да ўсходу сонца
Была не ўтапіла?
Менш бы грэху: вы памерлі-б
Не каталікамі!
А сягодня, сына мае,
Горачка мне з вамі.
Пацалуйце мяне, дзеці, —
Не я забіваю,
А прысяга!"
махнуў нажом
дзяцей не мае,
Парэзаныя палеглі
- Тата! " - булькаталі
Тата, тата... Мы не ляхі!
Мы... ды й замаўчалі.
Любоў да радзімы паглынае ўсё, ад любві да радзімы і нянавісці да яе ворагаў Гонта забівае сваіх дзяцей, якія могуць стаць ворагамі Украіны і народа. Так расправіўся з сваім Андрэем Тарас Бульба. І нават хаваць дзяцей не стаў Гонта, звярнуўшы ўсю горыч і гнеў супроць прыгнятальнікаў-ляхаў:
„Кары, ляхам, кары!"
У корані. Страшна, страшна
Умань запалала.
Толькі пасля пабоішча ён хавае сваіх дзяцей.
Абадву злажыў; з кішэні
Кітайку вымае,
І цалуе ў вочы мёртвых,
Хрысціць, накрывае
Той чырвонаю кітайкай
Голавы казачы.
Паглядзеў раскрыўшы яшчэ раз...
Цяжка-цяжка плача:
Ой, сыны, мае, сыночкі!
На тую Украіну
Паглядайце: за яе вы
І я з вамі гіну.
А хто мяне пахавае
На лужацкім полі
Хто заплача нада мною?
Доля мая, доля.
Доля мая няшчасная,
Што ты нарабіла.
На што мне дзяцей дала ты?
Чаму не забіла?
Хай бы яны пахавалі
А то я хаваю.
Паралеллю да такой карціны з'яўляецца карціна з паэмы К. Ф. Рылеева «Войнароўскі». Тут Войнароўскі гатоў ахвяраваць сваёй сям'ёй у імя любві да радзімы.
Гатов все жертвы я прынесть, —
Воскликнул я, — стране родимой:
Отдам детей с женой любимой
Себе одну оставлю честь.
Але Мазепа ідзе яшчэ далей:
Но я, но я, пылая местью,
Ее спасая от оков,
Я жертвовать готов ей честью.
Не гістарычнай праўды трэба шукаць у паэмах Шэўчэнкі і Рылеева, а матываў барацьбы за свабоду, што Рылееў выказаў у словах:
Уж близок час, близка борьба,
Борьба свободы с самовластьем.
Гэта страсная любоў да Украіны, жаданне ёй шчасця выклікаліся ў Шэўчэнкі не толькі асабістымі меркаваннямі, але галоўным чынам матывамі соцыяльнымі. Родны край быў у няволі, землякі — адны заняволеныя, другія разбэшчваліся царскім самадзяржаўем і здраджвалі народу, становячыся ў рады катаў і мучыцеляў. Пачуцці гора, пакуты і смутку за радзіму і перадае Шэўчэнка ў сваіх вершах.
Бывай свет! Бывай зямліца,
Непрыязны краю!
Мае жудасныя мукі
У хмарах пахаваны.
А ты, мая Украіна,
Гаротная ўдоўка.
Я ляцець да цябе буду
З хмары на гамонку,
На гамонку ціха-сумну,
На раду з табою;
Апоўначы падаць буду
Густою расою.
Параімся, пасумуем,
Пакуль сонца ўстане,
Пакуль твае краскі-дзеці
На ворага стануць.
Бывай, родная мая ты,
Удава-нябога!
Любоў да Украіны перарастала ў Шэўчэнкі ў любоў да ўсіх працоўных, да людзей-братоў, якіх прыгняталі багі, цары і памешчыкі. Толькі ў Шэўчэнкі гэта ўскладнялася пачуццём смутку і болю за падвойнае прыгнечанне свайго народа, адсюль страсны заклік да барацьбы за свабоду, які зліваецца з заклікам да барацьбы за вызваленне ад нацыянальнага гнёту.
Як-бы парадаваўся Т. Г. Шэўчэнка, гледзячы на сваю Украіну цяпер, калі украінскі народ свабодна жыве і будуе сваё жыццё, сваю культуру, мастацтва, развівае сваю мову, калі разбурана турма народаў і на яе месцы створан свабодны братні саюз народаў.
Усе матывы і раскрываючыя іх вобразы ў Шэўчэнкі афарбаваны своеасаблівай лірыкай, выступаючай перад намі то як пяшчотны задушэўны сум, туга па долі, па шчасцю, то як гнеў супроць прыгнятальнікаў і смутак за зняслаўленых і абражаных. Лірызм Шэўчэнкі яўляе асноўную стыхію яго творчасці і вельмі збліжае яго з народнай паэзіяй, з народнымі песнямі. Ён усюды харош і своеасаблівы, усёроўна як у паказе суму і кахання, шчасця і долі.
Чаго мне так цяжка? Чаго мне так нудна?
Чаго сэрца плача, рыдае, крычыць,
Як дзіця без маткі? Чаго-ж табе трудна?
Чаго ты жадаеш? Што ў цябе баліць?
Ці піці, ці есці, ці спатанькі хочаш?
Засні маё сэрца.... Няхай чыніць здзек
Звар'яцелы люд... Закрый, сэрца, вочы...
Цяжкое было жыццё Т. Г. Шэўчэнкі, яно і спарадзіла гэтыя думкі і пачуцці; яно глыбока параніла і змучыла яго душу. Вось адкуль такая туга, такі песімізм. І гэта тады, калі Шэўчэнка страсна кахае жыццё, хараство, прыроду, сонца:
О, божа мой мілы!
Цяжка жыць на свеце, а хочацца жыць!
Хочацца глядзеці, як сонейка ззяе,
Хочацца паслухаць, як мора зайграе,
Як птушка шчабеча, байрак гамоніць,
Або чорнабрыўка ў гаю запявае...
О, божа мой мілы, як весела жыць!
Дзе развязванне гэтай супярэчнасці, чаму сэрца разрываецца ад мукі, калі так хораша жыць, чаму льюцца слёзы, калі так ярка свеціць сонца. Няволя цяжкая ўсяму прычына, яна не дае загаіцца ранам і высахнуць слязам.
Лірызм, то гнеўны і смутны, то ціхі і пяшчотны не дарма быў асноўнай стыхіяй Шэўчэнкі. Творчасць была для яго жыццём, а жыццё-барацьба. Барацьба жорсткая, бязлітасная, без уступак і даравання. Спачатку з панам-прыгоннікам і са ўсёй зграяй яго с бак, потым з царом-псаром і яго лізаблюдамі-псаратамі. І Шэўчэнка верыў у сілу сваёй зброі, у сілу свайго слова, у сваю мову. Ён верыў у дзейсную, магутную сілу слова і сваёй роднай мовы, якую ён кахаў да самазабыцця.
І гэта рыса родніць яго з шасцідзесятнікамі.
Хоць Некрасаў і заявіў, што «мне барацьба перашкаджала быць паэтам, песні мне перашкаджалі быць байцом», але на самай справе песні Некрасава былі баявой зброяй революцыйнай дэмакратыі. Такой-жа зброяй былі і песні Шэўчэнкі. Больш за ўсё баяўся Шэўчэнка сна, баяўся заснуць.
Мінаюць дні, мінаюць ночы,
Мінае лета, шапаціць
Ліст пажаўцелы, гаснуць вочы,
Заснулі душы, сэрца спіць.
І усё заснула... І не знаю,
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так бадзяюся за грэх,
Бо ўжо заціх мой плач, мой смех.
. . . . . . . . . . . . . .
Страшна ў ланцугі ўпасці
Канаць у няволі,
А шчэ горай - спаці, спаці,
І спаці на волі,
І заснуць, заснуць на вякі,
І следа не кінуць
Ніякага і аднолькава —
Ці жывы, ці загінуў!..
Жыць для Шэўчэнкі, як і для Пушкіна значыла мысліць і пакутваць, мысліць і змагацца, а не спаць. Сон, абыякавасць, цяжэй за ўсё на свеце.
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
Лірызм Шэўчэнкі афарбаваў сабою ўсё, аб чым ён пісаў, сам пранікаўся грамадзянскімі матывамі і выказваў іх. Ён усюды, ён надае асаблівы тон творам Шэўчэнкі, тон адпаведны вуснай народнай творчасці.
IX
Лёгка бачыць цяпер, што Тарас Грыгоравіч Шэўчэнка ведаў і любіў народ не па чутках, не з боку, а кроўна, бо ён пражыў цяжкое жыццё працоўнага народа. Яго народнасць з'яўлялася арганічнай уласцівасцю натуры, яго складам думкі і пачуцця, карацей — яна складала аснову яго творчасці. «Народнасць у пісьменніка ёсць вартасць, якая цалкам можа быць ацэнена аднімі суайчыннікамі — для іншых яна не існуе, або, нават, можа здацца заганай — вучоны немец абураецца на ветлівасць герояў Расіна, француз смяецца, бачачы ў Кальдероне Карыолана, які выклікае на дуэль свайго праціўніка. Усё гэта носіць аднак-жа адзнаку народнасці.
Ёсць лад мыслей і адчуванняў, ёсць процьма звычаяў, павер'яў і звычак, належачых выключна якому-небудзь народу-клімат, лад праўлення, вера даюць кожнаму народу асаблівую фізіяномію, — якая больш ці менш адбіваецца ў люстры паэзіі».[2] Так пісаў былі падставы для братняй салідарнасці, дзеля правільнага разумення нацыянальнай любві і інтэрнацыяналізма. Няма чаго і гаварыць пра гэта пасля Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі. Таварыш Сталін яскрава сфармуліраваў гэта ў 1927 годзе ў сваім артыкуле «Міжнародны характар Кастрычніцкай рэволюцыі: («Да пытання аб пролетарскім метадзе развязвання нацыянальнага пытання»): тут ён пісаў: «Раней, «прынята было» думаць, што свет падзелены спакон веку на ніжэйшыя і вышэйшыя расы, на чорных і белых, з якіх першыя няздольны да цывілізацыі і асуджаны быць аб'ектам эксплаатацыі, а другія з'яўляюцца адзінымі носьбітамі цывілізацыі, прызванымі эксплаатаваць першых. Зараз гэту, легенду трэба лічыць разбітай і адкінутай. Адным з важнейшых вынікаў Кастрычніцкай рэволюцыі з'яўляецца той факт, што яна нанесла гэтай легендзе смяротны ўдар.
Раней «прынята было» думаць, што адзіным метадам вызвалення прыгнечаных народаў з'яўляецца метад буржуазнага нацыяналізма, метад адпадзення нацый друг ад друга, метад іх раз'яднання, метад узмацнення нацыянальнай варожасці паміж працоўнымі масамі розных нацый. Зараз гэту легенду трэба лічыць абвергнутай. Адным з галоўнейшых вынікаў Кастрычніцкай рэволюцыі з'яўляецца той факт, што яна нанесла гэтай легендзе смяротны ўдар, паказаўшы на справе магчымасць і мэтазгоднасць пролетарскага інтэрнацыянальнага метада вызвалення прыгнечаных народаў на аснове дабраахвотнасці і інтэрнацыяналізма»[3].
Іменна такая пастаноўка пытання прыводзіць да формулы аб культуры: «Соцыялістычная па свайму зместу і нацыянальная па форме культура, якая мае сваёй мэтай выхаваць масы ў духу інтэрнацыяналізма і ўзмацнення дыктатуры пролетарыята»[4]
Гэта адзіна правільнае дыялектычнае развязванне нацыянальнага пытання, калі прыхільнікі зліяння ў будучым нацыянальных культур у адну агульную (і па форме і па зместу) культуру з адной агульнай мовай, з'яўляюцца разам з тым прыхільнікамі росквіту нацыянальных культур у перыяд дыктатуры пролетарыята».[5] Мы ведаем, што ў 60-я годы XIX ст. пролетарыята ў Расіі, як сілы вызначаючай ход гістарычнага развіцця, яшчэ не было. Але з усяго гэтага зусім не вынікае, што не было глебы для брацкага саюза сялян Расіі і Украіны; яна была, бо прыгоннае права, самадзяржаўна-бюракратычны памешчыцкі лад аднолькава прыгнятаў і рускіх і украінскіх сялян і рускую і украінскую інтэлігенцыю. Пагэтаму, мы, гаворачы аб нацыяналізме і патрыятызме Шэўчэнкі, бачым тут не абмежаванасць вузкімі рамкамі, а жаданне свайму народу такой-жа свабоды і шчасця, як і другім народам. Барацьбу Шэўчэнкі з самадзяржаўна-бюракратычным ладам не след разумець, як барацьбу супроць рускага народа, супроць рускага мужыка. Так мы разумеем нацыяналізм і патрыятызм Шэўчэнкі. Іншымі словамі кажучы, у Шэўчэнкі быў здаровы патрыятызм і нацыяналізм, аб якім можна было-б сказаць словамі яго сучаснікаў. Вось як аб гэтым пісаў Чэрнышэўскі і Дабралюбаў:
«Як усе высокія словы, як любоў, дабрадзейнасць, слава, ісціна, слова «патрыятызм» іншы раз ужываецца на зло неразумеючымі яго людзьмі дзеля абазначэння рэчаў, якія не маюць нічога агульнага з сапраўдным патрыятызмам; пагэтаму, ужываючы свяшчэннае слова «патрыятызм», часта бывае неабходна адзначаць, што іменна мы хочам разумець пад ім.
Найвышэйшы патрыятызм, — страснае, бязмежнае жаданне дабра радзіме»[6].
А Дабралюбаў як-бы працягвае:
«Патрыятызм ёсць не што іншае, як жаданне працаваць на карысць сваёй радзіме і вынікае не ад чаго іншага, як ад жадання тварыць дабро, — наколькі магчыма лепш... Патрыятызм жывы, дзейсны іменна і адрозніваецца тым, што ён выключае ўсякую міжнародную варожасць, і чалавек, адухоўлены такім патрыятызмам, гатоў працаваць для ўсяго чалавецтва»...[7]
Патрыятызм Шэўчэнкі мы павінны разглядаць у такім-жа духу. Ці не такія ж былі погляды Шэўчэнкі на патрыятызм? Мы пераконаны, што гэта іменна так, што Шэўчэнка, рэволюцыйны дэмакрат, не мог мець іншага погляду па гэтаму пытанню. А ў такім выпадку яго любоў да Украіны перарастала ў любоў да ўсяго чалавецтва, у жаданне працаваць дзеля ўсяго чалавецтва. Ён мог бы сказаць аб сабе так, як сказаў аб сабе Шчэдрын: «Я люблю Расію да болю сардэчнага і нават не магу ўявіць сябе дзе-небудзь, акрамя Расіі... Я жадаў бачыць маю айчыну нястолькі слаўнай, колькі шчаслівай, -вось істотны змест маіх мараў на тэму аб велічы Расіі... Які народ можа з большым правам назваць сябе сапраўды слаўным, як не той, які ўсведамляе сябе сапраўды шчаслівым»[8].
Але гэта любоў да Расіі не выклікала ў Шчадрына варожасці да другіх народаў, а наадварот, рабіла яго гатовым працаваць для Усяго чалавецтва. Такімі-б словамі мог выявіць сваю любоў да Украіны і Т. Г. Шэўчэнка. Яго нельга ўявіць без Украіны, так арганічна яго творчасць увайшла ў народнае жыццё і паэзію Украіны. У сяброўскім пасланні «І мёртвым і жывым і ненароджаным землякам маім» ён піша:
Няма на свеце Украіны,
Другога не знайсці Дняпра,
А вы працэся на чужыну,
Шукаць там добрага дабра,
Дабра святога, волі, волі,
Братэрства братняга...
Мы можам зразумець любоў Шчадрына да Расіі і любоў Шэўчэнкі да Украіны, любоў, у якой адсутнічаюць супярэчнасці і варожасць гэтых народаў. Мы не можам гаварыць аб тым, што гэта супярэчнасць адсутнічае ў нашы дні, гэта ясна і так прыгожа раскрываецца формулай таварыша Сталіна: «Пролетарская па свайму зместу, нацыянальная па форме, - такая та агульна-чалавечая культура, да якой ідзе соцыялізм. Пролетарская культура не адмяняе нацыянальнай культуры, а дае ёй змест. І наадварот, нацыянальная культура не адмяняе пролетарскай культуры, а дае ёй форму».[9]
Так гэта ў нас, у краіне соцыялізма, у СССР. Лепшыя людзі 60-х гадоў XIX стагоддзя маглі гаварыць аб адзінстве сваёй любві да радзімы з любоўю да ўсяго чалавецтва, аб адзінстве, якое было абумоўлена тым, што інтарэсы працоўных, становішча шырокіх народных мас было аднолькава цяжкім, аб адзінстве, якое было абумоўлена барацьбой супроць расійскага самаўладства і прыгонніцтва, аднолькава прыгнятаўшага ўсе народы; аб адзінстве, якое вынікае з страснага жадання дабра ўсім народам Расіі, з жадання «каб усім было добра». Асаблівасцю паэзіі Тараса Шэўчэнкі з'яўляецца яго гуманізм, як форма выяўлення яго сапраўднай любві да чалавека, яго тугі аб волі, аб свабодзе, яго смутку аб людзях-братах, яго шукання лепшага жыцця, яго нянавісці да прыгнятальнікаў усіх відаў і рангаў.
Такім чынам перад намі вялікі народны паэт, рэаліст, які ўскрывае праўду жыцця так, што яна кліча людзей на рэволюцыйную барацьбу, паэт-дэмакрат, які выяўляе думы і спадзяванні шырокіх народных мас, паэт-грамадзянін з глыбокім пачуццём гуманізма, любві да чалавека, да ўсяго чалавечага.
Народнасць, рэволюцыйна-дэмакратычны рэалізм, гуманізм і грамадзянскі пафас з'яўляюцца асноўнымі характэрнымі рысамі паэзіі вялікага народнага паэта Тараса Грыгоравіча Шэўчэнкі.
Ён, значыць, не толькі паэт, але і баец, рэволюцыянер, што вельмі ўдала выказаў Герцэн:
«Ён тым вялікі, — казаў Герцэн, — што ён зусім народны пісьменнік, як наш Кальцоў; але ён мае куды большае значэнне, чым Кальцоў, бо Шэўчэнка быў рэволюцыйны дзеяч і разам з тым з'яўляўся барацьбітом за свабоду»[10].
Вялікі народны паэт Тарас Грыгоравіч Шэўчэнка не мог не быць барацьбітом, не мог не адлюстроўваць думы і спадзяванні народныя, яго мары аб шчаслівым, свабодным жыцці. Яго зброяй было слова, яго паэзія, якая ўвабрала пагэтаму ў сябе ўсю сілу і страсць барацьбы за свабоду шырокіх народных мас, увесь іх гнеў і прагу да разбурэння самадзяржаўна-бюракратычнага ладу, прагу да барацьбы супроць бога, цара і пана, яго паэзія сама стала важнейшым фактарам гэтай барацьбы, зброяй у руках рэволюцыйнай сялянскай дэмакратыі.
- ↑ Н. А. Дабралюбаў. Збор. твор. т. II, стар. 562-563, ГИЗ. 1905 г.
- ↑ А. С. Пушкін. Поўны збор твораў, т. 9 стар. 41, М. 1936.
- ↑ І. Сталін. Марксізм і нацыянальна-каланіяльнае пытанне", зб. арт. М. 1937, стар. 189-190
- ↑ Там-жа, стар. 194
- ↑ Там-жа, стар. 194.
- ↑ Н. Г. Чэрнышэўскі "Нарысы гогалеўскага перыяда рускай літаратуры"
- ↑ Н. А. Дабралюбаў "Руская цывілізацыя, прыдуманая г. Жеребцовым"
- ↑ Салтыков-Шчэдрын "Убежище Монрепо".
- ↑ І. Сталін "Аб палітычных задачах універсітэтаў народаў Усходу" зб. Марксізм і нац. кал. пытанне, М. 1937, стар. 158.
- ↑ А. І. Герцэн. Зб. твораў, т. ХХІІ, стар. 129 (Юнге "Успаміны", стар. 354-355).

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.
