Перайсці да зместу

Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Ганс-Дурань

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ганс-Дурань
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
1855
Арыгінальная назва: Klods-Hans (1855)
Пераклад: Янка Маўр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ганс-Дурань

Жыў у сваёй сялібе стары гаспадар, і былі ў яго два сыны, такія разумнікі, што і напалову хапіла-б. І яны парашылі пасватацца да каралеўны, — чаму-ж не? Яна сама абвясціла, што, возьме за мужа таго, хто па слова ў кішэню не лазіць.

Двое разумнікаў рыхтаваліся цэлы тыдзень; больш у іх не было часу, ды і таго было досыць: пачаткі ведаў у іх былі, а гэта вельмі важна. Адзін ведаў напамяць увесь лацінскі слоўнік і мясцовую газету за тры гады, ад пачатку да канца і ад канца да пачатку. Другі вучыў ужо цэхавую прамудрасць, — што які цэхавы старшыня павінен ведаць; значыцца, ён мог разважаць і пра справы дзяржаўныя, — так, прынамсі, ён сам думаў. Апрача таго ён быў франт і ўмеў вышываць шлейкі, а гэта не малое мастацтва.

— Каралеўна будзе маёй, — казаў і той і другі.

І вось бацька даў кожнаму цудоўнага каня: таму, які ведаў слоўнік і газету,— варанога, а таму, хто быў цэхавым знаўцам і ўмеў вышываць, - белага. Абодва змазалі сабе рыбім тлушчам куткі губ, каб яны лягчэй рухаліся. Усе слугі высыпалі на двор паглядзець, як жаніхі сядуць на коней, - і раптам прыбег трэці брат. Усяго-ж іх было трое, але трэцяга ніхто не прымаў пад увагу. Ён быў зусім не такі вучоны, як браты, і называлі яго проста Ганс-Дурань.

- Вы куды гэта сабраліся, чаго так парадна ўбраліся?— спытаў ён.

— Едзем да караля. Хочам выгаварыць сабе каралеўну. Хіба ты не чуў, пра што барабанілі ва ўсёй краіне?

І яны расказалі яму, у чым справа.

— Эге! Тады і я з вамі, - сказаў Ганс-Дурань.

Браты толькі рассмяяліся і рушылі ў дарогу.

— Бацька, давай і мне каня! - закрычаў Ганс-Дурань,— І мяне разбірае ахвота жаніцца. Возьме мяне каралеўна — добра, а не возьме — я сам яе вазьму.

— Годзе глупства малоць! - сказаў бацька. — Не дам я табе ніякага каня. Ты пават і гаварыць не ўмееш. Браты твае - дык тыя малайцы.

— Не дасі каня—вазьму казла!- сказаў Ганс-Дурань.— Казёл мой уласны і пэўна давязе мяне.

І ён усеўся на казла вярхом, ткнуў яго ў бокі пяткамі і паімчаўся па дарозе як мага.

— Го-го! Сцеражыся! - крыкнуў ён і заспяваў на ўсё горла.

Браты-ж ехалі ды ехалі ціханька наперад, не гаворачы ні слова; ім трэба было добра абдумаць загадзя ўсе мудрагельскія словы, адрззу-ж яны ў галаву не прыдуць.

— Го-го! Сцеражыся! - закрычаў ім Ганс-Дурань. — Гляньце, што я па дарозе знайшоў.

І ён паказаў ім дохлую варону.

— Дурны! — сказалі яны. — Навошта яна табе?

— Я яе каралеўне падарую.

— Падаруй, падаруй! - засмяяліся яны і паехалі далей.

— Го-го! Сцеражыся! Гляньце, што я яшчэ знайшоў. Гэта не кожны дзень на дарозе валяецца.

Браты паглядзелі.

— Дурны! — сказалі яны. — Гэта-ж проста драўляны чаравік, ды яшчэ без перадка. Ты і яго каралеўне падаруеш?

— Абавязкова! — сказаў Ганс-Дурань.

Браты засмяяліся і паехалі наперад.

— Го-го! Сцеражыся! — зноў закрычаў Ганс-Дурань. - Чым далей - тым болей. Вось гэта дык знаходка!

— Ну, што ты там яшчэ знайшоў? - спыталі браты.

— О-о! — сказаў Ганс-Дурань.- Тут ужо і слоў не падбярэш. Вось дык абрадуецца каралеўна!

— Фу — сказалі браты. — Ды гэта-ж проста гразь з раўчака.

— Верна, — сказаў Ганс-Дурань, — найлепшага гатунку балота. На далоні не ўтрымаеш — так і паўзе.

І ён паклаў сабе гразі ў кішэні.

А браты імчаліся ад яго, як мага, прыехалі на цэлую гадзіну раней і спыніліся ля гарадской брамы, дзе жаніхам выдаваліся чарговыя нумаркі. Потым іх усіх выстраілі па шасці ў рад, ды так цесна, што ім і паварушыцца нельга было. І добра, што так, а то яны спаласавалі-б нажамі адзін аднаму спіны за тое, што адны апынуліся наперадзе ад другіх.

Усе жыхары краіны сабраліся ля палаца і заглядвалі ў вокны: усім хацелася бачыць, як каралеўна прымае жаніхоў.

А жаніхі ўваходзілі ў зал адзін за адным, і як хто войдзе, то язык у яго і адымецца.

— Не гадзіцца,- казала каралеўна, — Наступны!

Вось увайшоў старэйшы брат, які ведаў напамяць слоўнік. Але ён ужо пазабываў усё, пакуль стаяў у чарзе, а тут - паркет рыпучы, столь люстраная, так што бачыш сябе самога дагары нагамі, і ля кожнага акна па тры пісары, каб зараз-жа ціснуць. у газету ды прадаць за два скілінгі[1] на вуліцы. Проста жах! Да таго-ж печку ў зале так напалілі, што яна зрабілася чырвонай.

— Якая гарачыня тут! - сказаў жаніх.

— Бацьку майму захацелася засмажыць маладых пеўнікаў, - сказала каралеўна.

— Э-э...— сказаў жаніх і запнуўся: да такой размовы ён не падрыхтаваўся і не мог прыдумаць, што сказаць у адказ,— сказаць-жа трэба было нешта трапнае, дасціпнае. — Э-э...

— Не гадзіцца, — сказала каралеўна. — Вон!

І прышлося яму выйсці вон. Увайшоў другі брат.

— Надта горача тут, - сказаў ён.

— Так, мы сёння смажым маладых пеўнікаў, — сказала каралеўна.

— Я-ак? Я...- сказаў ён, і ўсе пісары запісалі: "Я-ак? Я..."

— Не гадзіцца, - сказала каралеўна.—Вон!

Наступны быў Ганс-Дурань. Ён заехаў на казле прама ў зал.

— Ну і спякота тут, — сказаў ён.

— Гэта я маладых пеўнікаў падсмажваю,- сказала: каралеўна.

— Вельмі добра, - сказаў Ганс-Дурань. — Тады і мне разам можна засмажыць маю варону?

— Чаму-ж не, - сказала каралеўна. — Але ў вас ёсць у чым смажыць? У мяне няма ні каструлькі, ні скавародкі.

— У мяне знойдзецца,—адказаў Ганс-Дурань.—Во пасудзіна, ды яшчэ з ручкай.

І ён выцягнуў стары драўляны чаравік з адколатым перадком і паклаў у яго варону.

— Ды гэта-ж цэлы абед!- сказала каралеўна. — Толькі дзе-ж мы возьмем падліўкі?

— У мяне ў кішэні, — адказаў Ганс-Дурань. — У мяне яе больш як трэба.

І ён паліў варону гразёю з кішэні.

— Вось гэта я люблю, - сказала каралеўна.- Ты па слова ў кішэнь не лазіш. Цябе я і вазьму за мужа. Але ведаеш, кожнае слова, што мы сказалі і скажам, запісваюць і друкуюць у ранішняй газеце. Бачыш, ля кожнага акна тры пісары ды яшчэ старшы пісака. Горш за ўсіх самы галоўны, ён-жа ж нічога не разумее.

Гэта ўжо яна наўмысля сказала, каб напалохаць Ганса Дурня. І ўсе пісцы пры гэтым заіржалі і пасадзілі на падлозе па тлустай кляксе.

— Вялікія паны, як відаць, - сказаў Ганс-Дурань. - Зараз я пашаную самага галоўнага.

І ён, нядоўга думаючы, вывярнуў кішэні і заляпіў галоўнаму пісару ўвесь твар гразёю.

— Спрытна! — сказала каралеўна — У мяне-б так не вышла. Ну, ды я падвучуся.

І зрабіўся Ганс-Дурань каралём; ажаніўся, надзеў карону і сеў на трон.

Мы-ж узялі ўсё гэта прама з газеты галоўнага пісара, хоць ёй давяраць і нельга.

  1. Скілінг- даўнейшая дацкая дробная манета.