Перайсці да зместу

Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926)/Тоўстае палена

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трывога Тоўстае палена
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тоўстае палена.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТОЎСТАЕ ПАЛЕНА

I

— Не! я яго такі жыцьця рашу. У катаргу пайду, а галаву яму скручу!

Злосна прашоўся Паўлюк па хаце і з сілаю шпурнуў на лаву рукавіцы.

Жонка, стоячы з вілкамі каля печы, так і застыла. У чыгунчыку пабегла зацірка, а яна ўсё стаіць, слухае, чаго крычыць Паўлюк і хто яго так угнявіў.

Паўлюк Трывай толькі што прыехаў з лесу. І трэба-ж было чэрцям нагнаць на гэты час аб’езчыка на камору! Знашоў адно паленца таўсьцейшае проці меры, і ён з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў!

— А каб на цябе ліха абярнулася, трасца тваёй матары, гад ты печаны! Каб табе мазгі зьвярнуліся! — ніяк ня мог успакоіцца Паўлюк.

— Гэта ўсё Сучынскі? — пытае жонка.

— А няўжо-ж хто. Ён!

— От гад! Праўдзівы сабака. Вельмі верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш міласьць заслужыш у князя? А як-жа! Расчыняй губу!

Паўлюк тымчасам сьціх.

Сядзіць над міскай з гарачым квасам і думае, відаць, важную думку, бо ўжо заметна было, як хадзілі яго сківіцы: ня так проста, як звычайна, а нейк трохі наўкруг, як жорны.

І праўда — Паўлюк думаў. Думаў, як злавіць Сучынскага і паказаць яму гэта палена на яго ўласнай скуры.

II

Прашло ўжо з тыдзень часу, а злосьць Паўлюка на аб’езчыка Сучынскага ўсё не астывае. Дый як ёй астыць, скажэце? Пойдзе Паўлюк ранкам даваць каню сена, пападзецца пад ногі палена і лішні раз напомніць Паўлюку тое тоўстае палена, з-за якога яму Сучынскі зьвярнуў на каморы дровы. І дзе ён ні павернецца, то ўсюды так ці йначай натыкаецца на праклятае палена. Пойдзе к суседу, там якраз на дрывотні пілуюць палена. Зойдзе ў хату — у хаце суседзкая жонка, як зумыслу, гаворыць:

г Ото-ж якое тоўстае палена! І ў печ ня ўправіш!

Выйдзе Паўлюк на вуліцу, там які-небудзь сабакар ганяецца з паленам за сабакамі.

Палена, палена і палена! Бадай вы пагарэлі! Як-бы на сьвеце больш і няма нічога, апрача гэтага палена. А ляжа Паўлюк спаць, прад вачыма так і стаяць палены.

— Ну-ж, гад! Не дажджэ тваё ліха! — скрозь зубы цэдзіць Паўлюк і варочаецца на другі бок.

— Мамка! — крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: — я скачваюся; ці няма чаго палажыць збоку?

— Зьлезь, сынок, пашукай каля печы палена і падлажы пад сяньнічок, адзываецца з-пад барахла маці.

Паўлюк сярдзіта варушыцца на пасьцелі і стогне, як зьвязаны стары маркач, каторага стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.

— Чорт іх ведае, якія тут палены! — бунтуецца хлопец: — усё нейкія так плашкі, каб дзе знайсьці крыху таўшчэйшае.

— Пашоў спаць! сну на цябе няма! — не вытрымоўвае Паўлюк і падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек і грукае паленам на ўсю хату.

Паўлюк успамінае Сучынскага і ад злосьці скрыгіча зубамі.

— Што ты, Паўлюк, скрыгічаш? — пытае, лежачы збоку, жонка.

— Нешта, падла, зуб заныў, — лжэ Паўлюк, каб адчапіцца, і варочаецца ад жонкі ў другі бок.

— А ты вазьмі сьцюдзёнай вады; там каля парога стаіць на палене, — радзіць Паўлюку жонка.

— Сьпі лепш! — сьцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк.

Патрошку ў хаце ўсё заціхае, і салодкі сон усім замыкае вочы. Адны толькі насы зайгралі цяпер на ўсе галасы. Адзін нос тоненька высьвістваў:

— Э-ге! Э-ге!

Другі жаласна ныў, як малады каршун у гнязьдзе.

— Фю! Фю!

Нос самога Паўлюка йграў тоўста, з лёкатам і перабоямі, як бусел над маладымі бусьлянатамі. Так і відаць было, што гэтак можа йграць толькі гаспадарскі нос.

Паўлюк спаў, але і сплючы ня мог ён збавіцца ад праклятага палена. Прысьніўся яму сон. Здаецца, едзе ён з лесу, вязе дровы. Спатыкаецца Сучынскі, і Паўлюк, многа не гаворачы, падыходзіць да аб’езчыка і — трах яго па мордзе! Завязалася бойка. Пакаціліся яны абодва на зямлю, а аб’езчык, кідаючыся, наваліўся Паўлюку на ногі. Паўлюк хоча іх выслабаніць і ня можа: замест Сучынскага зрабіўся тоўсты кругляк. Паўлюк мардуецца, вырабляецца, спацеў увесь, робіць апошняе натужаньне, моцна варушыць нагамі.

Тут — грук яму жонка ў плечы!

— Га? што! — усхапіўся Паўлюк.

— Чаго ты трапечашся? бяз мала галёнкі мне не перабіў!

— Добрая галёнка — чуць ног не павыкручваў.

III

Было яшчэ рана, — чэрці на кулачкі ня выходзілі, як прачнуўся Паўлюк і аслабаніўся ад «тоўстага кругляка». Сон яго ўжо разагнаўся, і як Паўлюк ня плюшчыў вочы, заснуць ужо ня мог.

— Што-ж? трэба ўставаць, — рашыў Паўлюк і падняўся.

Абуўшыся і апрануўшыся, пашоў ён у гумно. Праз поўгадзіны з току данасіўся мерны стук адзінокага цэпа. На таку ляжаў пасад жыта ў восем снапоў, паложаных па пары, каласы з каласамі. Паўлюк пачародна абіваў цэпам то адзін, то другі снапок і паволі, ды заложна, наступаў ён на снапы, зрэдка чуць падаючыся назад, каб спрытней было выбіць зярняткі, але, у вагуле, ён усё йшоў уперад, аж покі не даходзіў да апошняга снапка. Тады ўжо ён, зьлёгка стукаючы цэпам, адыходзіў назад, прыбіваў каласкі. Абабіўшы адзін бок снапкоў, ставіў цэп, варочаў іх на другі бок ды зноў такім-жа парадкам калаціў іх. Акалаціўшы, разьвязваў, зьнімаў перавяслы, расьсьцілаў снапкі ў пласты, зноў біў, зноў варочаў, вытрасаў кулі, мяў салому, і так да канца, покі не канчаў усяго пасаду.

Малоціць Паўлюк, а думкі так і варушацца ў яго галаве. Думалася пра сон, — ніяк ён ня выходзіў з галавы, пра аб’езчыка Сучынскага, аб тым, як і дзе яго злавіць і хоць-бы ў смак паабіць гада. Забудзецца Паўлюк, думаючы аб Суўчынскім, і так пачынае жарыць цэпам, што сноп падскаквае ўгару. Паўлюк у гэты момант думае аб тым, як ён біў-бы Сучынскага. Зьвязвае куль, і яму здаецца, што ён паваліў аб’езчыка і душыць яго. Паўлюк забываецца да таго, што перавясла трашчыць у яго руках і рвецца. Потым Паўлюка пачынае займаць думка, як залучыць аб’езчыка ў свае лапы.

Папільнаваць яго ў лесе? Дык чорт-жа яго ведае, калі ён будзе ехаць або ісьці, ды ў лесе яшчэ хто наткнецца, а пры людзях такія справы ня робяцца.

Падгаварыць хіба навабранцаў, каб аб’юшылі яго, як будуць ісьці на прызыў. Але для гэтага трэба ня менш гарца гарэлкі дый трудна зрабіць так, каб людзі ня зналі яго намовы. Не! калі рабіць, дык трэба зрабіць гладка, так, каб і камар носа не падтачыў.

А як зрабіць?

І зноў завярцеліся Паўлюковыя мазгі, пашлі выдумліваць хітрыя сеці, у якіх павінен быў заблытацца Сучынскі.

А каб проста падпаліць гада?

Што-ж? падпаліць ня штука, але ці хваціць розуму і хітрасьці схаваць канцы ў воду? Ды што ў яго ёсьць? Згарыць будынак, дык будынак скарбовы, на руку будзе скарбу: страхоўку возьмуць і яшчэ падзякуюць, а самога зловяць — і прашчай крама з таварамі! Паўлюку ўжо страшна стала, як успомніў, як білі і засудзілі за падпал Трахіма Скарача. Не! і гэта не гадзіцца. І яшчэ многа спосабаў перадумаў Паўлюк, ды ніводзін не здавольваў яго.

IV

Нічога ня прыдумаў Паўлюк за ўсю раніцу. І злосьць яго брала, што нічым не дапячэш Сучынскага. Але яму тут памог сусед, Сьцёпка Навой; памог зьнячэўку, і ў мысьлях ня маючы таго.

Гэта было ў панядзелак.

Прыходзіць да Паўлюка Сьцёпка пазычыць поўвасьміны. Затрымаўся трохі, разгаварыліся. А Сьцёпка якраз быў у нядзельку на рынку, хадзіў з жонкай купляць лён.

От і расказвае Сьцёпка, як у хаце крамніка Хацкеля сяляне пабілі поліцэйскага стражніка. Пятрусь Камар з Яблонаўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зашлі да Хацкеля выпіць па чарцы… Ну, ці мала які можа быць у людзей інтарэс? Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за якім сядзелі Пятрусь з Мікітай, — прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Ня гнаць-жа чалавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І ў стражніка была гэта вантроба, і ён таксама быў ня промах нашчот гарэлкі, асабліва, калі гарэлка гэта нічога не каштуе.

Выпілі адну поўпляшку, выпілі другую, разьвязаліся языкі, зьявілася і рызыка.

— Ну, што-ж? — гаворыць Мікіта стражніку: — ты з намі піў, стаў цяпер і ты.

— А ты знаеш, з кім ты гаворыш? — пытае стражнік.

—. Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць, якая ты штука, — адказвае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.

Слова за слова, завязалася сварка, а потым і бойка. Стражнік хацеў хапіць шаблю, але Пятрусь, як клешчамі, сьціснуў яго за плечы.

— Нічога не паможа табе гэта трапло, — гаворыць Пятрусь, ды разам з Мікітай павалілі яго на зямлю і давай мясіць. Зьбілі на горкі яблык. А Мікіта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблі, сказаўшы:

— Добра будзе вушкі паўстаўляць у лапці.

Паўлюк слухаў, не прапусьціўшы ніводнага слова.

— І суду ня будзе?! — спытаўся ён.

— Які суд? Чалавек ты! Пабіліся п’яныя, от і ўсё, — гаворыць сусед.

Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысьль, якую ён так доўга шукаў і ня мог знайсьці.

V

Спосаб быў знойдзен.

Цяпер астаецца залучыць на кірмашы аб’езчыка, завясьці яго куды-небудзь да Хацкеля ці Каца, напаіць, і тады можна будзе парахавацца.

У першую нядзельку адлажыў Паўлюк поўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып’е з Сучынскім, запрог коніка і ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохі было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосьць яго стала праходзіць, і ён гатоў ужо быў плюнуць і на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб’езчык, і на самога аб’езчыка. Але, як ён у той час выяжджаў са двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:

— Зайдзі, Паўлюк, у лясьніцтва і вазьмі асыгнату, бо скора ня будзе чым выпаліць у печы: скінулі-ж табе на каморы дровы.

Як шылам, парнулі Паўлюка гэтыя дровы.

— Але! гэта-ж я і забыўся, што дроў няма ні палена, — сказаў Паўлюк і ўзяўся за кішэню; абмацаў поўрубель, завязаны ў анучыну, той поўрубель, які назначаны быў споўніць такое важнае назначэньне. У другім вузельчыку ляжалі два злоты на крупы; саракоўка на тараны і селядцы; залатоўка на соль і газу; дзьве дзесяткі і чатыры грошы на вобмешку япручку і яшчэ некалькі медзякоў на тытун і запалкі.

А за што ўзяць асыгнату на дровы? Хіба за гэты поўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сьцебануў пугаю каня і паехаў сярдзіты і недавольны. Зноў ня было спакою на душы ў Паўлюка, зноў прад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб’езчык, камора.

— Хіба ты скрозь землю правалішся! Будзеш ты ў мяне помніць гэта палена: бокам яно табе вылезе, — гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.

Невясёлыя думкі насіліся ў Паўлюковай галаве. І навокал было так нярадасна і няпрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, зьмятаў з узгоркаў сьнег і агаляў пяшчаныя іх скаты. Дзе-ні-дзе ў полі па межах стаялі адзінокія грушы і сіротліва махалі сваймі голымі галінамі, пацёпваючыся, як пажылыя кабеты з холаду. Там і сям параскідаліся па полі каменьні, як сьвіньні, і маўчліва ляжалі і мерзьлі на марозе.

«Ім усё роўна, цяпло ці холад. Скаці іх на загон, — будуць ляжаць на загоне, нікому не пажаляцца на сваю долю», думаў Паўлюк, пазіраючы на гэтыя каменьні. Малады хвойнік рэзка выдзяляўся сваімі зялёнымі вярхамі на сьнежным полі і гультаежліва падымаў і апускаў свае непаваротлівыя лапы, усё роўна, як за каўнерам іх нешта кусала. Дарога, ідучы ў лес, станавілася гладкай і роўнай. Конік вясёла пырхаў і рэзва перабіраў сваймі тоўстымі нагамі, Аднатонны шум лесу закалыхваў памаленьку Паўлюковыя думкі і спакоіў яго душу. Паўлюк дастаў кісэт, падарунак жонкі, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрасіў агню і закурыў. Сіняваты дымок уздымаўся клубочкамі па сьвежым паветры і борзда прападаў, а разам з ім прападалі і трывожныя думкі Паўлюка. Цяпер Паўлюк быў спакоен, як чалавек, які цьвёрда, раз назаўсёды, пастанавіў сабе вядомую мэту.

А правучыць гада ня шкодзіць! — закончыў Паўлюк сваю раздуму аб Сучынскім і грозна пагнаў свайго коніка.

VI

Яшчэ за поўвярсты ад мястэчка Паўлюка сустрэла гандлярка з трыма пеўнямі пад пахай і запытала:

— Чалавек! можа маеш што на продаж?

Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў. З усіх старон у мястэчка паўзьлі, як мурашкі, хурманкі і вязьлі розныя тавары. Усё места было ўжо ўстаўлена вазамі. Між гэтых вазоў прабіраўся Паўлюк да свайго зямляцтва. Там было ўжо многа мужчын і жонак з іх сяла. Залажыўшы ў кішэні рукі, з люлькаю ў зубох стаяўкаля сваіх саней Антось Дубок, голасна гаварыў, рагатаў раскацістым сьмехам і ўсякаму, хто з ім не згаджаўся, сьмела кідаў:

— А ну, давай заложымся!

Але ахвотнікаў ісьці з ім у заклад ня было, а некаторыя проста раілі Антосю Дубку залажыць за губу рэч ня надта самавітую.

— Во! — весела крычаў Антось: — збаяўся! — і выставіўшы жывот-ночвы, закідаў угару галаву і зноў рагатаў. Паўлюк спыніўся, выпраг каня, павесіў яму торбу з сечкай і азірнуўся. Народу было поўнае места, але настаяшчы торг яшчэ не пачынаўся. Увесь рынак можна было падзяліць на некалькі малых рынкаў. Кожная вёска занімала асобнае месца, куды і прывозіла свае тавары. У вадным месцы стаялі вазы з цэбрамі, ражкамі, поўвасьмінамі; у другім — з дровамі, дошкамі; у трэцім — з льном; у чацьвертым — са збожжам. Сярод рынку стаялі гаршчкі, міскі, збаны, лыжкі. Тут-жа дзе-небудзь раскладаў свой тавар рускі, які таргаваў абразкамі й кнігамі.

Людзкі гоман, піск сьвіней, парасят і ўсякай жывёлы зьліваўся ў адзін нястройны гул. Там і сям віднеліся сінія шапкі і чырвоныя шнуры.

Торг памалу пачынаў ажываць. Між вазоў шворыліся розныя купцы і перакупшчыкі. То там, то сям стаялі кучкі жыдоў і сялян. Адзін сівабароды жыд так заядла таргаваўся, так выкрыкваў і біў сябе кулаком у грудзі, як-бы яму зрабілі кроўную крыўду. Каля крам хадзілі некалькі жанок, шукаючы сваіх мужыкоў. То адна, то другая пыталася сваіх знаёмых.

— Ці ня бачылі майго Грыгора?

А Грыгор у гэты час сядзеў ужо каля бутэлькі і варочаў п’янымі вачыма.

У вадным месцы адно праразьлівае п’янае горла крычала:

— Ты мой наймілейшы прыяцель!

Другое, хрыпатае, лаялася апошнімі славамі, лезучы да першага цалавацца:

— Братка ты мой, халера ты!

Але ня гэта займала Паўлюка. Ён стаяў адзін і пільна прыглядаўся, ці ня згледзіцца дзе шапка з зялёным вярхом. Ужо трох лясьнікоў ён чуць быў ня прыняў за аб’езчыка, і кожны раз ёкала яго сэрца.

— Што-ж гэта ня відаць яго, смрода? — пытаў сам сябе Паўлюк.

— А! унь ён.

Паўлюк аж задрыжаў: у трох кроках ад яго стаяў Сучынскі.

Азіраючыся навокала, Паўлюк сьмела ідзе да аб’езчыка. Ён даўно ўжо выдумаў хітры плян, як залучыць свайго ворага ў патайную краму шынка Шварца, у якім быў прыпынак усіх заядлых выпівак.

— Я хачу з панам пагаварыць, — сказаў Паўлюк, падышоўшы да аб’езчыка, пры гэтым ён пастараўся зрабіць, як можна, добрую і прыветную міну.

— Аб чым? — пытае аб’езчык.

— А вот… — Паўлюк трохі замяўся і боязна азірнуўся на ўсе бокі.

— Мо’-б мы з панам зашлі куды-небудзь?

— Куды-ж мы зойдзем?

— Ды зойдзем хоць да Шварца.

Аб’езчыкаў нос адразу зьнюхаў гарэлку.

Мужчыны пашлі, — Паўлюк уперадзе, а за ім Сучынскі.

Усе каморкі ў Шварца былі набіты народам; на падлозе валяліся коркі ад піўных бутэлек; пахла гарэлкаю і селядцамі.

Паўлюк выбраў цёмную каморку і аставіў аб’езчыка, а сам адлучыўся зрабіць заказ нашчот выпіўкі.

Покі Шварц шворыўся з выпіўкаю і закускаю, мужчыны гаварылі аб розных справах: аб тым, як цяпер усё стала дорага, якія пашлі парадкі, успаміналі даўнейшыя часы і г. д.

Тымчасам Шварц прынёс кварту, дзьве чаркі і два селядцы па талерцы. Паўлюк наліў чаркі.

— Будзьма здаровы! — сказаў Паўлюк, узяўшы чарку і матнуўшы да аб’езчыка галавою. П’ючы, Паўлюк зірнуў на аб’езчыка і сашчаміў пад сталом кулак.

Аб’езчык толькі што пасьпеў ткнуць у селядца відэльцам, як Паўлюк наліў яшчэ па чарцы.

— Хто закусвае посьле аднэй чаркі? Будзьма здаровы!

Выпілі яшчэ па чарцы.

Гарэлка сагрэла Паўлюка, і прыемная цеплата пашла па ўсім яго целе. А як бутэлька спаражнілася да палавіны, Паўлюку надта весела стала на душы, і людзі ў яго вачох зрабіліся другімі, і яго ўласнае жыцьцё стала лёгкім і прыемным.

— А ўсё-ж я табе паб’ю рыла! дальбог паб’ю, — гаварыў сам сабе Паўлюк і шчыкаў сам сябе за сьцягняк.

Выпілі яшчэ.

— Здаецца, ужо час біць яго, — разважаў далей Паўлюк. — Не! яшчэ вып’ю!

І зноў ён наліваў гарэлку.

— Ты ведаеш, прахвост, дзе ты ў мяне сядзіш? Во тут! — хацеў Паўлюк паказаць на сваё горла.

Аб’езчыку таксама было весела, і яны сабе сядзелі, цюкалі па чарцы, як найлепшыя сябры.

— Шварц! Шварц! — загукаў Паўлюк: — дай яшчэ поўкварты. — Паўлюку здавалася, што ён яшчэ ня надта сярдзіты.

— А ўсё такі паб’ю табе морду, — думаў Паўлюк, зрэдка паглядаючы на Сучынскага.

Яшчэ ня быў выпіты поўбутэлек, а Паўлюк ужо абнімаў аб’езчыка і гаварыў:

— Хоць ты сабака, лайдак і сьвіньня, і хоць я паб’ю такі тваё рыла, але я люблю цябе!

Паўзучы ад Шварца чуць не на чатырох, Паўлюк марматаў:

— Я!.. Я скручу такі яму галаву!.. Не цяпер, дык у чацьвер.