Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926)/Кірмаш
| ← Дзяліцьба | Кірмаш Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1926 год |
Чорт → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Кірмаш. |
КІРМАШ
І
— Адно-ж ты, Пятруська, ня баўся на кірмашы. Сюды-туды дый да дому. Прыедзь хоць раз, як чалавек.
Кожную нядзельку дзяўбла Кася Пятрусю адно й тое, і Пятрусь іншы раз засярдуе. Яму не падабалася такая апека жонкі.
— Ото, як ты баішся!
Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосьць на кані, сьцебануўшы яго пугаю разоў са тры, каб заадно нечага й жонцы задаць страху.
Палавіну дарогі — а гэта будзе вёрст пяць — Пятрусь быў сярдзіты. Падумаць, дык выходзіць, што жонка кажа праўду: ці-ж добра, каб хто спытаўся, прапіваць грошы? І Пятрусь стаў думаць аб тым, як ён ужо раз дваццаць абяцаў жонцы ня піць гарэлкі і заўсёды прыяжджаў да дому п’яны; як ён ашукваў яе, прыкідваючыся цьвярозым, — для гэтага ён стараўся хадзіць роўна. Часам яму і ўдаецца зрабіць колькі роўных крокаў, а потым, пазіраеш, гарэлка павядзе ў бок. Тады ён кідаўся на другую хітрасьць.
— Оё-ёй! — стагнаў тады Пятрусь: — от-жа кальнула! Бадай ты згарэла!
Пятрусю рабілася брыдка прад самым сабою ад адных гэтых думак.
— Не, трэба такі кінуць піць, — гаварыў сам сабе Пятрусь і разьвясельваўся.
Прыехаўшы да места, Пятрусь выпраг каня, павесіў яму на галаву торбу з сечкаю і агледзіўся. Усё места было застаўлена вазамі. Сяляне хадзілі ў лапцях і мясілі балота. Каля вазоў снавалі гандляры і гандляркі. Хто прадаваў масла, хто сала. Тут-жа стаялі цэбры, ражкі, вёдры. Усякага было народу. Былі й такія, што нічога ня куплялі і не прадавалі, а прышлі так сабе «на раздабыткі». Прыдзе сабе ў краму, патупае, патупае, а як што кепска ляжыць, то й запусьціць «ляшча». А калі яго лавілі, то ён спакойна гаварыў:
— Колькі гэта каштуе, Малка?
Агледзіўшыся вакол, Пятрусь пашоў рабіць свой абход з мяшэчкам і з торбачкамі пад пахаю. Трэба ўзяць солі, мукі, вотрубей.
Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць рускі, разлажыўшы сваіх багоў. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасьця: клаў дзесяткі і грыўні і круціў. Каму пападаўся кубак, каму мыла, каму іншая рэч, а каму, як кажуць, гула асмаленая.
Трэцяя, яшчэ большая грамада народу стаяла каля дому з вывескаю: «Казенная винная лавка № 67». Тут былі бабы й мужчыны. Хто выбіваў корак з кварты, з поўкварты, а хто, адвярнуўшыся ад людзей, каб не сароміць іх, — з маленькага кручка. З дваццаць людзкіх галоў было задрана ўгару так, што нос прыходзіўся якраз проці самай сярэдзіны неба. Хто піў з вялікай бутэлькі, той трымаўся сьмела: станавіўся на самае віднае месца, падпіраў аднэю рукою бок і важна цягнуў гарэлку.
А калі хто ішоў з «буслам», — прад тым людзі расступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку.
II
За гоманам трудна разабраць, хто што гаворыць. Вот дзьве бабы: адна аперлася на воз з аднаго боку, другая з другога. Абедзьве выпіўшы. Адна гаворыць груба, другая тонка. Мова першай бабы падобна да кароткіх слоў:
— Ды-ды-ды-ды!
Другая сыпала танчэй і яшчэ скарэй:
— Дэ-дэ-дэ-дэ!
На другім возе сядзяць тры гаспадары. Два з іх абнімаюцца й цалуюцца.
— Братка ты мой! — гаворыць адзін: — твой Алесь — золата, а не чалавек.
— Галубок ты мой! — кажа другі: — дальбог я цябе люблю. Каб я жонкі ня ўбачыў, калі ня люблю. Дай сюды тваю морду… во так! Пойдзем яшчэ вып’ем поўкварты.
Два шчырыя сябры злазяць з воза, абнімаюцца, цалуюцца, адзін аднаго падтрымоўваюць і ідуць да манаполькі.
— Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Пятруся Карусь Акалот. Вочы яго былі ўжо, як у салавейчыка, а з губы нясло, як з бочкі.
— А вот, як бачыш, — сказаў Пятрусь.
— Ідзі, брат, паглядзі, якога я купіў падсьвінака.
Карусь схапіў Пятруся за рукаў і павалок яго глядзець падсьвінака.
Пятрусь пахваліў гэту маладую асобу і сказаў Карусю, што добра купіў.
— Добра, кажаш?
— Вядома, што добра.
— Калі так, то пойдзем у «Порт-Артур».
«Порт-Артурам» звалі хатку, што стаяла разам з крамкаю.
Гэта хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. А раз зашоў у «Порт-Артур», то выйсьці адтуль ня так-то лёгка: ці мала там сустрэнеш добрых людзей?
— Не, не пайду! — сказаў Пятрусь.
— Чалавек! па чарцы!
— Няма, брат, часу — стаяў Пятрусь на сваім.
— Колькі там таго часу? Поўгадзіны, ня больш. Хадзем!
Пятрусь трохі ўпіраўся, але такі пашоў. «Чарку, дзьве — ня больш», думаў ідучы Пятрусь.
З «Порт-Артура» ён ішоў надта вясёлы і сьпяваў песьні.
III
Вечар быў хмуры. Ні зор, ні месяца.
Ускаціўшыся на воз, Пятрусь завязаў лейцы за аглабіцу і лёг.
Увесь сьвет, здавалася яму, скакаў лявоніху. Калі-ні-калі Пятрусь падымаў галаву, крычаў: «Но, малы!», цмокаў губамі і сьвістаў.
Конь ішоў памалу, як хацеў і кудою хацеў. Разоў некалькі зачапіў ён восьсю аб хвою і скінуў атосу. Калёсы стукаліся аб карэньне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Такім парадкам пракаціліся яны вярсты тры. У вадным месцы, каб абыйсьці гразь, конь зьвярнуў з дарогі, усьцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і аставіў драбіны з Пятрусём сярод лесу, а сам паклыгаўся з цялежкамі далей.
Паляжаўшы з поўгадзіны, Пятрусь падняў галаву, цмокнуў і крыкнуў:
— Но-о-о, малы, варушыся!
Было ўжо зусім відна, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву.
— Што за ліха? Што гэта? Дзе-ж гэта я? Тфу! тфу! тфу! Згінь, прападзі!
І Пятрусю ўспомнілася ўсё.
— Што я зрабіў? — загаласіў Пятрусь, заламаўшы на галаве рукі.
Стыд перад жонкаю, перад людзьмі, злосьць на самога сябе, на тых, хто выдумаў гарэлку, прапажа каня, — усё гэта зьвязалася ў адзін цёмны клубок.
— Ну, не сабака-ж я, ня гад, не лайдак? Што я раблю найлепшае? Чаму няма агню на гэту атруту людзкую?!
Зьняў Пятрусь драбіны, сеў на пень.
— Што рабіць, што чыніць?
Папрабаваў быў Пятрусь шягнуць да дому адны драбіны і нават працягнуў іх з поўвератня.
— Не! як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны?
Ён звалок драбіны з дарогі і, апусьціўшы галаву, пашоў да дому. Падышоў ён з вярсту, бачыць — стаіць яго конь, зачапіўшыся лейцамі за корань.
— Конік ты мой, залаценькі! — закрычаў з радасьці Пятрусь і пацалаваў у самую мызу свайго худога мышака.
А потым пацалаваў Пятрусь зямлю і прысягнуў, што ніколі ня будзе піць гарэлкі.