Вось Багдановіч, наш паэта…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вось Багдановіч, наш паэта…
Верш
Аўтар: Язэп Фарботка
Крыніца: Я. Фарботко. Беларусь у песьнях. Менск, 1920


Вось Багдановіч, наш паэта,
Як зорка ясна, як камэта,
Із Яраслаўля дзіўным зьзяньнем
Сьвяціў нам шчырым закаханьнем
Да роднай мовы да сваей
Да запрацованых людзей.
Яго цудоўны лірны звон
Аб славе нашых старых дзён
Нас чараваў гармоньяй дзіўнай,
Прыгожым рытмам пераліўным,
Ён нам тлумачыў бязупынна
Пякноты роднае краіны.
А сэрца хворае яго
Знайсці спакою не магло —
Паехаў у Ялту супачыць,
Там перарвалась жыцьця ніць.