Восень (Купала — Эй, восень, восень…)
Восень Верш Аўтар: Янка Купала 1905—1907 Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/896 |
Эй, восень, восень,
Скуль ты ўзялася?
Песьняй няўдалай
Так разьляглася?
Хоць адным шчасьце,
Восень, прыносіш,
Для другіх жудка
Горам галосіш.
Для адных ясна
Цяпла навееш,
Лінуць багацьцем
Не пажалееш.
Збожжам насыплеш
Поўна аруды, -
Будзе, ой, будзе
Золата груды.
Дзіка ж ты б’есься,
Восень, аб шыбы
Беднай мужыцкай
Хаткі-сялібы.
Хатка старая
Стогне, трасецца,
Туж-туж бясьсільна
Рухне, здаецца.
Бедныя людцы
Крыюцца ў хатцы, -
Страшна ім, страшна
З холадам знацца.
Дзеці худыя
Туляцца к печы:
Босыя ногі,
Голыя плечы.
Да іх палезла
Ніткі сукаці
Ў зрэбнай спадніцы
Хворая маці.
Ўсеўся на лаве
Згорблены бацька
І ўвесь аддаўся
Думцы бядацкай.
Вот нібы восень, -
Думае гэтак, -
А тут няма, бач,
Хлеба у дзетак.
Цэлае лета
Біўся, ня жарты,
Ну і труды ўсе
Што былі варты?
Хоць шнур вузенькі
Ня дасьць шмат хлеба,
Ды чынш вялікі
Выбраці трэба.
З поля сабраў вось
Коп пяць бяз мала,
Як змалаціў жа, -
Воласьць забрала.
Ну, засталося
Ад чыншу нешта,
Бач, магазыньнік
Вывалак рэшту.
Вось і жыві тут,
Будзь ты шчасьлівы,
Будзь ты багаты
Восеняй зь нівы. -
Холад у хаце,
Голад у хаце,
Ды во й скацінцы
Корму ня хваце.
Кепска, эй, кепска
Жыці ў няволі,
Ня лепей жыці,
Як няма долі.
Гэткія думкі
Мучаць старога...
Бедны, гаротны, -
Шкода такога.
Каля хацінкі ж
Вецер заводзе:
Знай ты, няшчасны,
Стужа надходзе.
Знай ты, няшчасны,
Знай ты, убогі,
Будзеш марозіць
Рукі і ногі.
Да места возік
Дроў будзеш везьці,
Сівер табою
Будзе ўсё трэсьці.
Будзеш калеці
Ночкай у полі,
Каб здабыць дзеткам
Хлеба, круп, солі.
Вушы скастнеюць,
Плечы спацеюць,
Ногі у лапцях
Акачанеюць.
Будзеш ты сеяць
Сьлёзы па полю
Дый праклінаці
Горкую долю.
І змучан гэтак
Працай, марозам,
Знойдзеш магілу
Недзе пад возам.
(1905—1907)