Ворагам (Колас — Багачы і панства…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ворагам
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/voragam


Багачы і панства,
Нашы «дабрадзеі»!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!

І на грозных межах
Часаў пераходных
Смела вас пытаем,
Прагных і нягодных:

«Чыімі рукамі
Вы дабро збіралі?
На чые вы слёзы
Дабрабыт куплялі?

І за што, скажэце,
Палкамі нас білі,
Секлі-катавалі,
Голадам марылі?

Ласкаю ж чыёю
І з чые вы працы
Замкі збудавалі,
Пышныя палацы?

Ўсё ад нас забралі,
А што нам далі вы?
Чые нудна ў полі
Так марнеюць нівы?

Вузенькаю ніццю
Чые йдуць палоскі?
У чыім то жыце
Многа так бярозкі?

Каму адвялі вы
Пусташы, каменне?
Хто з свайго засеву
Не збярэ насення?

Чые гумны, хаты
Гнуцца сіратою?
Чые слёзы льюцца
Кожнаю парою?

І чыя скацінка
Сохне ў пустым полі?
І як гаспадар той
Гіне ў няволі?

Чыя песня-скарга
Ў неба йдзе дакорам,
К месяцу, і сонцу,
І к далёкім зорам?»

Багачы, і панства,
І ўсе вы брадзягі!
Ўбок з дарогі, каты!
Бойцеся сярмягі!

Ўжо даўно вяроўкі
Вас, паны, чакаюць,
І па вас асіны
Слёзы праліваюць.

(1906)