Водгульле (1922)/Неўспагаднасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Люд стогне Неўспагаднасьць
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Думкі жаўнера
Іншыя публікацыі гэтага твора: Неўспагаднасьць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕЎСПАГАДНАСЬЦЬ.

Слаўся дым па тых прасторах,
Дзе ляталі няжывыя
Людзі-брацьці, для каторых
Учынілі баль ліхія.

Сьмерць вар‘яцтва тут рабіла
Над людзьмі і над зямлёю,
Злых пачаткаў цьмішча-сіла
Перайшла па ёй з касою.

Ўвесь пабіты, лес валяўся —
Ўзмах вайны ўсё нішчыць, глушыць
Ў неба гэты дым ўзьнімаўся,
Каб яго спакой парушыць.

Але ціхі, неўспагадны
Сініх высяў шыр - прасторы,
І скрозь наміткі ядвабны
Белых хмар: сьмяялісь зоры.

10/IX 1916 г.