Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/На полі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старыя песьні На полі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Песьня жніва
Іншыя публікацыі гэтага твора: На полі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПОЛІ.

Шэпчуць згодна каласінкі,
Гойдаюцца нівы;
Ходзіць гоман срэдзь збажынкі,
Мілы і шчасьлівы…

Колькі шуму ў нашым збожы,
Сьпеву і гаворкі!..
Як вы мілы, як прыгожы,
Родныя узгоркі!

Як старанна заараны,
Поле, твае скаты!
Межы кветкамі убраны
Пышна і багата.

Над жытамі песьні льюцца,
Толькі сонца ўстане.
Люба глянуць, азірнуцца,
Стаўшы на кургане!

Разгарнулась поле кругам,
Як кілім зялёны,
То ўздоўж лавай, то дзе цугам
Ў даль бягуць загоны.

Па краёх палёў шырокіх
Цёмны лес сінее.
Колькі ў полі адзінокіх
Грушак зелянее!

Там, пад наміткай туманаў,
Відзен гай сасновы,
Што прабег паўзьверх курганаў,
Як дзявочы бровы.

А над гэтым ўсім прыветна
Нахілілась неба;
Сьвеціць сонца, незаметна
Поўніць колас хлебам.

Шэпчуць нівы ў полі згодна,
Гнуцца каласамі.
Ой, ты, поле! гай ты, родны!
Толькі-ж я ня з вамі!

Толькі ў думках я вас бачу,
Шум здалёк ваш чую;
Я бяз вас тут годы трачу
І па вас гарую.

18/III 1910 г.