Вея кідаецца, кружыць...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вея кідаецца, кружыць...
Аўтар: Мікола Сурначоў
1944
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вея кідаецца, кружыць,
Я ж нясу, як падарунак,
Міма смерці, міма сцюжы
Твой апошні пацалунак.
Кулямёты на паляне
Заліваюцца і стынуць.
Ой, як цяжка на майдане
Галаву ў кустах пакінуць.
І нялёгка ў лютай сцюжы
Стаць скалою і на зорцы,
Калі побач кулі кружаць,
Бачыць, як на гімнасцёрцы
Зацвітаюць ружы.
Зацвітаюць, сілы таюць,
Ты ж кідаешся з гранатай.
Старана мая лясная,
Ночка цёмная, густая,
Ой, нялёгак шлях салдата!
Ўспамяніце ж вы, з якімі
Мы не бачымся гадамі,
Нас хоць снамі залатымі,
Ўспамяніце і сваімі
Дакраніцеся губамі.

1944