Вецер (Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вецер
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1914
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Гэй, вецер заходні з далёкай краіны,
Аб чым ты размову так сумна павёў?
Мо смутку нагналі ліхія ўспаміны
Ці злыя здарэнні апошніх дзянькоў?

Маркотна з табою! Слязьмі і стагнаннем
Гаворка твая аддаецца ў палях.
Над кім ты смуткуеш глухім прычытаннем,
Надгробнаю песняю плачаш ў платах?

Тугою бязмернай ты даль затуманіў,
Вясёлае неба ў жалобу абвіў.
Гэй, вецер заходні! Каго ты аганіў?
Над кім ты заплакаў? Так жаласна ўзвыў?

Па кім ты спраўляеш памінкі-хаўтуры,
Ігрышча сіл чорных, начніц, ведзьмакоў?
Ці ты раздзімаеш вялікую буру,
Сусветную буру, плач сірат, удоў?

Гэй, вецер разгульны! Ты — вечны дарожны
І вечны выгнаннік, бы кім закляты!
Заўсёды маркотны, заўсёды трывожны,
Спакою ніколі не ведаеш ты.

(1914)