Ветрагоны (1930)
| Ветрагоны Камэдыя Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1930 год |
ТЭАТРАЛЬНАЯ
БІБЛІОТЭКА
У. ГАЛУБОК
ВЕТРАГОНЫ
У. ГАЛУБОК
ВЕТРАГОНЫ
КОМЭДЫЯ Ў 4-х АКТАХ
ДЛЯ КЛЮБНЫХ ПАСТАНОВАК
БЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК — 1930
Заказ № 594.
3.000 экз.(2¼ арк.)
Галоўлітбел № 1606.
Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.
| 1. | Бабка—————————— | 60 | год |
| 2. | Фрося, яе ўнучка——————— | 18 | „ |
| 3. | Яе маці—————————— | 40 | „ |
| 4. | Свацьця—————————— | 35 | „ |
| 5. | Ігнат——————————— | 23 | „ |
| 6. | Сьцяпан—————————— | 23 | „ |
| 7. | Каваль Пётра———————— | 25 | „ |
| 8. | Агент вышуку———————— | 30 | „ |
| 9. | Грыбоўскі————————— | 40 | „ |
| 10. | Губарэвіч————————— | 50 | „ |
| Міліцыянэр (статысты), госьці, музыкі. | |||
Бабка — мяшчанская баба, сівая, вельмі рухавая.
Фрося — звычайная мяшчанская дзяўчына.
Маці — мяшчанская баба.
Свацьця — хітрая баба, вельмі рухавая, востраносая, рыжая.
| Ігнат Сьцяпан |
Прыгожа апранутыя хлапцы-жулікі. |
Каваль — вясковы хлапец, комуністы, апрануты бедна.
Грыбоўскі — комічны тып, носіць жоўтую кашулю і камізэльку зьверху, з цьвёрдым капялюшам.
Губарэвіч — таксама комічны тып мешчаніна, зусім лысы, бяззубы.
Акт першы
[правіць]
Фрося. Шэсьць, шэсьць, шэсьць. Зараз ля акна будзе бегчы мой каваль, закураны, замурзаны. Ах, хоць бы хутчэй!.. Як я занудзілася.
Маці. Ты з кім, Фросечка?
Фрося. З кавалём, мамачка, з кавалём.
Маці. Ды яго-ж тут няма.
Фрося. Яно-ж пэўна няма, але я так яго люблю, што мне здаецца, быццам ён тут.
Маці. Радуюся гэтаму, дзеткі, радуюся, добры ён хлапец, з ім будзеш жыць, што казачку чароўную слухаць.
Фрося. Рэч вядомая, што буду; праз месяц вясельле.
Маці. А месяц ня век, пройдзе і не агледзішся.
Фрося (гледзячы ў акно). Ідзе, ідзе. Пётрачка мой ідзе!
Маці. Ну, вось і добра, пераймі яго, прыгалуб пасьля цяжкай працы.
Фрося. Што пераймі? Што прыгалуб? Я проста праз акно вазьму ды і пацалую.
Маці. А ці можна, Фрося, да шлюбу цалаваць хлапца?
Фрося (фыркнула). Што вы, мамачка. Такое глупства цяпер можна.
Маці. Гэта цяпер, а ў наш век, бывала, хлапец дзеўку сягоньня пацалуе, заўтра просіць у бацькоў згоды — жаніцца павінен.
Фрося. Гэта было раней, а цяпер многа не гавораць, цалуй колькі хочаш і з бацькамі не гавары.
Маці. Эх, моладзь, моладзь, розаг вам трэба, розаг?
Фрося. Ня вучэце, мамачка, нас, цяпер мы вас навучым.
Маці. Ну і ветрагон ты… У каго толькі ўдалася?
Фрося. Па бабцы пайшла, вось як.
Маці. Вось добра, што ўспомніла: ці бабка яшчэ не вярнулася?
Фрося. Як бачыце, няма.
Маці. Звар‘яцела баба на старасьці, звар‘яцела, нехта наплёў ёй аб вайне, яна бах, — дом прадала.
Фрося. І добра зрабіла. На ліха ёй дом, — прыдзе сюды кітаянец з англічанкай, газамі задушаць.
Маці. Якая англічанка? Які кітаянец?
Фрося. А такія, што за сінім морам жывуць.
Маці. Хто гэта сюды пойдзе, каму гэта ня шкода галавы, з бальшавікамі ваяваць — усёроўна, што супроць ветру ісьці — паб‘юць ушчэнт.
Фрося. Ды што нам разьбіраць хто каго паб‘е. Я хачу жыць, хачу гуляць, нічога не рабіць: ня век сядзець мне з вамі і бачыць толькі праз акно стары хлеў і агарод.
Маці. І што-ж ты думаеш рабіць?
Фрося. А вось што, вазьму ад бабкі пасаг, пайду за Пётру замуж, пакінем гэта абрыдлае мястэчка і гайда ў сьвет.
Маці. А ці ўпэўнена ты, што Пётра чалавек разважны, пабяжыць за табой, каб гуляць і нічога не рабіць.
Фрося. Нічагутка, націсну — пабяжыць…
Маці. Мне здаецца, ты памыляешся. Ён чалавек разумны, цьвёрдай волі — комуністы.
Фрося (дражнячы). Комуністы, комуністы, ня ведаеш, мамка, маўчы!
Маці. Глупства пляцеш, дзяўчына.
Фрося. А не захоча Пётра, такой бяды, мала ёсьць, ой, ой!..
Маці. Ды чаму няма, ёсьць сьвістуноў, многа ёсьць.
Фрося. Абы добра сьвістаў — будзем неяк слухаць.
Маці. А ты, Фросечка, кінь пра сьвістуноў думаць, а трымайся каваля, ён працавіты і сумленны, ня слухай дурных баб.
Фрося. Ды што мне вашы бабы, у мяне свой розум ёсьць. (Да акна). Ну, мамка, вылазь, Пётра на парозе, ты нам перашкода, вылазь.
Маці. Ну і ветрагон, ну і малатарня! (Пайшла).
Фрося (да акна). Ну, ну, хутчэй, хутчэй, ідзі ў хату, у хату, я хачу на цябе глянуць замурзанага.
Звар‘яцею, дальбог звар‘яцею. Улюбілася ў хлапца і ня ведаю, што чыню.
Каваль. Ну, вось і я.
Фрося. Бачу, бачу, мой любы.
Каваль. Толькі адарваўся ад працы, рукі не пасьпеў памыць.
Фрося. І ня трэба, я цябе хачу любіць вось гэтакага, у сажы, у мазалёх!
Каваль. Згода!
Фрося. А пасьля, як толькі мы пажэнімся, ты пакінеш кузьню?
Каваль. І што?
Фрося. І будзеш са мною тут.
Каваль. А жыць з чаго будзем?
Фрося. На бабчыны грошы.
Каваль. Ты што, жартуеш, каб я рабочы, ды на гэткі спосаб, о не!.. так ня можна, ты ведаеш — ёсьць такі закон, хто не працуе, той ня есьць.
Фрося. Нашто працаваць? Яна прадала хату, грошай прынясе мех, пасаг будзе во!..
Каваль. Пасагу мне ня трэба, вось мой пасаг. (Паказвае на рукі).
Фрося. Значыць кузьню не пакінеш?
Каваль. Значыць не пакіну.
Фрося. Дзіўлюся, як табе падабаецца кавальскі хлеб?
Каваль. Падабаецца, яшчэ і як! Мне здаецца, калі я кую гарачае жалеза, я кую долю працоўных!
Фрося. Ах ты, лантух з вуглём! (Цалуе).
Каваль. Ах ты, іскрачка яскравая!
Фрося. Вось, каб пабачыла мама, ото-ж бы задала мне чосу!
Каваль. А за што?
Фрося. Яна-ж мне забараніла да шлюбу цалавацца з табой.
Каваль. І добра робіць.
Фрося. А я не паслухаю і буду.
Каваль. З кім?
Фрося. Вось з кім! (Пацалавала).
Каваль. Ах ты, мая сакатуха, як дорага мне ўсё гэта!
Фрося. А ты мне даражэй усяго на сьвеце!
Каваль. Радуюся гэтаму!
Фрося. Ну скажы, ці многа было працы? Як дзень прайшоў?
Каваль. Дзень прайшоў уміг, а працы заўжды многа; адны калёсы ладзяць, другія — лемяшы, падковы коням падбіваюць, а я з кавадлаю ваюю — бах
ды бах, дым, агонь. (Фрося адышла да акна).
Фрося. Ой, якая нудная размова — дым, агонь, калёсы, лемяшы… (глядзіць у акно).
Каваль. А ты слухай і шануй мазоль рабочых рук.
Фрося. Ой, ой, ой, які прыгожы хлапец ля акна пайшоў, блішчыць, як золата, глянь, глянь!..
Каваль. Ну што-ж, калі блішчыць, глядзі сабе. (Адвярнуўся).
Фрося. Ах, які-ж ён прыгожы! Глянь! Глянь! Не такі, як ты.
Каваль. І ня сорам табе ў вочы кпіць? Тут і казаць ня трэба — я ня бліскучы і ня прыгожы.
Фрося. Даруй, мой родны, я пажартавала. Ты-ж маё шчасьце, ты-ж мая радасьць, і ня бліскучы, і ня прыгожы. Ну што, цяпер здаволен?
Каваль. Ды я не спалохаўся, ведаю добра, што праз месяц ты будзеш маёй.
Фрося. Я цяпер твая, глядзі на мяне колькі хочаш, цалуй колькі хочаш, і… толькі, а праз месяц запішы мяне на сваю фамілію.
Каваль. Згода.
Фрося. Але-ж памятай, ты павінен даць мне волю, каб магла я жыць у горадзе, быць апранутай па модзе, а ты — пакінуць кузьню.
Каваль. І наняцца ў балаголы?
Фрося. Не ў балаголы, а ў камісары. Зрабіцца начальнікам, сесьці ў скураное крэсла, скураны портфель, сядзець, курыць, і нічога не рабіць!..
Каваль. О не, мая радасьць! Усё гэта не па мне; камісарам я ня буду, кавалём застануся.
Фрося. Ну, тады я пакіну цябе.
Каваль. Дзіўны ты чалавек, якога нельга зразумець, — раз так — раз гэтак.
Фрося. Я не магу зразумець цябе, капаешся ты век у іржавым жалезе, і нейкую асалоду смакуеш у ім.
Каваль. Так, гэта мая асалода, бо я рабочы. Праца — мой гонар, а пакінуць працу і сесьці, як хочаш ты, злажыўшы рукі, гэта выбачай. Я працую ў кузьні, працую над сабой, хачу і цябе выцягнуць з гэтага мяшчанскага балота і накіраваць на іншы шлях.
Фрося. І вось я ўзыйду на новы шлях, з жалезным лемяшом у руках, а побач — ты з доўгай жалезнай качаргой, ха, ха, ха!…
Каваль. Які дрэнны жарт.
Фрося. Маўчу, маўчу, маўчу. Прашу прабачэньня. (Цалуе). Ня верыш? (Цалуе). Ня верыш? Ну, дык і ня трэба. (Насупілася).
Каваль. Ну вось і надзьмулася.
Фрося. Але, надзьмулася.
Каваль. І за што?
Фрося. А так, ні за што.
Каваль. Ну, дык што-ж цяпер рабіць?
Фрося. А нічога не рабіць, ідзі зараз да папа, і скажы: што адна шалёная дзяўчына, якая завецца Фрося, хоча пайсьці замуж, і больш нічога.
Каваль. Да папа я не пайду, а ў загс напэўна.
Фрося. У загс?
Каваль. Так, у загс.
Фрося. Ну, тут я ведаю, я з табой пайду куды хочаш, а бабка тут паставіць кол; ты-ж сам ведаеш, яна хоча, каб з папом ды ў царкве, па старому. (Адыходзіць да вакна).
Каваль. А мы бабкі не паслухаем, ды зробім па-новаму.
Фрося, (Стоячы пры акне). Ах, ён зноў ідзе… а там другі, трэці, глянь, глянь, што за роскаш!..
Каваль. Ну, дык чаго-ж, падабаецца — бяжы!
Фрося. Нашто бегчы, пальцам кіну — самі прыдуць!
Каваль. Вецер ты, і толькі.
Фрося. Ага, спалохаўся, а вось вазьму, дый выйду за якога франта.
Каваль. За жанатага?
Фрося. Як так?
Каваль. А так, цяпер куды ні кінь, усё ў жанатага пападзеш.
Фрося. Будзе для мяне і нежанатага.
Каваль. Глядзі, каб не апяклася.
Фрося. Будзе, будзе, хоць ты і кажаш, што цяпер усе жанатыя, але гэта няпраўда, адзін застаўся.
Каваль. Нябось, той бліскучы.
Фрося. І ня бліскучы, а так сабе, вось гэтакі. (Пацалавала.)
Каваль. Як лоўка ты ўмееш зубы маляваць.
Фрося. У гэтым-жа наша здольнасьць.
Каваль. Ну, вось што, Фрося, на гэтай здольнасьці далёка не паедзеш. Прыходзь сягоньня да мяне, пачну цябе знаёміць з ведамі навукі.
Фрося. Якое навукі?
Каваль. Ды патроху аб усім, — газэты пачытаю, растлумачу, навучу цябе.
Фрося. Згода. Калі прыйсьці?
Каваль. Як сонца сядзе ў садкох.
Фрося. Буду. (Чутны за дзьвярыма галасы). Бабка ідзе. Пойдзем, брат, сюдой. Ну, хутчэй, кавальскі мех. (Пайшлі ў бакоўку.)
Свацьця. (Адчыніўшы дзьверы, упускае бабку). Калі ласка, родненькая, калі ласка, прыказка не здарам кажа, грошыкам і месца пашана.
Бабка. (Кінуўшы мяшок з грашыма на стол). Ох, як у баку закалола. Каб яму гэтак цяжка было жыць, як мне цяжка было цягнуць. І трэба-ж, напёр гэтулькі медзякоў, каб з яго дух выперла.
Свацьця. Цар меў золата, а бальшавікі медзь!
Бабка. Не галёкай так, яшчэ пачуюць ды пасадзяць.
Свацьця. І то праўда, лепш маўчаць. Яны-ж ня любяць грошы ды людзей багатых.
Бабка. Ім па сэрцу, калі-б грошы здаў у банк.
Свацьця. Банк? Што вы, панічка, як можна, які банк, ні сягоньня-заўтра ўзьнімецца з кітайцамі вайна, што тады?
Бабка. І я кажу, тады шукай у полі ветра.
Свацьця. А там націсьне англічанка, усё сатруць на порах.
Бабка. Вайны то я баюся, асабліва англічанкі.
Свацьця. Англічанка што, глупства, вось кітайцы, калі шугнуць…
Бабка. А іх-жа многа.
Свацьця. Як мурашак, — жоўтыя, худыя, нібы ваўкі галодныя.
Бабка. Ой не кажы, баюся.
Маці. Ну што, мамачка, атрымалі грошы?
Бабка. Хіба сьлепа, ня бачыш, атрымала.
Свацьця. Выплацілі усе, на зэкс?
Бабка. Напёрлі медзі, серабра…
Свацьця. І чырвончыкі ёсьць.
Маці. І дзе іх цяпер дзець, хоць-бы ня ўкралі?
Бабка. У цябе пытацца ня буду!
Свацьця. І я кажу, абы былі, а месца будзе.
Маці. Так то яно так, але боязна.
Бабка. Ну, годзе стагнаць, не наганяй сырасьці.
Свацьця. Цяпер бы толькі падлічыць, ды ў парадачак паскладаць, няхай адпачываюць з богам.
Маці. Трымаць у хаце?
Свацьця. А няўжо-ж у банк!
Маці. Ведама ў банк.
Бабка. Ну, гэта справа не твая, куды захачу, туды і пакладу.
Свацьця. Аддаць у банк — усёроўна, што на вуліцу.
Бабка. І я кажу, прыдзе галодны кітаянец, шухне газу — будзе табе банк!
Маці. Ды кіньце глупства плесьці. Хто сюды пойдзе? Каму трэба гузак на галаву?
Бабка. Я ведаю каму. Папытай у свацьці.
Свацьця. Праўда, панічка, праўда, кітай ужо ідзе.
Маці. Адкуль вам ведама?
Свацьця. Мне? Вы хіба жартуеце! Пачытайце сьвятое пісаньне, што яно кажа?
Маці. Нічога яно ня кажа. Брэша!
Бабка. Во, каб табе язык адубеў, чулі?
Свацьця. Сьвятое пісаньне кажа: — і како оплетецца стальнымі шнурамі, земля і стадо ўцерахом свайго пастыра, — цара, значыцца.
Бабка. А цара-ж няма.
Свацьця. І тады прыйдохам із-за мора сіняга Кітай, а за ім па ветры прыляціць англічанка, паддадуць веліе зело газу сьмердзючага і ўмертвяхом весь род чалавечы. Во! (Бабка перажагналася).
Маці. (Да свацьці). А ты нябось застанешся, цябе ніякі газ ня пройме. Тьфу. (Пашла).
Свацьця. (Усьлед). Ой, які-ж вы адсталы алімэнт.
Бабка. (Усьлед). Слухай, баба, прыкусі язык.
Свацьця. Яна ня верыць, ёй трэба нейкіх довадаў! Каму ня ведама, што англічанка з намі біцца хоча, а нашы камісары па рылу кулаком далі, а тут
Кітай на дапамогу вылез, замасьцілі і яму.
Бабка. Няўжо далі?
Свацьця. Ды яшчэ як!
Бабка. Як-жа гэта ім дало спаткацца: дзе англічанка, а дзе мы?
Свацьця. Ды па тэлефону, значыцца, адзін другога і аблажылі!
Бабка. Па тэлефону біліся?
Свацьця. А што-ж тут дзіўнага, цяпер гэткі век — тут гаворыш, заграніцай чуваць — па радыю, значыцца.
Бабка. Дзіва і толькі!
Свацьця. У іх гэтак, калі захочуць адзін другога павіншаваць, зараз па тэлефону — круць, круць гэтак ды так, каб цябе пакруціла.
Бабка. Усё кажа за вайну, чуе маё сэрца, вайна будзе.
Свацьця. Будзе, панічка, будзе, бо як на безгалоўе моладзь бяз памяці жэніцца, у царкве чарга стаіць, поп не ўпраўляецца крыжам махаць.
Бабка. Гэта, галубачка, прыкмета.
Свацьця. А ведама, прыкмета. Дый людзі старыя кажуць, дзеці родзяцца — вайна будзе, а цяпер дзеці, як з меху сыплюцца, што ні дзень коп з восем, а паміраць — не паміраюць.
Бабка. Усё кажа, што вайна будзе.
Свацьця. А як-жа, панічка, з Фросей мысьлеце, няўжо на марынад дзяўчыну захаваеце?
Бабка. Чаму на марынад, у яе-ж каваль прыгожы ёсьць.
Свацьця. Каваль? Ха, ха, ха!.. Панічка, ці-ж каваль чалавек?
Бабка. А чым ён дрэнны?
Свацьця. Пры гэтакім багацьці ды каваль, фэ!.: Не каваль павінен быць зяцем, а туз — во!..
Бабка. Адкуль тыя тузы?
Свацьця. Як-та адкуль? А я не раздабуду жаніха? Якая-ж я свацьця? Нашто-ж тады жыць? Мой хлеб гэтакі: я і свацьця, і фактарка, трэба пажаніць — пажаню, трэба разьвесьці — разьвяду. Пасватаю, панічка, хлапца… на зэкс… З добрай пасадай, набожны, з царквы ня вылазіць.
Бабка. Толькі каб, божа барані, не комуністы!
Свацьця. Што вы, панічка. З комуністымі да ладу ня дойдзеш. Комуністы сёньня запісваецца, а заўтра выпісваецца.
Бабка. Гэтак, гэтак…
Свацьця. Я пасватаю меншавіка…
Бабка. Меншавіка? А што гэта за зьвер?
Свацьця. Меншавік — гэта значыцца ні тое, ні сёе, меншавік ён, і нашым і вашым, у яго сярэдзіны няма.
Бабка. Дык на якое ліха ён нам… без сярэдзіны… Ты давай нам хлапца каб меў усё.
Свацьця. (Доўга сьмяецца). Не зразумелі мяне, панічка, хлапец будзе на зэкс, а што хістаецца туды, сюды, гэта, бачыце, час такі, да шлюбу не стасуецца.
Бабка. Ну добра, добра, калі-ж пакажаш нам яго?
Свацьця. У нядзелю, як пяруном высмаліць.
Бабка. Згода, ну а цяпер дзякую табе за помач, што хату прадаць дапамагла… пасьля разьлічымся.
Свацьця. Згода, панічка, згода… Толькі каваля не дапушчайце сюды, а проста за каўнер ды он…
Бабка. Ды неяк ужо будзе.
Свацьця. Ну, а калі-ж, панічка, на вашым вясельлі паскачам?
Бабка. І сама ўжо не ведаю.
Свацьця. Чалавека вам пасватала, куды там, і хатку і зямельку мае.
Бабка. Так то яно так, але перашкоды бачыш, ёсьць.
Свацьця. Кажэце якія, быць можа што і зробім.
Бабка. І сама ня ведаю, як-бы гэта вытлумачыць, троху неяк сорамна.
Свацьця. Сорамна? Аб якім сораму пані кажаце? Цяпер людзі сораму ня ведаюць, валі з пляча і годзе.
Бабка. Бачыш, шэсьць разоў я замужам была, тры царкоўных, а трыццаць тры… (Спахвацілася). Цьфу, памылілася, а тры так сабе. Ну, а цяпер хацелася, каб у царкве з парадай, ды бацюшка ня згодзіцца?
Свацьця. (Зьдзіўлена). У гэтым толькі перашкода?
Бабка. Толькі.
Свацьця. А міленькія мае, ды як-жа гэта, каб пры гэтакім становішчы, з грашыма ды ня справіцца. Я на сябе бяру фатыгу. Колькі ахвяруеце папу?
Бабка. 50 рублёў.
Свацьця. А мне за пабягушкі?
Бабка. Дзесяць.
Свацьця. (Радасна). Ёсьць! Будзе шлюб царкоўны,
давайце грошы.
Бабка. А ня брэшаш?
Свацьця. Вось крыж (жагнаецца), міца, міца, міца, каб мяне пярун лясун — што ня лгу.
Бабка. (Дае грошы). Тады шый боцікі, вясельле спраўлю за адно. Бяры грошы.
Свацьця. Вось гэта добра, за адным скрыпам унучку і бабулю ажаню.
Бабка. Няхай будзе так.
Свацьця. Ну, я адразу да папа. 50 рублёў ні дзе валяюцца, мы яму грошы, а ён нам шлюб.
Бабка. А калі-ж бы гэта галаву пафарбаваць, дзе абяцаныя прылады.
Свацьця. Фарба ёсьць, патрэбен толькі кубел вару, і валасы як жук будуць зіхацець.
Бабка. Калі-ж мы будзем фарбаваць?
Свацьця. Прыходзьце заўтра да мяне, ніхто ня будзе перашкаджаць.
Бабка. Буду.
Свацьця. На раніцы чакаю. Ну, я пашла (пашла).
Бабка. Шчасьлівенька, галубачка, шчасьлівенька.
Свацьця. Хавайце грошы ямчэй… (Пайшла).
Бабка. Дзякуй табе божа, усё добра складаецца. Грошы тут, жаніх тут (на жменю). Ох, як у баку закалола.
Акт другі
[правіць]
АКТ ДРУГІ
Бабка (ужо з пафарбаванай галавой, лічыць грошы). Лічу, лічу і толку дайсьці не магу. Тут пасаг Фросі… тут па тысячы… адна, дзьве, тры тысячы… а тут чырвончыкі, 25, 26, 27, 28, 29, дваццаць дзесяць (пауза), а як далей?.. Даў бог цяля ды ня даў хлява… Ну, а што мне зрабіць з гэтымі, што пацукі дзірку прагрызьлі… хоць ты выкінь за акно… І трэба-ж, так лоўка вылушчыў сярэдзінку, нібы сьвярдзёлкам выкруціў. Такую грубіню прагрыз.
Маці. А што, не мая праўда, паелі грошы пацукі.
Бабка. Ну паелі, а табе што?
Маці. А тое, што ня трымайце іх у хаце, а нясеце ў банк, бо ўсе зжаруць.
Бабка. Я скарыстаць сама хачу. Вясельлі два ў хаце.
Маці. Розуму ў вас бабуленька няма.
Бабка. Пазычаць, матуленька, ня буду ў цябе.
Маці. Аб сьмерці пара думаць, а вы замуж.
Бабка. А чым-жа я ня баба?
Маці. Каму патрэбны вашы косьці?
Бабка. Ахвотнік ёсьць.
Маці. Ой, ой, што гэта за чалавек? Вам-жа зараз гакне 70 гадоў.
Бабка. Выбачай, толькі 60.
Маці. І дзе-ж вы бачылі, каб баба ў 60 гадоў…
Бабка. Гэтакая ёсьць (пауза)… я!
Маці. Ці гэтым скрылі сваю старасьць, што пафарбавалі галаву?
Бабка. Хіба ты сьлепа, памаладзела на год 20.
Маці. Зубоў і тых няма, век кашай жыць павінны.
Бабка. Ну годзе, годзе, пачуюць людзі падумаюць і праўда.
Маці. Рабеце, як вам падабае, ідзеце сабе замуж, але я Фросю замуж не аддам.
Бабка. Чаму?
Маці. Не падабаюцца мне гэтыя сьвістуны.
Бабка. Даруй, галубачка, ня маеш густу, хлапцы прыдатныя, абмінуць іх нельга.
Маці. Я буду супроць.
Бабка. Што тваё супраць, калі я дам згоду.
Маці. А ну, пабачым.
Бабка. А ну, пабачым. (Маці пайшла). Яна мяне вучыць, як на сьвеце жыць. Замуж ня ідзі, грошы нясі ў банк, галавы не фарбуй, так я цябе і паслухаю (Перабірае грошы). Ну чым ім дрэнна ў мяне, га? Ах вы, мае саколікі, лепш адпачывайце тут у хаце. Тут вам месца і пашана. (Чутно як брэшуць сабакі). Во,
некага нячысьцік прэ; і калі-б толькі ня села грошы палічыць, заўжды перашкода (Складае грошы ў капшук).
Свацьця. Ну і сабакі ў пані, нібы зьвяры, так і мерацца, каб за лытку рвануць.
Бабка. Ну, а як-жа без сабак, сама ведаеш, які цяпер час.
Свацьця. Хто-ж гэта ня ведае, што бедны чалавек дзесяцера сабак ня трымае.
Бабка. Завяліся грошы, завяліся сабакі.
Свацьця. Няхай брэшуць на здароўе.
Бабка. Ну, перш павінна падзякваць табе за кавалераў.
Свацьця. Спадабаліся?
Бабка. Падабрала ты хлапцоў!
Свацьця. На ээкс.
Бабка. І я здаволена, і Фросечка здаволена, відаць што людзі далікатныя.
Свацьця. Лісьцікраты. У іх, мая дарагая, і костка белая.
Бабка. Белая?
Свацьця. У пашпарце адзнака ёсьць — белая…
Бабка. Вельмі рада гэтаму, вельмі рада.
Свацьця. А які-ж паненцы да спадобы?
Бабка. Ды абодва падабаюцца, а якога Фрося возьме — гэта рэч яе.
Свацьця. Па-мойму — хоць абодвых.
Бабка. Ня ведаю, што Пётра каваль скажа?
Свацьця. Няўжо-ж вы, пані, ня выперлі яго?
Бабка. Ня важуся, родненькая, любіць шчыра Фросю, няхай яна камандуе.
Свацьця. Як мне здаецца, Фрося сама зразумее хто для яе пара — пан ці хам.
Бабка. Яна ўжо зразумела.
Свацьця. Калі зразумела, пэўна вон пагоніць.
Бабка. А як сабе хоча, а тымчасам, мая дарагая, падзякую табе за сватаўство. (Дае дзіравую дзесятку).
Свацьця. Дзякую, дзякую, але-ж выбачайце, панічка, нешта дзірачка ў ім, хто-ж гэта вылушчыў?
Бабка. Ды гэта-ж, мая родная, пацукі ўслужыліся, цэлы пачак прадзіравілі.
Свацьця. Во, каб на іх безгалоўе, і трэба-ж, услужыў — подпіс камісара зьеў, а касір застаўся…
Бабка. То як-жа будзе?
Свацьця. Як на мой розум грошы вартасьць утрацілі.
Бабка. А чаму?
Свацьця. А праз тое, што комуністага зьелі, а касір непартыйны застаўся, грошы вартасьць утрацілі.
Бабка. Во, каб на іх звод, на гэтых пацукоў, ох, як у баку закалола.
Свацьця. Цяпер, панічка, гэтакія здарэньні часта бываюць. У людзей грошай шмат, ну а куды-ж іх дзець, — у банк баяцца несьці, ну, значыцца ў панчоху ды за абразы, а там пацукі.
Бабка. Дык можа гэта дрэнна?
Свацьця. Тое дрэнна, што захавалі ў панчоху, лепш пакладзеце ў гаршчок, або цёрліцу.
Бабка. І гэта праўда, трэба пералажыць.
Свацьця. А тым часам дзіравенькі рубельчык далучэце да дзіравых, а мне за працу цэленькі.
Бабка. А вось гэты маеш.
Свацьця. Дзякую. У кожнага свая бяда. Ці дасьце веры, у мяне ўчора дух нячысты печ разарваў і ўсе гаршкі на галаву выкуліў.
Бабка. Які там дух, нябось дзеці патрон укінулі.
Свацьця. Не. Была міліцыя.
Бабка. Ну і што?
Свацьця. Адмовіліся пісаць пратакол, каб не займацца з нячыстым духам.
Бабка. Дык чаму-ж ты да папа ня ідзеш, каб сьвятую малітву адчытаў?
Свацьця. Цяпер вось і пайду, грошы ёсьць — рубля дам, адчытае.
Бабка. За рубля?
Свацьця. Такая там будзе і малітва, за рубля ды яшчэ супроць нячыстага.
Бабка. Яно вядома, якія грошы, такая і малітва. А як з вайной, галубачка, будзе?
Свацьця. А то як-жа, будзе.
Бабка. З газэт вычытала, ці так?
Свацьця. З якіх газэт, я газэтаў ня чытаю, і ў рукі не бяру. Нос дзяржу па ветры і ўсё ведаю на зэкс. Вайна будзе. Кажуць нейкі чалавек купіў на
рынку гусь. І толькі прывалок яе дадому, гусь пачала крычаць па-чалавечаму і пра вайну.
Бабка. Гусь па-чалавечаму?
Свацьця. Але, па-чалавечаму. Вось яна і кажа гэтая гусь — сьцеражэцеся, людзі, вайна, Кітай, японка, англічанка точаць нож, зьбіраюць газы, рыхтуюць стрэльбы, кулямёты!..
Бабка. А бацюхны мае, што я чую?
Свацьця. Ну і пайшла кадрыль. Хто верыць у бога — шухнуў у царкву, а хто не — пачалі рыхтавацца да вайны. Старых пачалі муштраваць страляць, а комсамольцаў плаваць. І што-ж скажаце, — старыя селі, а моладзь узяла верх!.. Адна суседзкая дзяўчына-комсамолка дзьве вярсты плыла пад лёдам — і жывая вылезла.
Бабка. Вылезла?
Свацьця. Як тут была.
Бабка. Але-ж нашто гэта ўсіх гэтак муштруюць?
Свацьця. А вось нашто: узьнімецца вайна — адны будуць насядаць на англічанку з зямлі, а комсамольцы з мора.
Бабка. Дык гэта-ж добра, няхай ім бог памагае.
Свацьця. Што кажаце! Які бог. Бог іх сам баіцца: яны-ж бога абабралі, абадралі, як кажуць, без штаноў пакінулі… усе цэрквы, усё багацьце ачысьцілі.
Бабка. А хто-ж ім памагае?
Свацьця. І ўгадаць цяжка, самі сабой бяз бога.
Бабка. Каламут нейкі дый толькі.
Свацьця. Ну, а цяпер, панічка, да галоўнай справы: бацюшка грошыкі з падзякай вялікай прыняў і шлюб царкоўны для вас казаў дасьць.
Бабка. Дасьць?
Свацьця. Праўда, з вялікімі патугамі, але зробіць, бог яму даруе…
Бабка. О то-ж дзякую табе, буду рыхтавацца да вясельля.
Свацьця. Ну, усяго лепшага, панічка, пайду, дзякую за грошы.
Бабка. А табе за жаніхоў.
Свацьця. Каваля ганіце вон.
Бабка. Ды пэўна-ж прыдзецца. (Пайшлі абое).
Фрося. Не хачу, не хачу і не хачу.
Каваль. Ды ты-ж нядаўна была згодна.
Фрося. А цяпер ня згодна, бо ты каваль, заўжды брудны, ад цябе аддае дымам, мужычымі падкоўкамі.
Каваль. Фрося, дзе тваё слова?
Фрося. Няма, ты мне ня пара.
Каваль. І калі-ж ты ўбачыла?
Фрося. Ня так даўно.
Каваль. Пэўна ад таго часу, калі да цябе пачалі цягацца бліскучыя панічы?
Фрося. Ты ўгадаў. Я выходжу замуж за аднаго.
Каваль. Дзіўлюся, як можна выходзіць замуж ня ведаючы чалавека?
Фрося. Я ведаю, ён тэхнік.
Каваль. Тэхнік па кішанёвых справах?
Фрося. Но, но, толькі без абразы. Ён табе ня пара.
Каваль. Фрося, Фрося, ці ты гэта гаворыш? Ці даўно гэта было, калі ты іначай разважала?
Фрося. А цяпер разважаю так: ты кавальскі мех, мужычая падкоўка.
Каваль. Яшчэ і насьміхаешся, дзе-ж тваё сэрца?
Фрося. Калісь было ў цябе, а цяпер у другога.
Каваль. Фрося, апамятайся, будзеш няшчасна за панічом.
Фрося. Ці толькі шчасьце за мужыком? Шчасьце там, дзе шык і блеск, — прымеце пад увагу, таварыш каваль.
Каваль. Ну што-ж, гэтым усё сказана; няма тут чаго быць; сама ведаеш, што робіш. А хацелася-б цябе вывесьці на добрую пуцявіну, выцягнуць з гэтага мяшчанскага балота, зрабіць сьвядомай і мець
маладога, грамадзкага працаўніка. Не шкада мне цябе як паненкі, а шкада як чалавека, бо ты гінеш у цемры пад уплывам дурной бабы.
Фрося. Складна гаворыш, але няма часу слухаць. (Пайшла ў бакоўку).
Бабка. А Пётрачка ў нас! Дзе-ж Фрося?
Каваль. Была, да ўцякла.
Бабка. Яно быццам і так. Даганяючы не нацалуешся. Ох, як у баку закалола. Ці ведаеш, браток, да Фросі жаніхі, як з меха сталі сыпацца. Гляджу я на іх і мысьлю: адкуль такая прыгожасьць, — лялькі, а гляну на цябе — адзін жаль; яно, ведама, праца, бруд.
Каваль. Ваша справа, бабуля. Бярэце хто вам лепш, толькі глядзеце, каб пасьля ня плакалі.
Бабка. Ну што ты… каб мы плакалі. У нас цяпер спосаб да жыцьця ёсьць, і дзеля гэтага няхай да нашай радні панскі сыр далучыцца, а мужыку — будзе мужычка. (Пауза). Ты яшчэ аб чым будзеш казаць, бо мне трэба рахункі падлічыць, а галава мая слабая.
Каваль. Калі ласка, лічэце, я пайду.
Бабка. Ідзі, дзеткі, з богам — ідзі, няхай бог табе сілу дасьць, каб добры каваль з цябе быў.
Каваль (у дзьвярах). Бабуля, а што-б вы рабілі, каб жаніх Фросі ды жанаты?..
Бабка. Ш-т-о-о?
Каваль. Жанаты і ня раз. І зараз па вясельлі жонка з дзіцянём сюды зьявіцца.
Бабка. О не, не — што ты чаўпеш; ты хіба ня бачыў, што за чалавек? Ня буду цябе слухаць, брэшаш ды ня гладка. (Пайшла).
Каваль (падышоў да стала, узяў шапку). Дубовае палена (усьлед бабцы).
Ігнат. (пасьля вялікай паузы). Што-ж гэта вы паглядаеце, як бы баран на новыя вароты?
Каваль. А што-ж нам забароніце глядзець?
Ігнат. Гляньце лепш на боты і ўгадайце з якой скуры пашыты яны.
Каваль. З такога-ж самага сыр‘я, якім абцягнуты вашы пісарскія косьці.
Ігнат. Вы грубіян, як можаце так абражаць мяне?
Каваль. Я на запытаньне даў толькі адказ.
Ігнат. Ты ведаеш хто я?
Каваль. Ведаю — з-пад бані.
Ігнат. Я дзелавод та́мажні, не раўня там нейкаму кавалю.
Каваль. І ня гледзячы на такі высокі чын, каваль ня хоча з вамі гаварыць. Цьфу! (Плюе ў твар).
Ігнат. Вы як пасьмелі пляваць на мой твар?
Каваль. Каваль гэта можа зрабіць, калі такія сьвіньні залішне дазваляюць сабе. Вам пэўна здалося, што калі я бяз белага каўняра, дык бяз права, бяз голасу, у каваля няма адвагі, — вялікая памылка: вытрыце сабе нос і другі раз будзьце
асьцярожны, бо калі вас пачнуць вучыць шаўцы
ды кавалі, дык ваша пісарская скура можа патрэскацца.
Ігнат. Не разгаварываць, а то на порах сатру.
Каваль. Я зноў вам кажу: вытрыце сабе нос і ня пужайце мяне; я перад вамі ня ўхілюся.
Ігнат. Вон адсюль!
Каваль. Пэўна, што не паслухаю.
Ігнат. Дык я выкіну. (Падступае бліжэй).
Каваль. А сілы-ж хопіць?
Ігнат. Хопіць (наступае бліжэй).
Каваль. Ну калі так, пачынайце.
Ігнат. І пачну (наступае).
Каваль. Пэўна ня маеце адвагі, ну дык я пачну. (Закасаў рукі.)
Ігнат. (адыходзячы назад). Но, но, лягчэй, а то я
зубы пачышчу.
Каваль (стукнуў па твары, той паваліўся.) Вось і пачысьціў, а з другога боку пасьля пачышчу… (Пайшоў).
Ігнат (устаў). Ой, ой, вось даў… у сто званоў званіць пачало. Ну, пачакай, ты памаўза, я цябе падпільную; прыдзі ты толькі на нашу вуліцу (глядзіцца ў люстэрка). Адразу сіняк.
Фрося. А… дарагі Ігнат! Як рада бачыць цябе! Даўно прыйшоў, чаму я цябе ня бачыла?
Ігнат. Ды лепш-бы і ня прыходзіў.
Фрося. А чаму?
Ігнат. Прыйшоў сюды і застаў нейкага каваля, чалавек не інтэлігентны, валіць усё з пляча, а я ня
прывык да гэтага. Слова за слова — я ўзяў яго за каўнер і выкінуў вон, — шапку тую не пасьпеў узяць. Чый гэта? Да каго ён прыйшоў?
Фрося. Ён прыйшоў да бабкі.
Ігнат. А можа да цябе, і твой жаніх?
Фрося. Не пляці глупства жаніх… на ліха ён мне, калі ты мой жаніх.
Ігнат. Я дзіўлюся, як можа такая шуя бываць у вас, нейкі каваль і мусіць комуніст, бо такую хвізыку разьвёў па фізкультуры…
Фрося. Пакінем аб гэтым. Скажы, быў ты ў царкве, гаварыў з бацюшкам?
Ігнат. Быў і гаварыў, усё ў парадку, ён благаславіў наш шлюб, а ў нядзелю ажэніць.
Фрося. Нарэшце збудзецца — у мяне будзе такі прыгожы муж!
Ігнат. А ў мяне такая прыгожая жонка!
Фрося (страсануўшы яго). Ігнат!
Ігнат (таксама). Фрося!
Фрося. Цалуй мяне!
Ігнат. Згода! (Цалуюцца).
Каваль (падыйшоў да стала, узяў шапку, сьціснуў Ігната за нос, той закрычаў і прысеў, каваль пайшоў).
Ігнат (за ім). Ага, уцёк!
Фрося (пераняла) Пачакай, пачакай!
Ігнат. Шчасьце, што ўцёк, а то было-б. Я завельмі гарачы, магу ў часе злосьці выкінуць чалавека праз акно, магу і забіць, за малым-малым тут не забіў яго, але пабаяўся, за комуністага вялікая
адказнасьць.
Фрося. Цяпер ён больш ня пойдзе!
Ігнат. І хто з вас патурае яму, чаго ён ходзіць?
Фрося. Разьбяреш чаго ходзіць. Суседні хлапец, лічаць за свайго.
Ігнат. За вельмі многа дабраты ў тваей бабулі, ня можна так.
Фрося. Аб дабраце яе сьведчыць тое, што яна аддала абяцаны мне пасаг.
Ігнат. (прыкідаецца нездаволеным.) Ну, вось зноў, —
на што грошы, хто іх пытаўся, каму патрэбны?
Фрося. Патрэбны будуць нам.
Ігнат. Не да спадобы гэта мне, я грошы ня люблю.
Фрося. А я люблю. Тры тысячы дала цяпер, а яшчэ тры ў дзень шлюбу.
Ігнат. Ну, а цяпер будзеш скакаць, дзе іх схаваць.
Фрося. Пакуль трымаю пры сабе, але думаю схаваць у гэты столік, давай схаваем разам.
Ігнат. Хавай сабе адна, я грошы ня люблю.
Фрося. Ну, мае капіталы, тры дні адпачывайце тут… (хавае грошы).
Ігнат (на бок). Нашто так многа, мы забярэм раней.
Фрося. Што ты казаў?
Ігнат. Я ўздыхнуў з радасьці, што ты дала ім месца, сама ведаеш — за грошы можа быць грабеж, навала, а схавала — сэрцу будзе спакайней.
Фрося. Якое ў цябе добрае сэрца, любы мой, дарагі мой!..
Ігнат. А сама хіба ня верыш?
Фрося. Чаму ня — веру веру. Ну а скажы, калі-ж ты паедзеш па сваякоў?
Ігнат. Сягоньня ўначы, а сюды вярнуся праз тры дні…
Фрося. Мне цябе ня хочацца пушчаць.
Ігнат. Але тады на нашым вясельлі радні маёй ня будзе, а радня мая сама ведаеш…
Фрося. Ну што-ж, калі так — згода.
Ігнат. Адзін дзядзька мой колькі падарункаў прывязе, а цётка…
Ты паглядзі на сябе — у вушах пуста, на руках нічога, а зьявіцца радня — зазьзяюць дыямэнты, дыямэнты!..
Фрося. Ой, ой, ап‘янею ад радасьці, ап‘янею — у мяне на пальцак будуць дыяманты!
Ігнат. Кажу табе праўду.
Фрося. Ой, пабягу клікну бабулю і пахвалюся ёй, вось яна ўзрадуецца!
Ігнат. Кліч, кліч!
Фрося (адыходзячы). Падзелім шчасьце разам.
(пабегла).
Ігнат (зразу пабег да століка, украў грошы). Шчасьце падзялю адзін.
Ігнат. Ша!
Сьцяпан. Адзін?
Ігнат. Пакуль што адзін.
Сьцяпан. Калі выяжджаеш?
Ігнат. Сягоньня ўвечары.
Сьцяпан. Хутчэй спраўляйся, бо гэты каваль бегае як рысь, зьбірае даведкі.
Ігнат. Пакуль ён зьбярэ, я сваё ўзяў і буду далёка!
Сьцяпан. А што, калі да ГПУ дойдзе і давядзе хто мы, як тады?
Ігнат. Ну што-ж, зловяць і пасадзяць, але я не такі дурны, пакуль зловяць, я заўтра буду за мяжой.
Сьцяпан. А мяне зловяць і на Камароўку завязуць.
Ігнат. Не наганяй дарэмна страху, будзеш жыў.
Сьцяпан. Пра мяне яна ня пыталася?
Ігнат. Пакуль што — не.
Сьцяпан. Гаварыў, што мы з табой заклятыя ворагі і… праз яе.
Ігнат. А што скажаш, чаго прыйшоў?
Сьцяпан. Я буду запрашаць яе на вечарынку, а ты ня пушчай, я запротэстую і пасварымся.
Ігнат. Для большага ўраджаньня можам і пабіцца.
Сьцяпан. Рабі гладка, каб не астрыглі вушы.
Ігнат. Не з такімі спраўляўся. 10-я жонка.
Сьцяпан. Пасьля твайго ад‘езду я пачну налягаць на бабчыны грошы.
Ігнат. Налягай, брат, налягай, там яшчэ тры тысячы пасагу засталося.
Сьцяпан. Мяне страшыць гэты каваль!
Ігнат. А так, ён страшны, у яго, брат, рука!..
Сьцяпан. Быў калі ў руках?
Ігнат. Ну яшчэ што (за сьцяной чуваць голас Фросі).
Сьцяпан. А сіняк?
Ігнат. Так… дровы калоў… сук.
Сьцяпан. Ціха, яна сюды ідзе.
Ігнат. Адыходзь да дзьвярэй! (Сьцяпан адыхоlзіць да дзьвярэй).
Фрося. А… каго бачу — пан Сьцяпан! Чаму так рэдка бываеце ў нас?
Сьцяпан. З ахвотай прыходзіў бы часьцей, але што сказаў-бы на гэга вам…
Фрося. Думаю, што нічога.
Ігнат. Мыляешся Фрося.
Сьцяпан. Вось чуеце.
Фрося. Дзіўна, чаму ты забараняеш прымаць знаёмых?
Ігнат. Гэтага сьвістуна забараняю.
Сьцяпян. Вы самі сьвістун.
Ігнат. Ну, ці ня можна без абразы.
Сьцяпан. Ня нукайце, не паедзеце.
Фрося. Але-ж прашу, пакіньце спрэчкі.
Ігнат. Вон адсюль, а то іначай распраўлюся! (пачалі біцца).
Сьцяпан. Ах так!..
Фрося. (кінулася між імі). Але-ж кіньце, як ня сорам.
Ігнат. Я хачу ведаць, чаго ён тут.
Сьцяпан. А я хачу ведаць, чаго вы тут.
Ігнат. Праз тры дні даведаецеся.
Фрося. Але-ж пакіньце, прашу яшчэ раз.
Сьцяпан. Паненачка, даруйце, што праз мяне парушан ваш спакой. Я ня прышоў дзеля скандалу, я прыйшоў прасіць вас на вечарынку, і калі-б не адмовіліся, для мяне ваша прысутнасьць была-б вялікім шчасьцем!
Ігнат. Фрося нікуды ня пойдзе.
Фрося. Але-ж дайце мне сказаць.
Ігнат. Ды што з ім гаварыць. Пяхота!
Сьцяпан. Артылерыя.
Фрося. (да Сьцяпана) Вы хочаце, каб я была ў вас на вечарынцы?
Сьцяпан. Як сонца бачыць так хачу.
Ігнат. Ды якая вечарынка — вечарынка пад шарманку. Праз тры дні падскочыце да нас, пачуеце не шарманку, а басы, трамбоны, гэліконы.
Фрося. Так, пан Сьцяпан, я амаль што ўжо замужам і без дазволу Ігната не пайду.
Сьцяпан. Тады выбачайце. (Пацалаваў руку, расшаркаўся і да дзьвярэй).
Ігнат. А што, сьвістун — прасьвістаўся?
Сьцяпан. Райдун. (Скрыўся).
Ігнат. Асталоп.
Фрося. І як ня сорам выганяць такога далікатнага чалавека і свайго-ж прыяцеля.
Ігнат. Такія прыяцелі жонку адаб‘юць.
Фрося. Не разумею, што табе здаецца?
Ігнат. А тое, што ён любіць цябе.
Фрося. Ну і няхай.
Ігнат. Тады ты ня можаш быць маей жонкай.
Фрося. З гэтага боку твая праўда.
Ігнат. З усіх бакоў праўда. Шчасьце, што ты спыніла мяне, я так абурыўся, гатоў бы на шматкі разадраць яго, няхай ён у Пётры каваля спытаецца, як той выкуліўся адсюль.
Фрося. Ну годзе, годзе, (прытулілася да яго).
Бабка. А мае міленькія… дзеткі мае, што-ж гэта вы да шлюбу прыціскаеце?
Ігнат. А так, бабуся, на тры дні раней авансам, добрага дня. (Расшаркваецца, цалуючы ёй руку, а яна яму галаву).
Фрося. Хіба няпрыгожы малюнак… ну скажэце бабуся?
Бабка. Прыгожы то ён прыгожы (На бок). Я-б і сама сыр ціскала-б, але як ня сорам дзяўчыне ды абнімацца з хлапцом.
Фрося. А як-жа вы, бабуся, хацелі, каб я ды абнімалася з дзяўчынай?
Бабка. Самі сабой адны?
Фрося. У гэтай справе трэці будзе перашкодай.
Ігнат. Мы, бабуся, ня былі адны.
Бабка. Я калі была паненькай, ох, як, у баку закалола, то баялася…
Фрося. А калі гэта было? Дый ці баяліся?
Бабка. Было, дзеткі, было — усё было.
Ігнат. У наш век, бабуся, моладзь нічога не баіцца.
Фрося. Мора па калена.
Бабка. Ну, калі так, мілуйцеся сабе, я забараняць ня буду, усёроўна ты наш.
Ігнат. Я даўно ваш. Вось толькі паеду на дзень-другі па сваякоў, і тады Ігнат сябе пакажа.
Бабка. Вось каб ты ад хваробы пазбавіў мяне, яшчэ лепш было-б.
Ігнат. А што ў вас?
Бабка. У баку баліць.
Ігнат. На курот, на курорт у Кракаў, Вену, Будапешт.
Бабка. А што гэта такое?
Ігнат. Мора, сонца і пясок. Там і бязногія ходзяць, хто і ўмірае — ажывае.
Бабка. І там можна будзе падлячыцца?
Ігнат. Маладою нават стаць.
Бабка. Не разумею як?
Ігнат. А так — маладосьць назад прываліць, сівы волас і той чарнець пачне.
Бабка. Ну, гэта ўжо ёсьць — пачарнеў.
Ігнат. Зубы новыя павырастаюць, во!
Бабка (Зьдзіўлена). І зубы? Сынок мой, няўжо гэта праўда?
Ігнат. Вы мне ня верыце?
Фрося. Бабуся, Ігнат кажа толькі праўду.
Ігнат. Вада салоная, морская, значыцца, маладою зробіць вас, замуж можна пайсьці.
Бабка. А бацюхны мае, што чую… у моры буду я купацца?!.
Ігнат. Будзеце купацца ў цёплай морскай вадзіцы, лавіць ракушак.
Бабка. А што гэта ракушкі, — селядцы ці што?
Ігнат. Ракушкі, гэта значыць ракушкі, — вось вы, значыцца, удзень будзеце ляжаць на сонцы, а ўвечары вазіцца на карусэлях.
Бабка. А што гэта за карусэлі?
Ігнат. Карусэлі — гэта спрунжыновыя коні, якія без аўса і без вады бегаюць, хвост трымаючы так.
Бабка. Гэта можна, коні — мая слабаць, любіла з моладу, люблю і цяпер.
Ігнат. Добрага дня, матуля, вам. (Тая нічога не адказала).
Бабка. Чаму гэта цябе так доўга чакаць трэба? Чалавек на агледзіны прыйшоў.
Маці. Выбачайце, мама, мяне Пётра на дарозе пераняў.
Бабка. Цяпер для Пётры дарогі сюды няма, Фрося вось чыя, ох, як у баку кальнула.
Маці. Ну, гэта яшчэ пытаньне.
Бабка. Якраз так. Ігнат мне абяцаў, што калі Фрося будзе яго жонкай, мы ўсе едзем, куды пан Ігнат.
Ігнат. Кракаў, Вену, Будапэшт.
Бабка. О, чула, катацца купацца, лячыць бок, есьці пясок і лавіць ракушак.
Маці. Усё гэта нам ня трэба, старым людзям цягацца па сьвеце!
Бабка. Дзе ты бачыш тых старых, а, па-другое, не цягацца, а езьдзіць, езьдзіць, пан Ігнат.
Ігнат. На экспрэсах-люксах.
Бабка. А няхай цябе, няхай, як скажа слова, быццам з гарматы высмаліць.
Ігнат. А што, бабулечка?
Бабка. Стань пасярэдзіне.
Ігнат. Стаю.
Бабка. Фрося!
Фрося. Я тут.
Бабка. Стань да Ігната.
Фрося. Стаю.
Бабка. Вось паглядзі, якая пара галубкоў, ну як: ганьбы няма?
Маці. Зноў вам кажу — гэта ягады ня нашага поля.
Бабка. Не дарэчы пляцеш, сядайце дзеці. (Селі).
Фрося. І чаму, мама, вы так кажаце.
Бабка. Яна ня хоча, каб дачка была замужам за такім ясным месяцам.
Маці. Ня трэба нам яснага, няхай з намі жыве той, які ня блішчыць. А вы-б, паночку, куды-б далей ад нас пайшлі. Нашто мы вам бедныя людзі?
Бабка. Ня так ужо бедныя, хіба вы запомнілі, што грошы ў мяне ёсьць?
Ігнат. З вашага дому дарога мне адна, — у вір галавой.
Бабка. О, сказаў, як пугавішчам высмаліў. Адразу відаць пана па халявах.
Фрося. Мама, калі вы пакінеце працівіцца?
Маці. Як памру, разумееш, як памру. Ты маё дзіця, я твая маці, а якое я маю права зрабіць па-свойму? Ня маю, цябе сватаюць без мяне, цябе аддаюць замуж без мяне, выганяюць таго, хто матчынаму сэрцу любы, ад нейкага часу права маткі я ўтраціла, павінна маўчаць і маўчаць (плача).
Бабка. Як ня сорам плакаць?
Маці. Бараніць сваё дзіця ня сорам.
Бабка. Ты шкадуеш Пётру?
Маці. Шкадую.
Бабка. А нам ён да нічога. Мехам дзьмуць i na кавадле біць мы з табой ня здалеем.
Маці. А ён вас прымушаў?
Бабка. Нас там чакаюць, дзе цёпла як у бані, дзе коні спрунжыновыя ды морскі пясок, ракушкі!..
Маці. Як дрэнна, калі на старасьці ў галаве спрунжыны аслабнуць (Выйшла).
Бабка. Трэба хутчэй канчаць справу, бо гэтым спрэчкам ня будзе канца.
Ігнат. Праз тры дні я палажу канец.
Фрося. Ігнат хоча паехаць па сваякоў.
Ігнат. Толькі на тры дні.
Бабка. А калі-ж ты вернешся?
Ігнат. У нядзелю раніцою будут тут, а ўвечары павязу Фросю да папа.
Бабка. А ці патрэбны на вясельлі сваякі?
Ігнат. Мая радня? Што вы, бабуля, адна ўцеха — сьліўкі, буржуа!..
Бабка. Што гэта за сьліўкі?
Ігнат. Людзі багатыя, не комуністыя.
Бабка. А калі так, давай сюды, рада іх спазнаць, а ты Фрося?
Фрося. О, я хачу, радня прыедзе — падарункаў навязе: і тут (на вушы) і тут (на рукі) дыямэнты, дыямэнты, дыямэнты!
Бабка. Трэба, трэба, люблю паноў!
Ігнат. Ну, калі так любіце, дазвольце па паноў паехаць, а з вамі адвітацца.
Бабка. Ужо і адыходзіш?
Ігнат. Адыходжу, бабуся, цягнік чакае. Вось мае паперы — білет авіяхэму, білет Мопр‘а, спраўка з Допр‘а (закашляў), пашпарт і пасьведчаньне тамажні.
Бабка. І ў цябе толькі дакумантаў?
Ігнат. Як бачыце, бабуся. Ну, Фрося, пацалуй мяне на даругу.
Бабка. Чакай, чакай, чакай — ты яшчэ маладая і цалавацца пэўна ня ўмееш, лепш я за цябе. Ну, пан Ігнат.
Ігнат. З ахвотай, бабулечка! (цалуюцца).
Бабка. Ах, як добра. Даўно не цалавялася з хлапцом. Бачыш, Фрося, як гладка?
Фрося. Бачыла, бачыла.
Ігнат (у гэты час плюнуў). Значыцца, Фрося, ня сумуй.
Фрося. Будзь шчасьліў, Ігнат, глядзі-ж не марудзь.
Ігнат. У нядзельку чуць разьвіднее — буду тут, ты будзь гатова, бывайце здаровы. Кракаў, Вена, Будапэшт.
Бабка. Шчасьлівенька, шчасьлівенька, ох, як у баку закалола.
Акт трэці
[правіць]
АКТ ТРЭЦІ
Выбягае з тых дзявярэй, дзе госьці, бабка, яна таксама ў шлюбным убраньні ў вялікай роспачы, за ёй, кульгаючы, яе жаніх Грыбоўскі, ён пьянаваты.
Бабка. Каб яны на сьвет не глядзелі, як я на іх глядзець не хачу, цьфу!..
Грыбоўскі. Гэта-ж ня людзі, а зьвяры, — маладыя яшчэ ня езьдзілі да шлюбу, а яны п‘юць, жаруць. Агатачка, альясік!…
Бабка. Ня дуры галавы (дражнячы), альясік, альясік… Чакай!…
Грыбоўскі. Дакуль-жа будзем чакаць? Сядзем, альясік, на коні дый паедзем, поп царкву зачыніць.
Бабка. А хіба-ж ты ня ведаеш, хто перашкода?.. (Выйшла з другой бакоўкі Фрося заплаканая, яна таксама ў шлюбным убраньні). Вось хто!
Фрося (села і плача).
Бабка. Гэта-ж можна звар‘яцець, гасьцей насклікалі больш як трэба, а маладога няма (да Фросі). Ну што скажаш, дзе твой малады?
Фрося. А што я могу казаць?
Бабка. Гасьцей, як сабак набілася, а маладога няма. Ужо прыехалі Грыбоўскія, Губарэвічы, Гілярэвічы, ах, каб вы ногі пакруцілі, каб з вас дух выперла. Як яны пруцца сюды… яшчэ чаго добраго ня прыедзе.
Фрося. Ня мучце вы хоць, Ігнат будзе тут!
Бабка. Дзе-ж ён, дзе? Хутка трэба да вянца.
Грыбоўскі. Трэба, альясікі і, трэба — поп царкву зачыніць.
Фрося. А хто вас трымае, можаце сабе ехаць.
Бабка. Во, чулі… ехаць, ці ёсьць у цябе розум?
Грыбоўскі. І я кажу, як-жа гэта, альясік, без цябе ехаць, калі ўмова такая была, за адным скрыпам дзьве пары зьвянчае.
Фрося. Ён трохі прыпазьніўся.
Бабка. Ён пазьніцца, а госьці раней часу жэрці пачалі, каб іх парасьпірала.
Фрося. І як можна выклінаць, — яны-ж вашы знаёмыя, самі-ж насклікалі.
Бабка. Хто клікаў сусьветных абжор!
Грыбоўскі (да вакна). Во і Памялоўскі з жонкай, і Пятухоўскі з братам.
Бабка. Каб яны ногі пакруцілі, дзе іх прыняць?
Фрося. На дварэ сталы пастаўце.
Бабка. Каб яны праўцом вочы паставілі.
Грыбоўскі. Не разумееш, альясік, што з гэтага выйдзе.
Фрося. А што?
Грыбоўскі. Другі, альясік, будзе 20 разоў п‘янець і 10 разоў цьверазець: ніколі не развяжашся.
Бабка. Гэта-ж сусьветныя п‘яніцы.
Грыбоўскі. Так, альясік, яны п‘юць, ой п‘юць!.
Бабка (да акна). Шыманскія пад‘ехалі, каб яны бокам езьдзілі, каб іх на могілкі вывезьлі. (Нэрвова ходзіць па хаце).
(Гоман, музыкі граюць марш).
Бабка (радасна). Міленькія мае, даражэнкія мае, ці вас я бачу… (цалуецца з усімі).
Госьці.1)Вітаем.
2)Віншуем.
3)Жадаем!..
Бабка. Як я рада, як я рада!..
Усе (да Фросі).1)Каб шчасьліва быць!
2)Каб доўга жыць!
3)Дзетак прыдбаць!
4)Гора ня знаць!
Бабка. Мае даражэнькія, пакуль маладога няма, хадзем на тую палавіну — крыху адпачнеце, пасілкуецеся. (Адыходзяць апроч Губарэвіча).
Губарэвіч. Кума, а две-ж малады?
Бабка. Чый мой?.. Хіба ня бачыў, гасьцей павёў туды.
Губарэвіч. Твайго я ведаю, вось чыйго мне пакажы.
Бабка. Зараз пабачыце — зараз.
Губарэвіч. Кумка, бачыш справа ў тым, — маладому пацалаваць маладзіцу да шлюбу ня можна, а нам старым выпіць па чарцы трэба, сама ведаеш, дарога вялікая, зьнібыткаваліся.
Бабка. Даражэнькі мой, каго пытаеш — мяне? Ды я за вас душу аддам! Хадзем на тую палавіну — там будзе мора разьліўное; наварылі, напяклі, нарэзалі, насеклі (на бок) — ежце, няхай вам бакі разапрэ.
Губарэвіч. І я кажу, пакуль там малады прыхарашыцца, мы самі маладосьць успомнім!…
Бабка. Яшчэ як успомнім, ой, ой!..
Губарэвіч. Я, кумка, вельмі рад, што Фрося задружылася з веруючым чалавекам, а барані, божа, зачапіў-бы комуністы — нас-бы нікога ня было!..
Бабка. Ці ліха нам дало, каб мы, ды з недавяркамі?..
Губарэвіч. Мы, значыцца, па-старому, па-царкоўнаму з папом і ўсё такое. (Ідучы да дзьвярэй). Госьці!
Дазвол ад гаспадыні ёсьць, напірай на гарэліцу, закуску!.. (Убачыў, адчыніўшы дзьверы). А, ліха вашай мацеры, яны ўжо самі пачалі. Хадзем кума. (Пайшоў).
Бабка. Во, бачылі… ах каб вас пяруны… п‘юць, жаруць, цьфу!..
Бабка (крычыць праз дзьверы). Але-ж пачакайце, пачакайце, дайце да шлюбу раней зьезьдзіць, а тады (тыя не слухаюць) хоць вам пяруны. (Пайшла ў бакоўку).
Фрося (плача).
Каваль (стаў ля дзьвярэй, Фрося яго ня бачыць).
Фрося (пабачыла).
Каваль. Я не перашкаджаю, — плач, плач; пачатак здаецца нішто.
Фрося. А хто табе казаў, што я плачу?
Каваль. Даруй, быць можа я памыліўся, але і радавацца няма чаму!
Фрося. Ты па справе да мяне?
Каваль. А так, па справе.
Фрося. Кажы, я слухаю.
Каваль. Фрося, я ў самы апошні час прыйшоў спыніць цябе. Што ты надумала?
Фрося. У чым справа?
Каваль. Вырачся гэтых ветрагонаў, я табе ня вораг.
Фрося. Дзякую за параду, але даруй — не паслухаю. Ігнат мой муж — позна.
Каваль. За каго ты ідзеш, што добрага абяцае табе гэты шлюб?
Фрося. Тое, што і кожны шлюб.
Каваль. Ты, маладая дзяўчына, павінна ведаць, што царкоўны шлюб нам не патрэбен.
Фрося. Гледзячы каму, мне патрэбен.
Каваль. Ты хіба запомніла, дзе ты жывеш, і з кім ідзеш?..
Фрося. Ведаю.
Каваль. Хіба ты ня бачыла хітрых вачэй яго, хіба ты не зразумела, што яму патрэбны твае грошы?
Фрося. Ах, Пётра, годзе табе прарочыць, не аднэй мне ён падабаецца, бабка таксама сорт людзям ведае!..
Каваль. Усе вы ветрагоны!
Фрося. Адзін ты разумны!
Каваль. Фрося, пакуль яшчэ ня позна, выракайся ўсяго, гані вон гэту мяшчанскую зграю і ідзі за мной, я цябе выведу на добрую пуцявіну.
Фрося. Ідзі сабе адзін, мне з табой не па дарозе.
Каваль. Фрося, яшчэ казаць порана, але з тых вестак, якія ў мяне ёсьць, твае жаніхі — падазроныя людзі; глядзі, каб разам з імі і ты не папала туды,
куды трэба.
Фрося. Но, но, кажы гэта цішэй, а то яны пакажуць дарогу!
Каваль. Я сказаў, што ведаў, а дакладны матэрыял прынясу пасьля.
Фрося. Можаш ня прыносіць!
Каваль. Я адыходжу.
Фрося. А хочаш, — застанься на маім вясельлі, я буду рада.
Каваль. Не, дзякую, — мне нядобра прысутнічаць на гэткім вясельлі паміж кулацкай контр-рэвалюцыйнай зграі. Мне тут ня месца.
Фрося. Як хочаш. (Выйшла ў бакоўку).
Губарэвіч. А… каго бачу — і ты тут? Як-жа гэта комуністы ды на царкоўнае вясельле трапіў, — не разумею.
Каваль. Як хочаце, так і разумейце.
Губарэвіч. У цябе, брат, вясельля такога ня будзе. Ты шлюб возьмеш пад плотам, па-бальшавіцку.
Каваль. Ну, стары, прыкусі язык, ды ідзі сабе туды, адкуль прыйшоў.
Губарэвіч. Ты не ганяй мяне, — мне пачэснае месца за сталом, а табе — ля парогу.
Каваль. Вы чулі, што я казаў? Туды!
Губарэвіч. Но, но, цішэй, брат, трохі — гэта табе ня ў кузьні: падкоўкі не падаб‘еш… Тут, брат, кулак на кулаку сядзіць… Абы гукнуў — як шухнуць: мокрае месца застанецца.
Каваль. І дурны-ж вы, як пагляджу.
Губарэвіч (замахнуўся). Маўчаць! (Каваль схваціў за карак і трымае). Ай, ай, браток. Пётрачка, пусьці, дай дыхнуць… але-ж досыць пажартаваў, пусьці… (Каваль кінуў за дзьверы ў бакоўку, сам застаўся).
Маці (паказвае на Фросю). Вось, даражэнькі мой, ты бачыш, паставіла на сваім, збылося, што ты на гэта?..
Каваль. Я ўжо казаў.
Маці. Усім кіруе шалёная бабка.
Фрося. Мама, вы не павінны так казаць, яна нас корміць хлебам.
Маці. У гэтым наша няшчасьце, што мы залежым ад яе. Каб ня гэты хлеб, я-б кіравала інакш.
Каваль. Вы ведаеце за каго яна ідзе?
Фрося. За чалавека.
Маці. Заварот мазгоў. Ня знай, ня ведай чалавека — чапляецца на шыю.
Фрося. Мама, трэба казаць праўду.
Маці. Маўчы ты, расамаха, а то я цябе… (Пётра стаў пры дзьзярах у куце, маці плача).
Выходзіць бабка.
Бабка. Я ня вытрымаю, звар‘яцею, — гасьцей як варон назьляталася, а маладога няма. (Да маткі). Ну чаго сьлініш?
Маці. Адчапіся, слухаць не магу!
Бабка. Такой бяды, ня слухай. (Да Фросі). А ты чаго нос павесіла, дзе-ж твой малады?
Фрося. Я ня ведаю.
Бабка. Каб ён сьвету ня ведаў, як я ня ведаю. (Убачыла Пётру). А… і ты тут, няпрошаны госьць, на
вясельле прыйшоў?
Каваль. А так, прыйшоў. (Гіронічна).
Бабка. Я ўжо і сама ня ведаю, гэтулькі набілася няпрошаных гасьцей, хоць ты гвалт крычы. Хіба ўжо заўтра, Пётрачка, падойдзеш, свой-жа чалавек.
Каваль. Магу і заўтра. (Гіранічна).
Бабка. Ня гневайся, мой каласок, ты апрануты зусім бедна, а тут усе людзі паважаныя, а жаніх зусім… лісьцікрат.
Каваль. Я ведаю, куды-ж мне раўняцца!
Бабка. Дык ты ўжо, Пётрачка, сайдзі з вачэй, сэрцу будзе прыямней, — менш няпрошаных гасьцей ідзі, дзеткі, ідзі. (Пётра пайшоў). Дзякуй табе божа, адным госьцем менш. (Убачыла, што абое плачуць). І што-ж гэта вы плачаце, ды абое? (Грозна). Пакінуць мне, а то я вас! (Да маткі). Ты чаго плачаш?
Маці. Душа трывогу б‘е.
Бабка. У мяне таксама душа ёсьць, а не бараньні хвост, адчувае і гора, і бяду, а цяпер, праўду кажучы, зусім спакойна, ніякай бяды ня будзе.
Маці. А дзе-ж прычына, што маладога няма?
Бабка. Я ня ведаю.
Маці. Гасьцей наклікалі, а цяпер ня ведаеце.
Бабка. Ня так ужо многа ёсьць.
Маці. А вось палічэце. Грыбоўскія, Мачульскія, Садоўскія, Пустарэвічы, Гілярэвічы, Абрамовічы, Скуратовічы ды Сьвідроўскія, а браты, сваты, а жонкі, а няпрошаных колькі нашылася!..
Бабка. Неяк ужо будзе, прыдзецца раскашэльвацца.
Маці. Вось у гэтым бяда, што весткі аб грошах далёка зайшлі; людзям здаецца, што тут фабрыка грашовая.
Бабка. Такой бяды, няхай здаецца, — тым лепш для нас. У мяне на вясельле грошы адложаны.
Маці. І ня хопіць! Вам ведама, колькі патрэбна гарэлкі, каб напаіць Мачульскага і Сьвідроўскага…
Бабка. Ну што-ж, няхай п‘юць, хоць іх разапрэ.
Маці. Лёгка казаць — няхай п‘юць! Такія-та госьці — наесца, нап‘ецца, брухам стол адсуне і толькі бачылі. Шыкуеце: людзей задзівіць хочаце.
Бабка. Што ты гэтым хочаш сказаць?
Маці. А тое, што гэты шык нам да нічога. Хто ведае як будзе? (На Фросю). Вось бачыце — няма, а яна сядзіць насупіўшыся.
Бабка. Няма, дык будзе.
Маці. Калі-б ён быў як чалавек, — ужо павінен быць. Што-ж, маё дзіця атопак? 3 мяне ня можна зьдзеквацца, я ўжо старая.
Бабка. Выбачай, я за цябе старэйшая.
Маці. А глупства робіце, і маладому не патрапіць
Бабка. Выдаць замуж Фросю, — гэта ня глупства!
Маці. Так выдаваць — гэта ня толькі глупства, а вар‘яцтва (выйшла).
Бабка. У цябе пытацца ня буду. Фрося, галубачка, дзе-ж твой малады?
Фрося. І сама ня ведаю, што сказаць, — сонца села, госьці прыбываюць, а яго няма.
Бабка. Госьці, што мухі, зьлятаюцца туды, дзе чуюць спажыву. Трэба ўсіх прыняць, хоць іх разапрэ… Вось бяда, што маладога няма, а вясельле распачалося даўно.
Фрося. Трасецца сэрца, баюся нечага.
Бабка. Нічагуткі, усё будзе добра. Калісь выходзіла і я замуж, і таксама баялася, а пасьля мужы адзін за другім як з меха пасыпаліся. (Пауза). Вось што, Фрося, каб часам табе не здавалася, што я лгала, як абяцала ў дзень вясельля аддаць і другую частку пасагу, — аддаю, прымі родная і карыстайся, тут 3.000 руб. (Дае).
Фрося. Бабусенька, якая вы добрая! (Кладзе на стол).
Бабка. Схавай, дзеткі, добра, каб часам ня ўкралі.
Фрося. О, я схаваю!
Бабка. Будзеш гаспадыня, то мужа, гаспадарку трымай у прыполе. Муж павінен цябе слухаць і баяцца, штодня прыбірай яго да рук і кіруй, як каня,
без цябе не павінен нікуды вылазіць, на другую бабу каб і вокам не маргнуў, а калі-б што ня так, трэба напужаць.
Фрося. Як напужаць?
Бабка. А так: не паслухаў, ці ў пару ня прыйшоў — валіся на падлогу, затаі дух і выдавай быццам ты самлела; ён да цябе, вады, таго, сяго, а ты
ляжы, а пасьля як ужо добра за сэрца возьмеш — з паўгадзіны паплач, падрыгай нагамі — будзе як зайчык.
Фрося. Я так ня здолею.
Бабка. А калі ня здозееш, кліч мяне. Я калі шухну, ох, як у баку закалола, усё на порах сатру. Мне не навіна — шасьцёх перажыла і сёмы раз выходжу, яшчэ пажыву, ой пажыву!
Фрося. Ой, куды вам бабулечка!
Бабка. Што куды? Ты не глядзі на сівы волас, сівы волас ліха творыць.
Фрося. Ох, як доўга няма.
Бабка. Хоць-бы бог дазволіў у тых гарадох пабываць, куды Ігнат абяцаўся завесьці… пакупацца, пакатацца, ды на пясочку паляжаць… (За сцэнай: „ура“, „за здароўе маладых“… Музыка грае марш). А, бацюхны, што яны, падурэлі?
Грыбоўскі. Агатачка, альясік, што рабіць, гарэлкі госьці патрабуюць…
Бабка. Смалы ім з дзёгцем, а не гарэлкі.
Грыбоўскі. Альясік, мы прапалі, дазволь у склеп палезьці, там ёсьць запас.
Бабка. Чакай, пакуль ня трэба, раней адбудзем шлюб, а тады. Хадзем.
Грыбоўскі. Слухаю, альлясік. (Пайшлі да гасьцей).
Сьцяпан. Панна Фрося, даруйце мне, што не ўпару трохі, але бег без памяці, каб паведаміць вас.
Фрося. Дзе Ігнат?
Сьцяпан. Што гэта ў вас за шум, — музыка, вясельле?
Фрося. Гэта госьці не дачакаліся маладога, пачалі піць. Дзе Ігнат, чаму ня прыехаў?
Сьцяпан. Ён і ня прыедзе.
Фрося. Ня прыедзе, — як так?
Сьцяпан. Скажэце, што ён вам казаў ад‘яжджаючы?
Фрося. Казаў вернецца сягоньня раніцай.
Сьцяпан. Ён ня вернецца.
Фрося. Як можа быць, адкуль такія весткі?
Сьцяпан. Я вам скажу, толькі наперад прашу ня плачце, ня рвеце сіл, весткі вельмі непачэсныя.
Фрося. Але-ж ня мучце, скажыце дзе Ігнат?
Сьцяпан. Ён уцёк заграніцу і да вас ня вернецца.
Фрося. Заграніцу, — як так? Ён-жа паперы свае пакінуў, быць ня можа! (Дае паперы).
Сьцяпан (узяў, глянуў і схаваў). А што ён у вас забраў?
Фрося. Нічога.
Сьцяпан. Даруйце, грошы ў вас былі?
Фрося. А то як-жа. Частка, што дала бабуля — на стале, а другая — у стале.
Сьцяпан. Адчыніце столік, глянем.
Фрося (глянула). Ах, грошай няма!.. (Пачала галосна плакаць).
Сьцяпан (на бок). Меціў заграніцу, а папаў у ГПУ. А што я вам казаў — памятаеце? Ён растраціў казённыя грошы і баючыся не папасьці ў астрог, даў стракача заграніцу. Ну, годзе, прыдзеце да памяці, не рабеце гвалту, людзі за сьцяной.
Фрося. Ну што я пачну рабіць, што скажу бабулі, хто паверыць, хто зразумее?..
Сьцяпан. Ня плачце, людзі ёсьць, якія ўжо зразумелі і не пакінуць.
Фрося. Я не перажыву, я загіну!..
Сьцяпан. Ня плачце, я вас ня дам у крыўду.
Фрося. Што я скажу дзе грошы, людзі асьмяюць!..
Сьцяпан. Нічога не кажэце, выдавайце, што грошы ёсьць, ды яны і ёсьць, во… а гасьцям я скажу, яшчэ ня позна.
Фрося. Позна, я загінула.
Сьцяпан. І не загінулі, іскра надзеі яшчэ ёсьць.
Фрося. Дзе-ж яна, дзе?
Сьцяпан. Утрэце сьлёзы і выслухайце хоць цяпер. Я ня прышоў вас крыўдзіць, я прыйшоў руку падаць у час бяды. Тады мне супыняў дарогу ён, а цяпер я буду гаварыць вольна. Скажыце мне шчырую праўду.
Фрося. Якую праўду?
Сьцяпан. Вы згодны быць маей?
Фрося. Што, — як?
Сьцяпан. А так, быць маей, я вас даўно люблю і рад буду мець за жонку.
Фрося. Ды як-жа гэта можна?
Сьцяпан. Абы ваша згода, а рэшта ўсё можна.
Фрося. Я ня ведаю, ці прауда ўсё з Ігнатам.
Сьцяпан. Праўда.
Фрося. Што скажа поп?
Сьцяпан. З папом я адразу спраўлюся, бачыце дакуманты ў руках. (Паказаў дакумант Ігната).
Фрося. Яны-ж зусім ня вашы, — Ігната.
Сьцяпан. Ды хто будзе разглядаць чые яны, — гарачая пара, валі валам, пасьля разьбярэм.
Фрося. Што скажуць людзі?
Сьцяпан. Гэтыя? Для іх абы гарэлка, а хто жәніцца і па якіх дакумантах — ім усёроўна. (Пауза). Я чакаю адказу. Людзі прыбываюць — я магу ехаць як стаю.
Фрося. Я ня ведаю, такія пастановы ня робяцца так хутка.
Сьцяпан. А трэба пастанову зрабіць. Вы ня ведаеце, панна Фрося, якой ганьбай будзе адклад вясельля, — бабы ачэрняць, асьмяюць, а якую-ж зробяць міну вашы госьці, калі-б ім сказаць, будзе весельля, а што скажа ваша бабка, калі дазнаецца, што грошы загінулі…
Фрося. Ды я ня ведаю, ці праўду вы ўсё кажаце.
Сьцяпан. Вы мне ня верыце? Што-ж, вам хочацца, каб я вам даказаў, што люблю… (Дастаў рэвольвэр). Глядзіце! (Прылажыў да віска).
Фрося. Што вы робіце? (Адабрала).
Сьцяпан. Я не жартую, (на бок), там ні воднай кулі няма…
Фрося. Ды вы-ж ня ведаеце, як у нас было з Ігнатам, а пасьля мяне будзеце судзіць.
Сьцяпан. Я ня мысьлю. Я добра ведаю, што Ігнат у вас забраў толькі грошы, а ўсё другое ўпарадку, — вы дзяўчына, а калі-б не — дык нічога асаблівага. Глупства.
Фрося. Ну, калі, так — я згодна.
Сьцяпан. (Хітра ўхмыліўся). Хвалю за рызыку. Герой дзяўчына! Ітак, ні матцы, ні бабулі ні слова,
толькі слухаць маей парады. О, здаецца старыя ідуць. (Фрося перайшла на другі бок. Сьцяпан спрытна схваціў і паклаў у кішэні грошы).
Бабка (радасна). Ігнат! (Агледзелася). Ой не, ня той.
Сьцяпан. Хоць і ня той, а як чую — буду госьцем, якога пасадзіце на пачэснае месца.
Бабка. Ды чаму-ж, пасаджу, але ці ня ведаеш, дзе запрапасьціўся Ігнат, каб ён сьвету ня ведаў.
Маці. Адкуль яму ведаць, — яны-ж ворагі, заўжды сварыліся.
Сьцяпан. А вось тут наадварот, — вораг ад ворага больш ведае, як хто другі.
Бабка. Ну, дык кажэце хутчэй.
Сьцяпан. Фросі я ўжо казаў.
Бабка. Кажэце і мне.
Сьцяпан. Няхай ня будзе і вам сакрэт, што Ігнат ня будзе гаспадарыць над сэрцам Фросі, бо ён уцёк заграніцу.
Маці. Ага, па-мойму!
Бабка. Ох, як у баку закалола.
Сьцяпан. Справы злажыліся дрэнна, — казённыя грошы, растрата, пагроза астрогам, ну і даў стракача. Мне ён пакінуў ліст, у якім просіць яго не вінаваціць, свая скура даражэй.
Бабка. Вось табе морская вадзіца, ракушкі і пясок. То як-жа цяпер будзе?
Маці. Я скажу як будзе, я! Гэта добра, што так здарылася. Зараз-жа паклікаць Пётру.
Бабка. Пётру, ох як у баку закалола.
Маці. Так, Пётру. Нашто нам гэты шык, нашто нам гэты бляск. (Бабка думае).
Сьцяпан. У вас дзіўны густ, — давай абы каго: то комуністага Пётру, то меншавіка Ігната.
Бабка. Я супроць комуністага, супроць і меншавіка. Ня трэба, не хачу. Меншавік… я ведаю, што гэта меншавік — гэта… ні тое, ні сёе, у яго сярэдзіны няма, а нам дзяцюк патрэбен, каб меў усё.
Фрося. Мама, прасіць Пётру ніхто ня пойдзе.
Маці. Хіба ты запомніла, што сягоньня вясельле і госьці раней шлюбу п‘юць даўно і крычаць за
здароўе маладых.
Фрося. А вы хіба запомнілі і што Пётра — комуністы і царкоўны шлюб не для яго.
Бабка. Комуністы?
Сьцяпан. Але комуністы.
Бабка. А я-ж гэтага ня ведала.
Сьцяпан. Ну дык ведайце.
Маці. Тады вясельле адлажыць. Ты, Фрося, павінна мяне слухаць.
Фрося. Даруйце, — не паслухаю. Пётра маім мужам ня будзе.
Бабка. І я кажу, — ты не для комуністага.
Маці. Вар‘яткі вы абедзьве!
Бабка. Каб ты была меншая, я-б цябе за гэтакія выразы выкінула-б за дзьверы, а так скажу — ты сама вар‘ятка.
Маці. Пустыя вашы словы, як і пусты ваш чэрап.
Бабка. Я ведаю што раблю, да цябе за парадай не пайду.
Маці. Вельмі дрэнна, калі так, аднаго не разумею — хто вы пасьля гэтага?
Бабка. Галава ў хаце.
Маці. Галава то галава, а што ў вас у галаве? — гной.
Бабка. Баба, ня лайся, трэба ведаць сорт людзям.
Маці. Прыпомніце, як самі выходзілі замуж, з маткай гаварылі?
Бабка. Я шэсьць разоў выходзіла.
Маці. Дык хочаце, каб і тут тое самае было?
Бабка. Я хачу, каб сягоньня збылося вясельле, у мяне-ж псуецца закуска (кажа гэта да Сьцяпана) сабаку не аддаць.
Маці. Закускі ўжо няма, госьці пажэрлі, а вясельле адлажэце.
Бабка. А я хачу каб вясельле сягоньня адбылося. (І гэта кажа да Сьцяпана).
Маці. Дык хіба клікнуць з вуліцы шарманшчыка і пачапіцца яму на шыю.
Бабка. Будзе ў нас апроч шарманшчыка. (Да Сьцяпана). Што вы на гэта скажаце?
Сьцяпан. А вось што, бабусенька, нашто вам шарманшчыкі, або комуністы Пётра, ці нейкі меншавік Ігнат, — Фрося не такая дзяўчынка, каб аддаваць яе ў рукі чорт ведае каму. А вы не такія людзі, каб займацца з шалухой. Я ўжо пытаўся ў Фросі і не пачуў нязгоды, запытаюся яшчэ ў вас, бо я даўно люблю Фросю. Аддайце мне Фросю.
Бабка. Вам? Ох, як у баку закалола.
Маці. Пётру сюды, Пётру! Вон ідзеце, вон!
Сьцяпан (да дзьвярэй). Ах, так?
Бабка (да Сьцяпана). Чакай, чакай. (За руку). Не верадуй, баба, не верадуй.
Маці. Пётру сюды, Пётру!
Бабка (грозна). Ты замоўкнеш ці не! (Да Сьцяпана). Чакай, сынок, чакай! (Трымае за руку).
Маці. Біцца буду зараз, вось як!
Бабка. А ну спрабуй, я калі дзьмухну… (Замахнулася). Ой, як у баку закалола. Фрося, што ты на гэта?
Фрося. Калі толькі перэчыць ня будзеце, я згодна, — выйсьця другога няма.
Маці. Ёсьць, ёсьць, — калі ня пойдзеш за Пётру, ня пойдзеш ні за каго! (Выйшла).
Бабка. Не гарачыся, не гарачыся, і ён ня горш за Пётру. Будзьце ласкавы, падыйдзіце бліжэй, я вас добра ня бачыла. (Падыходзіць, яна аглядае з усіх бакоў). Зусім падобны да таго. Не меншавік?
Сьцяпан. Не.
Бабка. Сярэдзіна значыцца ёсьць?
Сьцяпан. Ёсьць.
Бабка. А скажэце, хто вы?.. я мала вас ведаю.
Сьцяпан. Член саюзу.
Бабка. Член саюзу… ну, гэта лоўка!.. Колькі гадоў?
Сьцяпан. Дваццаць пяць.
Бабка. У бога верыце?
Сьцяпан. Веру, наш саюз верыць.
Бабка. У споведзі бываеце?
Сьцяпан. Учора быў.
Бабка. Як з гарэлкай?
Сьцяпан. Ня п‘ю.
Бабка. А вам ведама, што ў мяне ў баку?
Сьцяпан. Дух нячысты.
Бабка. Маладзец, угадаў. У мяне ў баку дух нячысты гаспадарыць, трэба яго выгнаць.
Сьцяпан. Гэта не бяда. Я да вас прышлю вэтэрынара, які з такой хваробай хутка справіцца.
Бабка. А што ён, гэты дохтар — немец?
Сьцяпан. Француз.
Бабка. Значыцца добры. Буду лячыцца тут, на мора не паеду, Фрося, падыйдзі да француза, цьфу, да мяне. (Фрося падыйшла). Ухіліся. Вось так. Сьцяпан!
Сьцяпан. Я тут!
Бабка. Ухіліся.
Сьцяпан. Рад старацца!
Бабка. Зрабі здаволены твар.
Сьцяпан. Гатова.
Бабка (да дзьвьрэй). Гэй, хто там, — кумы, сваты, музыкі, — маладых да шлюбу выпраўляць. (Выходзіць грамада гасьцей апроч маці, музыка грае, бабка бярэ за руку Грыбоўскага, становяцца з ім на калені, да Губарэвіча). Кум, благаславі!
Усе (крычаць ура).
(Губарэвіч, які выйшаў з бутэлькай — благаслаўляе, абліваючы іх гарэліцай).
Акт чацтвёрты
[правіць]
АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ
Грыбоўскі (ляжыць на зямлі, бабка зьдзірае з яго боты).
Бабка. Гультай, абібок, п‘яніца, вон! (Трымаючы боты ў руках).
Грыбоўскі. Агатка, альясік, але-ж зразумей…
Бабка. Нічога я не разумею і разумець не хачу. Вон, звадыяш, каб і духу твайго ня было.
Грыбоўскі. Але-ж прашу цябе, паслухай.
Бабка. Нічога я не хачу слухаць, басячуга, абдурыць хацеў. (Дражнячы). У мяне хатка ёсьць, загончык, зямелька ёсьць, а як даведаліся, — ані нічога няма, сьлімак, меншавік, нікчэмны! Вылазь вон!
Грыбоўскі. Агатка, альясік, куды-ж я босы палезу, ці-ж мае гады лазіць?
Бабка. На біржу вылазь.
Грыбоўскі. Куды мне на біржу, — інвалід, стары.
Бабка. А жаніцца быў не стары. Не, брат, мяне не абдурыш, — у якой справе, я не хадок, а ў гэтай, будзь пэўны… Вон!
Грыбоўскі. А што-ж цяпер рабіць, — тыдзень пажыў і вон, ну што я скажу людзям, хто паверыць…
Бабка. Я скажу, я, мне павераць, і будзь пэўны — ні адна баба ня пойдзе за цябе. Меншавік — во!
Грыбоўскі. Хоць у пятлю лезь.
Бабка. Лезь, гэта справа не мая. (Пауза). Бачылі, мае міленькія, каго яна мне пасватала, — нічога няма як у турэцкага сьвятога, а я боўдзіла раздабрухалася, боты купіла, думала праўда, багаты… (Пауза). Ці доўга я буду прасіць?
Грыбоўскі. Чаго ты, альясік, хочаш?
Бабка. Аслабаняй мне хату.
Грыбоўскі. Значыцца развод.
Бабка. Значыцца ён.
Грыбоўскі. Зусім?
Бабка. Зусім!
Грыбоўскі (сеў). Не пайду, альясік.
Бабка. Як-то ня пойдзеш?
Грыбоўскі. А так, не пайду. Мне і тут добра.
Бабка. Ды я цябе качаргой паганю.
Грыбоўскі. А ну, спрабуй, адказнасьць панясеш, альясік, я хоць і стары, але савецкі грамадзянін, спрабуй, крані.
Бабка. У сваёй хаце я з цябе магу скуру садраць.
Грыбоўскі. Чаму так многа, досыць таго, што боты садрала.
Маці. Што тут за гвалт?
Грыбоўскі. Ды вось, як бачыце, матуля, скончыўся мядовы месяц — выганяе.
Маці. Як?
Бабка. А так!..
Грыбоўскі. Садрала боты і гоніць вон.
Маці (да бабкі). У вас ёсьць розум?
Бабка. Больш як у цябе.
Маці. Як можна чалавека выганяць, дый бяз ботаў?
Грыбоўскі. І я кажу, хто гэта бачыў, каб увосень.
Бабка. Ён падманіў мяне, — казаў ёсьць хата, ёсьць зямля, а як выявілася…
Грыбоўскі. Тры аршыны.
Бабка. Во‘ чула?
Маці. Не сяромце вы людзей, сядзеце, ня вылазьце.
Бабка. Як то ня вылазіць, а карміць хлебам трэба?
Грыбоўскі. Агатачка, альясік, я сам буду есьці.
Бабка. Каб цябе моль ела. (Пайшла ў бакоўку).
Фрося (плачучы). Мама, я трачу памяць, я ня ведаю, што будзе, маё сэрца прычувае бяду, дзе мой
Сьцяпан, (абаперлася на плячо і плача), дзе мой Сьцяпан?!.
Маці. Ветрагоны вы, і больш нічога. Скакалі, скакалі і даскакаліся. Як цяпер людзям вочы паказаць. Нейкі ня людзкі шлюб і з адным і з другім і,
нарэшце, — ні аднаго, ні другога. Адзін адразу зьнік, а гэты пражыў 4 дні, таксама згінуў.
Грыбоўскі. Затое я нікуды ня згіну, мае вы альясікі.
Фрося. Мама, можа з ім што здарылася?
Маці. Здарылася, здарылася. Праўду казаў Пётра каваль — гнаць, гэтых сьвістуноў. Ні яго, ні мяне ня слухалі, старую вар‘ятку паслухалі, а яна вам натворыць — будзеце рады. У яе шэсьць мужоў перабывала.
Грыбоўскі. Але — звычайная рэч.
Маці. А можа і больш.
Фрося. Ну, як можна так казаць, яна-ж вам матка.
Маці. На сухі лес такіх бацькоў. Усё-ж не палюдзку зрабіла — і маё жыцьцё скаламуціла і тваё асароміла, дом прадала, хавае грошы па куткох, а пацукі точаць, цьфу! (Выйшла).
Грыбоўскі (за ёю). Чакайце, чакайце, альясік, што вы сказалі? (Пайшоў).
Фрося. А што, калі Сьцяпан мяне кінуў?.. (Плача).
Бабка (аглядаецца). А дзе-ж гэты марцовы жаніх?
Фрося, дзеткі, ты ўсё плачаш. Скажы, дзе-ж твой муж, гэта ўжо чацьверты дзень як згінуў.
Фрося. Адкуль я магу ведаць.
Бабка. А можа-б ты пабегла да начальства і распыталася.
Фрося. Дзе мне шукаць таго начальства, пачакаю, можа прыдзе.
Бабка. Ох, ох, трывожыцца нешта і маё сэрца, абмінула Пётру, а цяпер сама шкадую — гэтакі хлапец, а тут з поля вецер, два зайцы. А грошы, Фросечка, ты добра захавала?
Фрося. Грошы ўсе пры мне.
Бабка. Глядзі трымай, я больш табе нічога даць не магу, вясельле шмат каштавала, а рэшту пацукі
зьелі.
Фрося. Мне больш нічога не патрэбна.
Бабка. Найбольш я сярдзіта на Ігната. Абяцаўся лячыць, купаць у моры, вазіць на спрунжыновых конях, а як прыйшлося — нічога гэтага. (Перадражнівае). Бок вылячу, ракушак налаўлю, каб ты шалёных сабак лавіў, прахвост. А Сьцяпан таксама салгаў, абяцаў доктара-француза прыслаць i ня шле. (Пауза). А ты ведаеш, Фрося, быць можа ён да таго доктара пайшоў і ня ведаючы мудронага прозьвішча, — шукае. Ня сумуй, Фрося, ня плач, можа ўсё добра будзе, з людзей маладых рэдка хто гаспадар слова бывае. Была і я маладая, шасьцярых мужоў мела, — раней плакала, а пасьля за розум узялася, круціла як хацела, вось і цяпер ганю вон, меншавік… Пакінь сумаваць, хадзем на полудзень — учарнела. Сьцяпан нідзе дзенецца, прыйдзе. (Пайшла).
Фрося. Што будзе, што будзе, я павінна лгаць, што грошы ёсьць, калі і званьня іх няма (Выйшла).
Каваль. Якраз няма нікога, прыдзецца хвілінку пачакаць.
Агент. Мне-б маладую апрасіць, ды свацьцю залавіць, а са старой гаварыць ня варта.
Каваль. Усіх вось зараз папытаем. (У акне ўбачыў). А вось, лёгкая на ўспамін, свацьця ідзе.
Агент. Во, гэта добра, яе адразу за манішку.
Каваль. І дзеля гэтага ты на хвілінку захавайся, а я застануся тут. (Агент і міліцыянэр схаваўся, а Пётра сеў, падпершы галаву).
Свацьця (прыглядваецца). Нічога не разумею, што тут парабілася? Людзі кажуць адно, а тут — другое. (Падыходзіць). Калі ня мыляюся, пан Пётра?
Каваль. Я ня пан, нашто такая далікатнасьць. Я каваль.
Свацьця. Ну і што-ж, жыві здароў.
Каваль. Што-ж вам патрэбна ад мяне?
Свацьця. Ды так, нічога не патрэбна. І сама ня ведаю, каму верыць, хто-ж нарэшце муж?
Каваль. А хто для вас выгадней?
Свацьця. Для мяне ўсёроўна.
Каваль. А можа розьніца якая і ёсьць, скажам між Пётрам кавалём і панічамі, — панічы, нябось, абяцалі, а Пётра — не.
Свацьця. А дзе-ж тыя панічы?
Каваль. Што сьлед утрацілі і пэўна ня ўсё атрымалі за факторства?
Свацьця. Аб тым то ідзе, што нічога не атрымала, — абяцалі прахвосты і не далі.
Каваль. А многа належылася, брахала як сучка.
Свацьця. Як можна так абражаць кабету?
Каваль. Біць трэба.
Свацьця. Выбачайце, мне няма часу. (Хоча адыходзіць, але агент і міліцыянэр засланілі дарогу).
Агент. А ну, цётка, пачакай, гаварыць зараз будзем.
Свацьця. А бацюхны мае, аб чым мне з вамі гаварыць зараз? (Хоча выйсьці).
Агент (да міліцыянэра). Вядзі яе ў міліцыю!
Свацьця. Браточкі, дарагія, за што, мусіць нехта набрахаў, я-ж ваша ўся, сэрцам i душую за савецкую ўладу. (Павёў).
Агент (стаіць ля дзьвярэй і піша).
Абое (зьдзівіліся і сталі).
Бабка. Што-ж гэта значыць, гэтулькі гасьцей у нас, — і Пётра тут. Вось добра, Пётрачка, а мы цябе чакаем, ты цяпер патрэбен нам…
Каваль. Затое вы мне не патрэбны.
Грыбоўскі. Вось гэта я разумею. Лоўка, альясік.
Агент. Дзе ваша дачка?
Бабка. Нашто яна вам?
Агент. Мне патрэбна яе апрасіць.
Маці. Фрося дома.
Агент. Дзе яе мужы?
Бабка. А ня ўспамінайце, — няма, абодва згінулі.
Агент. Калі яны згінулі?
Бабка. Адзін адразу зьнік, а другі 4 дні ўжо.
Грыбоўскі. — Мусіць паўцякалі, альясікі.
Каваль. Дзе ваш пасаг? (Пауза). Ну пасаг, 6000 рублёў. (Кажа гэта са сьмехам).
Бабка. Як дзе, у Фросі… гэта яе грошы.
Каваль. Вялікая памылка, — грошай няма, яны згінулі.
Бабка. Як-то згінулі? (Праз дзьверы слухае Фрося).
Каваль. Праўда, цяжка было дазнаць пляны бліскучых вашых панічоў, але Пётра каваль дазнаўся. Вашыя грошы згінулі! Калі для вас яшчэ сакрэт, дык знайце, — 3000 рублёў украў першы жаніх — Ігнат, а другія 3000 рублёў сьцягнуў другі жаніх — Сьцяпан. (Рагоча).
Бабка. Кажы, хто налгаў табе?
Маці. Няўжо гэта праўда?
Каваль. У маіх руках пэўны матэрыял, — Ігнат сьцягнуў грошы, пакінуў чужы пашпарт, падаслаў другога, а яго падручны жаніўся па яго пашпарце, сьцягнуў другую частку грошай. Вось, перад вамі яго дакуманты. (Чытае). „Апреля, 10 дня 1927 г., павянчан первым браком Ігнатий Сиверцов з мещанкой Ефросиньей Дыбовской“. Вышла так, што прахвост прахвоста ажаніў будучы абодва жанатымі. (Рагоча).
Грыбоўскі. Во гэта альясікі.
Бабка. Майтачка найсьвенша, што прышлося чуць!..
Маці. Бедная мая дачушка, бедная сіротка.
Каваль. Ну што, гладкая работа, га?
Бабка (плачучы). Ой, гладкая, ой, работа!..
Грыбоўскі. Гладзей і быць ня можа.
Каваль. Але гэтага мала, вашы жаніхі апроч таго, што заграбілі вашы грошы, — вашых не шкада, туды ім і дарога, ня трэба было трымаць у хаце, — заматалі яшчэ грошы дзяржаўныя і зьвязаліся з
контр-рэволюцыяй, яны абое арыштаваны.
Бабка. Лепш-бы мяне забіў гром.
Грыбоўскі. І я кажу, куды лепш было-б.
Каваль. Ну, кажэце, дзе Фрося?
Бабка. Фрося там. (Паказала на галоўныя дзьверы).
Каваль (да агента). Хадзем сюды. (Пайшлі).
Маці. Вось бачыце, да чаго вы нас давялі сваім зухвальствам, — засталіся бяз грошай і толькі дзіця аганьбілі — прадалі. (Вышла ў галоўныя дзьверы).
Бабка (плачучы). І мяне аганьбілі, прадалі…
Грыбоўскі. Цяпер, альясік, хоць бы ты мяне прасіла — не застануся, — няма ў цябе грошай, няма і мяне. (Пайшоў). Шукай сабе другога.
Бабка. Дзе-ж мая сьмерць, нашто зямля трымае мяне, нашто ногі носяць мяне, на старасьці гадоў засталася, як убогі пад крыжам, без капейкі, усе мае грошы ляснулі, апроч гэтых, што пацукі зьелі. (Кінула аб землю). Павешуся!.. Павешуся!.. (Узяла вяроўку і пайшла ў галоўныя дзьверы).
Фрося. Чула і зразумела ўсё. І мне выхаду няма. Павешуся!.. (Узяла вяроўку і пайшла у бакоўку).
Каваль. І сам ня ведаю куды-ж яна падзелася. Хацеў паслухаць, што яна скажа, а затым, няхай прыдзе даведацца сваіх мужоў.
Агент. Ці варта нам шукаць яе, выклічу — сама прыдзе, там дапрос зьніму.
Каваль. Ваша справа. (Паднімае грошы, што пацукі паелі). Во, бачыў! (Абое сьмяюцца). Праца пацукоў!..
Агент. Цяпер, брат, гэта часта-густа, цемната наша, цемната.
Каваль. Як ведама тысяч пяць пагрызьлі пацукі…
Агент (сьмяецца). Хадзем! (Выйшаў у галоўныя дзьверы).
Каваль. А ну, гляну яшчэ сюды. (Убачыў за дзьвярыма Фросю, што яна чапляе на шыю вяроўку). Фрося, ты што гэта! (Пабег туды і зараз-жа вядзе яе з вяроўкай на шыі назад). Вось бачыш, мае словы збыліся. (Здымае з шыі вяроўку).
Маці. Пётрачка, ратуй, бабка павесілася. (Пабегла назад).
Фрося (хацела было бегчы, але Пётра затрымаў). Няхай вісіць, адной вар‘яткай будзе менш.
Маці (пасадзіўшы яе). Здурэла баба, дальбог здурэла.
Бабка. Вось табе ракушкі, вось табе пясочак і спрунжыновыя конікі.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.