Вершы спадзявання

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вершы спадзявання
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924—1925
Крыніца: http://litby.com/stihi/zhylka/243-zhylka-014.html


                    I

Ля ног тваіх маўчаць трывогі
І думкі маліцвенна-строгі,
Як мнішкі белыя гурбой
Ў цішы пуціны лесавой,
О, соладка ля ног тваіх,
У плашч чароўнасці адзеты,
Схіляюцца красою кветы.
І вецер сіверны заціх.

Бязбурны дзень — вачэй затокі,
Яны празрысты і глыбокі,
І ясны, як вясны палон,
Іх лёгкі, ціхамірны сон.
Мне люба сніць (бязбурны дні!)
Аб шчасці гэткім квола-крохкім
І веславаць лятункам лёгкім
Па крышталёвай глыбіні.

О мармур светлага чала
Пад пасмамі глухой завеі!
О тонкіх рук, о рук лілеі,
Што не чынілі справы зла!
О хараство зялёнай пальмы!
Ты ўся звініш напевам псальмы,
І росных траваў родны пах
Кадзіць на твой азурны шлях!

Якая слабасць і спакой,
Якая дзіўная суточнасць —
У свет нясці адну пяшчотнасць
І ўсё змагаць адною ёй.
А мне маліць — мая Марыя,
Прымі малітвы маладыя
І яснасцю душы тваёй
Маю пахмурую напой.



                    II

               Яна пяе

Ах, што ведаю я, што змагу, —
Чую ў сэрцы вясёлку-дугу;
А дзявоцтва гады, як прадвесне, —
Як крыніца, звіняць на лугу,
Разліваюць вясёлыя песні.

Ах, што ведаю я, што пачну, —
Мляўкі пах ап’яняе вясну, —
А ў садку маладых летуценняў
Усё кветы, куды ні зірну,
Усе кветы ў вабоймах праменняў.

Ах, што ведаю я, што ільга, —
Гэта сэрца стрымаць немага,
Ў ім і кадзіва сноў, і ўздыханні,
А ружовая хмарка-туга
Росціць любыя ружы кахання.

Ах, што ведаю я, што зраблю,
Не схаваць мне таго, што люблю,
Не ўтаіць сарамязліва-квола,
І хацела б згубіць, не згублю…
Сэрца, сэрца, не біся вясёла!



                    III

Жыццём, жыццём, як хісткай кладкай,
Бурліцца, пеніцца вада…
Ты нада мною вееш згадкай,
Мая ж няроўная хада.

Як месяц, воблік гэны бледы,
І жах бязлітасна жане.
Куды? Навошта? — скуль мне ведаць?
Мой лёс злажылі без мяне.

Пусцілі — йдзі (жыццём, бы кладкай!),
Пакутуй гэтта, хоч не хоч.
І вось, нядужы над загадкай,
Я паклякаю ў цемру, ў ноч.

І каб не сны ў душы прапаснай,
Які б ён — сэнс таго быцця,
І каб не ты з усмешкай яснай,
Усмешна-ясная мая!



                    IV

Ты спыніла мяне каля дзвераў,
Ўзнікшы ў памяці зоркаю вернай.
Я ў збавенне маё не паверыў,
І спусціўся па сходах таверны.

На абрусах тут брудныя плямы,
І сумота ў піяцкім абліччы:
Мне не выпаўзці з гэтае ямы,
Не паслухаць далёкага клічу.

Ты жыццём, нібы жытняй мяжою,
Паступаеш свабодна і пэўна,
Я агорнуты снежнай імглою, —
На шляху маім вее завеўна.

Над табою блакітнасці келіх,
І ў вачах тваіх ціхая яснасць,
Я прыношу апошні мой шэлег,
Каб заліць гэту злую напаснасць.

Не схаваю свядомасці млоснай
Ад цябе, незраўнанага, баю:
Раскрыжованы доляю злоснай,
Як жа душу маю захаваю?



                    V

Памятаеш ты помны той вечар?
(Я яго захаваў назаўсёды.)
На трывогу здзічэла дзьмуў вецер,
І крывавілі раны заходу,

          Нібы волата сэрца прабіта
          І крывёй яго неба заліта.

Я казаў аб зямным бытаванні…
О, так горкай свядомасці мова!
О духота, глухія ўспрыманні!
Яно грукае, цяжкае слова,

          Як віхура аб шыбы, завейна,
          Як цвікі да труны, безнадзейна.

Вечар доўгі згараў хварабліва,
Доўга падалі словы-каменні,
Ты ўважала спакойна й маўкліва
І няўзрушна была у цярпенні.

          І як сціх я, была бестрывожна,
          Як шляху свайго пэўны дарожны.

Падышла і схілілася: «Годзе!
Супакойся, маё небарача,
Гэта толькі тваё ліхагоддзе
Усміхнулася дзіка й лядача».

          Ціхамірнага часу над намі
          Спеюць радасці светлымі днямі.

                    VI

Маіх надзей вясёлых кветы
Паталі з горыччу на дне
У бурным, як юнацтва леты,

          Ў глухім віне.

І вось, здаволены сабою,
Здаволіў я маю душу,
І ні збавення, ні спакою

          Я не прашу.

Няхай для іншых сны аб шчасці,
Няхай збаўляюцца, чым хоч,
Віно — мне ўцехай у няшчасці

          І маткай — ноч.

Нашто ж хадой прыйшла ўрачыстай,
Нашто ты, светлая, прыйшла
Ў сваёй апратцы снежна-чыстай

          Ў прытулак зла?

Ты ззяеш яснасцю і светам,
Тваё няўхільна хараство.
Нашто ж табе піяк адпеты

          І гэткі во?

Нашто хвалюеш і трывожыш?
Нашто заве пагляд святы?
Ў жаноцкай кволасці што можаш,

          Што можаш ты?

Нашто спяваеш так высока?
Аб недасяжным спеў нашто?
Перад прысуду страшным вокам

          Ці ўстоіў хто?

Нашто спынілася на шляху
Маіх трывог, маіх завей?
Зямных загуб, зямнога жаху

          Ці ты дужэй?



                    VII

Ледзь знаёмы пачуецца гук,
І туга, і хаўтурнае змоўкне галошанне.
О лілеі пяшчотныя рук,
Мая радасць і дзень уваскрошання!

Спадзяваннем апошнім ты так неспадзевана
Зазіяла ў маёй цішыні.
А я думаў, што ўсё пераспевана
І даспеваны гэтыя дні.

Варажы ж, варажы невымоўнае бачанне!
Мне звінець і звінеці мацней.
Будзе ноч немінучая — страчанне
Тваіх рук незраўнаных лілей!



                    VIII

Няма збавення
Апроч пекнаты.
Ў маім маленні
Адзіная ты.

Адной між дзеваў
І верных жанок
Высокіх спеваў
Адвечны зарок!

Прамень світання
І сонечны госць,
Людзей вітання
Ты вартая ёсць!

О, будзь хвалёна,
Вялічана будзь! —
Табой збавёны
Не вызнае жудзь.

Малю й гукаю
Ў няўхільную сінь:
— З тугой адчаю
Мяне не пакінь!

Ў баі жыццёвым
Адвагі прыдай,
Надзеі словам
Мяне прывітай.

Пакліч павеўна
І радасць разлі,
Дазволь мне пэўна
Ступаць па зямлі.



                    IX

Калі змрочнасць ахутвае цьмяная
Ціхавейнаю хусткай утомы
І рука яе, ў суцень прыбраная,
Зацірае ўсе рысы й зломы;

І калі цішыня нерухомая
Заплятае на сон свае косы
І на кветках красой невядомаю
Заблішчаць пераліўныя росы, —

Я хачу вам сказаць далікатнае,
Што, як вашы лятунні, — люботна
Уздыхнуць і згадаць невыдатнае,
Што гучыць без тугі, бесклапотна.

Як дзяцінства гады незваротныя,
Тыя гукі, што родзяцца ў цішы;
Як вады плюскатанні пяшчотныя,
Чараванне тых слоў закалыша.

І ушчэнт закаханасці поўныя
І таго, што не выкажаш мовай,
Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае,
За рубеж чалавечага слова.

Блізасць гэткая шчэ не запісана,
Хоць для сэрца ад веку радзіма.
Немагчымасцю сэрца ўкалысана,
Немагчымае блізка й магчыма;

Калі росы, як пэрлы срабрыстыя,
На лістках і на травах так густа;
Калі змрочнасці ціхай празрыстая,
Легкавейная, кволая хуста;

Калі мяккасцю фарб незвычайнаю
Задрамала лагоднасць над светам;
Калі сувяззю вечара тайнаю
Ноч суточана з днём яснакветым.



                    X

Апошнія косы,
Халодны — «бывай!»
Пасеялі росы
І зніклі за гай.

Як сум без імені,
Па твары зямлі
Пабеглі паўцені
І смугай ляглі.

А ноч, чараўніца,
За днём па сляду,
Далёкай зарніцай
Мільгнула — «іду».

Ад сонца цалункаў
Зямелька п’яна,
І змрок падарункам
Прыняла яна.

І радая ночы,
Што паліць агні,
Ледзь чутна шапоча:
«Вазьмі, палані!»

І тайнасць прасторы
Завесіць імглой,
І дальнія зоры
Засвецяць над ёй…



                    XI

Ў прыродзе так светлы
Змярканне й рассвіт,
Так просты, так ветлы
Спатканне й развіт.

А нам з табой смутна
Ў каханні сваім,
І радасць магутна
Не ўзлеціць над ім.

Палючы і хмуры
Агонь нас апёк,
І палкасць натуры
Хавае наш зрок.

«Умерці» — мы тоім
Ў глыбі нашых воч.
«Умерці абоім
У гэтую ноч».

І моцы жадання
Асіліць не нам;
Ахвяру змярканню
Людскую аддам.

Хоць спуджаным будзе
Крык з вуснаў тваіх,
Як любае грудзі
Прытуліць жаніх.

Зашэпча прастача
Шаўкоў тваіх бель,
І будзе гарачай
І душнай пасцель.

А белая рожа
У пасмах валос
Самоты не зможа
І звяне без слёз.

(1924—1925)