Перайсці да зместу

Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924)/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VII. Бог VIII. Элемэнты хрысьціянства ў беларускіх народных творах
Фальклёрная праца
Аўтар: Якуб Колас
1924 год
IX. Нячыстая сіла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII.

Элемэнты хрысьціянства ў беларускіх народных творах.

Не хачу быць тэндэнцыйным і аднабокім у маёй маленькай характарыстыцы аб рэлігійнасьці беларускага селяніна. Пэўная частка нашага сялянства пасвойму пераняла хрысьціянскую ідэолёгію, але пераніцавала гэта на свой «паганскі» капыл. Ёсьць у нашай народнай творчасьці шмат духоўных вершаў, апокрыфаў, бэтлейка, «тры каралі» і іншая прынесеная к нам рэлігійная літаратура, якая распаўсюджвалася каталіцкімі езуітамі і школьнікамі-бурсакамі. Творы гэтыя былі лёгкія па зьместу, так што часьць няграматнага сялянства выучыла іх напамяць. Разумеецца, пры гэтым дазвалялася пераробка і ўласная імпровізацыя. Такім чынам, усе гадавыя народныя «паганскія» песьні і казкі маюць на сабе слабы нанос хрысьціянізму, але гэта так усё пераблутана з культам працы і прыроды, што цяжка часам прыкмеціць, дзе канчаецца адно і дзе пачынаецца другое.

Хрысьціянствуючыя сярод народнай гушчы на Беларусі дзеляцца на тры часьці 1) вандруючыя кустарныя духоўнікі старцы, 2) бэтлейшчыкі і хаджэньне з гвяздай і 3) абрадавыя гадавыя песьні дахрысьціянскіх сьвят, якія сьпяваюцца па вёсках на коляды, вялікдзень і г. д.

1) Старцы-жабракі, сьляпыя лірнікі, — гэта людзі, выкінутыя жыцьцём, ці дзеля свайго гультайства, ці дзеля фізычнага калецтва за борт вясковага дабрабыту, якія вандруюць па хатах, сьпяваюць „Лазара“, моляцца на рынках ці пад касьцёлам „за душачкі“, за што вясковы люд іх нагараджае грашыма і дабром. Гэта, так сказаць профэсыяналы-напоўдухоўнікі, якія налаўчыліся рознымі спосабамі выманіваць у вясковай бабы яйцо, кавалак лёну, сала і хлеба. Пры выпадку яны займаюцца і зладзействам. Яны яшчэ дзеляцца на касты: „бедныя“ і „багатыя“. Бедныя ходзяць пехатой і ўсе свае бэбахі трымаюць на плячох у торбах, а багатыя разьяжджаюць на конях, і «скарб» свой возяць на вазох. Некаторыя з іх маюць свае хаты, кавалкі зямлі. Яны маюць сваё духоўна-жабрачае прызваньне за заробак. Некаторыя з іх нават граматныя, — „кантычнікі“ (галоўным чынам з каталікоў), якія заўсёды з кантычкі чытаюць малітвы пад касьцёлам. Часам папы і ксяндзы коса на іх пазіралі, лічачы іх чуць не конкурэнтамі. Вось гэткія „вандруючыя духоўнікі“ імпровізавалі малітвы на беларускі лад. І з імі, як з болей даступнымі і як з беднымі людзьмі, народ наш і меў стасункі. Яны і кармілі народ вясковы мякінай хрысьціянскага духоўнага хлеба.

2) Бэтлейшчыкі — гэта былі гарадзкія местачковыя мяшчане-рамесьнікі, шаўцы, краўцы і г. д., якія давалі спэктаклі па гарадох, мястэчках і вёсках Беларусі. Рэлігійная частка бэтлейкі была бадай-што парасійску і мала цікавіла нашых сялян. Цікавіла іх болей усяго жартаўлівая, бытавая частка, якая па зьместу далёка была ад рэлігійнасьці. Бэтлеечныя прадстаўленьні скончылі сваё існаваньне ў нас у пачатку гэтага сталецьця.

3) Абрадавыя песьні хрысьціянскага характару ў нас таксама моцнага грунту пад сабою ня маюць. Гэта ёсьць тыя самыя „паганскія“ песьні з недарэчнымі дадаткамі, як прыпеўкі, імён хрысьціянскай тройцы і цэлай плоймы сьвятых. У гэтых абрадавых песьнях сялян ня так моцна цікавілі папоўскія багі, як тое, каб было:

«У торпах укладна,
На таку ўмалотна,
Ў арудзе прысыпна;
У печы прысушна,
У млыне прымолна,
Ў дзяжы падыходна,
У печы румяна,
На стале сытна,
У сям‘і сьмірна!»

(З вялікоднай песьні. „Бел.сборн.“ вып. III Раманава).

Ня дзіва, што па Беларусі рэлігійныя часткі абраднасьцяў адпалі, а асталіся толькі чыста «паганскія», г. з. у народных песьнях па нашых вёсках фігуруе толькі быт ратая і культ Працы.

Нельга сказаць, каб слаба-хрысьціянскія „цёмныя“ элемэнты беларускага сялянства былі зьверападобнымі, антыморальнымі і несправядлівымі людзьмі. Наадварот — яны не заразіліся хвараблівай псыхікай рэлігійнага чалавека, які кожын дзень грашыць і богу моліцца, які стараецца як найболей натварыць злых учынкаў, каб потым папасьці ў рай праз пакаяньне, які займаецца крадзяжом і грабествам, а выкупляецца ў бога хабарамі і гасьцінцамі, як у воласьці гарэлкай.

На такіх дзівадлаў-сьвятошаў мы знаходзім крытыку ў нашых народных казках. У зборніку Сержпутоўскага знаходзім казку аб тым, як адзін забіў падарожнага, які начаваў у яго хаце. Справа гэта выкрылася з тае прычыны, што знайшлі ў забойцы мясныя піражкі, якія суседзі бачылі ў таго падарожніка. Калі запыталіся ў чалавека, чаму ён ня зьеў піражкоў, каб сьледу не пакідаць, дык ён адказаў, што была серада, а ў сераду ня можна есьці скаромнага. Вось да чаго часам рэлігія даводзіць чалавека: з аднаго боку ён шчыра верыць у дурны рэлігійны забабон, а з другога боку ён не баіцца грэху забіць чалавека. Рэлігійны забабон — частка яго штодзённага жыцьця, убітая ў яго мазгі дохоўнікам праз пастаянныя казаньні. А што тычыцца выпадковага грэху, дык тут заўсёды ёсьць выхад: падзяліў частку сваёй здабычы паміж духоўнікам і богам — і чысты ад грахоў…

Чалавек пакаяўся ў грахох сваіх, і справа з богам пакончана. Дзеля агітацыі духоўнікі розных рэлігіяў трубілі аб пакаяньні вельмі голасна праз свае ярыхонскія трубы.

„Адзін каяньнік даражэй перад богам ста праведнікаў“ — кажа хрысьціянская рэлігія. „Тое, што даступна каяньніку, недаступна і праведніку“ — кажа аналёгічна жыдоўская рэлігія.

Спачатку гэты кліч да пакаяньня магчыма быў зусім шчыры, але кепска ён адбіўся на людзкой псыхіцы: рэлігійныя правадыры самі падаюць повад да ўчыненьня грахоў. Раз каяньнік даражэй у бога за праведніка, дык ясна, што няма нічога лепшага, як грашыць і каяцца. Тут прыемнае з карысным злучаецца ў адно. Выігрываюць і парафіяне і духоўнікі. Парафіянін прыходзіць да „духоўнага бацькі“ з пакаяньнем, а „духоўны бацька“ за грошы адпускае яму грахі. За грошы дастаеш пропуск у рай. Нічога сабе крамка!

Рэлігійная псыхопатыя тварылася тысячалецьцямі і калечыла чалавечую натуру. Рэлігійны фанатык лічыць за добрую дзею перад сваім богам зьдзекавацца над „недавяркам“ — над чалавекам іншай веры. Гэта рабілі крыжакі, гішпанскія інквізытары, Магамэт і інш. З агідай да чужых адносяцца фанатыкі жыдоўскай веры, дзікія паступкі вытвараюць польскія «дэвоткі», якія прымаюць самы гарачы ўдзел у жыдоўскіх пагромах.

Пішучаму гэтыя радкі здарылася бачыць гэткую карцінку. У часе польскай окупацыі я аднаго разу ў сьвяточны дзень праходзіў каля новага касьцёлу ў Менску. Пад касьцёлам доўга і набожна кленчыла адна старая бабулька. Падняўшыся на кійку, яна прыкмеціла мяне і пачала са мной гутарыць: „Мне ўжо 80 гадоў. Дачакалася я тэй шчасьлівай хвіліны, калі цэрквы перарабляюць на касьцёлы. Хацела-б я перад сьмерцю пабачыць, як выражуць усіх жыдоў у Менску. О, каб пан Езус мне даў гэткае шчасьце“… Пры гэтым яе вочы на старым, зморшчаным твары зьялі ад натхнёнай шчырай набожнасьці. Або леташні судзебны процэс рабіна з Нова-Маскоўскай вуліцы, які ўкінуў труп памёршай кабеты ў кватэру „грэшніцы“, дзеля грахоў якіх людзі паміраюць.

Такіх прыкладаў набожнага псыхозу знойдзем і па сягонешні дзень на кожным кроку. Гэта ўсё выгадавалася ў царквох, сынагогах і касьцёлах; выкавалася ў псыхіцы фанатыкаў зьвярыная ненавісьць да чужых людзей.

У беларускага селяніна вялікай рэлігійнасьці няма. Аб духоўніках, богу і сьвятых ён у сваіх байках апавядае з кплівасьцю і гуморам, як аб нейкіх чужых істотах, якія яго зусім ня тычацца. А калі гэтыя сьвятыя істоты маюць дачыненьня з яго дабрабытам, дык кажа аб іх (аб папох і ксяндзох) нават з нянавісьцю. Наогул, сярод беларускага сяляства хрысьціянскія міфы ўжо даўно перайшлі ў стадыю забаўных баек для маленькіх дзяцей.