Перайсці да зместу

Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
V. Сьвятыя VI. Неба і пекла
Фальклёрная праца
Аўтар: Якуб Колас
1924 год
VII. Бог

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI.

Неба і пекла.

Папы і ксяндзы ў вельмі яскравых хварбах малявалі з «сьвятых амбонаў» перад працоўным людам падробную архітэктуру неба і пекла з усімі іхнімі падрабязговымі абстаноўкамі, вось як-бы толькі яны самі стуль прышлі. Пужалі непаслухмяных духоўных авечак сваіх за грахі — за непашану бога, цара і пана, страшным судом, які маляваўся ня толькі ў гарачых словах духоўніка, але на сьценах «божых дамоў» чуць не з натуры праўдзівымі страшнымі малявідламі. Але, як гарох аб сьцену, удараліся гэтыя казаньні аб розум селяніна. Вока яго таксама ня пужалася размалёваных сьцен. Гэта ўсё служыла беларускаму баечніку лішнім матар‘ялам для сьмешных казак. Шмат цікавых казак злажыў наш народ аб тым, што робіцца на тым сьвеце, як мужык-парабак запрагае свайго пана, сьцёбае яго пугай і возіць на ім смалу Люцыпару ў пекла і г. д. Болей усяго ў вандроўку на той сьвет наш беларус выпраўляе «адважнага маскаля», бо сам ён, беларус, чалавек ціхі і спакойны, заняты працай у сваёй гасподзе ці на полі і ня мае часу швэндацца. Вось сюжэт аднэй з такіх баек (зборнік Сержпутоўскага), дзе апавядаецца аб тым, як маскаль пашоў у чужы край і там заблудзіўся. Дабраўся ён да тога месца, дзе канчаецца зямля. Прылёг адпачыць. Тымчасам зышлі з неба два анёлы і панесьлі яго ў рай. Нудна яму ў раі зрабілася, бо ня мог ён там сядзець ціха, як «намалёваны сьвяты». Пашоў ён шукаць, дзе весялей, і ўпаў у пекла.

Ось падходзіць к яму якісь паніч.

— Ці няма чаркі гарэлкі? — пытае маскаль.

Паніч даў яму гарэлкі. Таксама даў маскалю тытуну і люльку. У пекле весела сьпявалі і скакалі.

І астаўся маскаль у пекле, дзе ўсё «пекне», ня хоча ў неба, бо там вельмі ўсё сьвятое, а «чалавек грэшны».

Тут адбіваецца натуральны сьветапогляд нашага селяніна, які ня любіць сядзець бяз дзела, бяз руху ў «райскай асалодзе», «як намалёваны сьвяты». Яму дай лепей пекла, бо ён ня болей ня меней, як «грэшны чалавек». Ён любіць працу, хоць у пекле смалу вазіць для паноў, а пасьля працы чарка гарэлкі і люлька з тытуном важней для яго, чымся малітвы гультаёў і чаму ў вольную гадзінку, пры вясёлых сьпевах і музыцы, не паскакаць добраму чалавеку хоць і на небе, як на вечарынках у вёсцы? А працоўны чалавек любіць музыку ў часы адпачынку, любіць моцна…

Беларус у другой байцы выпраўляе старога дудара на неба. Дудар грае лявоніху перад богам і зачароўвае ўсіх жыхароў неба. Бог яго вельмі хваліць і прапануе вандроўцу-дудару вялікую пасаду — быць капэльмэйстрам пры нябесным божым дварэ. Пасада, праўда, пачэсная. Але беларускаму дудару мілей за неба родная зямелька: лепей паміж бедных ратаяў у родным, мілым краі жабраваць і цягацца ад вёскі да вёскі ў сьпякоту ці непагоду, чымся на небе быць пачэсным асэсарам… Лепей пацяшаць сваёй песьняй гаротных «грэшных» людзей, чымся забаўляць на небе божых сьвятых гультаёў.

Як увесь беларускі народ, таксама і яго старац-дудар ня любіць папоўскага неба — ня вельмі яму прыемна граць перад папоўскім богам у залатых нябесных харомах…

«Пусьці, божанька, на зямельку беларускую»… — просіць у бога літасьці дудар. Але бог, бязьлітасны бог багачоў і гультаёў, які ўсё лепшае хоча заграбаць толькі сабе і сваім сьвятым, ня пускае дудара да бедных людзей на зямлю. А калі дудар сам ціхачом уцякае на зямлю, дык бог яго строга карае. І дудар, паводлуг апавяданьня баечніка, застаецца на вечныя годы вісець у пакуце паміж небам і зямлёй.

О, бязьлітасны, страшны, зьверападобны бог! За вошта такая кара беларускаму дудару?..

Ці ў цябе ніякага спачуваньня няма да бедных людзей?… Затое беларус-працаўнік ня любіць ні цябе, ні твайго неба, якое завалена сьвятымі балванамі-ідаламі.

Аднак дудар выйграў: лепей вісець паміж небам і зямлёй, але над сваёй бацькаўшчынай, чымся ў бога за сьвятой пазухай.