Беларусь (газета, Мінск)/1919/9/Ваяцкі гымн

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ваяцкі гымн
Верш
Аўтар: Макар Краўцоў
1919
Крыніца: Беларусь, 30 кастрычніка 1919 - № 9(36) - с. 3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваяцкі гімн

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ваяцкі гымн


Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На родны, вольны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор.

Хай ажыве закамянелы
Наш беларускі родны дух!
Штандар наш бел-чырвона-белы
Пакрый сабой народны рух.

На бой! За славу і за волю
Народу беднага свайго!
Браты! Цярпеўшыя даволі,
На бой мы усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто смее нам нясьці прымусы
І першы выкліча на бой!

Браты! да шчасьця мы падходзім,
Хай гром гудзе яшчэ мацней —
Ў крывавых муках мы народзім
Жыццё рэспублікі сваей!


1919