Будаваньне дзяржаўнага жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Будаваньне дзяржаўнага жыцьця
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/_bnr/00405/%D0%9B%D1%83%D1%86%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_%D0%90._%D0%9F%D1%83%D0%B1%D0%BB%D1%96%D1%86%D1%8B%D1%81%D1%82%D1%8B%D0%BA%D0%B0_%D0%B7_%D1%87%D0%B0%D1%81%D0%BE%D1%9E_%D0%91%D0%9D%D0%A0.html


Выступленьне так званых «недзяржауных» народау з дамаганьнямі, каб за імі было прызнано права на будаваньне свайго асобнаго гасударства, вызываюць у «дзяржаўных» нацый недавер’е, а то і ўсьмешку. «Як вы будзеце тварыць сваю дзяржаву, калі у вас дзеля гэтага нічога няма?» — гэткія словы можна пачуць вельмі часта. Хоць на першы погляд высказанае ў іх сумлеваньне выдаецца абаснованым, — аднак, углядаючыся глыбей у іх значэньне, трэба сказаць, што дзеля сумлеваньня тут месца німа. Праўда, у народаў, каторыя пад панаваньнем чужой дзяржавы жылі на сваёй зямлі быццам рабы, няма тых элемэнтау, якія патрэбны дзеля гасударственнага будаўніцтва. Але німа толькі затым, што варункі жыцьця не давалі разьвівацца гэтым элемэнтам. Калі-ж спадуць путы няволі, жывы народ заўсёды здолее стварыць усё тое, што патрэбно дзеля гасударственнай арганізацыі, падобнай таму, як стварылі гэта народы, пахваляючыся сваёй дзяржаўнасьцю.

Апавяшчэньне незалежнасьці Беларусі актам 25 марца гэтага года стаўляе на чародзі пытаньне: чы маюць беларусы даволі сіл, патрэбных дзеля арганізацыі сваёй асобнай гасударственнасьці? У Заходняй. Еўропе аб Беларусі і беларусах; здаецца, ведаюць менш, чым аб якім-колечы афрыканскім племі. Факт, што беларуская мова і беларуская цывілізацыя панавалі у колішнім Вялікім Князстве Літоўскімі што знамяніты «Літоўскі Статут» быў напісан пабеларуску і сваё імя ўзяў ні ад народу літоўскага, а ад гасударства, — гэта для Заходняй Еўропы цэлае вялізарнае адкрыцьцё! І калі за час нямецкай акупацыі заходнееўрапейскія палітыкі крыху даведаліся аб літвінах, дык аб беларусах мы ні спатыкалі блізка ніводнага слова ані ў тамтэйшых газэтах, ані ў краязнаўчых працах. З гэтай прычыны пастаўленае вышэй пытаньне вызывав там бязспорна яшчэ вялікшае сумлеваньне, чым пытаньне аб Літве ці іншым «нідзяржаўным» краі.

Тым часам, як раз у Беларусі, мы знаходзім найбольш творчых гасударственных сіл. Ні кажучы ўжо аб тым, што беларускі народ у мінуўшчыні выявіў быў свае арганізацыйныя задаткі, стаўшыся кіраўнічым гасударственным элемэнтам у ВКЛ, — мы павінны адзначыць, што і цяпер беларусы больш прыгатаваны да таго, каб узяць у свае рукі ўпраўленьне сваім краем, чым літвіны і нават палякі.

Справа ў тым, што яшчэ за некалькі гадоў да вайны Беларусь — апрача дзьвох заходніх губерній: Віленскай і Гродзенскай — атрымала земскае самаўпраўленьне, каторага ні мела ні Літва, ні Польшча. Праўда, сьпярша правы беларускіх земств былі вельмі агранічаны. Праўда, што пры завядзеньні іх Сталыпін рупіўся перш за ўсё аб тое, каб ні даць у іх ходу палякам. Але факт, што на Беларусі ўтварылі органы самаўпраўленьня, ня мог ні пакінуць вельмі сур’ёзнага сьледу: тут, у земствах, утварылася першая школа грамадзкае гаспадаркі. І хоць расейскі ўрад стараўся праводзіць і празь земствы абмаскоўленьне беларусаў, усё-ж такі, заводзячы земскае самаўпраўленьне, ён даў беларусам магчымасьць навучыцца самым здаволіваць свае патрэбы. Вайна паставіла перад беларускім земствам новыя задачы: празь Беларусь праходзіла вялізарная часьць ваеннага фронту, і земствы былі прыцягнены да працы дзеля здавайваньня патрэб многамільённых армій. Калі-ж паў царызм і чыноўніцкая «апека» шмат палягчэла, земскія самаўпраўленьні на Беларусі вельмі пашырылі сваю кампэтэнцыю.

Урэшці, бальшэвіцкі пераварот да канца зьмяніў старыя земскія парадкі, завёўшы агульныя, роўныя, тайныя і безпасрэдныя выбары земскіх «гласных», і гэтак абярнуў Сталыпінскае «культурное» земство ў сапраўдны орган народнаго самаўпраўленьня. На жаль, апошнія выбары адбыліся пад бальшавіцкім тэрорам, і гэтак у беларускіе земствы папало многа элемэнтаў чужых нашаму народу і часта проста шкодных для краю.

Як бы там ні было, беларусы больш, чымсі іх суседзі з Захаду, прыгатованы узяць у свае рукі кіраўніцтво грамадзкай гаспадаркай, і пераход гасударственнай уласьці з рук маскоўскіх чыноўнікаў у рукі беларускага ўраду можа адбыцца скора і легка, — тым болей, што першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. А пасьля ліквідацыі вайны вернуцца ў родны край і тыя чысьленыя беларускія культурныя сілы, каторыя цяпер параскіданы па ўсёй Расіі, — як з прафесары расейскіх універсітэтаў і гімназій, так і з-паміж працаўнікоў расейскіх урадовых устаноў. І закіпіць тады дружная і плодная работа ўсіх сыноў Беларусі,- тым болей плодная, што ўсе яны будуць рабіць не для чужых, як было дагэтуль, а для сябе і сваіх.

І. МЯЛЕШКА («Гоман», 1918, 3 красавіка, № 28)