Перайсці да зместу

Божая Ліра (1930)/D/VII/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Псальм № 128 Псальм № 139
Сьпеўнік
Аўтар: Гальяш Леўчык
1930 год
Псальм № 143

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПСАЛЬМ 139.

(Кіраўніку хору: псальм Давідавы).

1. Госпадзе, Ты мяне выспрабаваў і Ты мяне ведаеш!
2. Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю; ды здалёк разумееш думкі мае́.
3. Ці я хаджу, ці ляжу, Ты пры мне, усе дарогі мае Табе ве́дамы.
4. Бо няма йшчэ слова на маім языку, а Ты Го́спадзе, ведаеш добра ўсё.
5. Ззаду і спераду абняў Ты мяне і руку Тваю на мяне паклаў. —
6. Лішне дзіўнае веданьне, лішне высака для мяне не магу яго сьцяміць!
7. Куды мне йсьці ад духа Твайго і куды ўцячы ад аблічча Твайго?
8. Калі-б я на неба ўзышоў, Ты там; калі-б ложам пекла зрабіў, Ты й тамака!
9. Калі-б крыльле ў сьвітаньня я ўзяў і на самым канцы мора асе́ў,
10. рука Твая й там вадзіла-б мянѐ, а правіца Твая трымала-б мяне́.
11. Калі-б я сказаў: „Няхай цемра пакрые мяне, і ночкай хай станецца сьветласьць навокал мяне“;
12. дык і цемра цёмнай ня была-6 для Цябе і ночка ясьнела-б, як дзень, цемра, як і сьвятло. —
13. Бо Ты стварыў нутро маё, выткаў мяне ў чэраве матчыным.
14. Хвалю цябе за тое, што я гэтак дзіўна збудо́ваны; дзіўныя ўчынкі Твае, і душа мая ведае добра.
15. Ня былі ўкрыты косьці мае прад Табою, калі я тварыўся ў укрыцьці, таёмна складаўся ў глыбінях зямлі.
16. Вочы Твае́ бачылі мяне, калі быў я йшчэ без хвормы зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі йшчэ ніводнага з іх ня было̀.
17. Як-жа важкі, о Божа, думкі Твае для мяне ды якая вялікая бе́зьліч іх!
18. Калі-б захаце́ў я іх палічыць, дык іх больш, чым зярнятак пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою.
19. О, каб-жа Ты, Божа, пабіў-бы бязбожнікаў, каб крывяпіўцы ад мяне адступіліся вон!
20. Яны падступна супраць Цябе паўстаюць; ашуканства выдумляюць ворагі Твае.
21. Ці-ж ня мушу й я тых ненавідзець, о Госпадзе, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што на Цябе паўстаюць?
22. Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу, іх лічу за ворагаў і для мяне́.
23. Выспрабуй, Божа, мяне і сэрца маё Ты пазнай, мяне выспрабуй Ты і пазнай маѐ думкі!
24. І зірні, ці ня йду супярэчнай дарогай, і на шлях вечны скіруй Ты мяне!