Божая Ліра (1930)/D/VII/103
| ← Псальм № 96 | Псальм № 103 Сьпеўнік Аўтар: Гальяш Леўчык 1930 год |
Псальм № 111 → |
ПСАЛЬМ 103.
1. Багаслаў, душа мая, Го́спада і ўсё нутро маё — імя Яго сьвятое!
2. Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў!
3. Ён, Каторы дароўвае табе ўсё грахі твае, вылечвае ўсякую не́мач тваю,
4. Каторы жыцьцё Тваё ад магілы спасae; ласкай і міласэрдзем вянчае цябе́.
5. Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю мо́ладасьць, як у арла, аднаўляе.
6. Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных.
7. Ён паказаў шляхі Сваѐ Майсею, сыном Ізраілевым учынкі Свае.
8. Міласэрны Госпад і добры, да гневу ня скоры і шчодры на ласку.
9. Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое.
10. Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым,
11. але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца яго.
12. Як далёка ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў.
13. Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Го́спад літуецца над тымі, што баяцца яго.
14. Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы — толькі пыл.
15. Чалавек, як трава — яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце.
16. Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго.
17. Але ласка Го́спадня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сына̀мі сыноў
18. тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць каб спаўняці яго.
19. Го́спад паставіў пасад Свой на Нябёсах і царства Ягонае над усім пануе.
20. Багаслаўце Госпада вы, а̀нялы Яго, вы — волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага!
21. Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце!
22. Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, душа́ мая!