1.Помні, чалавеча, як жывеш на сьвеце —
Ты ня будзь так горды, поўны пыхі, цьвёрды
У думках.
2.Аткрый добра вочы, бач удзень і ўночы:
Зробіцца нек жутка, забярэ сьмерць хутка
Кожнага. —
3.Сьмерць царо́ў пазносіць і папежаў косіць,
Князёў забірае, біскупаў ганяе
Ў магілу.
4.Ваяво́даў з бою прывядзѐ да гною,
Гэтманаў з булавай паложыць на лаву
Хаўтурну.
5.Іх служкаў грама́ды не дадуць ёй рады,
На варце салдаты ня ўпільнуюць хаты
Ад сьмерці. —
6.На кулі, на скалы, — на муры, на валы,
На гарматы сьмела, толькі-б захацела —
Сьмерць ідзе́!
7.І галаварэзаў, і стральцо́ў з жалеза
Сьмерць косіць бяз бою лепш сваёй касою,
Чым стрэльбай.
8.І пано́ў іхмосьці запрашае ў госьці,
І судзьдзяў з краўцамі і ксяндзоў з шаўцамі
Зраўняе. —
9.Студэнтаў з вучэльні забраць рада вельмі,
I мудры тэолёг і быстры тэхнолёг
Заціхне. —
10.Нічога ёй лекар, нічога аптэкар,
Ніц ёй грошы купа, сьмяро́тная згуба
Засыпле. —
11.Адвакат — прайграеш! Музыкант прайграеш!
Юрыста з кніго́ю, музыку з дудо́ю
Сьмерць бярэ.
12.Шынкары, карчмары, купцы і ліхвяры,
З вечара і зраньня ходзяць, як за паняй,
За ёю.
13.І да вас, дзяўчаты, сьмерць ідзе у свáты,
Буднем ці ў нядзелю, спраўляе вясельле
Ня міла. —
14.І малыя дзеткі сьмерць рве, быццам кветкі,
Потым і самога бацьку маладога
Сьмерць возьме…
15.Бедныя мяшчане, парабкі, сяляне!
Сьмерць і вас чакае — неперабіра̀е
І вамі.
16.І сацыялісты, роўна камуністы!
Сьмерць на вас з работы, з вялікай ахвотай
Чака́е.
17.Ай, Божа наш, Божа! Хай Твой Дух паможа
Сьмерці небаяцца, а Табе аддацца
Навекі!